Контрольная работа: Люблінская унія. Утварэнне Рэчы Паспалітай
Ніжэй прыведзена схема сістэмы кіравання ў Рэчы Паспалітай:
Карыстаючыся сваім прывілеяваным становішчам, у другой палове XVI– XVIIІ стст. шляхта здолела значна пашырыць свае правы. Так званыя кардынальныя правы шляхты ўключалі ў сябе асабістую недатыкальнасць, неабмежаваную вотчынную ўладу, магчымасць удзелу ў выбранні караля (элекцыі) і працы сойму, вызвалялі ад большасці падаткаў. Гарантам "залатых вольнасцей" лічыўся сам кароль. Калі ён не выконваў сваіх абавязкаў, шляхта мела права ствараць ваенна-палітычныя саюзы – канфедэрацыі і абвяшчаць каралю вайну – рокаш. Асабліва неспрыяльным для дзяржаўнай сістэмы было права liberum veto, паводле якога ўсе рашэнні сойма павінны былі прымацца адзінагалосна. У выніку многія соймы проста зрываліся.
Адным з галоўных вынікаў эканамічных, палітычных і рэлігійных пераўтварэнняў было фарміраванне саслоўнага грамадства. Саслоўямі называюць буйныя групы насельніцтва, якія ў сілу законаў або традыцый маюць пэўныя прывілегіі і абавязкі. Як і ў краінах Заходняй Еўропы, на беларускіх землях існаваў наступны падзел:
Як ужо казалася вышэй, шляхта лічылася пануючым саслоўем, якое валодала найбольш значнымі правамі. Нават самы бедны шляхціч па свайму статусу быў вышэйшым за багатага мешчаніна і, тым больш, селяніна. Саслоўі мяшчан і сялян лічыліся падданымі, аднак менавіта іх прадстаўнікі складалі абсалютна большую частку насельніцтва дзяржавы. Святарскае саслоўе не атрымала юрыдычнага афармлення, чаму ў немалой ступені садзейнічала наяўнасць некалькіх канфесій. Прадстаўнікі рымска-каталіцкай царквы, як шляхта, так і святары, мелі ў Рэчы Паспалітай больш прывілегій, чым астатнія. Тым не менш, і каталіцкая, і праваслаўная цэркві былі буйнымі феадаламі. Стан святарскага саслоўя фактычна набліжаўся да стану шляхетскага саслоўя. Усе прывілегіяваныя саслоўі (у тым ліку мяшчане) мелі карпарацыйны характар. Прыналежнасць да іх рэгламентавалася шматлікімі нормамі і звычайна перадавалася па спадчыне ад бацькі да сына. З цягам часу кожнае саслоўе набывала асабістыя сацыяльныя і культурныя традыцыі. Пераход з аднаго саслоўе ў іншае быў магчымым, хаця на заканадаўчым узроўне ўселяк абмяжоўваўся.
Амаль адразу пасля свайго нараджэння новая дзяржава перажыла некалькі крызісаў улады. У 1573 г. пасля смерці Жыгімонта Аўгуста каралём быў выбраны французскі прынц Генрых Валуа. Аднак у 1574 г. ён збёг у Францыю. Выбары новага караля адбываліся ў атмасферы супрацьстаяння паміж магнацкімі групоўкамі і дробнай шляхтай. Толькі ў 1576 г. каралём быў выбраны трансільванскі князь Стэфан Баторы. У 1583 г. ён скончыў Лівонскую вайну перамогай. Спроба наступнага караля Жыгімонта (са шведскай дынастыі Вазаў) абмежаваць правы шляхты і зрабіць манархію спадчыннай скончыліся рокашам 1604г. [6, с.329].
