Реферат: Максім Багдановіч, Максім Гарэці i Васіль Быкаў як класічныя прадстаўнікi беларуская лiтаратуры 20 стагоддзя

В. Максімовіч адзначае: “…беларускі мадэрнізм не ёсць толькі вынік пераапрацоўкі знешніх уздзеянняў, а глыбока ўкаранёны ў сваё прамацернае ўлонне, лагічны працяг усяго папярэдняга развіцця” [2, с.185]. Пра мадэрнісцкія тэндэнцыі ў творчасці М. Багдановіча сведчыць ужо нават выява Лебедзя, змешчаная на вокладцы зборніка “Вянок”. Сімвал Лебедзя – не толькі герб Магдалены Радзівіл, фундатаркі зборніка, але і “знак прыгажосці, адзін з ключавых сімвалаў мадэрнізму, яго эмблематычны вобраз, які сімвалізуе Боскае Натхненне, што параджае Красу-Паэзію. У сусветнай “мадэрнісцкай” традыцыі сімвал Лебедзя мае некалькі значэнняў. Лебедзь Вагнера – гэта лебедзь захаду, змяркання. У М. Багдановіча – сімвал прадвесця, світання, што ўзыходзіць да элінічнай традыцыі, дзе ён звязаны з вобразам святла ўвогуле (Зеўс, Юпітэр). Знак пытання” [2, с. 188].

Карані мадэрнізму – гэта і эстэтыка панэстэтызму, культ Красы, уяўленне аб абсалютнай аўтаномнасці і самакаштоўнасці мастацтва. “Панэстэтызм – гэта ўяўленне аб эстэтычным як аб глыбіннай сутнасці свету, гэта асэнсаванне і ўспрыманне свету ў эстэтычных катэгорыях” [2, с. 188]. Да мадэрнізму творчасць М. Багдановіча набліжаецца па наступных параметрах. Перш за ўсё, гэта абагаўленне Красы. Краса ў беларускага паэта выступае як усеагульная, глабальная катэгорыя. А менавіта эстэтызацыя Хараства – адна з істотных адзнак мадэрнізму. Паняцце Красы, прыгажосці набыло гучанне ўсеагульнай, глабальнай катэгорыі, стала прадметам абагаўлення. І побач з гэтым абагаўленнем красы – матывы скону, красы смерці, спакушэння смерцю. Паказальны ў гэтым сэнсе цыкл М. Багдановіча “Каханне і смерць”. “У паэзii М. Багдановiча навiдавоку матывы эстэтызацыi хворасцi, нямогласцi, завядання. Пранiкнёнае адчуванне крохкасцi ўсяго жывога, хуткага прамiнання красы i разам з тым клопат пра музыкальнасць радка, адмысловую насычаную асацыятыўнасць – усё гэта ўваходзiць у мастацкi свет М. Багдановiча. Цыкл “У зачараваным царстве” выяўляе таксама моманты iрацыянальна-мiстычнага погляду на светабудову. Нiзка “Каханне i смерць” адпаведна сталай традыцыi сiмвалiзму гранiчна зблiжае архетыпы Эрасу i Танатасу”, – адзначае П. Васючэнка [4, с. 97].

Істотнай адзнакай мадэрнізму з’яўляецца супрацьпастаўленне прыроды і культуры. Што тычыцца беларускага паэта, то, як заўважае В. Максімовіч, “у М. Багдановіча мы не назіраем дуалістычнага супрацьстаяння прыроды і культуры, хаосу і космасу. Хутчэй у яго паэзіі адбілася ідэя іх злітнасці, узаемаабумоўленасці, згарманізаванасці” [2, с. 190]. (Нізка “У зачараваным царстве”).

Таксама беларускія вучоныя пішуць пра ўплыў на М. Багдановіча так званых “праклятых” паэтаў Францыi – Ш. Бадлера, А. Рэмбо, П. Верлена, С. Маларме. Найбольш поўна гэта пытанне распрацавана П. Васючэнкам [4]. М. Багдановiча называюць “верленiстам” ужо толькi за пераклад дваццаці двух вершаў П. Верлена на беларускую мову. Універсальнай мадэллю светабудовы выступае ў творах М. Багдановіча Эротыка.

