Реферат: Літаратура другой паловы XVI ст

Імкнучыся дасягнуць сацыяльнай справядлівасці і грамадскай гармоніі, С. Будны выказаў шэраг арыгінальных ідэй і прапаноў, накіраваных на ўрэгуляванне ўзаемадачыненняў паміж беднымі і багатымі. Ён найперш адкінуў вучэнне камуністаў XVI ст. — Якуба з Калінаўкі, Пётры Гоняда, Марціна Чаховіца і інш., якія заклікалі да зліквідавання прыватнай уласнасці і патрабавалі ўсеагульнай роўнасці. Пазнаёміўшыся з асноўнымі тэзісамі іхняга вучэння, беларускі аналітык заявіў пра яго гістарычную неперспектыўнасць і прапанаваў уласную мадэль развідця грамадства, а таксама аптымальны механізм яго рэгулявання, які прадугледжваў мірнае суіснаванне розных станаў. У «Катэхізісе» і «Апісанні Іўеўскага сінода 1568 г.» С. Будны даказваў не толькі непазбежнасць, але і неабходнасць сацыяльнай няроўнасці, сцвярджаючы, што ні Хрыстос, ні апосталы ніколі не патрабавалі знішчэння багатых і прыватнай уласнасці. Кожны чалавек, падкрэсліваў ён, можа мець маёмасць любых памераў, абы яна набывалася сумленным шляхам. С. Будны ў процівагу тэарэтыкам радыкальнага накірунку прапанаваў не зліквідаванне гаспадароў і падданых, а памяркоўны шлях удасканалення ўзаемадачыненняў між імі, вызначыў іх абавязкі і правы. Так, згодна з яго тэорыяй, гаспадары ні пры якіх абставінах не павінны біць сваіх падданых, пазбаўляць іх неабходных для жыцця рэчаў, патрабаваць больш падаткаў, чым прадугледжана законам. Яны мусяць адкрываць для падданых навучальныя ўстановы, будаваць бажніцы, справядліва судзіць, вучыць на свае сродкі і аберагаць ад паганскіх ды эпікурэйскіх уплываў. У сваю чаргу падданыя павінны маліцца за сваіх гаспадароў, дапамагаць ім ва ўсіх справах, ніколі не казаць і нават не думаць пра іх кепскага, шанаваць іх, заўсёды жадаць толькі дабра, без абурэння плаціць падаткі, выконваць усе распараджэнні і загады за выключэннем тых, што скіраваныя супраць Бога. Беларускі асветнік рэзка крытыкаваў тых падданых, якія, абурыўшыся сваім становішчам, паўставалі са зброяй у руках супраць гаспадароў.

С. Будны неаднаразова ўздымаў свой голас супраць грамадска-палітычнай дактрыны вялікакняскіх і польскіх анархістаў — Паўла з Візны, Яна Немаеўскага, Пётры Гоняда і іншых, што патрабавалі знішчэння дзяржавы і ўсіх урадавых структур — суда, войска, канцылярыі, цэнтральнай і мясцовай адміністрацыі. Беларускі гуманіст сфармуляваў 15 аргументаў у абарону ўрада і дзяржавы, бліскуча пацвердзіўшы думку, што кожны хрысціянін можа займаць свецкую пасаду і, сумленна выконваючы свае абавязкі, прыносіць велізарную карысць усяму грамадству. Погляд беларускага філосафа на ўрад падтрымалі многія дзяржаўныя дзеячы Беларусі і Польшчы, незалежна ад іх веравызнання.

Характэрная адзнака светапогляду беларускага асветніка — антрапацэнтрызм, уяўленне аб чалавеку як галоўнай каштоўнасці на зямлі, якому, нібыта, згодна з боскай воляй, павінна падпарадкоўвацца ўсё жывое і нежывое. Будны спавядаў ідэі крэяцыянізму — аднаактнага стварэння Госпадам Сусвету і першых людзей — Адама і Евы, якія, быццам бы, да саграшэння былі несмяротныя, праведныя, самаўладныя і ва ўсім падобныя да Бога. Наш асветнік падзядяў думку аб існаванні прыроджанага граху, лічачы, што ўжо немаўля — грэшнае, бо на яго пераходзіць грэх прабацькоў Адама і Евы.

