Реферат: Жыццё і творчасць Міхася Зарэцкі (1901—1937)

Характар галоўнага героя раскрыты па-мастацку пераканальна, доказна, у выразных праявах. Яроцкі пададзены як істота актыўная, дзейсная. Але яго неўтаймаваная энергія скіравана на задавальненне эгаістычных патрэб, нізкіх інстынктаў. I ў ажыццяўленні сваіх намераў Яроцкі не спыняецца ні перад чым, ідзе на падман, ігнаруе пісаныя і няпісаныя законы чалавечага грамадства. «Я, я хачу жыць, маё жыццё, толькі маё, мне дарагое. I я жыву. I ні да кога мне дзела няма. Сумленне, закон... Ха-ха-ха!.. Гэта ж для дурняў, для асталопаў, для тых, хто сілы не мае ўзяць сваю долю! А я — вышэй за ўсіх гэтых дрындушак... Я — сам сабе пан...» — вось які лозунг напісаў герой аповесці на сваім сцягу і няўхільна праводзіць яго ў жыццё. Каштоўнасць аповесці як мастацкага твора — не толькі ў праўдзівай абмалёўцы вобраза Яроцкага, але і ў майстэрстве, з якім пісьменнік раскрыў вытокі жывучасці героя як сацыяльнага тыпу. Прыкметнае месца ў вобразнай сістэме аповесці займаюць персанажы, якія воляю лёсу апынуліся на сацыяльным дне. На гэтую катэгорыю людзей беларуская паслякастрычніцкая літаратура амаль не звяртала ўвагу, і М. Зарэцкі выступаў тут першаадкрывальнікам.

Ёсць у аповесці і спробы творчага пераймання вопыту Ф. Дастаеўскага, што выклікае асаблівую цікавасць як момант ідэйна-мастацкай эвалюцыі пісьменніка. Маецца на ўвазе матыў літасці, даравання і нават спачування добрымі, так бы мовіць, “нармальнымі” людзьмі таму, хто быццам бы спазнаў усю глыбіню маральнага падзення, але на самой справе зноў гатовы хлусіць і здраджваць (такой даверлівай і спачувальнай асобай у аповесці высупае падманутая Яроцкім дзяўчына Лідачка).

У першым нумары часопіса «Полымя» за 1927 г. пачаў друкавацца раман «Сцежкі-дарожкі», які стаў значнай падзеяй літаратурнага жыцця. Гэты твор закладваў плённыя традыцыі праўдзівага мастацкага асваення тэмы рэвалюцыі. Аўтарам рамана прынцыпова не прымалася ўстаноўка на прыхарошванне гістарычных падзей, на ідэалізацыю рабочага класа і спрошчаны, тэндэнцыйны паказ «варожага» лагеру.

Заслугай М. Зарэцкага было тое, што складаны працэс барацьбы і драматызм шляхоў, якім у рэвалюцыю ішла інтэлігенцыя, раскрыты па-мастацку пераканальна, праз лёс канкрэтных герояў — Васіля Лясніцкага, Нікадзіма Славіна, Халімы, Ніны, Матруніна. У адлюстраванні падзей М.

Зарэцкі ішоў ад непасрэдных уражанняў, ад асабіста ўбачанага і перажытага. Светапоглядная сталасць, памножаная на талент і вопыт папярэдняй працы над апавяданнямі, якраз і паспрыяла ўдаламу вырашэнню тэмы. Раман пазначаны выразнай пячаткай наватарства, якое забяспечвалася перш.за ўсё глыбінёй і маштабнасцю задумы і майстэрствам яе вобразнага ўвасаблення, згарманізаванасцю зместу і формы.

