Курсовая работа: Літаратура XIV-XV ст.

У канцы агульнарускай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г., непасрэднай крыніцай якой быў маскоўскі летапіс мітрапаліта Фоція канца 20-х гг. XV ст., змешчаны шэраг цікавых звестак па гісторыі Вялікага княства Літоўскага (пра паходы Вітаўта на Смаленск у 1395 і 1404 гг., пра бітвы з татарамі на р. Ворскла ў 1399 г. і з нямецкімі крыжакамі пад Грунвальдам у 1410 г. і інш.). Апрача гэтых апавяданняў, якія выпісаны з рускай крыніцы даволі поўна і дакладна, у цэлым рускі летапіс быў значна перапрацаваны беларускімі летапісцамі. Яго тэкст моцна скарочаны і месцамі адрэдагаваны, аднак не перакладзены на старабеларускую мову, а змешчаны ў арыгінале.

Паміж часткай, запазычанай з рускіх летапісаў, якая канчаецца кароткімі запісамі пра падзеі 1427 г. у Маскоўскай Русі, і «Летапісам вялікіх князёў літоўскіх» у Беларуска-літоўскім летапісе 1446 г. змешчаны шэраг гістарычна-літаратурных матэрыялаў мясцовага паходжання. Найбольш цікавыя і каштоўныя сярод іх «Пахвала вялікаму князю Вітаўту», апавяданне пра паўстанне «чорных людзей» у Смаленску і аповесць пра грамадзянскую вайну ў Вялікім княстве Літоўскім, якая інакш называецца яшчэ Смаленскай хронікай, бо, хутчэй за ўсё, складзена ў Смаленску ў 30-я гг. XV ст.

У Смаленскай хроніцы, напісанай у звязнай форме, але суха, інфармацыйна, дзелавой моваю, выкладаецца гісторыя дынастычнай барацьбы за ўладу пасля смерці Вітаўта паміж князямі Свідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстутавічам, якая скончылася перамогай апошняга. Ва ўступе коратка расказваецца пра няўдалую каранацыю Вітаўта, які ў 1430 г. вырашыў зрабіць Вялікае княства Літоўскае цалкам незалежным ад Польшчы каралеўствам, аднак яго «неприятели поляне (палякі. — В. Ч.) не пропустиша коруны», якую везлі ў Вільню. Хаця большасць беларускіх феадалаў таго часу спачатку падтрымлівала Свідрыгайлу, летапісец не хаваў сваіх сімпатый да брата Вітаўта. Асабліва асуджаецца ў творы Свідрыгайла за тое, што ён па-варварску расправіўся з мітрапалітам усяе Русі Герасімам (у 1435 г. ён быў спалены на кастры ў Віцебску за пераход на бок Жыгімонта). Аўтарам Смаленскай хронікі, найбольш верагодна, быў нехта з духавенства, што акружала мітрапаліта Герасіма.

Апавяданне пра паўстанне «чорных людзей» у Смаленску прысвечана апісанню выступлення смаленскіх рамеснікаў, простага люду супраць смаленскага ваяводы, літоўскага стаўленіка Андрэя Саковіча. У 1440 г. у Троках у выніку змовы быў забіты вялікі літоўскі князь Жыгімонт Кейстутавіч, брат Вітаўта. З мэтай не дапусціць у часы безуладдзя аддзялення Смаленскай зямлі ад Вялікага княства Літоўскага ваявода ўзяў у смалян прысягу на вернасць яму і Вільні. Аднак неўзабаве, апавядае летапісец, яны «целованне преступили», гэта значыць парушылі прысягу, узброіліся, выгналі Саковіча і яго прыхільнікаў, а ваяводам выбралі князя Андрэя Дарагабужскага. Пасля вяртання з Ноўгарада Юрыя Лугвеніевіча, князя мсціслаўскага, смаляне запрасілі яго княжыць у свой горад.