Можна гаварыць пра блізкасць светаадчування П. Верлена і М. Багдановіча. Заўважаючы, што “верленаўскі паэтычны свет як бы балансаваў на трагічнай мяжы разрыву эстэтычнага і этычнага, паміж трагічным гуманізмам і дэкадэнцтвам” [2, с. 203], В. Максімовіч мяркуе, што гэта мяжа няўхільна прыцягвала ўвагу М. Багдановіча, але за якую ён не перайшоў: “Яму (Багдановічу – А. М.) была чужой і ўнутрана непрымальнай пропаведзь сатанінскага амаралізму, ніцшэанства, таму што яны знішчаюць красу” [2, с. 204]. Але, разам з тым, М. Багдановіча і П. Верлена родніць “раскрыжаванасць паміж язычніцтвам і хрысціянствам” (В. Максімовіч).

Вобраз каханай неадлучны ў М. Багдановіча ад вобраза Маці. Як і ў А. Блока. В. Максімовіч заўважыў: “Багдановіч усё жыццё захоўваў сімвалічную вернасць мацеры” [2, с. 207].

Але ў паэзii М. Багдановiча гучаць i бадзёрыя галасы, што здымаюць “праклёны” дэкадансу. Гэта – паэтычны вiталiзм, адраджэнцкi пафас i славутыя рэнесансныя вобразы Мадонаў. “М. Багдановiч, – па словах П. Васючэнкі, – спрычынiўся да стварэння адметнай нацыянальнай мадэлi сiмвалiзму, у якой дэкадансныя настроi пераплятаюцца з рэнесансавымi” [4, с. 97].

Светапоглядная сістэма М. Багдановіча блізкая да “філасофіі жыцця”. Жыццё, згодна беларускаму паэту, спасцігаецца не праз розум, а праз інтуіцыю, а само жыццё – гэта багацце шмат-стайных адчуванняў i перажыванняў. Культ стыхіі, інтуітыўнага, спантаннага – паказальная рыса мадэрнізму. М. Багдановіч імкнецца перадаць багацце чалавечых настрояў, непаўторнасць непасрэдных уражанняў, разнастайнасць станаў прыроды.

Уплыў неаязычніцтва Ф. Ніцшэ на светапоглядную сістэму М. Багдановіча: “Ідэя высокай эстэтычнай значнасці і жыццёвай самакаштоўнасці “язычніцкага” з’яўлялася важнейшым культурным сімвалам для свядомасці мадэрністаў” [2, с. 204]. Алюзіі да ідэй Ф. Ніцшэ ў вершы “Д. Д. Дзябольскаму” (ідэя “вечнага вяртання”). В. Максімовіч падкрэслівае: “Паэтыка-філасофская сістэма М. Багдановіча, на нашу думку, выяўляе даволі блізкае падабенства з ідэямі “ніцшэанства”, у нечым нагадваючы іх мастацкае пералажэнне. У прыватнасці, цыкл “У зачарованым царстве” ўспрымаецца ў гэтай сувязі як рэпрадуктаваны варыянт міфалагемы ўваскрасення і памірання бога…” [2, с. 192].

Слушнымі падаюцца словы В. Максімовіча: “Выяўляючы генетычную сувязь “міфалогіі” Багдановіча з французскім, з еўрапей-скім у цэлым неаязычніцтвам (комплекс ідэй Ніцшэ), варта падкрэсліць, што Багдановічава ідэалогія і эстэтыка неаязычніцтва маюць іншыя сэнс і арыенціры, якія напрамую выражаюць унутраную патрэбу ўласнай культуры” [2, с. 204]. М. Багдановіч выступаў апалагетам нацыянальнай беларускай культуры.

Відавочны ўплыў імпрэсіянізму ў паэзіі М. Багдановіча. У вершах паэта перададзены асабістыя ўражанні ад навакольнай рэчаіснасці, прыродных з’яў, адценні і нюансы чалавечых настрояў.

М. Багдановіч стаў заснавальнікам пэўнай традыцыі ў нацыянальнай літаратуры. Яго набыткі адчувальныя ў вершах Ул. Дубоўкі, Ул. Жылкі, Т. Кляшторнага, Я. Пушчы, Н. Арсенневай, А. Разанава, Э. Акуліна.

1.2 Творчасць Максіма Гарэцкага і наватарскія тэндэнцыі ў літаратуры пачатку 20 стагоддзя

1.2.1 М. Гарэцкі і “філасофія жыцця”

М. Гарэцкаму айчынныя проза абавязана ўзмацненнем філасофскага гучання, паглыбленнем псіхалагізму, жанраваму і стылёваму ўзбагачэнню. М. Гарэцкі – адзін з тых беларускіх пісьменнікаў, творчасць якіх выдатна суадносіцца з самымі сучаснымі тэндэнцыямі ў развіцці тагачаснай літаратуры.