Маладому пісьменніку ўдалося падпарадкаваць разнастайны жыццёвы матэрыял, укласці яго ў кампактныя жанравыя рамкі. Заслугоўвае быць адзначаным уменне аўтара чаргаваць агульны і буйны планы, панарамныя апісанні і непасрэднае сутыкненне герояў. У «Сцежках-дарожках» М. Зарэцкі даў надзвычай перспектыўную жанравую мадэль рамана, дзе герой і абставіны існуюць у арганічнай узаемасувязі, а характар героя выяўляецца ў дзеянні, у працэсе грамадскай практыкі і адначасова — праз рэфлексію, праз няспынны роздум, сумненні, перажыванні, праз самапазнанне. У рамане шырока выкарыстана форма дыялогу, тут шмат спрэчак, палемікі, вострых інтэлектуальных сутыкненняў.

Часопіс “Полымя” пачаў у 1929 г. друкаваць раман М. Зарэцкага «Крывічы». Аднак убачылі свет толькі чатыры раздзелы 1-й часткі, далейшае ж друкаванне твора было афіцыйна забаронена. А між тым раман абяцаў быць значнай з'явай літаратурнага і грамадска-культурнага жыцця Беларусі. Новы твор дэманстраваў высокі ўзровень раманнага мыслення М. Зарэцкага. Апублікаваныя раздзелы «Крывічоў» прасякнуты думкай пра гістарычна абумоўленую заканамернасць актывізацыі вызваленчага руху, які грунтуецца на ўсенароднай падтрымцы.

У 1932 г. з’явіўся раман М. Зарэцкага «Вязьмо». Гэты твор не толькі знаменаваў далейшае развіццё самабытнага таленту пісьменніка, але і стаў выдатнай з'явай усёй беларускай літаратуры. Думаецца, невыпадкова ён доўгі час заставаўся недаацэнены: крытыка, якая кіравалася прынцыпамі партыйнасці, не магла спасцігнуць сэнс гэтага глыбокага твора. I нават пасля рэабілітацыі пісьменніка (1957) у трактоўках «Вязьма» адчувалася спрошчанасць, павярхоўнае разуменне аўтарскай задумы. Зрэшты, падобнага роду выдаткі былі заканамернымі, бо даследчыкі зыходзілі з пераканання, што масавая калектывізацыя — гэта прагрэсіўны і найболей эфектыўны сродак перабудовы старой, аднаасобнай вёскі на сацыялістычных асновах, а лявацкія перагібы непажаданыя, але непазбежныя з'явы ў працэсе сацыяльна-эканамічнай рэвалюцыі. У сапраўднасці ж галоўная вартасць рамана не толькі ў тым, што аўтар з гуманістычных пазіцый выкрываў небяспеку «пацяробаўшчыны», незаконнае высяленне вяскоўцаў. Логікай сюжэтнага развіцця пісьменнік паставіў пад сумненне неабходнасць суцэльнай калектывізацыі і паказаў, якімі трагедыямі ў жыцці народа, маральнымі стратамі яна суправаджалася.

Праз вобразную сістэму М. Зарэцкі пераканальна раскрыў глыбіню сацыяльных супярэчнасцей пачатку 30-х гадоў, трагедыю рассяляньвання вёскі, разбурэнне яе традыцыйных бытавых і духоўных асноў. І. Мележ у 1969 г. назваў «Вязьмо» самым глыбокім творам тых часоў пра калектывізацыю», падкрэсліўшы менавіта «суровы рэалізм і мужную глыбіню», уласцівыя «лепшаму твору М. Зарэцкага».

Пяру Зарэцкага належаць п'есы «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—1929), якія і да нашага часу невядомыя грамадскасці, бо фактычна яны не ставіліся на прафесійнай сцэне і рэдка бачылі старонкі друку. I іх ацэнка ў канцы 20-х гадоў, а таксама даследчыкамі пазнейшай пары як твораў нібыта неглыбокіх па змесце і невыразных у жанравых адносінах не адпавядае аб'ектыўнаму стану рэчаў. Ацэнка гэта прадузятая, несправядлівая, беспадстаўна заніжаная. У сапраўднасці ж прыгаданыя творы — значны крок па шляху ідэйна-творчай эвалюцыі пісьменніка. Яны каштоўныя вастрынёй пастаноўкі актуальных праблем часу, смелым, наватарскім падыходам мастака да іх вырашэння.

