Контрольная работа: Грамадска-палiтычны рух на Беларусi ў першай палове XIX стагоддзя

В. Лукасінскі імкнуўся да аб'яднання сіл з рускімі рэвалюцыянерамі для сумесных дзеянняў. Дзеля наладжвання сувязі з дзекабрыстамі ён паслаў у Расію члена «Патрыятычнага таварыства» Крыжаноўскага. Аднак арышт кіраўнікоў «Патрыятычнага таварыства» летам 1822 г. перашкодзіў наладжванню сувязей з дзекабрыстамі. Пасля арышту на чале “Патрыятычнага таварыства” сталі буйныя польскія землеўладальнікі. Новыя кіраўнікі, з'яўляючыся прыхільнікамі саюзу з дзекабрыстамі, адстойвалі свае тэрытарыяльныя патрабаванні і не мелі намеру ажыццяўляць сацыяльныя рэформы [9, с.213].

Члены «Паўднёвага таварыства» паспрабавалі наладзіць сувязь з польскім таварыствам, у прыватнасці з тымі яго аддзяленнямі, якія дзейнічалі ў Літве і Беларусі. Дзеля гэтага ў канцы лета 1823 г. М. Бястужаў ездзіў у Вільню, дзе сустрэўся з адным з кіраўнікоў Літоўскага савета К. Радзівілам.

Летам 1823 г. 9-я пяхотная дывізія, у склад якой уваходзілі Палтаўскі і Чарнігаўскі палкі, дзе служылі М. Бястужаў і С. Мураўёў, знаходзілася ў лагерах ля Бабруйска. У Бабруйск для агляду войск меў намер прыехаць Аляксандр I. Кіраўнікі «Паўднёвага таварыства» хацелі выкарыстаць прыезд цара, каб ажыццявіць дзяржаўны пераварот. Яны мелі намер арыштаваць цара і яго світу, абвясціць рэспубліку, затым накіравацца з войскам з Бабруйска на Маскву, адначасова пачаўшы паўстанне ў Пецярбурзе. Гэты план не падтрымалі Пестэль і іншыя члены «Паўночнага таварыства», лічачы, што для гэтага яшчэ не было спрыяльных умоў. Пры ажыццяўленні «бабруйскага» плана дзекабрысты спадзяваліся на дапамогу польскага тайнага таварыства.

Афіцыйныя перагаворы паміж прадстаўнікамі «Патрыятычнага таварыства» С. Крыжаноўскім і А. Ябланоўскім і кіраўніком «Паўднёвага таварыства» П. Пестэлем адбываліся на пачатку 1824 г. у Кіеве [2, с.271].

Шмат увагі надавалі дзекабрысты і польскія рэвалюцыянеры палітычным настроям афіцэраў і салдат Асобнага літоўскага корпуса, часці якога былі размешчаны ў Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Падольскай губернях і Беластоцкай акрузе. Тут вялі прапаганду іх прадстаўнікі. Калі б войскі гэтага корпуса перайшлі на бок паўстаўшых, гэта мела б вялікае значэнне для перамогі паўстання.

У 1825 г. па ініцыятыве былога члена «Таварыства філаматаў» М. Рукевіча ў Асобным літоўскім корпусе, раскватараваным у Гродзенскай губерні, было створана «Таварыства ваенных сяброў». Адну з галоўных роляў у ім адыгрываў К. Ігельстром. Членамі таварыства з'яўляліся былы філамат З. Навіцкі, паручнікі Вягелін і Вільканец, падпаручнікі Пятроўскі, Гофман і інш. «Таварыства ваенных сяброў» было строга цэнтралізаванай канспіратыўнай арганізацыяй. З-за меркаванняў канспірацыі сапраўдныя мэты і задачы таварыства не былі вядомы яго членам. Кіраўнікі завуалявалі гэтую мэту, карыстаючыся выразам «усеагульнае дабро» [7, с.324]. Пад гэтым падразумявалася, відаць, знішчэнне самадзяржаўя, ліквідацыя феадальна-прыгонніцкага ладу, дэмакратычныя пераўтварэнні.

Кіраўнікі таварыства разгарнулі работу сярод перадавой моладзі навучальных устаноў і прагрэсіўнай інтэлігенцыі Беларусі і Літвы. У прыватнасці, яны наладзілі кантакты з тайнымі таварыствамі моладзі ў Вільні, Свіслачы і іншых месцах.

14 снежня 1825 г. дваранскія рэвалюцыянеры ўзнялі паўстанне. Яны вывелі на Сенацкую плошчу частку войскаў, маючы намер з іх дапамогай скінуць самадзяржаўе. Але паўстанне, не падтрыманае народнымі масамі, было разгромлена ў той жа дзень.

