Курсовая работа: Кастусь Каліноўскі - кіраўнік паўстанцаў

Непасрэдным штуршком да падрыхтоўкі новага нацыянальна-вызваленчага паўстання стаў расстрэл царскімі войскамі патрыятычнай дэманстрацыі ў Варшаве у 1861 годзе. Увосень таго ж года разнастайныя рэвалюцыйныя групоўкі былі аб'яднаны ў адзіны Гарадскі камітэт, перайменаваны ў 1862 годзе ў Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК). За кароткі час удалося стварыць разгалінаваную сетку паўстанцкіх арганізацый. Збіраліся сродкі і каштоўнасці на патрэбы паўстання, набывалася зброя і вайсковая амуніцыя, вялася агітацыя. На тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага падрыхтоўкай паўстання займаўся Камітэт руху, трансфармаваны ў 1862 годзе ў Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). З'яўленне ў назве віленскага рэвалюцыйнага цэнтра прыметніка "правінцыяльны" дае падставу меркаваць, што Варшаве ў нейкай ступені ўдалося падначаліць сабе віленцаў. Але, як пакажа час, падпарадкаванне гэтае не было трывалым, і між ЦНК і ЛПК рэгулярна ўзнікалі канфлікты на глебе стасункаў паміж імі. Дастаткова прыгадаць вострыя спрэчкі з-за беластоцкай арганізацыі, якую Варшава ўвосень 1862 г. самаўпраўна далучыла да сабе [7. с. 98].

Патрыятычны лагер падзяляўся на дэмакратаў, якія выступалі запаўстанне, і лібералаў, прыхільнікаў мірных сродкаў барацьбы. Тыя, хто быў за паўстанне, атрымалі назву "чырвоныя". Фактычна яны ўяўлялі сабой шырокі і разнастайны дэмакратычны блок, у які ўваходзілі рэвалюцыянізаваная дробная і беззямельная шляхта, афіцэры, дробная гарадская буржуазія, інтэлігенцыя, студэнцтва. Праціўнікаў паўстання называлі "белымі". Гэта былі пераважна памешчыкі з "Земляробчага таварыства", сярэдняя буржуазія, частка інтэлігенцыі.

Узрастанне нацыянальных настрояў у канцы 50-х гадоў адбывалася ва ўмовах складвання рэвалюцыйнай сітуацыі ў Расійскай імперыі напярэдадні адмены прыгоннага права. Таму сялянскае пытанне заняло не апошняе месца ў праграмах польскіх патрыётаў, самыя радыкальныя з якіх знаходзіліся пад уплывам ідэй Герцэна, Дабралюбава, Чарнышэўскага. Яшчэ з 1858 г. у Пецярбургу існаваў гурток палякаў – слухачоў вайсковых акадэмій і афіцераў. Ім кіравалі сябры Т.Шаўчэнкі і М.Чарнышэўскага Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. Яны былі прыхільнікамі саюзу паміж рэвалюцыянерамі Полыпчы і Расіі, спалучэння нацыянальнага паўстання з сацыяльным пераваротам, з вырашэннем аграрнага пытання на карысць сялян.

Аднак сярод "чырвоных" не было адзінства наконт метадаў дасягнення сваіх мэт. Яны падзяляліся на правых – памяркоўных і левых –прадстаўнікоў рэвалюцыйна-дэмакратычных колаў. Правыя рабілі стаўку на шляхту і асцерагаліся шырокага сялянскага руху. Яны прызнавалі роўнасць нацыянальных правоў беларусаў, літоўцаў, украінцаў з палякамі, але выступалі за адзіную незалежную Польшчу ў межах 1772 г. Правыя прадугледжвалі надзяленне сялян зямлёй за кошт яе частковай канфіскацыі ў памешчыкаў пры абавязковай грашовай кампенсацыі. Левыя ж разлічвалі на сялянскую рэвалюцыю. Поспех паўстання, на іх думку, быў гарантаваны толькі ў саюзе і адзінстве дзеянняў з рускімі рэвалюцыянерамі. Яны прызнавалі права на нацыянальнае самавызначэнне літоўцаў, украінцаў і беларусаў. Аграрнае пытанне планавалася вырашыць шляхам ліквідацыі памешчыцкага землеўладання.

"Белыя" былі адназначна супраць паўстання, не жадалі ніякіх сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, катэгарычна адмаўлялі правана нацыянальна-палітычнае самавызначэнне літоўцаў, украінцаў і беларусаў. Яны хацелі дабіцца аднаўлення Польшчы ў межах 1772 г., выкарыстоўваючы націск заходнееўрапейскіх краін на расійскія ўлады.

Праграма "чырвоных"-радыкалаў была сугучнай з пазіцыяй расійскай "Зямлі і волі", досыць яскрава вызначанай у лісце выдаўцоў "Колокола" "Русским офицерам в Польше": "Зямля сялянам, самастойнасць абласцям - на гэтай падставе, і толькі на ёй можа ўстанавіцца дзейсны саюз ваш з польскімі братамі… Скажам разам з палякамі, быць Літве, Беларусі і Украіне з кім яны быць хочуць ці ні з кім, толькі б волю іх уведаць – не падробленую, а сапраўдную".Прыхільнікамі гэтай праграмы былі, у асноўным, выхадцы з земляў былога Вялікага княства Літоўскага. Сярод "чырвоных" былі капітан генеральнага штаба рускай арміі Л.Звяждоўскі, інжынер-паручнік Я.Козел, доктар Б.Длускі, юрысты Э.Вярыга і К.Каліноўскі.