С. Будны лічыў прыроду чалавека дваістай, сцвярджаючы, што чалавек складаецца з грэшнага, часова існуючага цела і вечнай, непадуладнай часу душы. Беларускі мысліцель, аднак, у адрозненне ад артадаксальных тэолагаў, адмаўляў актыўнае замагільнае жыццё душ, іх здольнасць умешвацца ў зямныя справы, уздзейнічаць на жывых людзей. Разам з тым Будны лічыў, што па смерці людзей душы не знікаюць бясследна, не раствараюцца ў касмічнай прасторы і не гінуць незваротна, яны толькі губляюць асобныя рысы, якія ім былі ўласцівыя пры жыцці чалавека. Душы, паводле яго вучэння, пакінуўшы цела, накіроўваюцца ў пэўнае месца — «інфернус», пра якое людзям не дадзена нічога ведаць, і там яны знаходзяцца ў нязменным спакоі, як быццам бы спяць. Час іх абуджэння наступіць, калі Сын Божы ў другі раз прыйдзе на зямлю, каб судзіць жывых і мёртвых за нежаданне людзей выправіцца ды жыць у адпаведнасці з божымі законамі. С. Будны заклікаў, каб кожны чалавек, жывучы з божым страхам у душы, заўжды памятаў пра надыход суднага дня, усе свае ўчынкі ўзгадняў з Хрыстовымі запаведзямі, ні пры якіх акалічнасцях не апускаў рукі, не губляў надзеі на выратаванне, не бавіў час ў адчаі й роспачы, а вызнаваў сапраўдную веру, чыніў добрыя справы, што і з'яўляецца галоўнай умоваю набыцця нябеснага царства і вечнага жыцця. Думка пра непазбежнае пакаранне чалавека за зямныя грахі займала ў вучэнні беларускага мысліцеля дамінуючае месца.

На працягу жыцця С. Будны шмат разоў звяртаўся да хрысталагічнай праблематыкі. Як і большасць тагачасных тэолагаў, ён лічыў, што Ісус Хрыстос з'явіўся на свет з божае волі, каб выратаваць чалавечы род, які затануў у грахах. Аднак беларускі мысліцель цалкам не пагаджаўся з разважаннямі так званых «спрадвечнікаў», якія даводзілі, нібыта Ісус Хрыстос існаваў ужо да стварэння свету і побач з Айцом ствараў усё жывое і нежывое.

Новае прачытанне С. Будным Бібліі і пераасэнсаванне яе зместу стварылі перадумовы для перагляду ім традыцыйных поглядаў на Хрыстову Царкву. Услед за еўрапейскімі рэфарматарамі ён выступіў з крытыкай царкоўнай іерархіі, абсалютызаванай і абогатворанай улады папы рымскага. Адстойваючы гуманістычныя ідэі свабоды духа, індывідуальнай вартасці чалавека, унікальнасці кожвае асобы, С. Будны сцвярджаў, што ўсякі вернік можа размаўляць з Богам без пасрэднікаў.

Беларускі лідэр пратэстанцкага руху не меў асаблівых сімпатый да манастырскага жыцця, пустэльніцтва і скітніцтва. Крайнія формы аскетызму, як і прага непамерных багаццяў, супярэчыла, паводле яго слоў, сутнасці сапраўднай Хрыстовай Царквы. Але ў адрозненне ад радыкальных пратэстанцкіх ідэолагаў, С. Будны бараніў правы хрысціянскіх збораў на прыватную ўласнасць, маёнткі і землі.