Праз дзесяць дзён пасля паўстання на Сенацкай плошчы члены «Таварыства ваенных сяброў» у час прывядзедня да прысягі піянерскага батальёна ў Бабруйску адмовіліся прысягаць. Іх падтрымалі папярэдне распрапагандаваныя салдаты. Капітан Ігельстром, адмовіўшыся ад прысягі, з крыкам «ура!» павёў першую роту. За ёю накіраваліся іншыя роты. Прысяга ў той дзень была сарвана. Члены «Таварыства ваенных сяброў» спрабавалі далучыць да сябе суседнія вансковыя часці, але неўзабаве былі арыштаваны.

Па справе «Таварыства ваенных сяброў» засудзілі 13 чалавек, чацвёра з іх былі прыгавораны да пакарання смерцю, але пасля канфірмацыі Мікалая I смяротны прыгавор быў заменены катаржнымі работамі.

29 снежня 1825 г. члены «Паўднёвага таварыства» ўзнялі паўстанне Чарнігаўскага палка. Праз шэсць дзён, не падтрыманае народнымі масамі, яно было падаўлена.

Апошняя спроба ажыццявіць рэвалюцыйныя ідэі дзекабрыстаў была зроблена Палтаўскім палком у Бабруйску. У лютым 1826 г, у час агляду палка прапаршчык С. Трусаў, прыняты ў «Таварыства злучаных славян», выбег уперад з шабляй у руцэ і крыкнуў салдатам: «Рабяты! Рушым са штыкамі, знойдзем волю і незалежнасць ні адкога, у нас гасудар не ёсць гасудар Мікалай Паўлавіч, а тыран» [5, с.194]. Аднак узняць паўстанне не ўдалося з-за непадрыхтаванасці выступлення.

Асобую увагу звернем на значэнне i паследствы дзекабрысцкага руху.

Неабходна адзначыць, что хоць паўстанне дзекабрыстаў пацярпела паражэнне, яно мела вялікае значэнне для далейшага развіцця рэвалюцыйнага руху ў Расіі i на Беларусi.

У сярэдзіне 20-х гадоў былі разгромлены і таііныя таварыствы ў Беларусі. У 1823 г. царскі ўрад выкрыў «Свіслацкае таварыства». У мястэчку Свіслач была раскватаравана рота салдат. Намеснік Польшчы цэсарэвіч Канстанцін загадаў камандзіру роты сачыць, як паводзяць сябе навучэнцы ў Свіслачы, як выконваюцца імі спецыяльна распрацаваныя правілы паводзін.

У 1823 г. было выкрыта тайнае «Таварыства філаматаў» у Полацку. Полацкае піярскае вучылішча было ўзята пад строгі нагляд.

Акрамя адміністрацыйна-паліцэйскіх рэпрэсій, царскі ўрад ажыццявіў шырокія заканадаўчыя мерапрыемствы. Рэктару Віленскага універсітэта было строга загадана «iметь за ученiкамн скорейшiй i тщательный надзор». Літоўскі ваенны губернатар звярнуўся да падначаленых яму губернатараў з патрабаваннем узмацніць цэнзуру замежнага і мясцовага перыядычнага друку. Указам Аляксандра I жыхарам Беларусі і Літвы забаранялася пасылаць юнакоў для навучання ў замежных універсітэтах. Дырэктарам вучылішчаў Віленскай вучэбнай акругі належала строга сачыць, як паводзяць сябе навучэнцы. Ва ўсіх падазроных выпадках дырэктарам было загадана дзейнічаць у цесным кантакце з мясцовай паліцыяй. Быў узмоцнены агульны нагляд за парадкам у вучылішчах, за кожным крокам навучэнцаў; была наладжана перлюстрацыя іх лістоў. Міністр асветы Галіцын загадаў сабраць падпіску з чыноўнікаў вучэбнай акругі «о непрiнадлежностi iх к тайным обществам» і пераслаць іх у міністэрства ўнутраных спраў.

Урад зацвердзіў новыя, рэакцыйныя правілы для навучэнцаў: у пра-грамы не былі ўключаны прыродазнаўчыя і грамадскія дысцыпліны. Дзеля паслаблення палітычнага ўплыву Вiленскага універсітэта на навучальныя ўстановы Беларусі цярскі ўрад у кастрычніку 1824 г. падначаліў вучылішчы Магілёўскай і Віцебсксай губерняў Пецярбургскай вучэбнай акрузе.

