Курсовая работа: Дэкаданс, мадэрнізм, авангардызм і постмадэрнізм як напрамкi лiтаратуры i мастацтва

Постмадэрнісцкай імянуецца літаратура, якая прыйшла на змену ўласна мадэрнісцкай прыкладна на рубяжы 1960–1970-х гг. Хоць «сучасныя культуролагі і літаратуразнаўцы і схіляюцца да таго, каб лічыць, што на сённяшні дзень ўсё паглынута адзінай постмадэрнісцкай плынню», і ў самой гэтай з’яве, і ў спробах яе навуковага асэнсавання шмат (і гэта заканамерна) няяснага, нявысветленага, цьмянага.

Калі весці гаворку аб сутнасці постмадэрнізму наогул, дык адны лічаць, што ён уяўляе сабой спецыфічнае светаўспрыманне, увасабленне духу нашага складанага часу; другія разглядаюць постмадэрнізм як своеасаблівы стыль. Наконт часу ўзнікнення постмадэрнізму існуюць наступныя меркаванні: 1) як пэўны спосаб мыслення мадэрнізм не можа быць замацаваны за канкрэтнай эпохай, бо заяўляў і заяўляе аб сабе ў розныя часы; 2) постмадэрнізм мае свае вытокі ў мастацтве першай паловы ХХ ст., у прыватнасці – у раманах Дж. Джойса «Уліс» (1922) і «Памінкі па Фінегату» (1939), а сфарміраваўся ў цэласную сістэму ў другой палове ХХ ст.

І ўсё ж, сцвярджае Е. Лявонава, «да нейкай пэўнасці даследчыкі апошнім часам прыходзяць. Лічыцца, што постмадэрнізм – сапраўды дужа спецыфічнае ўспрыманне свету як тэксту. А паколькі гэтае светаўспрыманне ў другой палове XX ст. знайшло ўвасабленне ў вялікай колькасці твораў рознай жанравай прыналежнасці, ёсць падставы гаварыць пра постмадэрнізм і як пра пэўны літаратурны стыль. Галоўная яго прыкмета – скіраванасць увагі пісьменніка на літаратурную спадчыну, зварот да яе як да крыніцы сюжэтаў, вобразаў, матываў. Дзеля нагляднасці параўнаем: рэалісты адштурхоўваюцца ад рэчаіснасці, авангардысты – ад уласнага суб’ектыўнага бачання, ад сваіх адчуванняў і перажыванняў, постмадэрністы – ад ужо вядомых, звычайна класічных літаратурных тэкстаў ці іх асобных частак. Класічныя тэксты добра вядомы, лёгка пазнаюцца і выклікаюць пэўныя згадкі і асацыяцыі; іншымі словамі, яны ўяўляюць для любога чытача своеасаблівыя знакі. Важна, аднак, падкрэсліць: пры кожным новым выкарыстанні такія сюжэты, вобразы, матывы інтэрпрэтуюцца па-новаму».

Дарэчы, часты зварот постмадэрністаў да класічных тэкстаў, усемагчымыя «маніпуляцыі» з імі далі падставу аднаму з сучасных крытыкаў зрабіць досыць слушную выснову наконт таго, што калі традыцыйная, «старая» культура адлюстроўвала свет і чалавека ў гэтым свеце і тым самым па-сапраўднаму выконвала сваё прызначэнне і сваю місію, дык сучасная, «новая» культура, адлюстроўваючы самую сябе, пачынае заварачвацца і зацыклівацца і ў выніку губляе сваю сутнасць і сваё сапраўднае прызначэнне.

Ёсць, на думку Е. Лявонавай, і шэраг іншых вельмі істотных прыкмет літаратурнага постмадэрнізму. Гэта перапляценне ў межах аднаго твора «высокіх» і «нізкіх» жанраў. У адным постмадэрнісцкім рамане, напрыклад, могуць прысутнічаць элементы рамана гістарычнага, дэтэктыўнага, псіхалагічнага, філасофскага, а таксама навуковага трактата, эсэ і інш., у выніку чаго аказваюцца спалучанымі займальнасць і інтэлектуальнасць. Пісьменнік-постмадэрніст звяртаецца, і асабліва часта ў прозе, да такіх жанраў, якія традыцыйна лічацца негалоўнымі, перыферыйнымі (эсэ, трактат, рэцэнзія, слоўнік і інш.).