Асабліва палымяна С. Будны выступаў у абарону свабоды думкі і слова. Ён абураўся жорсткасцю і бесцырымоннасцю цэнзуры, што мела месца ў каталіцкім касцёле і паступова ўводзілася ў пратэстанцкім зборы. Усялякае прыцясненне духа, прыніжэнне і падаўленне асобы наш гуманіст прыраўноўваў да найвялікшага зла.

Для творчасці С. Буднага, асабліва пачатковага перыяду, уласцівы непрыхаваны дыдактызм і маралізаванне — рысы, характэрныя для ўсёй старажытнай літаратуры Беларусі. Зварот да формы катэхізіса — кароткіх пытанняў і адказаў несумненна сведчыць пра асветніцкія памкненні аўтара. Будны, як правіла, звяртаўся да чытача з прамымі сентэнцыямі, проста і зразумела адказваў на шматлікія пытанні, што хвалявалі сучаснікаў. Вось як, да прыкладу, пачынаўся «Катэхізіс»:

«Пытанье: Што есь ты?

Отказ: Человек есть сотворенье Божие розумное, Богом по образу его сотворенное.

Пытанье: Чого для Господь Бог тебе сотворил?

Отказ: Не для того абы без мене быти не мог, але абых его познал, любил, ему самому служил, а потом с ним на веки жил.

Творы С. Буднага, напісаныя ў сталым узросце, зазвычай палемічныя паводле свайго зместу. Літаральна кожная праблема, трапіўшы на пяро асветніка, набывала публіцыстычнае гучанне. Аўтар увесь час палымяна спрачаецца, пераконвае, абвяргае, прыводзіць у абарону сваёй пазіцыі розныя рацыяналістычныя і схаластычныя аргументы. Каб схіліць чытача на свой бок, ён нярэдка звяртаецца да сцверджанняў аўтарытэтных вучоных, пераказу біблейскіх сюжэтаў, гістарычных паралелей, суправаджаючы іх адпаведнымі каментарыямі. Розныя прыпавесці, асабліва біблейскія афарызмы, прымаўкі, падзеі палітычнай гісторыі таксама досыць часта скарыстоўваліся Будным у час літаратурнай палемікі.

С. Будны — сапраўдны майстра літаратурнага перакладу. Яго перакладчыцкі талент найбольш ярка выявіўся ў час працы над Свяшчэнным Пісаннем. Будны, як вядома, перакладаў Біблію на польскую мову, якая на той час, побач са старабеларускай, царкоўнаславянскай і лацінскай з'яўлялася адной з літаратурных моў Беларусі. Мяркуючы паводле ўласных выказванняў С. Буднага і шматлікіх спасылак у тэксце Новага Запавету 1574 г., перакладчык карыстаўся самымі разнастайнымі папярэднімі выданнямі і рукапісамі Свяшчэннага Пісання: лацінскімі, яўрэйскімі, грэчаскімі і рознымі славянскімі, а таксама шматлікімі творамі старажытных тэолагаў, якія хоць неяк закраналі ці цытавалі біблейскія тэксты. У час працы над Новым Запаветам ён апіраўся на ранейшыя пераклады, зробленыя выдатнымі еўрапейскімі вучонымі: Ларэнцам Валам, Эразмам Ратэрдамскім, Марцінам Лютэрам, Сабасцьянам Касталіёнам, Тэадорам Бэзам, Мікалаем Зэгерам. Са старажытных аўтараў Будны нязменна карыстаўся творамі Тэртуліяна, Эўсебія, Эпіфанія, Браніма. Беларускі перакладчык меў пад рукой Біблію Скарыны, пераклад Пятра Мсціслаўца і Івана Фёдарава, Брэсцкую Біблію 1563 г., пераклад Станіслава Мужыноўскага, Чэшскую і Харвацкую Бібліі ды шэраг іншых тэкстаў Свяшчэннага Пісання. Можна адназначна сцвярджаць: ніхто з тагачасных еўрапейскіх перакладчыкаў новазапаветных твораў не прарабляў папярэдне такой грандыёзнай тэксталагічнай працы, як С. Будны. Дзякуючы надзвычайным аналітычным здольнасцям беларускага асветніка, яго таленту, шырокай эрудыцыі, глыбокай дасведчанасці ў пытаннях экзэгетыкі і, галоўнае, дасканаламу веданню старажытных моў, навукова-крытычны ўзровень выдання Новага Запавету 1574 г. стаўся, бадай, самым высокім сярод усіх вядомых на той час у Еўропе.

