Курсовая работа: Адносіны Вялікага княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай у канцы XV - 30-х гг. XVI ст.
У 1453 году пры ўзяцці туркамі Канстанцінопаля загінуў апошні імператар Візантыі Канстанцін XI Палеолаг. Яго брат Фама валодаў часткай паўвострава Пелапанэс. Ў 1450 году туркі захапілі і яе. Фама з усёй сям’ёй збег ў Рым. Яго дачка Сафія, (нарадзілася прыкладна ў 1447 годзе), не мела шанцаў на прыстойнае замужжа(за ёй у пасаг не было ні грошай, ні земляў). І вось менавіта яе Папа Рымскі Павел II праз грэчаскага ўніяцкага кардынала Вісарыёна прапанаваў у жонкі маскоўскаму вялікаму князю. Ён відавочна імкнуўся скарыстацца выпадкам, каб завязаць адносіны з Масквой і зацвердзіць тут свой уплыў праз уніятку Сафію. Папа даў Сафіі багаты пасаг, з якім 24 чэрвеня 1472 года яна выехала з Рыма ў суправаджэнні прыдворных грэкаў і спецыяльнага папскага пасла, кардынала Антонія Бонумбрэ. 12 лістапада 1472 года прынцэса заехала ў Маскву і ў той жа дзень абвянчалася з Іванам.
Кардынал Антоній павінен быў адразу паставіць пытанне аб злучэнні двух цэркваў у выніку ўніі, але пераканаць мітрапаліта Філіпа яму не ўдалося. Затое шлюб гэты меў іншыя важныя наступствы. Вельмі ганарлівы ім, Іван загадаў зваць сябе гасударом. А ў 1483-1484 гады ў шэрагу дакументаў упершыню з'явіўся тытул «цар». Менавіта жаніцьба на Соф'і дала падставу Маскве ўпершыню загаварыць аб прэтэнзіях на Канстанцінопаль.
Стары маскоўскі герб з Георгіем Пераможцам, уведзены князем Юрыем Дзмітрыевічам, быў заменены візантыйским двухгаловым арлом. Што ж дакранаецца адносін Маскоўскай Русі з Літвой і Польшчай, то найважнейшай падзеяй у гэтым плане стала прыняцце Іванам тытула “Государя Всея Руси”,бо ён валодаў толькі часткай таго, што ў тагачаснай Маскве адносілі да земляў нібы адзінай старажытнай Русі часоў Уладзіміра Святога. Узяўшы гэты тытул, вялікі князь Іван тым самым заявіў аб сваіх прэтэнзіях на шматлікія землі, якія ўваходзілі ў складзе ВКЛ. Зразумела, гэта выклікала рэзкі пратэст у Вільні і ў Кракаве. Падчас частых абменаў пасольствамі паміж Іванам III і Казімірам IV у 80-я гады пытанне аб «памежных справах» станавілася асноўным. Спрэчных спраў сапраўды было шмат. У сярэдзіне XV ст. пад двайным кіраваннем знаходзіліся Ржэў, Тарапец і Вялікія Лукі. «Ржевская дань» здаўна ішла «королю его милости и к Новгороду и Москве». Становішча змянілася пасля далучэння Ноўгарада. Маскоўскія намеснікі адмовіліся прапускаць на Лукі цівуноў Казіміра.[2, с.95] Бадай што найгалоўнейшай прычынай вайны сталі масавыя пераходы вярхоўскіх князёў на бок Масквы. Пачаткам таго стаў 1482 г., калі ў асяроддзі рускай арыстакратыі ўзнікла змова супраць Казіміра і мела на мэце пасадзіць на прастол Міхаіла Алелькавіча Слуцкага. Змова была раскрыта, Алелькавіч і Альшанскі былі пакараны смерцю, князь Фёдар Бельскі паспеў збегчы ў Маскву. Сам яе факт цікавы як адна з прычын рэакцыі на нацыянальнай аснове.[1, с.64] Пасля гэтага, спасылаючыся на прыгнёт праваслаўных з боку каталіцкай знаці на службу маскоўскага князя перайшлі князі Іван Міхайлавіч Варатынскі, потым Іван Бялеўскі і Дзмітрый Фёдаравіч Варатынскі. Кароль Казімір пісаў Івану, што не выпускае з падданства гэтых князёў, якія перайшлі да Масквы з вотчынамі і падараваннямі, што князь Дзмітрый перайшоў з удзелам свайго брата, князя Сямёна, захапіўшы ў апошняга казну, усіх баяр і слуг і сілай прывёў да прысягі служыць сабе, захапіў чатыры літоўскія воласці. . Увосень 1492 года да Івана III «ад'ехаў» разам са сваёй вотчынай князь Аляксандр Юр'евіч Вяземскі.