«Апроч таго, што ў адным і тым жа постмадэрнісцкім творы нітуюцца сюжэты і вобразы розных ужо вядомых тэкстаў, у ім адначасова камбінуюцца і розныя ўжо вядомыя літаратурныя стылі. У выніку гавораць пра наяўнасць у постмадэрністаў такой якасці, як стылёвы поліфанізм. Функцыю ж аб’яднальніка зусім розных элементаў выконвае цытаванне (цытацыя), яўнае і прыхаванае. Адбываецца своеасаблівая літаратурная гульня, праз якую вядомыя вобразы і калізіі пазбаўляюцца першапачатковага, замацаванага за імі зместу, пераасэнсоўваюцца, падвяргаюцца парадзіраванню і іранізаванню, травесційна «зазямляюцца»; іронія – увогуле адзін з нязменных, пастаянных кампанентаў твора».

Пісьменнікі-постмадэрністы рэдка калі абыходзяцца без сімвалаў, якія часта выкарыстоўваюцца ў сукупнасці, ствараючы ў рамане, п’есе або вершы разгалінаваную сістэму знакаў; гэта такія сімвалы, як лабірынт, бібліятэка, кніга, люстэрка, палац, сад і інш. Усе яны тояць у сабе элемент лабірынтнасці, неабходнасць выбару, магчымасць любых накірункаў і паваротаў.

Постмадэрнізм прадстаўляюць такія вядомыя сучасныя майстры слова, як аргенцінцы Х.Л. Борхес (вершы, празаічныя мініяцюры, эсэ, апавяданні), Х. Картасар (раман «Гульня ў класікі»), А. Посэ (раман «Райскія псы»), італьянец У. Эка (раман «Імя ружы» і інш.), паўночнаамерыканец К. Вонегут (раман «Калыска для кошкі»), англічанін Т. Стопард (драмы «Розэнкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя», «Аркадзія» і інш.), серб М. Павіч (раман «Хазарскі слоўнік») і інш. пісьменнікі.

Постмадэрнісцкія павевы закранулі таксама і сучасную беларускую літаратуру, пераважна творчасць некаторых яе маладых прадстаўнікоў (С. Адамовіча, А. Аркуша, Б. Пятровіча і інш.).

1.2 Сімвалізм

Сімвалізм (франц. symbolisme, ад ст.-грэч. symbolon – сімвал, знак) – адна з першых плыней у дэкадансе. Пачатак сімвалісцкаму руху быў пакладзены ў Францыі. Ля вытокаў яго стаялі паэты Ш. Бадлер, П. Верлен, А. Рембо, С. Малармэ і драматург М. Метэрлінк. Менавіта ў іх творчасці «абазначылася зусім іншая структура вобраза, якая вызначыла своеасаблівасць усяго сімвалісцкага руху ў Еўропе».

Сімвалізм як метад узнік і аформіўся ў сувязі з агульным крызісам тагачаснай гуманітарнай культуры, а таксама ў выніку пазітывісцкай кампраментацыі рэалістычнага мастацкага вобраза ў «парнасцаў», натуралістаў і прадстаўнікоў белетрыстычнага рамана 2-й паловы ХІХ ст. Акрамя рамантычнай эстэтыкі, да якой хацелі пэўным чынам вярнуцца сімвалісты, на яго ўзнікненне і станаўленне паўплывалі філасофіскія ідэі А. Шапэнгауэра, Э. Гартмана, А. Бергсана і Ф. Ніцшэ.