Страта значных тэрыторый, памяншэнне правоў некаталіцкага насельніцтва, умяшальніцтва польскага боку ў справы ВКЛ выклікалі незадаволенасць сярод шырокіх колаў Вялікага княства. Барацьбу супраць уніі ўзначаліў канцлер Леў Сапега (1557 – 1633) Дзякуючы яго намаганням, у 1582 г. быў створаны Трыбунал ВКЛ, які абмежаваў судовую ўладу караля. Насуперак рашэнням Люблінскай уніі ў ВКЛ працягвалі збірацца асобныя з’езды мясцовай шляхты. У 1588 г. пачаў дзейнічаць новы Статут, дзе унія з Польшчай нават не ўзгадвалася. Польскай шляхце забаранялася набываць маёнткі і пасады ў ВКЛ. Разам з тым Статут 1588 г. скончыў кадыфікацыю законаў Вялікага княства [3, с.191].
Такім чынам, неабходна подкрэсліць, што заключэнне Люблінскай уніі дазволіла ВКЛ атрымаць перамогу ў Лівонскай вайне. Рэч Паспалітая была больш моцным утварэннем, і суседнім дзяржавам прыходзілася з ёй лічыцца.
3. Гістарычнае значэнне Люблінскай уніі
Гістарычнае значэнне ўзнікнення Рэчы Паспалітай, Люблінскай уніі для беларускага народа патрабуе яшчэ далейшага навуковага асэнсавання з яго нацыянальных пазіцый. Расійская, а ўслед за ёй савецкая гістарычная навука, трактавалі гэтыя падзеі выключна як польскую экспансію, падпарадкаванне Беларусі Польшчы. З другога боку, і польская гістарыяграфія таксама пераацэньвала значэнне польскага фактару ў грамадскім развіцці Беларусі таго часу.
У многіх публікацыях Рэч Паспалітая нярэдка называецца Польшчай, ігнаруецца аўтаномія княства, што з'яўляецца грубым скажэннем гісторыі.
Наконт дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай нават у польскай гістарыяграфіі існуе вялікі спектр думак: ад сцвярджэння аб яе ўнітарным характары да прызнання федэратыўнага прынцыпу яе пабудовы. Буйны спецыяліст па перыяду феадалізму Ю.Бардах, напрыклад, лічыць Люблінскую унію кампрамісам дзвух дзяржаў і вынікам іх двухсотгадовага сумеснага развіцця. Вядомыя польскія даследчыкі Х.Лаўмяньскі і Е.Ахмяньскі не бачаць у гэтым саюзе раўнапраўя бакоў. Сучасная беларуская гістарыяграфія схіляецца да вываду, што нельга трактаваць Люблінскую ўнію, пры ўсёй несправядлівасці яе ўмоў, як паглынанне Польшчай Вялікага княства Літоўскага. Рэч Паспалітая была добраахвотным аб'яднаннем, федэрацыяй дзвух дзяржаў. Іншая справа, што Польшча на той час была ў больш выгодным палітычным і эканамічным становішчы і таму валодала ўнутрапалітычнай ініцыятывай у Рэчы Паспалітай. Яна магла ажыццяўляць вялікадзяржаўную палітыку ў дачыненні да ўсходнеславянскага насельніцтва Вялікага княства.
Першае ўражанне ў ВКЛ ад уніі было шокавым, прычым, як для магнацтва, так і для шляхты, якая ў свой час дамагалася злучэння з Польшчай. Вышэйшая ўплывовая знаць аказалася перад пагрозай поўнай згубы былога палітычнага вяршынства. Дазвол польскай шляхце атрымліваць зямельныя ўладанні ў межах княства стварыў небяспечнага канкурэнта для мясцовай шляхты. Таму большая частка пануючага класа ВКЛ у апошняй трэці ХVІ ст. праяўляла незалежніцкія, антыпольскія настроі. А вялікакняскія палітыкі імкнуліся вывесці сваю краіну з таго становішча, у якім яна апынулася ў выніку Люблінскай уніі. Насуперак акту ўніі ў княстве рэгулярна збіраліся агульнадзяржаўныя соймы. У 1581 г. тут быў створаны асобны вышэйшы суд - Галоўны трыбунал. А прыняты ў 1588 г. Статут (звод законаў) па сутнасці, скасаваў многія палажэнні Люблінскай уніі, гарантаваўшы эканамічную, палітычную і культурную незалежнасць дзяржавы: польскай шляхце забаранялася набываць землі і займаць дзяржаўныя пасады ў княстве, не прызнаваліся яго тэрытарыяльныя страты, заканадаўча замацоўвалася дзяржаўнасць беларускай мовы.