Усведамляючы сваю сілу, вялікі князь Іван 18 траўня 1492 года адправіў з Масквы пасла да Казіміра IV, вялікага князя Літвы і караля Польшчы, з цэлым спісам тэрытарыяльных прэтэнзій. Ён, ні шмат, ні мала, жадаў забраць пад сваю «высокаю руку» усю «отчину», разумеючы пад гэтым тэрмінам тыя землі Вялікага княства Літоўскага, дзе калісьці сядзелі князямі нашчадкі Рурыкавічаў. Пакуль пасол ехаў, Казімір IV раптам памёр у Гародні 7 чэрвеня. Каралеўскі пасад у Кракаве заняў яго старэйшы сын Ян-Альбрэхт (1459-1501). Паводле ўмоў Крэўскай уніі, ён павінен быў стаць і вялікім князем Літвы. Але літоўскія магнаты і перш за ўсё М. Глінскі абвясцілі сваім вялікім князем Аляксандра (1461 - 1506) - малодшага сына Казіміра.
Іван вырашыў скарыстацца сітуацыяй (г.зн. тым, што асабістая ўнія Літвы і Польшчы апынулася парушанай) і пачаць вайну з Літвой, у надзеі адхапіць калі не ўсе землі, на якія прэтэндаваў, то хоць бы значную іх частку.
Знешняе палітычнае становішча спрыяла яго планам. Ён заключыў саюз з малдаўскім гаспадаром Стэфанам, усталяваў добрыя адносіны з каралём Венгрыі, умацаваў саюз з Менглі-Гірэем, які існаваў з 1472 года.Іван тэрмінова адправіў у Крым свайго пасла Канстанціна Забалоцкага. Пасол павінен быў сказаць хану Менглі-Гірэю, што хоць Казімір памёр, засталіся яго дзеці - такія ж ворагі Маскве і Крыму, як іх бацька. Ян раіў хану ісці вайной на Літву. Маўляў, вялікі князь таксама хутка «сядзе на каня».
Хан добра прыняў Забалоцкага, але паслаў у паход не арду, а толькі невялікі «загон», не больш двух тысяч чалавек.[10, Т.5,с.96] Гэты атрад дзейнічаў у раёне паміж Чарнігавам і Кіевам. Нягледзячы на малалікасць, ён усё ж адцягнуў даволі значныя сілы літоўцаў.
Сам жа вялікі князь, нягледзячы на абяцанне крымчакам, у паход не пайшоў, а паслаў два вялікіх атрада і два атрада колькасцю паменш. Раць разанскага князя авалодала Мяшчэўскам, штурмам узяла Сярпейск і Адоеў; раць князёў Патрыкеева і Данілы Шчэні захапіла Вязьму. Атрад князя Фёдара Целяпнёва-Абаленскаганапаў у жніўні 1492 года на Мцэнск і Любутск, спаліў іх, жыхароў адвёў у палон. Другі атрад захапіў гарады Хлепень і Рагачоў, пазней – Мезень,Апочку і Новасіль.
Рыхтуючыся да пашырэння вайсковых дзеянняў, Іван III загадаў сабраць да лета 1493 года буйныя сілы ў Вялікіх Луках, Пскове, Ноўгарадзе і Цверы. Ён таксама адправіў паслоў да князя Конрада Мазавецкага і да магістра Тэўтонскага ордэна, прапаноўваючы ім разам ваяваць супраць Літвы і Польшчы.