У аповесці М. Гарэцкага “Антон” гучыць ніцшэанскі матыў бунту супраць маралі, што, у рэшце рэшт, прыводзіць галоўнага героя да забойства, да прынцыпу “ўсёдазволенасці”. Тут мы наглядаем супадзенне з філасофіяй ніцшэанства, з яе ідэяй пошуку новага чалавека – звышчалавека – у той час, калі, па словах Беларускага аўтара, “старыя багі струпехлі, а новых … новыя мала ведамы…”. В. Максімовіч заўважае: “Падспудна тут прысутнічае і ўказанне на вырашэнне калізіі “падпольнага” чалавека па Дастаеўскаму. Прычыны падполля, па Дастаеўскаму, гэта знішчэнне веры ў агульныя правілы – “Няма нічога святога”. Падполле з’яўляецца адначасова і метафарай трагічнай адарванасці ад свету, замураванасці ў безвыходнай адзіноце”. Антону ўласціва адчуванне сваёй непатрэбнасці, непаўнацэннасці, самаедская рэфлексія, што паралізуе волю да пазітыўнага чынніцтва. Гэта крайняя адчужанасць чалавека ад свету і ад самога сябе.

На думку В. Максімовіча, менавіта ў рэчышчы “філасофіі жыцця” праходзілі дэбаты паміж Маскоўскім дэмакратам, Поль-скім публіцыстам і Беларускім аўтарам (спрэчкі пра літаратуру): “Беларускі аўтар прызнае перавагу ідэальнага, духоўнага ў жыцці народа”. Ён адстойвае першынство духу перад матэрыяй, адмаўляе розум як недастатковы інструмент пазнання рэчаіснасці. Сэнс жыцця, згодна М. Гарэцкаму, спасцігаецца не розумам, а інтуіцыяй. Гэта наблiжае пазiцыю М. Гарэцкага да поглядаў другога прадстаўніка “філасофіі жыцця” А. Бергсона, якi лiчыў, што толькi iнтуiцыя здольная спасцiгаць жыццё ў яго разнастайных праявах, паколькi менавiта iнтуiцыi дадзена пранiкаць ва ўнутраную сутнасць з'яў i прадметаў .

М. Гарэцкі сцвярджае важную ролю падсвядомага ў чалавечым жыцці. “Канфлікт асобы разумеецца не толькі ў сэнсе су-праціўлення асяроддзю сацыяльнаму, але і біялагічнаму дэтэрмінізму, ракавой спадчыннасці ў духу натуралістычных канцэпцый”. У творах М. Гарэцкага выразна гучыць імператыў “жыць!”

“Антон” М. Гарэцкага – узор эпічнай драмы. Відавочныя паралелі з паэтыкай аповесці М. Гарэцкага і творамі Б. Брэхта.

1.2.2 М. Гарэцкі і мадэрнізм

Творчасць М. Гарэцкага сведчыць пра блізкасць эстэтычных пошукаў пісьменніка да новай, мадэрнiсцкай плынi. Так, В. Каваленка адзначае: “Максiм Гарэцкi гаворыць пра беларуса з такой трагiчнай пранiкнёнасцю, “якая нагадвае эмацыянальна-псiхалагiчную танальнасць твораў мадэрнiсцкага кiрунку з iх надрыўна-пакутлiвымi матывамi”.

В. Максiмовiч падкрэслівае: “Творчасць М. Гарэцкага, як, зрэшты, і ўся беларуская літаратура ў сілу першапачатковай сваёй амбівалентнай запраграмаванасці, унутрана былі гатовы далучыцца да новай, мадэрнісцкай мастацкай парадыгмы”.

Пiсьменнiк стварыў “новы тып мастацкай прозы, якi… улiчваў набыткi класiчнай прозы ХІХ ст. i арыентаваўся на творчыя здабыткi мадэрнiсцкiх напрамкаў”. М. Тычына падкрэслiвае, што М. Гарэцкі, як і Ю. Віннічэнка ва ўкраінскай літаратуры, “адкрыў перспектыву “iншай”, “новай” лiтаратуры, прадэманстраваўшы многiя перавагi i хiбы сучаснага мыслення, якое прадугледжвае ў якасцi абавязковай нормы варыятыўнасць, шматзначнасць, супярэчлiвасць чалавечых паводзiн у свеце i г.д.”. Арыентацыя на сусветныя мастацкiя ўзоры спрыяла павышэнню iнтэлектуальнага i мастацкага ўзроўню нашай лiтаратуры, павышала культуру творчасцi. Аўтар падкрэслiвае, што неспрыяльныя абставiны перашкодзiлi плённаму выкарыстанню творчых набыткаў гэтых пiсьменнiкаў, што значна запаволiла мастацкае развiццё нашай прозы.