Перыяд 1569-1795 гг., калі беларускія землі ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, быў вельмі змястоўным і складаным у нашай гісторыі: паланізацыя шляхецтва, запрыгоньванне сялянства, рэлігійныя канфлікты, шматлікія войны, эканамічная нестабільнасць, народныя рухі, вострая ідэйная барацьба, заняпад беларускай культуры і дзяржаўнасці. Польскі культурны ўплыў і пранікненне каталіцызму прывялі да таго, што сацыяльна-класавы падзел беларускага грамадства дапоўніўся размежаваннем па нацыянальнай і рэлігійнай прыкмеце. Паланізацыйныя працэсы, што ўзмацніліся з утварэннем Рэчы Паспалітай, прывялі да адрыву ад беларускай народнасці яе вышэйшых слаёў, ускладнілі працэс яе фарміравання і развіцця. Многія даследчыкі лічаць, што ўсе беды нашай нацыянальнай культуры пачынаюццца з 1569 г.
Люблінская ўнія на два стагоддзі прадвырашыла далейшы лёс беларускага і іншых народаў, якія насялялі Рэч Паспалітую. Гэта дзяржава спыніла сваё існаванне ў 1795 г., будучы падзеленай больш моцнымі суседзямі.
4. Разважанні на тэму
Паспрабуем ацаніць усе тыя плюсы і мінусы, якія прынесла Вялікаму Княству Літоўскаму Люблінская унія. Так чыя ж інтарэсы абараняў акт Люблінскай уніі?
Напачатку неабходна падкрэсліць, што у беларускай гістарыяграфіі стала замацаваўся погляд на XVI стагоддзе як на "залаты век" нашай дзяржаўнасці. Насамрэч такі эпітэт правамерна ўжываць толькі ў адносінах да старабеларускай культуры. Менавіта ў гэты час разгортваецца дзейнасць Ф. Скарыны і С. Буднага, М. Гусоўскага і В. Цяпінскага… Але ж для дзяржаўна-палітычнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага ХVІ стагоддзе стала векам катастрофы. Гэта было абумоўлена ў першую чаргу неадпаведнасцю дзяржаўнага ладу краіны надзённым патрабаванням часу.
Суседства з жорстка цэнтралізаванымі краінамі — Масковіяй і Крымскім ханствам, якія маглі ў кароткі тэрмін перавесці на ваенныя рэйкі ўсе свае матэрыяльныя, чалавечыя і эканамічныя рэсурсы, вымагала дзеля дзейснага супраціву іх экспансіі ўзмацнення апарату кіравання Вялікага Княства Літоўскага. Аднак, нягледзячы на тое, што дзяржаўная сiстэма ВКЛ i характарызавалася шырокаразгалiнаванай сiстэмай органаў дзяржаўнага кiравання, iх дзейнасць была малаэфектыўнай. У вялікай ступені слабасць краіны была абумоўленая і фактычнай аўтаномнасцю складовых яе частак. Сітуацыя пагаршалася таксама сталай адсутнасцю вялікага князя, які з’яўляўся адначасова і каралём польскім (вось ужо і сапраўды: бадай, менавіта Крэўская, а не Люблінская унія заклала падмурак у працэс заняпаду краіны!). Рост прывілеяў шляхты паступова прыводзіў да страты ёю сваёй галоўнай функцыі — абароны межаў дзяржавы. З цягам часу асноўная збройная сіла краіны — паспалітае рушанне — станавілася ўсё больш архаічнай і неэфектыўнай. Дастаткова згадаць, што часта скліканае перад вайсковымі выправамі рыцарства, адбыўшы "попіс" (агляд паспалітага рушання), велізарнымі масамі ад’язджала не ў лагеры, а дадому.