У Вільні моцна занепакоіліся, разумеючы, што вельмі складана адначасова ваяваць з Іванам, Менглі-Гірэем і немцамі. Церпячы няўдачы на фронце, літоўскія ўлады накіравалі ў Маскву двух таемных агентаў, якім даручылі забіць альбо атруціць Івана III. Але дыверсантаў схапілі і пакаралі. Па сведчанню летапіса “Хроника Литовская и Жмойтская”, “Александер и панове Великого князства Литовского, же было трудно з так можным неприятелем войну зачати, выправили послы до него великие, которые приехавши до Москвы учинили з ним вечное примирье…» [Цыт. па 5, с.95] . Але тут справа была больш складаная, чым аб гэтым паведамляецца ў летапісу. Каб схіліць Івана да саступак, яму праз пасрэдніка прапанавалі выдаць адну з яго дочак за вялікага князя Літвы Александра Казіміравіча, які нядаўна стаў ўдаўцом.
У лістападзе 1492 года ў Маскву прыбыў літоўскі пасол Станіслаў Глябовіч. Аднак ён і маскоўскія баяры заспрачаліся аб чарговасці мерапрыемстваў. Глябовіч прапанаваў спачатку ўстроіць вяселле, а потым весці перамовы аб перамір’і, баяры ж прапаноўвалі заключыць мір па волі Івана III, гэта значыць, каб да Масквы адыйшлі памежныя гарады Мцэнск, Любутск, Вязьма, Серпейск і іншыя. У выніку, Глебавіч безвынікова вярнуўся ў Літву.
Усё ж перамовы працягнулася. Зараз ужо маскоўскі пасол, дваранін Загражскі, паехаў у Літву. Задачу яму паставілі цалкам пэўную - адстаяць у Літвы гарады, раней захопленыя маскавітамі. У яго даверчай грамаце прыдворных Аляксандра здзівіў новы тытул Івана III. Раней Іван пісаў так:”От великого князя Ивана Васильевича…» Цяпер яго грамата пачыналася наступнымі словамі: « Иоанн, божьей милостию государь всея Руси и великий князь владимирский, и московский, и новгородский, и псковский, и тверской, и югорский, и болгарский, и иных…» [Цыт. па 10, Т.5,с.101] Менава гэты момант быў найзручнейшы для ўсведамлення пра новы тытул, таму што ваенны моц ВКЛ значна аслаб, а ніякіх іншых аргументаў у Івана не было. Ён нават не стаў разважаць аб пераемнасці маскоўскіх князёў старажытным кіеўскім князям.
17 студзеня 1494 года ў Маскву прыехалі вялікія літоўскія паслы, пра якіх ішла размова ў летапісу: трокскі ваявода П. Яновіч, жмудскі стараста З. Кезгайла і пісар вялікага князя Грыгор’еў. Пасля доўгіх спрэчак яны саступілі Івану III частку спрэчных земляў. Літва згубілаАдоеўскае і Вяземскае княствы.
Але дакладная мяжа ў басейне Акі не была вызначана, што давала фармальную падставу для новых канфліктаў. Адначасова ВКЛ адмовілася ад прэтэнзій на Ноўгарад, Пскоў, Цвер і Разань. Таксама абодва гасудары абавязаліся не прымаць службовых князёў з вотчынамі.
У маскоўскім экземпляры дагаварной граматы Іван III быў тытулаваны як «государь всея Руси, великий князь владимирский, московский, новгородский, псковский, тверской, югорский, пермский, болгарский и протчая». У літоўскім --«вся Русь» не згадвалася. Па канчатку перамоў Іван III абвясціў, што згаджаецца выдаць дачку за Аляксандра, калі толькі, як гаварылі паслы і ручаліся галавой, няволі ёй у веры не будзе.
У студзені 1495 года новыя паслы (намеснікі гарадзенскі і полацкі, браты Аляксандр і Ян Забярэзінскія) прыехалі за 18-гадовай нявестай. У Віленскім кафедральным саборы вянчалі Аляксандра і Алену біскуп Войцэх Радзівіл і маскоўскі поп Фама.