У п'есе «Віхор на балоце» М. Зарэцкі раскрывае беспадстаўнасць прэтэнзій маладых герояў (рабочы Даніла, камсамолка Ганна, піянер Юзік) лічыць іх будаўнікамі новага жыцця, носьбітамі перадавой калектывісцкай маралі. У сапраўднасці гэтыя персанажы з'яўляюцца новымі мяшчанамі, болей небяспечнымі, чым мяшчане традыцыйныя, бо яны ўмела спекулююць на высокіх грамадзянскіх ідэалах, прыкрываюцца гучнай рэвалюцыйнай фразеалогіяй у імя ўласных эгаістычных мэтаў. Дастаткова сказаць, што Ганна і закаханы ў яе Даніла прыспешваюць трагічную развязку жыцця хворай Данілавай жонкі, так і не ўсведамляючы да канца амаральнасці і цынізму сваіх паводзін. Як рэвалюцыйныя пераўтваральнікі сацыяльнай рэчаіснасці і вешчуны светлай будучыні Даніла і Ганна перакананы, што ім не патрэбны дабрыня, пачуцці літасці і спачування, бо гэта адзнака слабых духам. А слабых, як ім уяўляецца, павінен змесці магутны віхор рэвалюцыйнага абнаўлення. У раскрыцці аўтарскіх поглядаў на новае мяшчанства значную ролю адыгрывае сюжэтная лінія піянера Юзіка і яго бацькі. Нягледзячы на дзіцячы ўзрост, Юзік заўзята крытыкуе старыя парадкі, несправядлівы эксплуататарскі лад і бацькаву прыватнаўласніцкую мараль. Аднак пафас гэтага выкрыцця фальшывы, штучны, бо хлапчук не жыў пры старым рэжыме, яго ўяўленні — гэта плён дагматычна ўспрынятых кніжных ведаў. П'еса «Віхор на балоце» цікавая і ў жанрава-стылявых адносінах.

Пісьменнік рамантычнага светаўспрымання М. Зарэцкі звярнуўся да паэтыкі, да выяўленчых сродкаў меладрамы з яе традыцыйным любоўным трохкутнікам, экзальтаванымі героямі, з момантамі празмернай афектацыі, праявамі рэўнасці, помсты і трагічнымі ахвярамі як выніку непадзельнага кахання.

Наватарскімі рысамі пазначана таксама і п'еса «Белыя ружы», вытрыманая ў рамантычным ключы з выкарыстаннем элементаў прыгодніцтва. Гэтыя структурныя асаблівасці і стылявая адметнасць недастаткова ўлічваліся даследчыкамі, што і прыводзіла да неаб'ектыўных ацэнак. Падзейны бок галоўнай сюжэтнай лініі — змаганне партызанскага атрада з багатым уладальнікам маёнтка панам Сомскім, які спачатку знаходзіўся пад надзейнай абаронай кайзераўскіх, а затым польскіх вайскоўцаў. Але гэта — сацыяльна-бытавы фон, на якім разгортваюцца вострыя сутыкненні паміж героямі п'есы. Увогуле сюжэт твора багаты на нечаканыя павароты, вострыя калізіі.

У лёсе дзейных асоб шмат таямнічага, загадкавага (напрыклад, таямніца нараджэння Міколы і Юрыя). Фактычна «Белыя ружы» паглыбляюць праблематыку рамана «Сцежкі-дарожкі», але ў адметнай форме. Вялікая роля тут належыць сімволіка-алегарычным вобразам, шматзначным паэтычным дэталям, фальклорным паданням і легендам. Так, белыя ружы — гэта сімвал агульналюдскога шчасця, балотныя здані («стварэнні чорнай ночы») — увасабленне перашкодаў і спакусаў, што звабліваюць слабых духам.

Легенда пра забойства братам роднай сястры ўспрымаецца як вобразна-паэтычны аналаг тагачаснай рэчаіснасці, дзе мае месца бяссэнснае братазабойства і самазнішчэнне. У размове дзейных асоб часта прыгадваюцца ваўкі. I гэтая дэталь мае іншасказальны сэнс — як адзнака ператварэння людзей у жорсткіх, бязлітасных драпежнікаў. У тэксце п'есы мы знаходзім багата літаратурных рэмінісцэнцый.