Збіранне ж грошай на выплату найманаму войску было праблематычным з прычыны недасканаласці выканаўчай улады. Характэрна, што ў гэтых умовах Вялікае Княства вельмі часта проста не мела сродкаў для паспяховага вядзення ваенных дзеянняў.
Часам (як у вайне з Маскоўскай дзяржавай 1534—1537 гадоў) нашая дзяржава была вымушаная спыняць паспяховыя ваенныя дзеянні на варожай тэрыторыі праз адсутнасць грошай у скарбе… І гэта адбывалася ў часе імклівага ўзмацнення Масковіі.
Маскоўскія валадары па меры росту магутнасці сваёй дзяржавы выказвалі ўсё большыя прэтэнзіі на землі Вялікага Княства. Калі Васіль ІІІ не хаваў імкнення далучыць да сваёй краіны Кіеўшчыну, Смаленшчыну і Полаччыну, ягоны сын Іван IV Жахлівы жывіў планы далучэння да Масковіі ўжо ўсяго Вялікага Княства Літоўскага. Баяры першага маскоўскага цара на перамовах з пасламі Жыгімонта Аўгуста проста заяўлялі: "Не толькі што Руская зямля ўся, але і Літоўская зямля ўся — бацькаўшчына гаспадара нашага…" Нядзіўна, што войны за набыццё гэтай "бацькаўшчыны" набылі перманентны характар. У перыяд з 1492 да 1569 году адбылося шэсць "маскоўскіх" войнаў (разам з Інфлянцкай). На 79 год прыйшлося ажно 36 ваенных…[4, с.127].
Мілітарныя магчымасці Масковіі дазволілі ёй, нягледзячы на шэраг паразаў ад велікакняскага войска, паступова рухацца да сваёй мэты — поўнага падпарадкавання земляў Вялікага Княства Літоўскага. Ужо з 1494 году ўсходняя мяжа дзяржавы (за некаторымі невялікімі выключэннямі) няўхільна пасоўвалася на захад. У той год Вялікае Княства Літоўскае страціла землі ў вярхоўях Акі і Вязьмы. У 1503 годзе да Масковіі перайшлі Чарнігаў, Старадуб, Ноўгарад-Северскі, Пуцівель, Рыльск, Гомель,Любеч, Бранск і іншыя — агульным лікам 29 гарадоў і 70 валасцей4 . У 1514 годзе быў страчаны Смаленск… У выніку маскоўскіх войнаў плошча Вялікага Княства Літоўскага зменшылася прыблізна з 900 тыс. кв. км да 520—550 тыс. кв. км, гэта значыць на 39% [4, с.163].
Краіна імкліва набліжалася да страты незалежнасці. І канец існавання дзяржавы, здавалася, стаў неўнікнёны з уступленнем Вялікага Княства Літоўскага ў Інфлянцкую вайну. Гэтая вайна ішла нешчасліва для нашай дзяржавы. Дарма што ў паасобных бітвах велікакняскія войскі дасягалі перамогі (прычым, як правіла, над большымі сіламі непрыяцеля), катастрофа імкліва набліжалася. У лютым 1563 году войскі Івана Жахлівага ўзялі Полацак, што фактычна адкрывала ворагу дарогу на сталіцу Вялікага Княства — Вільню. Спробы авалодаць становішчам патрабавалі ад краіны велізарных высілкаў. Так, большая частка велікакняскіх маёнткаў была аддадзеная пад заклад; гарады, корчмы, яўрэі і іншае абкладзена новымі падаткамі; была ўведзена манаполія на соль, на памол мукі і на гандаль ляснымі таварамі; павышаны мыты… У некаторых гарадах прыбыткі ад акцызаў, манаполіяў і ўнутраных мытных выплатаў выраслі больш як на 1000%. У галіне простых падаткаў збор серабшчызны вырас у многа разоў. Калі ў 1542 годзе збіралася ўсяго каля 22 тыс. коп. грошаў, то ў 1567 годзе — ужо 105,5 тыс. коп. І гэта пры тым, што ўсходнія землі краіны былі спустошаныя варожымі войскамі й абязлюдзелі.