Але і зараз і ў наступныя перамір’я не існавала трывалага міра паміж дзяржавамі. Нарэшце адбылася тое, што даўно павінна было адбыцца. Летапіс “Хроника Литовская и Жмойтская” зазначае: “ Року 1499. Иван Васильевичь, великий князь московский, болшого розширеня панства своего прагнучи, не стерегучи примиряя, нашол причину таковую на Литву, иж Александер, великий князь литовский, дочце его Елене, которая была за ним, не збудовал церкви руской на Виленском замку» [Цыт. па 5, с.99].
Трэба зазначыць, што яшчэ да развязвання маскоўскім князем актыўных баявых дзеянняў, нездаволенасць паміж ужо зяцем і цесцем узрастала ўсё болей. У Салаўёва знаходзім, што Іван пастаянна патрабаваў, каб Аляксандр узвёў жонцы царкву грэчаскага закону, не даваў ёй слуг лацінскай веры, не прымушаў насіць польскае адзенне, пісаў тытул маскоўскага гасудара, як ён напісаны ў апошнім дагаворы; але Аляксандр адказваў, што законы забараняюць павялічваць колькасць праваслаўных цэркваў у Літве, патрабаваў, каб адданы былі землі, захопленыя іванавымі падданымі ў Літвы па заключэнню ўжо міру, каб цесць, па дагавору, памірыў яго з Менглі-Гірэем і Стэфанам, якія пустошаць яго воласці .[10, Т.5,с.105]
Маскоўскі князь разглядаў мір 1494 г. як кароткі перапынак перад далейшым наступам на Літву. Аляксандр спадзяваўся на працяглы трывалы спакой, які гарантаваў шлюб. Свае тэрытарыяльныя страты лічыў нязначнымі; гэта былі пераважна землі, слаба звязаныя палітычна з цэнтрам краіны, і з нізкім сацыяльна-эканамічным узроўнем развіцця. Пазбаўляўся князь і найбольш ненадзейных элементаў з ліку памежных князёў.[3, с.4]
Галоўнай жа падставай для новага сутыкнення паслужыў пераход увесну 1500 года яшчэ некалькіх літоўскіх князёў у падначаленне да Івана III, зразумела разам са сваімі ўладаннямі. Першым у сакавіку 1500 года ў Маскву падаўся князь Сямён Іванавіч Бельскі. Ён быў праўнукам вялікага літаўскага князя Альгерда. Сын Альгерда Ўладзімір у канцы XIV стагоддзя стаў князем кіеўскім, а яго другі сын Іван атрымаў ва ўдзел былы татарскі горад Белеў. Гэты Іван і стаў родапачынальнікам князёў Бельскіх.Сямён Бельскі, прыбыўшы ў Маскву, “бил челом великому князю, чтоб пожаловал, принял в службу и с отчиной”. Прычынай свайго ўчынку Бельскі назваў прыгнёт праваслаўных у Літве - маўляў, “терпят они в Литве большую нужду за греческий закон”. Іван III прыняў Бельского і паслаў Аляксандру крывадушную адгаворку: «Князь Бельский бил челом в службу; и хотя в мирном договоре написано, что князей с вотчинами не принимать, но так как от тебя такого притеснения в вере и прежде от твоих предков такой нужды не бывало, то мы теперь князя Семена приняли в службу с отчиною».
Аляксандр адказваў, што ў Вялікім княстве Літоўскім шмат людзей праваслаўнае веры, ды лепшых, чым здрайца Бельскі, і сілаю іх аніколі ні ён, ні продкі ягоныя Ягайлавічы да каталіцтва не вялі. Iвялікую княгіню Алену, вядома ж, зусім не прымушаюць мяняць веру.