С. Будны выявіў сябе як выдатны майстра паэтычнай «эпікграмы». Ствараючы панегірыкі на гербы беларускіх магнатаў, паэт вытрымліваў усе каноны эмблематычнай паэзіі, існуючыя ў заходнееўрапейскіх літаратурах. Дзякуючы менавіта С. Буднаму «эпікграмы» на гербы сталі неад'емнай рысай лацінамоўнай літаратуры Беларусі. Яго паэтычныя традыцыі, але ўжо на беларускай мове, пазней прадоўжылі паэты барока А. Рымша, Л. Мамоніч, М. Сматрыцкі, С. Собаль і інш.

У творах С. Буднага вельмі шырокі дыяпазон мастацка-выяўленчых і моўных сродкаў. Старабеларуская мова ў яго надзвычай дасканалая і апрацаваная. Для яе характэрна багацце сінанімічных радоў, трапныя азначэнні, вобразнасць. Будны знаходзіў адметныя метафары, цікавыя параўнанні. Так, напрыклад, няпросты шлях навучання, набыцця ведаў ён параўноўваў з працай пчалы. Будны актыўна звяртаўся да народна-паэтычных вобразаў (вужа, голуба, кубка, мутнай вады), творча выкарыстоўваў сюжэты іудзейскай, грэчаскай і рымскай міфалогіі.

1.3 Васіль Цяпінскі

Васіль Цяпінскі — сучаснік і аднадумец Сымона Буднага, адзін з тых нямногіх дзеячаў Рэфармацыі, хто глыбока разумеў згубнасць паланізацыі феадальных вярхоў Вялікага княства Літоўскага і бачыў у ёй смяротную пагрозу развіццю нацыянальнай культуры беларускага народа. Яго дзейнасць насіла ярка выражаны патрыятычны характар і па сутнасці з'явілася працягам тых культурна-асветніцкіх традыцый, якія былі закладзены Францыскам Скарынам яшчэ ў першай чвэрці XVI ст.

Біяграфічныя звесткі аб В. Цяпінскім даволі скупыя. Вядома, што Васіль Мікалаевіч Цяпінскі (Цяпінскі-Амельяновіч) нарадзіўся, верагодней за ўсё, на Полаччыне ў маёнтку Цяпіна (цяпер вёска Цяпіна Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.) у сям'і гаспадарскага баярына Мікалая Іванавіча Амельяновіча і Матроны Мікалаевай Цяпінскай. Першыя ўпамінанні пра В. Цяпінскага адносяцца да 1560-х гг., калі разам з братамі Жданам і Іванам Войнамі ён называецца ў завяшчанні маці (1563) і ў дакументах судовага працэсу супраць Ю. Осцікавіча, які ў 1564 г. зрабіў напад на іх родавы маёнтак Свіраны. У 1565 г. В. Цяпінскі служыў у падканцлера Я. Валовіча, у 1567 г. з’яўляўся афіцэрам («таварышам») аршанскага старосты Ф. Кміты-Чарнабыльскага. На пачатку 1570-х гг., верагодна, жыў на Валыні. У 1578 г. В. Цяпінскі — падстароста аршанскі. У 1585 г. ён судзіўся з людзьмі кіеўскага мітрапаліта; магчыма, да гэтага пэўны час жыў у Кіеве.

