Курсовая работа: Найбольш яскравыя прадстаўнiкi газеты "Наша Ніва"

З. Бядулю была блізкай дэкадэнцкая літаратура пачатку 1910-х гадоў — паэзія ночы, змроку, сутоння, захадаў сонца і ўзыходу на неба бледнага, таямнічага месяца. Можам лёгка пераканацца, што такіх вобразаў у вершах Бядулі 1907—1917 гг. аж занадта. Сузіральная, пераважна пейзажная лірыка Бядулі 1907—1917 гг. тоіць у сабе элементы сімвалізму. Асноўная родавая прыкмета паэтаў-сімвалістаў — паэтычнае іншасказанне, калі словы губляюць свой звычайны агульнавядомы сэнс і ўжываюцца ў значэнні пераносным, пашыральным. У Бядулі гэтага няма. Але стоены, прыхаваны, які вынікае як бы між радкоў, сэнс у іх ёсць. Як і многія сімвалісты, З. Бядуля надае выключнае значэнне музыцы верша. Гэта тонка нюансіраваныя эмацыянальныя сугуччы, часта пры нязначнасці, мізэрнасці зместу верша, радок, які неаднаразова паўтараецца, нібы гаворыць, што ў паэзіі на першым месцы, не логіка, а настрой, пачуццё:

Сняжыначкі-пушыначкі

Ляцелі матылькамі.

Над хмызамі над шызымі

Дыміліся дымкамі.

Зіхцеліся, мігцеліся

У розныя калёры.

Драбнюткія, пякнюткія,

Як зоранькі, як зоры.

("Сняжыначкі")

Доўгі час Змітрок Бядуля падпісваў вершы псеўданімам Ясакар. Цяжка растлумачыць гэты псеўданім. Ясакар — пірамідальная таполя, тонкая, стромкая, з прыціснутымі да ствала галінамі. Зрокавае ўражанне такое, што дрэва гэтае нібы страла ірвецца ў неба. Паэзія З. Бядулі таксама як бы імкнецца ў паднябесныя высі. Можа, па той прычыне, што мала знаходзіць на зямлі ідэальнага, прыгожага, незвычайнага. Бядуля-Ясакар, гэтак жа як Максім Багдановіч, прынёс у беларускую паэзію штосьці новае, чаго да яго яна не мела. Ва ўсялякім выпадку, адзнаку інтэлігентнасці, культ пачуцця, замілаванасці да прыгажосці, разлітай у навакольным свеце. Вершы З. Бядулі сведчаць, што ён добра прачытаў А. Блока, В. Брусава, найбольш захапіўшыся імпрэсіянісцкай плынню, якая як бы знутры запаўняе паэзію сімвалістаў. З. Бядуля пераняў ад імпрэсіяністаў (праз сімвалізм) дасканалую гукавую інструментоўку вершаў, багаты, разнастайны рытм, «уменне перадаць найтанчэйшыя адценні чалавечых настрояў» (Дворкіна Ю. Творчасць Змітрака Бядулі // Полымя рэвалюцыі. 1940. № 9—10. С. 19.).

Лірычныя празаічныя мініяцюры З. Бядулі (імпрэсіі), у адрозненне ад вершаў, часцей друкаваліся ў «Нашай Ніве», і, відаць, больш за ўсё менавіта яны, а не вершы зрабілі яму літаратурнае імя. У 1913 г. у Пецярбурзе ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выходзіць зборнік З. Бядулі «Абразкі». Усе творы, якія ўвайшлі ў зборнік, у 1913 г. надрукаваў альманах «Маладая Беларусь». Самыя вядомыя імпрэсіі-абразкі З. Бядулі — «Ля вапеннай гары», «За тканінай», «Без споведзі», «Пастушка».

