Реферат: Персанаж ў мастацкім творы

У персанажы, як і наогул у любой з’яве, рэчы і г. д., вылучаецца ўнутранае і знешняе.

Унутраны свет персанажа, які ўключае ў сябе памкненні, думкі, усвядомленыя пачуцці, а таксама сферу падсвядомага, адлюстроўваецца ў літаратурных творах па-рознаму.

На ранніх этапах развіцця літаратуры (старажытнасць, сярэднявечча) унутраны стан персанажа перадаецца больш апасродкавана, ускосна, а не прама і адкрыта. Творы гэтага часу ўзнаўляюць пераважна ўчынкі персанажаў і толькі ў вельмі нязначнай ступені ўнутраныя, псіхалагічныя матывы гэтых учынкаў. Перажыванні героя амаль што поўнасцю залежаць ад разгортвання падзей і падаюцца галоўным чынам праз знешнія праявы. Прычым пісьменік акцэнтуе ўвагу, як правіла, на адным якім-небудзь пачуцці, што запаланяе ўсю душу персанажа.

Пэўныя зрухі ў адлюстраванні літаратурай унутранага свету персанажаў (як у плане ўзбагачэння непасрэднай гамы перажыванняў, так і ў прыёмах і сродках яе перадачы) прынесла эпоха Адраджэння. Асабліва неабходна адзначыць тут творчасць У. Шэкспіра, персанажы п’ес якога надзвычай багатыя сваім душэўным жыццём. Менавіта да іх ужо можна з поўным правам прымяняць тэрмін-азначэнне «псіхалагічна напоўненыя».

Пасля некаторага перапынку ў класіцыстычную эпоху псіхалагізм актывізаваўся ў еўрапейскай літаратуры к другой палове ХVІІІ ст. у творчасці пісьменнікаў-сентыменталістаў («Юлія, ці Новая Элаіза» Ж.-Ж. Русо, «Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі» Л. Стэрна і інш.).

Яшчэ большы імпульс развіццю псіхалагізму ў літаратуры надаў рамантызм. Пісьменнікі-рамантыкі імкнуліся ўзнаўляць складаныя, часам надзвычай супярэчлівыя перажыванні сваіх герояў. Аднак і на іх творчасці яшчэ ляжыць пэўны адбітак адналінейнасці пачуццяў (героі паэм Дж. Байрана, А. Пушкіна, М. Лермантава і інш.).

Аб ХІХ жа стагоддзі, і асабліва аб другой яго палове, можна ўжо весці гаворку як аб часе поўнага і ўсебаковага ўсталявання псіхалагізму ў літаратуры. Асабліва шмат у мастацкае даследаванне «дыялектыкі душы» сваіх персанажаў унеслі Л. Талстой і Ф. Дастаеўскі. У іх раманах і аповесцях з небывалымі да гэтага паўнатой і канкрэтнасцю ўзноўлены працэсы фарміравання думак, пачуццяў, намераў чалавека, іх перапляценне і ўзаемадзеянне, часам надзвычай складанае і супярэчлівае. Менавіта ў гэты час у літаратуры замацавалася «рэфлексуючая» асоба (В. Халізеў), якую можна знайсці практычна ў любым буйным рэалістычным творы.

Пра ХХ ст., пры ўсім тым, што псіхалагізм к гэтаму часу ўжо стала ўвайшоў у сусветную літаратуру і замацаваўся ў ёй, нельга гаварыць як аб часе яго поўнага і непадзельнага панавання. Справа ў тым, што спачатку еўрапейская мадэрнісцкая эстэтыка (асабліва ў гэтым плане вызначыліся футурысты), а затым і радыкальная савецкая (А. Луначарскі, пралеткультаўцы і інш.) з рэзкай крытыкай пачалі адносіцца да перадачы пісьменнікамі нюансаў складанага духоўнага стану асобы, прызываючы звяртаць больш увагі на адлюстраванне матэрыяльнага свету.

Псіхалагізм, для перадачы якога ў літаратуры намнога болей магчымасцей у параўнанні з астатнімі відамі мастацтва з-за слоўнай вобразнасці прыгожага пісьменства, апеліруючай не толькі да пачуццяў, але і непасрэдна да розуму чалавека, яго інтэлекту,– шматстайны ў сваіх прыёмах і сродках выяўлення ў творах. Абазначым яго найбольш важныя разнавіднасці і формы выяўлення.

Па-першае, псіхалагізм, па В. Халізеву, можа быць яўным, адкрытым, «дэманстратыўным» і прыхаваным, «тайным», «падтэкставым». Першую разнавіднасць прадстаўляюць творы Ф. Дастаеўскага, Л. Талстога, У. Фолкнера, К. Чорнага, І. Мележа і інш; другую – І. Тургенева, А. Чэхава і некат. інш. аўтараў.

Калі браць формы псіхалагічнага адлюстравання, то іх адзін з вядучых сучасных рускіх даследчыкаў псіхалагічнага пісьма А. Есін вылучае тры: прамую, ускосную і сумарна-абазначальную. Першая з іх перадае ўнутраны свет персанажаў шляхам непасрэднай аўтарскай перадачы-расповеду аб тым, што творыцца ў душах герояў. Другая адлюстроўвае ўнутраны свет персанажаў «праз знешнія сімптомы», г. зн. праз перадачу мімікі, жэстаў, асаблівасцей рухаў і інш. І трэцяя паведамляе аб думках і пачуццях герояў «з дапамогай называння, гранічна сціслага абазначэння тых працэсаў, што працякаюць ва ўнутраным свеце».