Ахвотна выкарыстоўваюцца вобразы і матывы, узятыя з твораў М. Гарэцкага — з абразка «Чырвоныя ружы» (матыў адплаты панам-крыўдзіцелям), з аповесці «Дзве душы» (падмена сялянскага сына на панскага), з драматычнай аповесці «Антон» (дзяўчына Наста губіць уласнае дзіця і сябе). Ёсць тут відочнае перагукванне і з аўтарам «Раскіданага гнязда» (трагічнае каханне сялянскай дзяўчыны да паніча). Высокі ўзровень мастацкай дасканаласці п'есы абумоўлены тым, што аўтарская пазіцыя раскрываецца не дэкларатыўна, а праз характары дзейных асоб, іх учынкі, праз эвалюцыю поглядаў і паводзін.

«Драматычная аповесць у чатырох актах» «Сымон Карызна» (1935), напісаная на аснове «Вязьма», не ўзбагацілася ў параўнанні з першакрыніцай новымі ідэямі ці сюжэтна-вобразнымі адкрыццямі, хоць яна і не ўяўляе цалкам механічную пераробку рамана. Дзеянне ў аповесці часта рухаецца не ў глыбіню, а ўшырыню. Яна фрагментарная, мазаічная. Тое, што пісьменнік ішоў шляхам перапрацоўкі апублікаваных ужо твораў, — з'ява невыпадковая: гэта — сведчанне боязі брацца за распрацоўку неасвоеных пластоў рэчаіснасці, новых тэм, якія не атрымалі блаславення афіцыйных інстанцый.

У 1936 г. была надрукавана п'еса «Ная» — дынамічны, вострасюжэтны твор, прысвечаны новай для беларускай літаратуры тэме жыцця цыганоў. Але п'еса не стала значным мастацкім набыткам Зарэцкага-драматурга. Ёй шкодзіць неўласцівая творчай манеры пісьменніка тэндэнцыйнасць.

У творы шмат зададзенасці, хоць пафас абароны цыганоў, якія стагоддзямі пакутавалі ад сацыяльнай несправядлівасці і нацыянальнага прыгнёту, цалкам прымальны. Ды толькі трэба мець па ўвазе, што ва ўмовах 30-х гадоў «палепшанне жыцця» на практыцы вылівалася ў такія ж пачварныя формы, што і масавая калектывізацыя сялянства: цыганскае насельніцтва павінна было перайсці на аседлы лад жыцця. А гэта непазбежна прыводзіла да разбурэння іх спрадвечнага ўкладу, непаўторнай, самастойнай культуры.

Лёс гістарычнай драмы «Рагнеда», якую М. Зарэцкі пачаў пісаць у канцы 1920-х гг., невядомы.

М. Зарэцкі сцвердзіў сябе як моцны нарысіст, а таксама тэатральны крытык. Прычым, апошняе трэба разумець даволі шырока, бо ў артыкулах-выступленнях М. Зарэцкага яскрава прасвечваліся пытанні агульнанацыянальнага характару і маштабу. Тут пісьменнік выступаў у якасці абаронцы нацыянальнай беларускай ідэі.

Нарыс «Падарожжа на Новую Зямлю» — гэта рашучая падтрымка плана тагачаснага наркома земляробства З.X.Прышчэпава па развіцці на асушаных Мар'інскіх балотах індывідуальных фермерскіх гаспадарак, што разглядалася іх аўтарам як адна з найболей эфектыўных форм вырашэння зямельнай праблемы на Беларусі. Распрацоўка вялікага забалочанага масіву павінна была даць значны эканамічны эфект — запаволіць эміграцыйны працэс на Беларусі, затрымаць працаздольных людзей, «дзесяткі тысяч сем'яў», якія ўцякалі ад беззямелля ў пошуках лепшай долі. Эканамічны аспект праблемы не мае, аднак, у нарысе самамэтнага значэння, ён увязаны з пытаннямі сацыяльнага і маральна-этычнага зместу. I ў гэтым — каштоўнасць «Падарожжа...» як мастацкага твора. Логіка апавядання падводзіць да думкі, паводле якой эканамічныя змены без зрухаў у псіхалогіі, у свядомасці селяніна немагчымыя. Неабходна перш за ўсё абуджэнне духоўных сіл народа. Селянін павінен адчуць сябе гаспадаром на ўласнай зямлі. Гэтая выснова якраз і складае сутнасць ідэйна-філасофскай канцэпцыі М. Зарэцкага як аўтара нарыса.