Арыгінальны помнік беларускай старажытнай літаратуры ранняга перыяду — «Пахвала вялікаму князю Вітаўту». Яна вылучаецца сярод іншых частак Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г. характарам зместу і выкладу, жанравай формай і стылем. Гэта не звычайнае апавяданне пра пэўныя гістарычныя падзеі, а ўсхваляванае лірычнае слова пра вялікага князя, урачысты апафеоз велічных вынікаў яго дзяржаўнай дзейнасці. Аўтар «Пахвалы Вітаўту» ўслаўляе князя як мудрага і ўсемагутнага валадара, даносіць да чытача сваё ўяўленне пра яго веліч і славу. Летапісец гаворыць пра агромністы палітычны ўплыў Вітаўта ў Еўропе, пра яго вялікі міжнародны аўтарытэт. Усемагутны Вітаўт, сцвярджае аўтар, узводзіў на трон і пазбаўляў улады татарскіх ханаў у грознай Залатой Ардзе і фактычна валодаў «усёй Рускай зямлёю». «Пахвала Вітаўту» — вельмі цікавы і каштоўны помнік літаратуры і грамадска-палітычнай думкі Беларусі першай паловы XV ст. У ёй у сціслай, скандэнсаванай форме выказана гістарычная канцэпцыя ўсяго Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г., яго асноўная ідэя. У гэтым летапісным зводзе сцвярджаецца погляд на Вялікае княства Літоўскае як на літоўска-славянскую дзяржаву, якая прызнаецца галоўным цэнтрам палітычнага аб'яднання ўсходнеславянскіх зямель. Злучыўшы ў адным летапісным зводзе «Летапіс вялікіх князёў літоўскіх» і іншыя мясцовыя творы з матэрыяламі, узятымі з рускіх летапісаў, беларускі летапісец, такім чынам, выклаў мінулае Літвы і Беларусі ў цеснай сувязі з гісторыяй іншых рускіх зямель і ў пераемнасці з гісторыяй Кіеўскай Русі. Гэтым самым гісторыю роднай краіны ён разглядаў як арганічную частку гісторыі ўсіх усходніх славян, сцвярджаў ідэю іх гістарычнай еднасці і абгрунтоўваў неабходнасць і заканамернасць палітычнага аб'яднання літоўскіх, украінскіх і рускіх зямель у адной дзяржаве — Вялікім княстве Літоўскім і Рускім. Апрача таго, у Беларуска-літоўскім летапісе 1446 г. упершыню зроблена спроба асэнсаваць і раскрыць выдатную ролю гэтай дзяржавы ў гісторыі Еўропы.

Такім чынам, Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. вельмі неаднародны па складзе, надзвычай багаты паводле зместу і ідэйнай накіраванасці помнік. У яго аснове ляжыць летапісны звод, складзены каля 1430 г., які пасля дапаўняўся запісамі да 1446 г. уключна. Яго ўзнікненне цесна звязана з дзейнасцю вялікага князя Вітаўта і вядомага царкоўна-рэлігійнага і культурнага дзеяча таго часу смаленскага епіскапа (у 1432—1435 гг. мітрапаліта) Герасіма, актыўнага прыхільніка і выразніка агульнарускіх імкненняў гэтага князя.

Летапісанне ў сярэднія вякі было справай палітычнай, яго пачатак заўсёды быў прымеркаваны да якой-небудзь значнай грамадскай падзеі. Найбольш верагодна, што плануемая ў 1430 г. каранацыя Вітаўта і перанос у пачатку 30-х гг. XV ст. з Маскоўскай Русі ў Літоўска-Беларускую дзяржаву цэнтра агульнарускай мітраполіі якраз і былі тымі гістарычнымі падзеямі, якія моцна актывізавалі летапісанне ў Беларусі. Менавіта ў гэты час напісаны «Пахвала Вітаўту», другая частка «Летапісу», апрацаваны маскоўскі летапіс Фоція, што паслужылі непасрэднымі крыніцамі першага беларуска-літоўскага летапіснага зводу. Цэнтрам агульнадзяржаўнага летапісання Вялікага княства Літоўскага быў у XV ст. Смаленск.

Важныя сацыяльна-эканамічныя, палітычныя і культурныя зрухі ў жыцці беларускага грамадства першай паловы XVI ст., зараджэнне новых тэндэнцый у светапоглядзе, пашырэнне гуманістычных ідэй выклікалі якасныя змены ў эстэтычных густах людзей, істотна паўплывалі на характар развіцця асобных літаратурных жанраў. Новыя гістарычныя ўмовы паставілі новыя ідэйна-мастацкія задачы і перад летапісцамі. Сваю ўвагу яны сканцэнтравалі амаль выключна на гісторыі Вялікага княства Літоўскага. У XVI ст. на Беларусі працягвалі бытаваць летапісныя помнікі папярэдняга перыяду. Аднак ва ўмовах далейшага росту гістарычнай і нацыянальнай самасвядомасці, узмацнення патрыятычных настрояў, актывізацыі цікавасці да мінуўшчыны стала адчувацца вострая патрэба ў новай, больш поўнай і грунтоўнай гісторыі, болын адпаведнай сваім зместам і накіраванасцю актуальным задачам дня. Праўда, у сувязі з тым, што цэнтр агульнадзяржаўнага летапісання перамясціўся з усходу на захад, бо Смаленск у 1514 г. увайшоў у склад Расіі, а ініцыятыву ў гэтай справе ўзялі ў свае рукі літоўскія феадалы, новая распрацоўка гісторыі Літвы і Беларусі атрымала даволі нечаканы паварот.

У 20-я гг. XVI ст. у асяроддзі патрыятычна настроеных літоўскіх арыстакратаў была створана на беларускай мове «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», легендарная гісторыя Літвы ад міфічнага князя Палемона да Гедыміна. У гэтым творы, напісаным у форме гістарычнай аповесці, без датавання падзей, сцвярджаецца паходжанне літоўскіх князёў і шляхты ад рымскіх патрыцыяў. Яны, уцякаючы ад праследаванняў імператара-тырана Нерона, быццам бы апынуліся ў Прынёманскім краі і заснавалі тут першыя гарады і княствы. Ваяўнічыя літоўскія князі, гаворыцца ў хроніцы, аднавілі палітычнае і культурнае жыццё на разбуранай ардой Русі, абаранілі яе ад нападаў татара-манголаў і стварылі магутную дзяржаву. Гісторыя Вялікага княства Літоўскага даведзена ў гэтым творы да часоў Гедыміна ўключна.