У 1825 г. былі зроблены захады, каб абмежаваць магчымасці юнацтва Беларусі атрымліваць вышэйшую адукацыю; цэсарэвіч Канстанцін загадаў губернатарам забараніць жыхарам Беларусі пасылаць дзяцей у вышэйшыя навучальныя ўстановы Царства Польскага.

Аднак рэпрэсіі царызму не змаглі затрымаць развіццё рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху.

Напрыканца адзначу, што пасля падаўлення паўстання дзекабрыстаў і выкрыцця некаторых тайных таварыстваў моладзі ў Беларусі і Літве царскі ўрад звярнуў увагу галоўным чынам на тое, каб папярэдзіць утварэнне якіх-небудзь апазіцыйных арганізацый. Аднак поўнасцю спыніць грамадска-палітычны рух царскі ўрад не мог.

3. Уплыў польскага паўстання 1830–1831 гг., еўрапейскіх рэвалюцый 1848–1849 гг. на грамадска-палітычны рух і іх уздзеянне на ўрадавую палітыку ў Беларусі

Рэжым новага расійскага імператара Мікалая I быў пазбаўлены ўсялякіх ліберальных памкненняў. Гэта хутка адчулі жыхары Царства Польскага і Заходніх губерняў Расіі, што выклікала нарастанне апазіцыйных настрояў. У снежні 1828 г. у Варшаве ўзнікае «Таварыства падхарунжых», ініцыятарам стварэння якога быў П. Высоцкі, да арганізацыі далучаюцца члены раней разгромленных суполак. «Таварыства» планавала забойства Мікалая I пад час яго каранацыі ў Варшаве (май 1829 г.) і захоп улады. Тэрмін выступлення некалькі разоў пераносіўся, але непасрэдны штуршок паўстанню далі рэвалюцыйныя падзеі ў Францыі і Бельгіі ў 1830 г [3, с.259].

Паўстанне пачалося ў ноч з 28 на 29 лістапада 1830 г. у Варшаве. Курсанты школы падхарунжых захапілі арсенал, іх падтрымала большасць насельніцтва Варшавы. Намеснік імператара вялікі князь Канстанцін Паўлавіч, брат расійскага імператара, прыняў рашэнне аб адыходзе рускіх воінскіх часцей з тэрыторыі Царства Пальскага (польскія нацыянальныя часці далучыліся да паўстання).

Сярод кіраўніцтва паўстаннем вылучаліся дзве плыні: кансерватыўна-арыстакратычная, на чале з А. Чартарыйскім і дэмакратычны клуб («левіца»), кіраваў якім I. Лялевель. Першыя імкнуліся, абапіраючыся на армію Царства Польскага і дапамогу заходнееўрапейскіх краін дабіцца незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. ці шырокай нацыянальнай аўтаноміі (уключаючай усе тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай у межах Расіі).

Здзяйсненне грунтоўных сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў кансерватары не лічылі патрэбным. Прадстаўнікі гэтага накірунку займалі большасць уплывовых пасад у арміі, урадзе, былі большасцю ў сейме.

«Левіца» – шляхецкія рэвалюцыянеры адлюстроўвалі інтарэсы прагрэсіўнай і рэвалюцыйнай часткі сярэдняй і дробнай шляхты, буржуазіі, студэнцка-вучнёўскай моладзі. Гэтая плынь не была кансалідаванай, яе ўплыў у сейме, урадзе і арміі быў нязначным. У змаганні з расійскім самадзяржаўем галоўнай сілай яны лічылі польскі народ. «Левіца» трывала падкрэслівала, што змаганне ідзе не супраць рускага народа, а накіравана супраць расійскага абсалютызму, які з’яўляецца ворагам і рускага народу. У студзені 1831 г. быў вылучаны лозунг «За нашу і вашу свабоду». I правыя і левыя ніякім чынам не ўздымалі пытання нацыянальнага вызначэння беларускага, літоўскага і ўкраінскага народаў, якія на іх думку, павінны былі ўліцца ў склад незалежнай Польшчы [1, с.123].

Узнаўленне шляхецкай феадальна-манархічнай Польшчы ў межах 1772 г. на ўсходзе было галоўнай, а для многіх кіраўнікоў і ўдзельнікаў – адзінай мэтай паўстання 1830-1831 гг.

На тэрыторыі Беларусі і Літвы непасрэдная і актыўная падрыхтоўка да паўстання пачынаецца ў студзені 1831 г. Вялася вусная агітацыя, рассылаліся пісьмовыя адозвы, збіраліся сродкі і зброя. Але ніякіх абяцанняў наконт аблягчэння становішча прыгоннага сялянства не было.

К-во Просмотров: 225
Бесплатно скачать Контрольная работа: Грамадска-палiтычны рух на Беларусi ў першай палове XIX стагоддзя