У свой час Л. Корань слушна заўважыла: “Сапраўды, дамiнанта ў творчасцi М. Гарэцкага выявiлася дастаткова рана i пэўна. Максiм Гарэцкi перадусiм стаў выразнiкам i творцам беларускага духу, беларускага менталiтэту як аднаго з феноменаў агульначалавечай культуры” [6, с. 29]. Максiм Гарэцкi ў сваіх творах наблiжаецца да раскрыцця сутнасцi нацыянальнага характару (выяўленне “раздвоенасці”, дваістага стану душы). Для І. Канчэўскага [7], аўтара эсэ “Адвечным шляхам” “раздвоенасць” душы галоўнага героя аповесці М. Гарэцкага “Дзве душы” – метафара спецыфікі нацыянальнага светапогляду, “вагання» паміж Захадам і Усходам. “Наяўнасць «дзвюх душ” – не эгаiстычны стан двудушнасцi. Гэта ўнутранае адлюстраванне вобраза свету, якое ўказвае на цяжкасць i складансць яго па-знання. “Дзве душы” – умоўны вобраз той цякучасцi i няпэўнасцi, якая перашкаджае ўтварэнню схематычных перакананняў. Пісьменнік аддае перавагу такому стану, калi ў душы чалавека адбываецца пастаянны маральны рух, калi чалавек здольны ўлавiць сапраўдную i шматзначную дыялектыку жыцця. Калі для еўрапейскіх мадэрністаў дваістасць была найперш катэгорыяй мастацка-эстэтычнай, то для Я. Купалы і М. Гарэцкага яна набыла сапраўды светапоглядна-філасофскі статус, бо з'яўляецца арганiчнай сутнасцю беларуса» [8, с. 101], – адзначае В. Максімовіч. Даследчык падкрэслівае: “… мадэрнісцкія героі, у масе сваёй, пакладаюцца больш на інтуіцыю, давяраюць пераважна свайму эмацыйна-пачуццёваму комплексу (унутранаму імператыву), – таму, што ідзе знутры, што непасрэдна імі перажываецца”. Калі для рамантыкаў чалавек быў сродкам дасягнення нейкіх мэт, то для мадэрністаў чалавек станавіўся мэтай. І далей даследчык працягвае: “І праклятыя пытанні, над якімі б'юцца героі Гарэцкага, сведчаць перадусім пра жаданне дайсці да разгадкі глыбінных асноў, архетыпаў народнай анталогіі. За пакутлівымі разважаннямі герояў яскрава праглядваюцца ўнутраныя пошукі, звязаныя з разгадкай эзатэрызму народнага быцця, сэнсу быцця ўвогуле”.

Нашы даследчыкi гавораць пра прыналежнасць М. Гарэцкага да экзiстэнцыялiзму. Па-першае, з экзiстэнцыялiзмам М. Гарэцкага лучыць трагiзм светаадчування (апавяданні “Габрыелевы прысады”, “Iдуць усе- iду я”). У гэтым плане, напрыклад, С. Дубавец пiша пра Максiма Гарэцкага як пра супольнiка Акутагавы i Камю [9].

Творчасць М. Гарэцкага адыграла выключную ролю ў станаўленні жанру філасофскай прозы. Менавіта дзякуючы М. Гарэцкаму героем беларускай літаратуры становіцца інтэлігент, асноўны абавязак якога – разумовая дзейнасць, асэнсаванне сябе і жыцця (“У чым яго крыўда?”, “Роднае карэнне”, “Меланхолія”, “Дзве душы”). Героі М. Гарэцкага знаходзяцца ў пастаянным духоўным пошуку, разважаюць над адметнасцямі духоўнага жыцця народа, над уласным прызначэннем, над пытаннямі светабудовы, таямніцамі жыцця і смерці.