Да лагера “белых” далучаліся, у большасці сваей, буйныя землеўладальнікі, прыхільнікі старых шляхецкіх парадкаў.

Падобныя палітычныя плыні сфарміраваліся і існавалі не толькі ў Польшчы, але і на тэрыторыі Беларусі і Літвы.

У час падрыхтоўкі паўстання віленскі цэнтр імкнуўся супрацоўнічаць з землявольцамі, а таксама польскімі канспіратарамі. Напачатку супрацоўніцтва гэтае было практычна роўным. Але ўлетку 1862 ЦНК зрабіў спробу поўнага падпарадкавання сабе ЛПК. Часова гэта ўдалося. Камісарам ЦНК у Вільні быў прызначаны Н. Дзюлеран. Аднак, з восені таго ж года К. Каліноўскі, прадстаўнік левага (радыкальнага) крыла "чырвоных", які стаў старшынёй Літоўскага правінцыяльнага камітэта ў кастрычніку 1862, пачаў праводзіць палітыку на дасягненне раўнапраўя ў адносінах паміж Варшавай і Вільняй. І хаця намінальная залежнасць ЛПК ад ЦНК захоўвалася, фактычна, віленскі камітэт кіраваў падрыхтоўкай паўстання самастойна, узгадняючы найбольш важныя пытанні з ЦНК.

Падрыхтоўка да паўстання яшчэ далёка не была завершана, калі ў канцы 1862 года стала вядома аб намеры расійскіх улад правесці ў Польшчы масавы рэкруцкі набор. Каб не дапусціць гэтага, ЦНК прыняў рашэнне аб прызначэнні пачатка паўстання на студзень 1863.

10(22) студзеня 1863 года ЦНК без абавязковага па ранейшай дамоўленасці ўзгаднення з ЛПК абвясціў сябе Часовым Нацыянальным урадам. У Mаніфесце, выдадзеным у той жа дзень, Часовы Нацыянальны урад заклікаў насельніцтва да ўзброенай барацьбы супраць Расійскай імперыі, а таксама прывёў сваю праграму, заснаваную на ідэях памяркоўных "чырвоных", якія ў той час мелі большасць у ЦНК. Згодна з першымі дакументамі паўстання, усе грамадзяне абвяшчаліся роўнымі ў правах, сялянам без выкупу і часоваабавязанага становішча перадавалася ва ўласнасць тая зямля, што яны атрымалі па ўмовах расійскай рэформы 1861 года. За гэтую зямлю памешчыкі павінны былі атрымаць ад дзяржавы грашовыя кампенсацыі. Беззямельным сялянам, што прымуць удзел у выступленнях, было паабяцана як мінімум па 3 моргі (прыкладна 2,13 га) зямлі. 25-гадовае рэкруцтва было заменена на ўсеагульную 3-гадовую вайсковую павіннасць у сваім краі (у мірны час). Падчас жа ваенных дзеянняў усе мусілі станавіцца на абарону айчыны.

Абмежаванасць аграрнай праграмы ЦНК і ігнараванне ім нацыянальных інтарэсаў беларусаў, летувісаў і ўкраінцаў адыгралі пазней ракавую ролю ў лёсе паўстання.

Члены ЛПК былі вельмі абураны паводзінамі варшаўскага цэнтра. Абвяшчэнне паўстання было для іх нечаканым, "Літва" яшчэ зусім не была гатова да выступлення. На працягу 10 дзён віленскія рэвалюцыянеры вагаліся, як рэагаваць на самадзейнасць Варшавы. Але ўсё ж 20 студзеня (1 лютага) 1863 года ЛПК выдаў Маніфест, у якім абвяшчаў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі. Каб не дапусціць расколу ў шэрагах паўстанцаў, віленцы мусілі паўтарыць у сваім дакуменце праграму ЦНК, нягледзячы на тое, што з некаторымі яе палажэннямі нашы рэвалюцыянеры-дэмакраты не згаджаліся.

Паўстанне на Беларусі пачалося. Каліноўскім ад імя Часовага ўрада рассылаліся інструкцыі ніжэйшым кіраўнікам паўстання, у якіх строга рэгламентаваліся іх правы і абавязкі. Асаблівую цікавасць уяўляе "Паўстанцкая інструкцыя", дакладней, апошні яе пункт, якога і блізка не было ў аналагічных дакументах, выдадзеных палякамі: "Найбольш вядомых прыгнятальнікаў сялян, для прыкладу, сабраўшы народ, судзіць ваенным судом і караць смерцю, не дапускаючы самавольнай расправы".Гэта сведчыць, што, нягледзячы на знешнюю падпарадкаванасць Каліноўскага Варшаве, ён праводзіў палітыку ў многіх пунктах адрозную ад польскай.

