Реферат: Перыядычны друк як спецыфічная сістэма гістарычных крыніц
Можна заўважыць, як змена ўладальнiка выдання ўплывае на яго змест i напрамак. Калi ў 1902 г. лiберал па поглядах мiнскi натарыус I. П. Фацiнскi прадаў газету М. П. Мысаўскому, апошняя не толькi змянiла назву («Северо-Западный край»), але i стала больш радыкальнай, з сiмпатыямi адгукалася на рэвалюцыйныя падзеi. Таму выхад газеты некалькi разоў прыпыняўся, i ўрэшце 8 снежня 1905 г. газету забаранiлi «впредь до окончания положения о чрезвычайной охране в Минской губернии».
Азначаны перыяд характарызуецца i пачаткам выхаду ў свет першых беларускамоўных выданняў. У 1906 г. выйшла некалькi нумароў «Нашай Долi», традыцыi якой прадоўжыла «Наша Нiва» – штодзённая газета на беларускай мове, якая выдавалася з 1906 па 1915 г. кiрылiцай i лацiнкай. Яна склала цэлую эпоху ў развiццi беларускага нацыянальнага адраджэння (яе называюць «нашанiўскай»), i гэтыя абставiны даследчыку неабходна ўлiчваць. Газета мела раздзелы: «Вясковае i гарадское жыццё», «Народная асвета», «З усiх бакоў», «З Беларусi i Лiтвы», «Сельская гаспадарка». На яе старонках можна сустрэць гiстарычныя матэрыялы, фальклор, абмеркаванне праблем мовы, звесткi аб бюджэце сялян i рамеснiкаў, аб жыццi беларускiх эмiгрантаў у ЗША, гумар, анекдоты.
Азначаны перыяд характарызуецца таксама вялікай колькасцю выданняў, якія арыентаваліся на мясцовага чытача («Мінскі голас», «Минское эхо» і інш.). Рэвалюцыйныя падзеі дазволілі выйсці ў свет выданням сацыял-дэмакратычнага напрамку, такім, напрыклад, як «Минский летучий листок» (1906). З'явіліся выданні ў многіх павятовых цэнтрах («Лидское слово», «Бобруйская жизнь» і г. д.).
4. Перыяд партыйнай манаполіі на друк, які можна падзяліць на
2 этапы:
1) 1917 (1918) – першая палова 1950-х гг. Гэта этап усталявання і ўмацавання бальшавіцкай манаполіі на друк. Працэс манапалізацыі друку адбываўся на Беларусі паступова. Па-першае, у 1920-я гг. новая эканамічная палітыка садзейнічала пэўнай лібералізацыі і ў галіне друку. Па-другое, заходняя частка Беларусі да 1939 г. амаль не зведала, што сабой уяўляе Савецкая ўлада. У Заходняй Беларусі ў 1921 – 1939 гг. выдаваліся газеты і часопісы розных партый і рухаў («Беларускія ведамасці», «Беларуская справа» і інш.). У перыяд Вялікай Айчыннай вайны з'явіліся калабарацыйныя выданні (у тым ліку пад назвамі, што выходзілі раней у Заходняй Беларусі – «Беларускі каляндар» і інш.). Таму можна лічыць, што працэс усталявання бальшавіцкага кантролю над прэсай завяршыўся ў першыя пасляваенныя гады, калі была пабудавана дакладная піраміда перыядычнага друку (раённыя выданні, абласныя, рэспубліканскія, саюзныя), поўнасцю адпаведная структуры партыйна-савецкіх органаў і поўнасцю падкантрольная ім. І гэта яскрава засведчылі партыйныя пастановы аб друку 1946 – 1947 гг. (аб часопісах «Звезда», «Ленинград», «Беларусь» і інш.). Без вывучэння азначаных пастаноў, шэрагу іншых рашэнняў не толькі цэнтральных, але і мясцовых улад нельга аналізаваць матэрыялы друку гэтага часу. На жаль, значная частка рашэнняў (па прыкладу, пададзенаму Сталіным) прымалася без абмеркавання і дакументальнага афармлення – па так званым тэлефонным праве. Менавіта таму з перыёдыкі зніклі цэлыя праблемы: міжнацыя-нальныя, рэлігійнае жыццё, негатыўныя падзеі ў сілавых структурах, а таксама астралогія, магія, аварыі і г. д. Разам з тым забаранялася друкаваць матэрыялы без папярэдняй праверкі, адсутнічала пагоня за сенсацыйнасцю. Перакананне партыйных кіраўнікоў у тым, што іх рашэнні настолькі правільныя, што няма патрэбы нават даказваць гэта, часам робіць вельмі шчырымі матэрыялы для сучаснага чытача і, безумоўна, для даследчыка.