1.2.3 “На імперыялістычнай вайне” М. Гарэцкага і літаратура “страчанага” пакалення

Трэба нагадаць, што нашы вучоныя (В. Акудовiч, Е. Лявонава, Л. Корань, М. Тычына) неаднойчы звярталiся да праблемы асэнсавання твораў М. Гарэцкага ў кантэксце твораў заходнiх пiсьменнiкаў, прысвечаных Першай сусветнай вайне (Э. Хе-мінгуэй, Дж. Дос Пасос, У. Фолкнер, Р. Олдынгтон, Э. М. Рэмарк, А. Барбюс). В. Локун у «Нарысах беларуска-ўкраiнскiх лiтаратурных сувязей” пашырае абсяг даследавання беларускай ваеннай прозы, параўноўвае творы М. Гарэцкага, К. Чорнага, В. Быкава з творамi А. Ганчара, М. Стэльмаха, I. Мiкiценкi, Б. Васiльева, В. Астаф'ева, I. Стаднюка, В. Кандрацьева, Л. Первамайскага. Асэнсоўваючы вопыт вялiкага рускага пiсьменнiка i яго ўздзеянне на лiтаратуру, даследчыца адзначае, што Л. Талстой пазбавiў вайну яе гераiчнага арэолу, што ўласцiва i аповесцi М. Гарэцкага “На iмперыялiстычнай вайне” [10, с. 157]. Аналагiчныя высновы ў свой час былi зроблены i В. Акудовiчам. Разглядаючы беларускую i ўкраiнскую ваенную прозу, В. Локун вылучае тое, “што паядноўвае iх эстэтычныя сiстэмы i што iх раз'ядноўвае” [10, с. 159]. Так, даследчыца адзначае, што i руская лiтаратура, i ўкраiнская не мела такога “глыбокага, эстэтычна значнага твора аб Першай сусветнай вайне, як беларуская” [10, с. 162]. Размова iдзе менавіта пра аповесць М. Гарэцкага “На iмперыялiстычнай вайне”. У творы беларускага пiсьменнiка з'яўляецца “матыў “горкай праўды”, якая спараджалася “суб'ектыўнай” вiной дзяржавы.

Матыў вiны дзяржавы дамiнаваў у еўрапейскай прозе Першай сусветнай вайны – у рамане А. Барбюса “Агонь” i асаблiва ў лiтаратуры “згубленага пакалення” (Э. Рэмарк “На заходнiм фронце без змен”, Э. Хэмiнгуэй “Бывай, зброя”, Р. Олдзiнгтон “Смерць героя”, Д. Пасос “ЗША”). У савецкай лiтаратуры 50-60-х гадоў гэты матыў чытаўся ў падтэксце i толькi часам вырываўся на паверхню – “Мёртвым не балiць” В. Быкава, “Жыццё i лёс” В. Гросмана. Канцэпцыя вайны Л. Талстога такой горкай праўды пазбаўлена” [10, с. 163]. Даследчыца асэнсоўвае спецыфiку выяўлення пачуцця патрыятызму ў творах пiсьменнiкаў, звяртаецца да праблемы Бога “як вышэйшай маральнай субстанцыi”, праблемы вайна i свабода, катэгорый народнасцi, асабiстага i агульнага. Разважаючы аб ролi талстоўскiх традыцый, В. Локун робiць выснову: “Талстоўская гуманiстычная канцэпцыя чалавека i свету, з яе хрысцiянскiм разуменнем дабра i зла, была ўспрынята пiсьменнiкамi ўсходнеславянскага рэгiёна па-свойму, з улiкам нацыянальнай эстэтычнай свядомасцi” [10, с. 219]. Перш за ўсё гэта моцна выражаны нацыянальны пафас у М. Гарэцкага i песiмiстычнае гучанне яго твора ў адрозненне ад талстоўскага. У той жа час “украiнская проза Першай сусветнай вайны цесна звязана з традыцыямi рамантызацыi вобраза гiсторыi” [10, с. 168]. Даследчыца паказвае таксама першынство беларускiх пiсьменнiкаў у пастаноўцы пэўных праблем у сусветным маштабе: “Задоўга да “Чужога” А. Камю М. Гарэцкi з уражлiвай сiлай паказаў адчужэнне чалавека ў новым свеце...” [10, с. 167].

К-во Просмотров: 385
Бесплатно скачать Реферат: Максім Багдановіч, Максім Гарэці i Васіль Быкаў як класічныя прадстаўнікi беларуская лiтаратуры 20 стагоддзя