Але ўслед за Сямёнам Бельскім і яго братам перайшлі князі Масальскія, Хацятоўскія і Трубяцкія. Нарэшце, з'явіліся ў Маскву северскія князі, якія раней былі заклятымі ворагамі Івана III: князь Васіль Іванавіч Шамяціч (унук Дзмітрыя Шамякі) і Сямён Іванавіч Мажайскі, сын Івана Андрэевіча Мажайскага, паплечніка Шамякі. Князь Сямён перайшоў з Чарнігавам, Старадубам, Гомелем; Рыльскі - з Рыльскам і Ноўгарадам-Северскім.
Літоўскі вялікі князь Аляксандрне мог забараніць сваім удзельным князям (магнатам) пераходзіць на службу да ўсходняга суседа. Але і спакойна
пазіраць на іх пераход да Масквы ён таксама не хацеў, ды і не мог. Таму ў красавіку 1500 года ў Маскву прыехаў пасол ад Аляксандра на чале са смаленскім намеснікам Станіславам Кішкай. Пасол перадаў Івану III патрабаванне свайго вялікага князя, каб той, згодна з умовамі шлюбнага дагавора, не прымаў надалей князёў з Літвы разам з іх воласцямі, і вярнуў «здраднікаў» (князёў-перабежчыкаў). Пры гэтым, жадаючы залагодзіць цесця, ён нават назваў яго ў сваім лісце «государем всея Руси».
Але Івану III было мала тых земляў, што ён далучыў па дагаворы 1494 года. Цар паслаў зяцю адказны ліст, дзе заявіў, што пачынае вайну ў адплату “за прымус княгіні Алены і ўсіх нашых літоўскіх аднаверцаў да лацінства”. Так,у самым пачатку 16 ст. пачаўся другі ваенны канфлікт.
Асноўная частка маскоўскіх войскаў пад камандваннем служылага татарскага хана Махмет-Аміна і ваяводы Якава Захар'іна-Кошкіна, ужо 3 траўня пайшла на паўднёва-захад, да Бранска. Далей гэтая раць заняла гарады Гомель, Любеч, Мцэнск, Масальск, Ноўгарад-Северскі, Воршу, Рыльск, Сярпейск, Старадуб і Пуціўль. Іншую частку маскоўскага войска (Вартавы полк) узначаліў родны брат Якава, баярын Юрый Захар'ін-Кошкін. Неўзабаве Юрый уступіў у Смаленскую зямлю і ўзяў Дарагабуж. Да таго часу ў Вялікіх Луках засяродзілася трэцяя группоўка войскаў, а чацвёртая стаяла ў Цверы ў якасці рэзерву. Ёю камандваў цвярскі ваявода, князь Данііл Раманавіч Шчэня. Спасылаючыся на Сагановіча, які ў сваю чаргу – на “Хроніку Быхаўца”, трэба дадаць, што ўсе гарады былі захоплены “воровскім обычаем” (г.зн. патаемна).[7, с.167]
Тым жа часам войскі Менглі-Гірэя, які застаўся верны саюзу з Масквой, пустошылі Валынь. Аляксандр праз свайго кіеўскага ваяводу Дзмітрыя Пуцячыча загадаў схіліць на свой бок хана, перадаць, каб той успомніў пра даўнюю прыхільнасць яго бацькі Азі-Гірэя з Казімірам.
Галоўную ролю ў арганізацыі абароны краіны браў на сябе гетман найвышэйшы - праваслаўны князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі. Паспешліва мабілізаваўшы ўсіх, каго было можна, ён сабраў 3500 вершнікаў і ўжо ў маі 1500 года вырушыў з Вільні на ўсход. Маскоўскія ваяводы даведаліся пра рух корпуса Астрожскага, калі той ужо пакідаў Менск і кіраваўся на Смаленск, каб злучыцца з ваяводам Кішкай і ісці на Дарагабуж.
Іван III кінуў пад Дарагабуж войскі ад Старадуба і Цверы, а галоўнакамандуючым усяго злучэння прызначыў Данілу Васіллевіча Шчэню. Пераадолеўшы каля 500 км, Астрожскі ўвайшоў у Смаленск у апошнія дні чэрвеня. Большыя сілы на чале з самім Аляксандрам, якія рухаліся следам, тады толькі падыходзілі да Менска.