Пачатак сімвалізму звязваюць звычайна з «Маніфестам сімвалізму» (1886) Ж. Марэаса, а таксама з трактатам М. Метэрлінка «Скарб пакорнамудрых» (1896); аднак вытокі дадзенай плыні датуюцца 1857 г., калі быў апублікаваны зборнік вершаў Ш. Бадлера «Кветкі зла». Менавіта Бадлеру наканавана было стаць папярэднікам сімвалізму і адначасова яго першым прадстаўніком у французскай паэзіі. Другой этапнай з’явай у гісторыі паэтычнага сімвалізму стала з’яўленне першага зборніка П. Верлена «Сатурнічныя вершы» (1866). Як і ў рамантыкаў, мастак ператвараўся ў Верлена ў прарока альбо жраца. Ясна таксама выражана ў французскага паэта імкненне зліцца з прыродай, знайсці ў дадзеным кантакце творчае натхненне, далучыцца да ісціны. Асабліва яскрава гэта назіраецца ў знакамітых «пейзажах душы» Верлена.

Сімвалісцкі рух звязаны таксама з імем М. Метэрлінка, які выявіў у сваіх п’есах характэрны для таго часу псіхалагічны разлад, трывогу і жах асобы, што адчувае сваё бяссілле перад светам і яго законамі, спасцігчы якія асоба не можа. Менавіта з гэтага разладу нарадзілася імкненне збегчы ў іншы свет альбо ў глыбіні душэўнага жыцця. Наогул Метэрлінк стварыў свой тэатр, які назваў «тэатрам смерці». Яго склалі п’есы «Няпрошаная» (1890), «Пелеас і Мелісанда» (1892), «Там унутры» (1894). Адкідваючы прынцыпы старой трагедыі, якая адлюстроўвала «зладзействы, здрады і забойствы», пісьменнік паспрабаваў засяродзіцца на ўнутранай драме людзей. П’есы Метэрлінка пазбаўлены традыцыйнай сістэмы вобразаў, падзейнасці, канфлікту, а таксама гістарычнай, часавай і прасторавай канкрэтыкі. Яны падобныя да фрагмента, які выхаплены нават не з жыцця, а з нейкага няпэўнага стану, у якім знаходзіцца чалавек.

Найбольш поўна і моцна сімвалізм выявіўся, канешне ж, у паэзіі. Паэт-сімваліст абмяжоўваецца намёкамі, унушэннем. Для яго самая простая з’ява заключае ў сабе, акрамя свайго прамога значэння, яшчэ і вышэйшы таемны сэнс. А вось спасціжэнне гэтых таемных сутнасцей быцця, а таксама душэўнага стану асобнага індывідыума магчыма, на думку сімвалістаў, толькі праз інтуіцыю, шляхам сугестыі (франц. syggerer – унушаць, падказваць). Сугестыўнасць становіцца неад’емным элементам сімвалісцкага твора, прызначанага, нібы музыка, усяго толькі «даць адчуць», навеяць пэўны настрой, але ні ў якім разе не называць дакладна і тым больш не аналізаваць.

Наогул сімвалісты практычна першымі сярод іншых паэтаў у літаратуры апошняй трэці ХІХ – пачатку ХХ стст. пачалі эксперыментатарства над вершам. Сімвалічную трактоўку атрымлівалі ў іх не толькі падзеі, але і сама пабудова фразы, форма верша, розная велічыня і нават таўшчыня і размяшчэнне літар унутры радка і страфы. Аддаючы перавагу гуку над сэнсам, сімвалісты лічылі, што ёсць пэўныя адпаведнасці паміж гукамі, колерамі, пахамі. Набыў вядомасць санет А. Рэмбо «Галосныя», у якім гаворыцца аб пэўнай афарбоўцы галосных гукаў. Менавіта сімвалісты (Г. Кан) увялі ва ўжытак тэрміны «свабодны верш» і «верлібр».