Пісаў З. Бядуля ў дарэвалюцыйны час і ўласна апавяданні ў пераважна рэалістычным рэчышчы, многія з якіх сталі хрэстаматыйнымі: «Пяць лыжак заціркі» (1912), «Малыя дрывасекі» (1914), «На каляды к сыну» (1913), «Вялікодныя яйкі» (1913), «Летапісцы» (1914). Апавяданні гэтыя — дыяменты, залатыя зярняты, з якіх уздымалася ніва новай беларускай літаратуры. Яны могуць упрыгожыць самую развітую літаратуру.

У жніўні 1915 г. у сувязі з набліжэннем фронту газета «Наша Ніва», якая выходзіла на працягу дзевяці гадоў, спыніла існаванне. Змітрок Бядуля вяртаецца ў м. Пасадзец, нейкі час застаецца там, затым пераязджае ў Мінск, дзе працуе ў бежанскім камітэце (некаторыя з падзей гэтага перыяду адлюстраваны ў аповесці «Набліжэнне», 1935). У Мінску Змітрок Бядуля сустрэў Лютаўскую і Кастрычніцкую рэвалюцыі, перажыў нямецкую, а затым белапольскую акупацыі. Нялёгкі гэта быў для Бядулі час. З 1917 па ліпень 1920 г. пісьменнік супрацоўнічае ў газетах «Вольная Беларусь», «Беларускі шлях», «Беларусь», друкуе шэраг вершаў, артыкулаў. Па сутнасці, паласа гэтай працы — працяг «нашаніўскай» дзейнасці. З папраўкай, вядома, на складанасць часу, рэвалюцыйныя буры і віхуры, у якіх нялёгка было разабрацца. Можна, аднак, з упэўненасцю сказаць, што Змітрок Бядуля не сышоў з дэмакратычных пазіцый, не страціў народную аснову творчасці. У некаторых артыкулах пісьменнік патрабуе права на зямлю для тых, хто на ёй працуе, друкуе паэму «Помста» (1917), у якой малюе выступленне сялян супраць невыноснага гнёту пана-прыгонніка. Бядуля, бадай, адзіны ў беларускай літаратуры пісьменнік, які быў проста апантана захоплены да бясконцасці цудам беларускай казкі, міфа, легенды. Менавіта гэтае ягонае захапленне найбольш праявілася ў гады рэвалюцыі, акупацый і ў першыя гады савецкай улады, знайшоўшы найпаўнейшае ўвасабленне ў зборніку «Пад родным небам» (1922). Ён актыўна выступае як публіцыст. З 15 жніўня 1920 г., з часу вызвалення Мінска ад белапалякаў, і аж да 1926 г. З. Бядуля працуе ў газеце «Савецкая Беларусь», загадвае літаратурна-культурным аддзелам. Адначасна ён рэдагуе дзіцячы часопіс «Зоркі» (1921—1923). З 1926 г. З. Бядуля пераходзіць на працу ў Інстытут беларускай культуры, значны час рэдагуючы краязнаўча-этнаграфічны часопіс «Наш край». I працягвае актыўную літаратурную творчасць. У гэты час выходзяць зборнікі Змітрака Бядулі «Буралом» (1925) і «Паэмы» (1927), якія з'яўляюцца, калі можна так сказаць, творамі пераходнымі. Аднак пісьменнік пільна прыглядваўся да праяў новага жыцця, прынесенага рэвалюцыяй, і пачынаў унутрана прымаць яго. У той паспешлівасці, з якой З. Бядуля напісаў і выдаў свае паэмы «Чырвона-чорная жалоба» (1924), «Са сказаў буры і віхроў» (1924), цыкл вершаў «Чырвоны каляндар», гэтак жа як і пераробка верша-паэмы «Беларусь» (1921), якая ў рэдакцыі 1923 г. мае зусім іншы, можна сказаць, процілеглы першапачатковаму ідэйны змест, трэба бачыць не толькі жаданне пісьменніка вітаць новую, прынесеную рэвалюцыяй яву, але і як бы рэабілітавацца перад ёй. Бо ў перыяд нямецкай, затым белапольскай акупацыі ніхто так востра, бязлітасна не асуджаў савецкія, бальшавіцкія парадкі, як гэта рабіў Бядуля. Дзесяткі артыкулаў, прасякнутых непрыняццем ідэй, лозунгаў, якія напісала на сваіх сцягах Кастрычніцкая рэвалюцыя, раскіданы па тагачасных выданнях, газетах. У 1920-я гады выходзяць таксама тры зборнікі апавяданняў З. Бядулі: «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926) і «Танзілія» (1927). Зборнік «Дэлегатка» (1928) паўтарае ранейшую кнігу «Апавяданні».