У гэтым творы М. Зарэцкім была закранута яшчэ адна вельмі важная праблема. Як вынікае са зместу нарыса, «кіруючая верхавіна» працоўнага калектыву меліяратараў не рабіла спроб паўплываць на выхаванне нацыянальнай і грамадзянскай свядомасці. Па-ранейшаму пераважала утылітарная, прагматычная мараль, спажывецкае стаўленне да жыцця. Асабліва моцна абурала пісьменніка абыякавае стаўленне рабочых і мясцовага жыхарства да культуры, да нацыянальных традыцый. Тыя ж вясковыя дзяўчаты на спеўках нязменна аддавалі перавагу безгустоўным гарадскім рамансам («Нічаво мне ў міры не нада...») перад народнымі ці класічнымі мелодыямі.

Пагарда да родных каранёў, да нацыянальных вытокаў і спарадзіла пісьменніцкае выказванне, якое пазней у шматлікіх выступленнях кваліфікавалася як нацыяналістычны выпад, як праява варожасці да братняга рускага народа. «Мне стала сумна-сумна. Я падумаў: дакуль мы будзем жыць гэтым пазаддзем чужой культуры, якое з тупым салдацкім самадавольствам «преподносят» нам нашы суседзі і якое мы прымалі як чыстае збожжа? Дакуль мы будзем збіраць з чужога стала ўбогія брудныя аб'едкі, аддаючы сваё дабро на агульную пагарду і зругу?» Як бачым, не пра ігнараванне духоўных здабыткаў братняга народа ішла ў нарысе размова, а пра павагу да ўласнай культуры і небходнасць барацьбы з праявамі нацыянальнага нігілізму. М. Зарэцкі тут фактычна канкрэтызаваў свае погляды, выкладзеныя падчас дыскусіі аб шляхах развіцця беларускага тэатра ў артыкуле «Два экзамены (Да пытання аб тэатральнай крытыцы)». Сюды ж трэба далучыць і пазнейшы артыкул «Чым пагражае нам Белдзяржкіно (Да крытыкі тэматычнага плана)».

Выступленні М. Зарэцкага на старонках друку, нягледзячы на асобныя спрэчныя моманты і палемічныя перабольшванні, мелі вялікае грамадскае значэнне.

Пісьменнік рашуча пратэставаў супраць размывання асноў нацыянальнай культуры беларускага народа, калі пад выглядам збліжэння культур ігнаруецца яе самабытнасць, закрэсліваюцца лепшыя традыцыі, не прымаецца ў разлік яе сувязь з народнай глебай, з духоўным жыццём беларуса. Асабліва звярталася ўвага на беднасць нацыянальнага рэпертуару ў драматычных тэатрах, на нешматлікасць беларускіх фільмаў.

М. Зарэцкі асудзіў заганную практыку механічнай пераробкі папулярных рэвалюцыйных п'ес накшталт «Браняпоезд 14-69» Ус. Іванава.

У перакладзе назва горада Томск была адвольна заменена на блізкае па гучанні Мінск. Лічылася, што з дапамогаю такіх паправак можна задаволіць патрэбу ў адлюстраванні актуальнай нацыянальнай тэматыкі ў Беларускім тэатры.


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

К-во Просмотров: 1127
Бесплатно скачать Реферат: Жыццё і творчасць Міхася Зарэцкі (1901—1937)