2) Другая палова 1950-х – 1980-я гг. характарызуецца не толькі паступовым пацяпленнем грамадскага клімату. У дачыненні да прэсы ніякіх паслабленняў не адбылося. Па-ранейшаму газеты імкнуліся паказаць жыццё не такім, якое яно ёсць, а такім, якім яно павінна быць, – адпаведна афіцыйна прынятай схеме развіцця грамадства.
Гэта абумоўлівала аднастайнасць зместу перыёдыкі. Даследчыку няма патрэбы аналізаваць вялікую колькасць выданняў: усе яны пісалі аб дазволеным толькі на падставе дазволенага. Папулярнасць выданняў абумоўлівалася часам наяўнасцю красвордаў і паведамленняў аб спорце (і не толькі «Советский спорт» з цікавымі рэпартажамі, але і «Физкультурник Белоруссии» становяцца самымі чытальнымі).
Асаблівасць гэтага перыяду не ў меншай, а ў большай ступені вызначае з'яўленне канкурэнта прэсы – тэлебачання. Ужо ў сярэдзіне 1950 – пачатку
1960-х гг. радыёфікацыя кватэр гарадоў і нават глухіх вёсак (разгортваецца меліярацыя на Беларусі) прывяла да таго, што значная частка насельніцтва газет не чытала, а абмяжоўвалася праслухоўваннем радыё. Распаўсюджанне тэлебачання ў 1970 – пачатку 1980-х гг. нанесла канчатковы ўдар па тых выданнях, якія асноўнай мэтай мелі інфармаванне насельніцтва. У выніку павялічылася колькасць аналітычных матэрыялаў, пачаў расці і аб'ём выданняў. Павялічваецца ўдзельная вага часопісаў.
Трэці перыяд акрэсліваўся ўжо ў канцы 1980 – пачатку 1990-х гг. Яго характэрнай рысай стала з'яўленне не толькі неафіцыйных, але і апазіцыйных выданняў, што друкаваліся напачатку па-за межамі БССР. Колькасць выданняў рэзка ўзрастае. Тэма эканомікі паступова саступае месца матэрыялам аб палітычным жыцці. Урэшце, з абвяшчэннем Рэспублікі Беларусь (1991) і адменай манаполіі КПБ на друкаванае слова пачалася перабудова сеткі перыядычных выданняў, узніклі выданні самай рознай тэматыкі, што адлюстроўвала з'яўленне новых грамадскіх арганізацый, партый і рухаў. Адной з важнейшых праблем з'явілася абмеркаванне пытанняў нацыянальнага адраджэння. Павялічылася колькасць інфармацыйных выданняў. Разам з тым многія калектывы, стаўшы ўласнікамі сваіх выданняў, з-за спецыфікі свайго становішча і недастатковай матэрыяльнай базы часам карысталіся чуткамі, звесткамі з другіх рук, радыястанцый. Пагоня за колькасцю чытачоў выклікала цэлы бум сенсацыйных паведамленняў. І гэта, разам з колькасцю перыядычных выданняў, істотна ўскладняе вывучэнне матэрыялаў перыёдыкі гэтага часу.
ЛIТАРАТУРА
1. Ершова Э.Б. Исторические судьбы художественной интеллигенции Белоруссии (1917 – 1941). М., 2004.
2. Периодическая печать Белоруссии 1817 – 1916. Мн., 1960; Мархель У. Крынiцы памяцi. Старонкi беларуска-польскага лiтаратурнага сумежжа. Мн., 2000.
3. Выдатны аналiз гэтага выдання ажыццёўлены М. М. Улашчыкам. Гл.: Улащик Н. Н. Минские губернские ведомости как исторический источник // Проблемы источниковедения. М., 1999.
4. Гл.: Зайцев М.С. Попытки учреждения неофициальной периодики в Белоруссии в годы первой революционной ситуации // История книги, источниковедение и библиотечное дело: Сб. науч. статей. Мн., 2004.