З адчуваннем сацыяльнага і духоўнага крызісу звязаны ў сімвалістаў акапаліпсічныя матывы, вострае ўспрыманне знішчальнай сілы часу. Нараджаецца жаданне вярнуць «страчаны час» (М. Пруст), зліцца ў нейкім касмічным адзінстве часу і прасторы. Вобраз у мастацтве становіцца мадэллю, сімвалам новай рэчаіснасці; менавіта праз мастацтва, далучэнне да яго ў чалавека, у тым ліку і ў пісьменніка, можа, на думку сімвалістаў, з’явіцца адчуванне адзінства са светам.

Акрамя французскага прыгожага пісьменства сімвалізм выявіўся таксама ў аўстрыйскай (Р.М. Рыльке, Г. фон Гофмансталь), нямецкай (С. Георге), нарвежскай (Г. Ібсан) літаратурах. Даволі моцна ён быў запатрабаваны і рускай паэзіяй (В. Брусаў, А. Блок, Ф. Салагуб, К. Бальмонт, Дз. Меражкоўскі, З. Гіпіус і інш.). Адной з асаблівасцей рускага сімвалізму, на думку яго тэарэтыка А. Белага, з’яўлялася арыентацыя на класічную нацыянальную паэтычную і наогул літаратурную традыцыю, галоўнае ў якой – немагчымасць для мастацтва поўнасцю пакінуць рэальнасць і ўсляпую ісці ўслед за лозунгам «мастацтва дзеля мастацтва».

Некаторыя элементы сімвалісцкай эстэтыкі знойдуць працяг у тэорыі і практыцы такога авангардысцкага напрамку XX ст., як сюррэалізм.

Сімвалісцкія тэндэнцыі праявіліся і ў беларускай літаратуры: у творчасці М. Багдановіча (асабліва ў цыкле вершаў «Вольныя думы»: «Мы доўга плылі ў бурным моры...», «Мне снілася», «Шмат у нашым жыцці ёсць дарог...» і інш.), Я. Купалы, З. Бядулі, М. Гарэцкага, у многіх паэтаў беларускай эміграцыі (Н. Арсенневай, Я. Юхнаўца і інш.). Заўважым, што ў цэлым яны аказалі досыць плённае ўздзеянне на беларускую паэзію, і асабліва ў плане павышэння агульнай культуры верша.

Як самастойная літаратурная плынь сімвалізм перастаў існаваць у еўрапейскім прыгожым пісьменстве к канцу XIX ст., аднак шматлікія яго тэндэнцыі знайшлі працяг у першай палове XX ст.; асобныя ж элементы сімвалізму і па сённяшні дзень выкарыстоўваюцца ў літаратуры.

На адмаўленні сімвалізму вырасла ў пачатку 1910-х гг. у рускай паэзіі новая плынь – акмеізм (ад ст.-грэч. akme – вышэйшая ступень чаго-небудзь) альбо кларызм (франц. сlarte – яснасць), альбо, урэшце, адамізм (ад імя біблейскага Адама), прадстаўнікі якой (М. Гумілёў, С. Гарадзецкі, Г. Ахматава, М. Кузмін, В. Мандэльштам і інш.) імкнуліся, як яны лічылі, вызваліцца ад «містычнага туману» сімвалізму. Акмеісты ў сваіх тэарэтычных трактатах і выступленнях прызывалі зблізіць паэзію з рэчаіснасцю, зрабіць яе простай, зямной, даступнай, а ва ўласнай паэтычнай практыцы не надта далёка адыходзілі ад сімвалізму, займаючыся эстэтызацыяй пачуццяў, своеасаблівай тэатралізацыяй жыцця, культываваннем пастаральна-ідылічных матываў і жанраў.