У межах названых форм існуе шмат канкрэтных сродкаў, прыёмаў і спосабаў псіхалагічнага пісьма. Да найбольш распаўсюджаных адносяцца:

1) апавяданне ад першай асобы;

2) апавяданне ад трэцяй асобы;

3) няўласна-простая ўнутраная мова;

4) сумеснае ўжыванне апавядання ад першай асобы і апавядання ад трэцяй асобы з іх чаргаваннем, а таксама паралельным выкарыстаннем няўласна-простай унутранай мовы;

5) псіхалагічны аналіз і самааналіз (раздзяленне складанага душэўнага стану на пэўныя элементы-часцінкі);

6) унутраны маналог (пры ўмове давядзення яго да сваёй лагічнай мяжы ён можа перарастаць у «плынь свядомасці»);

7) «дыялектыка душы»;

8) «мэтавае» псіхалачна-адцяняючае і параўнальнае выкарыстанне партрэтных і пейзажных дэталей, а таксама дэталей рэчыўнага свету.

Як бачна, канкрэтных сродкаў, прыёмаў і спосабаў адлюстравання душэўнага стану персанажа, стварэння яго ўнутранай псіхалагічнай карціны даволі многа. Галоўнае, каб пісьменнік творча, умела і па прызначэнню карыстаўся імі.

Наогул жа практыка выкарыстання ўсяго арсеналу сродкаў, прыёмаў і спосабаў псіхалагічнага пісьма досыць індывідуальная.

1.4 Партрэт персанажа

Пад партрэтам персанажа падразумяваецца апісанне яго знешнасці (рысаў твару, фігуры, позы, мімікі, асаблівасцей жэстыкуляцыі, адзення і г. д.). Частка пералічаных партрэтных дэталей (твар, фігура, міміка, жэстыкуляцыя) мае ўласна антрапалагічную прыроду. Іншыя ж (адзенне альбо касцюм, упрыгожванні, прычоска) абумоўлены сацыяльным асяроддзем, культурнай традыцыяй.

«Месца і роля партрэта ў творы, як і прыёмы яго стварэння, розняцца ў залежнасці ад роду, жанру літаратуры. Аўтар драмы, як правіла, абмяжоўваецца ўказаннем на ўзрост персанажаў і агульнымі характарыстыкамі ўласцівасцей паводзін, што даюцца ў рэмарках; усё астатняе ён вымушаны прадставіць клопатам акцёраў і рэжысёра. <...> У вершаванай лірыцы важным з’яўляецца не столькі ўзнаўленне партрэтуемага твару ў канкрэтнасці яго рысаў, колькі паэтычна абагуленае ўражанне аўтара. <...> Лірыка максімальна выкарыстоўвае прыём замены апісання знешнасці ўражаннем ад яе». У эпічным родзе таксама ёсць свае нюансы партрэтнай характарыстыкі. Самае ж галоўнае, што партрэт персанажа ў творах гэтага роду можна абмаляваць надзвычай шматпланава і ўсебакова.

Для «высокіх» жанраў, і ў першую чаргу для твораў народна-гераічнага эпасу, з’яўляюцца характэрнымі ідэалізуючыя партрэты, у якіх абмалёўка знешнасці персанажаў надзвычай моцна працуе на выяўленне іх духоўнай сутнасці. У такіх творах, як правіла, вельмі многа метафар, параўнанняў, эпітэтаў, узятых з арсенала фальклорнай паэтыкі.

У гратэскавых партрэтах, уласцівых творам камедыйна-фарсавага характару, асноўная ўвага скіроўваецца на перадачу не духоўнага, а матэрыяльна-цялеснага пачатку ў чалавеку.

Як зазначае В. Халізеў, «пры ўсёй іх супрацьлегласці ідэалізуючыя і гратэскавыя партрэты валодаюць агульнай уласцівасцю: у іх гіпербалічна адлюстравана адна чалавечая якасць: у першым выпадку – цялесна-духоўная дасканаласць, у другім – матэрыяльна-цялесны пачатак у яго магутнасці, кажучы сучаснай мовай – вітальная энергія».

Хоць гратэскавыя партрэты знаходзяць выкарыстанне і ў новай літаратуры, у тым ліку і сучаснай, вытокі і асноўнае месца іх прымянення (як, дарэчы, і ідэалізуючых партрэтаў) – творы ранніх этапаў і стадый у развіцці сусветнага прыгожага пісьменства. З цягам часу «ў літаратуры сталі пераважаць партрэты, што раскрываюць складанасць і шматпланавасць аблічча персанажаў. Тут жывапісанне знешнасці нярэдка спалучаецца з пранікненнем пісьменніка ў душу героя і псіхалагічным аналізам». У такіх партрэтных характарыстыках увага аўтара больш сканцэнтроўваецца на тым, «што выражаюць фігуры ці твары, якое ўражанне яны пакідаюць, якія пачуцці і думкі вызываюць, чым на іх саміх як жывапісуемай данасці».

К-во Просмотров: 270
Бесплатно скачать Реферат: Персанаж ў мастацкім творы