З літаратурнай спадчыны С. Буднага вядома, што Цяпінскі быў адным з актыўных членаў папулярнай для другой паловы XVI ст. рэлігійнай плыні сацыніян. Узнікшы ў Рэчы Паспалітай у часы Рэфармацыі, гэтая плынь не прымала артадаксальнай рэлігійнай догмы аб траістасці Бога. Таму яе прадстаўнікоў называлі яшчэ і антытрынітарыямі. Сацыніяне адмаўлялі Святую Тройцу і лічылі Ісуса Хрыста звычайным чалавекам, таленавітым прапаведнікам новага веравызнання. Па сваіх рэлігійных перакананнях яны стаялі ў апазіцыі да артадаксальнага хрысціянскага веравызнання, а таму супраць іх змагалася і каталіцкае і праваслаўнае духавенства. Свае пропаведзі сацыніяне цесна звязвалі з сацыяльнымі і маральна-этычнымі пытаннямі грамадскага жыцця. Дзякуючы гэтаму іх вучэнне было даволі пашырана не толькі сярод вярхоў тагачаснага грамадства, але ў пэўнай меры і сярод нізоў. Прадстаўнікі найболын крайніх плыней рэлігійнага і сацыяльнага вучэння антытрынітарыяў узнімаліся нават да пропаведзі чалавечага брацтва, якое чымсьці нагадвала першабытную абшчыну. Яны сцвярджалі, напрыклад, што чалавек не мае права мець асабістай улады над другім чалавекам, адмаўлялі апарат дзяржаўнай улады, выступалі супраць царкоўнай іерархіі і манаства. Яны адмаўляліся ад удзелу ў вайне і адвяргалі зброю як сродак навязвання сваёй волі іншым.

Станоўчым у дзейнасці сацыніян было тое, што прапагандаваць сваё веравызнанне яны імкнуліся на жывой народнай мове праз школы, прытулкі і шпіталі. Клапоцячыся аб развіцці народнай асветы, сацыніяне ўсюды, дзе толькі ўзнікалі іх рэлігійныя абшчыны ці арганізацыі, адкрывалі школы, друкарні і тым самым садзейнічалі абуджэнню грамадскай і нацыянальнай самасвядомасці народа.

Будучы сацыніянінам, Цяпінскі, аднак, не падзяляў радыкальных палітычных поглядаў той часткі сваіх паплечнікаў, якую ўзначальваў М. Чаховіц. У вырашэнні сацыяльных пытанняў ён прытрымліваўся ўмераных поглядаў, адстойваў права валодання прыватнай уласнасцю, прызнаваў апарат дзяржаўнай улады, апраўдваў удзел у вайне, калі яна вялася ў інтарэсах абароны Айчыны. Менавіта на гэтай падставе Цяпінскі сышоўся з С. Будным і стаў адным з блізкіх яго аднадумцаў.

Сваю дзейнасць Цяпінскі прысвяціў справе асветы народа. Дзеля гэтага ён прыняўся за цяжкую, але высакародную працу перакладчыка і выдаўца Евангелля на беларускую мову, у чым бачыў магутны сродак развіцця нацыянальнай культуры. Тым самым ён прадоўжыў пачатае, але не завершанае Ф. Скарынам у свой час выданне Бібліі, састаўной часткай якой, як вядома, з'яўляюцца кананізаваныя царквой чатыры кнігі Евангелля: ад Мацвея, Марка, Лукі і Іаана.

Гэта карпатлівая праца, якая ўключала ў сябе пошукі неабходных і аўтарытэтных для царквы рукапісных тэкстаў Евангелля, пераклад іх на беларускую мову і выданне, была нялёгкай і да таго ж патрабавала вялікіх матэрыяльных сродкаў, якіх Цяпінскі не меў. Таму, нягледзячы на ўсе намаганні, ён не змог давесці пачатую справу да канца. Паводле яго сцверджання, ён пераклаў і надрукаваў поўнасцю ў сваёй «убогай друкарні» толькі Евангелле ад Мацвея, Марка і часткова ад Лукі. Калі і дзе было выдадзена гэта першае друкаванае Евангелле, невядома. У тым адзіным экземпляры, які захаваўся да нашых дзён і зберагаецца сёння ў аддзеле рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Расіі ў Санкт-Пецярбургу, такіх дадзеных няма. Аднак відавочнае падабенства шрыфтоў гэтага Евангелля і «Катэхізіса» С. Буднага (1562) дазваляе сцвярджаць, што друкавалася яно ўжо пасля таго, як спынілася выданне кніг кірылаўскім шрыфтам у Нясвіжскай друкарні Радзівіла. Значыць, яно было надрукавана не раней, чым у 70-х гг. XVI ст.