1.3 Імпрэсіянізм

Імпрэсіянізм (франц. impression – уражанне) – літаратурная плынь, якая зарадзілася амаль адначасова з сімвалізмам (Н. Кубарава, адзін з аўтараў падручніка «Основы литературоведения / Под. ред. В.П. Мещерякова.– М., 2000», сцвярджае нават, што імпрэсіянізм існаваў у рамках сімвалізму) і першапачаткова найбольш поўна заявіла аб сабе не ў літаратуры, а ў жывапісе. Менавіта па гэтай прычыне Е. Лявонава зазначае, што «існаванне імпрэсіянізму як метаду прызнана ўсімі даследчыкамі літаратуры; бытаванне ж імпрэсіянізму як літаратурнай плыні, напрамку шмат каму ўяўляецца праблематычным, бо ён (у адрозненне ад жывапіснага) не знайшоў такога глыбокага тэарэтычнага абгрунтавання, як, напрыклад, натуралізм ці сімвалізм. У той жа час існуе думка, згодна з якой адсутнасць маніфестаў ужо сама па сабе з’яўляецца характэрнай прыкметай менавіта гэтай плыні ў літаратуры».

Зараджэнне імпрэсіянізму адносяць да 60–70-х гг. ХІХ ст., калі цэлая група мастакоў заявіла аб прынцыпова новай якасці жывапісу. У 1874 г. адбылася першая выстава мастакоў-імпрэсіяністаў (Э. Манэ, К. Манэ, Э. Дэга, О. Рэнуара і інш.), іранічную нататку аб якой пад назвай «Выстава імпрэсіяністаў» (менавіта такая назва ўзнікла ў выніку адштурхоўвання ад наймення карціны К. Манэ «Уражанне. Усход сонца») напісаў адзін з тагачасных парыжскіх журналістаў Л. Леруа. З лёгкай рукі дадзенага рэпарцёра імпрэсіянізм як тэрмін быў прыняты самімі мастакамі і замацаваўся за новай з’явай у мастацкім жыцці Францыі.

Імпрэсіяністычны жывапіс з самага пачатку быў успрыняты як выклік афіцыёзу ў мастацтве, як бунт супраць традыцыйных уяўленняў аб кампазіцыі, малюнку, каларыце і г. д. Асноўныя прыкметы жывапіснага імпрэсіянізму – святланоснасць (або эфект пленэрнасці (франц. рlеіn аіr – адкрытае паветра), акцэнтаванне ўвагі на бесперапынных зменах, «пераходных» станах прыроды, фіксацыя ўражанняў і адчуванняў, узбагачэнне колеравай палітры разнастайнымі адценнямі, кампаноўка карціны па прынцыпу імгненнага здымка ці выпадкова спыненага кадра. Уяўная неўраўнаважанасць, фрагментарнасць кампазіцыі карціны, нечаканыя ракурсы – таксама прыкметы імпрэсіянізму як мастацкага метаду і стылю.

Імпрэсіянізм быў мастацтвам дэмакратычным, у ім адсутнічалі элементы выключнасці, каставасці.

«Літаратурнаму імпрэсіянізму ўласцівы фрагментарнасць, адрывістасць расповеду, «стэнаграфаванне» асобнага, канкрэтнага, выключная ўвага да дэталі, да найтанчэйшых нюансаў, паўценяў, паўтонаў у характары, з’яве, прадмеце, сапраўды імпрэсіяністычная жывапіснасць у перадачы колеру, каларыту, стану, перавага такіх адчуванняў, як няпэўнасць, расплывістасць, недагаворанасць, зыбкасць, хісткасць. Можна канстатаваць, што імпрэсіянізм – форма мастацкага спасціжэння чалавека і свету, але форма асаблівая, калі суб’ектыўнае ўражанне мастака ад рэальных прадметаў і з’яў займае вядучае месца, пераважае над аб’ектыўным пачаткам. Вялікая ўвага надаецца музычнасці, меладычнасці твора».

Найбольш вядомыя прадстаўнікі імпрэсіянізму ў літаратуры – гэта П. Верлен, браты Э. і Ж. Ганкуры, Ж.К. Гюісманс (Францыя), Р.М. Рыльке, Г. фон Гофмансталь, А. Шніцлер (Аўстрыя), О. Уайльд (Англія), К. Бальмонт, I. Аненскі (Расія).

К-во Просмотров: 231
Бесплатно скачать Курсовая работа: Дэкаданс, мадэрнізм, авангардызм і постмадэрнізм як напрамкi лiтаратуры i мастацтва