У «Танзіліі» (1926), адным з лепшых сваіх апавяданняў, пісьменнік малюе вобраз прыгнечанай, занядбанай татаркі Танзіліі. Яна бяздзетная і ад гэтага пакутуе. Вінаваты яе муж Мунька. Зрэшты, у яе хапае мужнасці, адвагі дзеля таго, каб нарадзіць дзіця, сысціся з чалавекам, які ёй падабаецца. Канчаецца апавяданне крывавай драмай, якая разыгралася між Мунькам і Танзіліяй за прыжытае дзіцё.

Аповесць «Салавей» (1927) — натуральны, заканамерны крок у творчасці Бядулі. Уся папярэдняя творчасць пісьменніка як бы падводзіла яго да напісання гэтай своеасаблівай, адметнай у беларускай літаратуры аповесці. Задума «Салаўя» нараджалася паступова, можа, залішне марудна, але пісьменнік няўхільна набліжаўся да ўвасобленай у аповесці тэмы. Яшчэ да рэвалюцыі пісьменнік напісаў апавяданне «Вялікодныя яйкі», прысвечанае незвычайнай цязе вясковага хлопчыка да мастацтва, да малявання. Такая ж тэма ў аснове апавядання «Бондар», дзе ягоны герой Даніла не проста робіць бочкі, цабэркі, іншыя гаспадарскія прылады, а як бы творыць цуд, «священнодействует». Гэткая ж якасць характарызуе і галоўнага героя аповесці Сымона. Дарэчы, паводле аповесці «Салавей» З. Бядуля напісаў аднайменную п'есу, затым рэжысёрам Крошнерам па матывах аповесці быў пастаўлены балет «Салавей». Гэта гаворыць аб ідэйным багацці аповесці, якая дала пачатак іншым жанрам літаратуры і мастацтва.

Наступныя аповесці З. Бядулі «Тры пальцы» (1927), «Таварыш Мінкін» (1930), шматлікія апавяданні былі, па сутнасці, водгукамі на падзеі часу, іх літаратурная, мастацкая вартасць вычэрпваецца ўзнятай тэмай. Гэта, дарэчы, шмат аб чым гаворыць, і найперш аб тым, што арыгінальны і непаўторны талент пісьменніка паступова ламала і нівеліравала савецкая ідэалагічная сістэма.

Адзначаная толькі што акалічначнасць моцна паўплывала і на самы буйны мастацкі твор З. Бядулі — раман у дзвюх кнігах «Язэп Крушынскі», у цэнтры якога складанае грамадскае і асабістае жыццё 1920-х гадоў, пададзенае праз перыпетыі лёсу галоўнага героя — чалавека адмоўнага, сапраўднага прайдзісвета і авантурыста.

У студзені-чэрвені 1934 г. пісьменнік стварае аповесць «Набліжэнне», якая асобным выданнем выйшла ў 1935 г. і, на жаль, больш не перавыдавалася і нават не ўвайшла ні ў адзін з двух збораў твораў пісьменніка. Аповесць, безумоўна, пабудавана на добра знаёмым пісьменн

К-во Просмотров: 133
Бесплатно скачать Курсовая работа: Найбольш яскравыя прадстаўнiкi газеты "Наша Ніва"