В. Цяпінскаму была добра вядома адмоўная рэакцыя артадаксальнага духавенства на кнігі Бібліі Скарыны. Пэўна, не жадаючы быць абвінавачаным у ерэтычных адступленнях ад літары і духу самога кананічнага тэксту, ён палічыў неабходным пры выданні Евангелля змяшчаць у кнізе паралельна з перакладам і тэкст царкоўна-славянскай крыніцы. Хоць такая практыка выдання ў значнай ступені ўскладняла работу недасведчанага ў друкарскай справе Цяпінскага, яна ў той жа час давала магчымасць праверыць якасць і майстэрства яго перакладу. I ў гэтых адносінах выданне Цяпінскага з'яўляецца унікальным для таго часу, які характарызаваўся, з аднаго боку, глыбокім крызісам праваслаўнай царквы і заняпадам царкоўнай асветы, а з другога — імкненнем асобных рэфарматараў абудзіць грамадскую самасвядомасць і нацыянальныя пачуцці беларускага і ўкраінскага народаў, каб адстаяць права на самастойнае культурнае развіццё.

Да выдадзенага Евангелля В. Цяпінскі напісаў страсную публіцыстычную прадмову, але па невядомых прычынах не апублікаваў яе. У гэтай прадмове ён выклаў свае грамадска-палітычныя погляды па шэрагу пытанняў, якія хвалявалі яго, і паказаў сябе не столькі як рэлігійна-царкоўны прапаведнік, што імкнецца далучыць чытача да пратэстанцкага веравызнання, колькі як непрымірымы барацьбіт, заклапочаны лёсам нацыянальнай культуры. У беларускай літаратуры таго часу не было іншага такога рашучага выступлення ў абарону роднай мовы і нацыянальнай культуры.

З невялікай паводле аб'ёму, але яркай і пафаснай прадмовы паўстае жывы вобраз аўтара, гарачага патрыёта. Цяпінскі лічыў, што жывую беларускую мову неабходна актыўна выкарыстоўваць як у школах, так і пры перакладзе кніг Свяшчэннага Пісання. У гэтым шырокім ужыванні народнай мовы ён бачыў адзіны шлях плённага развіцця нацыянальнай культуры і магутны сродак духоўнага адраджэння беларускага народа. В. Цяпінскі імкнуўся ўздзейнічаць на патрыятычныя пачуцці феадалаў, абавязкам якіх лічыў клопат аб духоўным развіцці грамадства. Ён заклікаў іх адкрываць нацыянальныя школы, развіваць асвету і кнігадрукаванне на роднай мове і не цурацца традыцый, закладзеных продкамі. З болем у сэрцы і з абурэннем пісаў ён аб знявазе роднай мовы з боку значнай часткі беларускага духавенства і свецкіх паноў, у выніку чаго даводзілася «не без встыду своего» адпраўляць дзяцей вучыцца ў польскія школы. У абыякавасці паноў да надзённых духоўных патрэб краіны, у іх празе да нажывы і ў рэнегацтве Цяпінскі не без падстаў бачыў адну з галоўных небяспек, што пагражалі захаванню нацыянальнай самабытнасці беларусаў. Ён быў перакананы, што толькі шляхам асветы і адукацыі на роднай мове можна пазбегнуць небяспекі, якую несла беларускаму народу асімілятарская палітыка польскіх феадалаў. Таму Цяпінскі так настойліва і паслядоўна змагаўся за палітычнае і нацыянальнае адзінства беларускага народа, з

К-во Просмотров: 155
Бесплатно скачать Реферат: Літаратура другой паловы XVI ст