Створаная літоўскім храністам велічная, ідэалізаваная гісторыя Літвы, поўная фактычных памылак, розных недакладнасцей і нават недарэчнасцей, нічога не мае агульнага з сапраўднасцю, хоць асобныя яе гістарычныя паданні (пра бітвы з татарамі, паходы Гедыміна на Украіну і інш.) маюць пад сабою рэальную аснову і ўяўляюць значную навукова-пазнавальную каштоўнасць. Падкрэсліваючы высакароднасць і старажытнасць свайго паходжання, паказваючы выключную ролю сваіх продкаў у гісторыі Вялікага княства Літоўскага, літоўскія феадалы імкнуліся сцвердзіць сваю перавагу над беларуска-ўкраінскімі і польскімі, абгрунтаваць сваё права на пануючае становішча ў гэтай дзяржаве. Нягледзячы на арыстакратычнае паходжанне і гістарычную несапраўднасць шмат якіх падзей і герояў, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» аказала станоўчы ўплыў на развіццё літоўскай гістарыяграфіі і грамадска-палітычнай думкі, садзейнічала росту нацыянальнай самасвядомасці ў літоўцаў. Яна ўвайшла ў склад розных хранаграфічных кампіляцый і шырока бытавала таксама на тэрыторыі Беларусі.

Сярод гістарычных паданняў паэтычнасцю вылучаецца ў хроніцы апавяданне пра заснаванне Вільні. Аднойчы князь Гедымін, апавядае храніст, паехаў на паляванне і забіў на гары ля ракі Віленкі вялікага тура. Час быў позні, і князю прыйшлося заначаваць. I ўбачыў ён прарочы сон, быццам на суседняй гары «стоить волк железный велики, а в нем ревет, как бы сто волков выло». Прачнуўшыся, паклікаў Гедымін свайго галоўнага варажбіта разгадаць сон. «Княже великий, — сказаў той, — волк железный знаменует, [што] город столечный тут будет, а што в нем унутри ревет, то слава его будет слынути на весь свет». Загадаў Гедымін пабудаваць на тым месцы горад, які назваў Вільняю і зрабіў сталіцай усёй дзяржавы. Вільня ўпершыню згадваецца ў старажытных дакументах пад 1323 г., якраз у часы княжання Гедыміна, таму прыпісванне яму заснавання гэтага горада мае рэальна-гістарычную аснову. Новая сталіца Літоўска-Беларускай дзяржавы (раней сталіцамі ў розны час былі Навагрудак, Кернава і Трокі) была пабудавана ў вельмі зручным месцы, ля сутоку рэк Віліі і Віленкі, у маляўнічай гарыстай мясцовасці. З часам народная фантазія надала гэтай падзеі незвычайны характар і стварыла паэтычнае паданне пра заснаванне князем Гедымінам Вільні, якое ў XVI ст. было літаратурна апрацавана і ўключана ў летапісы.

«Хроніка Быхаўца» — найбольш выдатны помнік агульнадзяржаўнага беларуска-літоўскага летапісання пачатку XVI ст. Яна названа па імені пана з-пад Ваўкавыска А. Быхаўца, якому належаў у мінулым стагоддзі адзіны вядомы яго рукапісны экземпляр. Замест гісторыі Кіеўскай Русі, якою адкрываецца тэкст Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г., у пачатку «Хронікі Быхаўца» змешчана легендарная гісторыя Літвы, запазычаная з «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Складальнік гэтага летапіснага зводу ўнёс у тэкст два істотныя дапаўненні. Па-першае, пачатак падзей перанесены з I ст. у V і ў сувязі з гэтым па-іншаму вытлумачаны прычыны ўцёкаў рымскага патрыцыя Палемона і яго суайчыннікаў з Італіі. Яны ратуюцца не ад крывавага тэрору Нерона, а ад спусташальнага нашэсця гунаў на чале з палкаводцам Атылам. Па-другое, хроніка была дапоўнена запазычанай з Галіцка-Валынскага летапісу аповесцю пра літоўскіх князёў Міндоўга і Войшалка.

Гэты твор, своеасаблівы цыкл аб'яднаных адзінствам тэмы вострасюжэтных апавяданняў, — вельмі каштоўнае і важкае дапаўненне да «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Жыва і займальна расказваецца ў ім пра сапраўдныя гістарычныя падзеі, пра надзвычай складаны і драматычны этап першапачатковага станаўлення на тэрыторыі сучаснай Літвы і Заходняй Беларусі новай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага. Змест аповесці складае кароткая гісторыя жыцця і дзейнасці першага вялікага літоўска-беларускага князя Міндоўга і яго сына Войшалка, якія жылі ў XV ст. Рашуча і смела, апавядае летапісец, пачаў палітычнае аб'яднанне літоўскіх і бел?

К-во Просмотров: 206
Бесплатно скачать Курсовая работа: Літаратура XIV-XV ст.