Дзяржава высілілася да рэшты. Аднак сілаў для далейшай барацьбы ўсё роўна не ставала. Дапамогі трэба было шукаць у суседзяў — Кароны Польскай, якая згадзілася даць яе адно пры ўмове уніі. І сапраўды, пасля Любліна чаканая дапамога надышла. Так, Карона Польская выдзеліла на маскоўскую кампанію 1 300 000 злотых (прыкладна 528,5 тыс. коп грошаў), пры тым што яе гадавы бюджэт складаў усяго каля 600 000 злотых. У 1579 годзе каля 20 тысяч жаўнераў (сярод якіх былі значная колькасць завербаваных на каронныя грошы іншаземных наймітаў) была накіраваныя Польшчай на дапамогу велікакняскаму войску. І, хацелася б нам таго ці не, мусім прызнаць, што вяртання Полацку і перамогі ў Інфлянцкай вайне ўдалося дамагчыся толькі дзякуючы заключэнню Люблінскай уніі.
Варта задумацца над тым, што адбылося б з беларускім народам у выпадку пераходу Вялікага Княства Літоўскага пад уладу Масковіі. Думаецца, цалкам можна згадзіцца з поглядам А. Трусава: "Можна па-рознаму ставіцца да ўмоў, падпісаных у Любліне, але нельга забываць аднаго. Ці існавала б цяпер наагул беларуская нацыя, калі б Масковія захапіла Вялікае Княства Літоўскае ў XVI стагоддзі? Дастаткова толькі згадаць лёс самабытнай наўгародскай культуры. Што засталося ад "Господина Великого Новгорода" пасля "этнічных чыстак", зробленых Іванам Грозным і яго папярэднікамі? Быў знішчаны самабытны ўсходнеславянскі этнас, які меў сваю архітэктуру, жывапіс, летапісанне, устойлівыя рэспубліканскія традыцыі грамадскага і палітычнага жыцця…" [7, с.291].
Праўда, пазней (паводле дамовы 1537 г.) Любеч і Гомель былі вернутыя, але за кошт часткі полацкіх земляў, што было вельмі на руку Маскве: пабудаваныя на гэтай тэрыторыі крэпасці Себеж і Завалочча станавіліся добрым плацдармам на галоўных экспансіянісцкіх кірунках усходняга непрыяцеля — шляху на Полацак і Вільню.
І сапраўды, дзякуючы менавіта Люблінскай уніі Вялікаму Княству Літоўскаму наканавана было праіснаваць яшчэ два стагоддзі. Два стагоддзі, якія далі магчымасць беларусам захаваць сваю тоеснасць і сфармавацца ў нацыю.
Негатыўная ацэнка Люблінскага акту, які нібыта значна абмежаваў незалежнасць нашай краіны, назіраецца ў многіх працах. І сапраўды, Люблінская унія задумвалася кароннай шляхтай як акт інкарпарацыі Вялікага Княства Літоўскага ў склад Польшчы. Аднак гэта зусім не азначае, што гэтыя намеры былі ажыццёўленыя.
Між тым, пры заключэннi Люблiнскай унii Княства захавала свой суверэнiтэт, фактычна аб’яднаўшыся з Каронай у дзяржаўны саюз.