Пачатак паўстання быў нечаканым для царскага камандавання,якое сканцэнтравала войскі ў некалькіх буйных польскіх гарадах. Нягледзячы на гэтыя спрыяльныя ўмовы, рэвалюцыянеры не скарысталі час для папаўнення і ўзбраення сваіх атрадаў. Памылковая абарончая тактыка, недахоп зброі і вайсковай вывучкі, рознагалоссі паміж кіраўніцтвам не дазволілі паўстанцам авалодаць колькі-небудзь значнымі гарадамі і перамагчы праціўніка.

Буйныя землеўласнікі і буржуазія, "белыя", што раней выступалі наогул супраць паўстання, калі яно пачало набіраць моц, вырашылі ўзяць ход барацьбы пад уласны кантроль, каб не дапусціць разгортвання шырокай народнай вайны супраць прыгнятальнікаў. У лютым 1863 адбыўся, так званы, "белы пераварот", калі "белыя", увайшоўшы ў змову з польскім цэнтрам, захапілі ўладу ў віленскай паўстанцкай арганізацыі. 27 лютага быў распушчаны ЛПК. Замест яго буйныя памешчыкі стварылі свой Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы на чале з Я. Гейштарам. Кастусь Каліноўскі быў накіраваны на Гродзеншчыну, на пасаду ваеннага камісара. У сувязі з пераваротам, Каліноўскі напісаў ад імя ЛПК гнеўны Пратэст, у якім гаварылася: "Члены камітэта… …лічаць гібеллю і здрадай рэвалюцыі перадачу кіраўніцтва ў рукі контррэвалюцыянераў…"

Такім чынам, на чале паўстання сталі "белыя", кіраўніцтва якіх часта было пасіўным, а часам нават пераходзіла ў адкрыты сабатаж. Згаворлівыя абшарнікі асабліва і не пярэчылі дамаганням польскага боку. "Літоўскі" рэвалюцыйны цэнтр трапляў ва ўсё большую залежнасць ад Варшавы. Канчаткова пазбавіць Вільню самастойнасці, відаць, было вырашана пераўтварыўшы Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы ў Выканаўчы аддзел на Літве. Падобная метамарфоза адбылася і з аналагічным цэнтрам на Ўкраіне.

Першыя атрады паўстанцаў з'явіліся на тэрыторыі Беларусі з Польшчы ў студзені-лютым 1863 года. Найбольш значным з іх быў атрад Р. Рагінскага, які ў сутычках з урадавымі войскамі дайшоў рэйдам да Слуцкага павета, дзе і быў разбіты. Фарміраванне мясцовых атрадаў пачалося ў сакавіку-красавіку. Многія з іх былі знішчаны карнікамі адразу. Адносны поспех мелі ў пачатку выступлення паўстанцы пад камандаваннем Л. Звяждоўскага, якім удалося з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута заняць у ноч з 23 на 24 красавіка павятовы горад Горкі Магілёўскай губерніі. Аднак яны не сустрэлі падтрымкі ў мясцовых сялян, і неўзабаве атрад Звяждоўскага быў разбіты.

Няроўнасць сіл вымушала паўстанцаў прытрымлівацца партызанскай тактыкі барацьбы. Спадзяванні на замежную дапамогу не спраўдзіліся. Заходнія краіны абмежаваліся толькі дыпламатычнымі нотамі пратэсту. А марскую экспедыцыю, што мелася даставіць да літоўскіх берагоў валанцёраў і зброю з Брытаніі, затрымалі шведскія ўлады. Трагічна скончылася імайская спроба высадзіць паўстанцкі дэсант з парусніка "Эмілія" паблізу Мемеля (Клайпеды).

Агнястрэльнай зброі не ставала, паўстанцы-сяляне амаль усе ваявалі толькі сякерамі ды косамі. Інсургенты нападалі на царскія войскі там, дзе колькасць апошніх не была занадта вялікай, захоплівалі павятовыя касы, адбівалі навабранцаў-рэкрутаў. Але часам адбываліся і буйныя сутычкі паміж варагуючымі бакамі. Найбольш значная – бітва пад Мілавідамі, на Слонімшчыне, што адбылася 22 мая 1863 года. Перамога тады не дасталася нікому. Пасля некалькіх гадзін бою расійскія войскі з вялікімі стратамі мусілі адступіць, а паўстанцы, не чакаючы, пакуль праціўніку прыйдзе падмацаванне, таемна пакінулі свой лагер [2. с. 76].

Самыя радыкальныя з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў: В.Урублеўскі і Ф.Ражанскі ў Гродзенскай губерні, М.Чарняк у Віленскай, З.Серакоўскі і А.Мацкявічус у Ковенскай, А.Трусаў у Мінскай, Л.Звяждоўскі ў Магілёўскай — імкнуліся прыцягнуць да ўдзелу ў паўстанні як мага больш сялян. Левыя "чырвоныя" ў ЛПК, асабліва К.Каліноўскі, планавалі пашырыць паўстанне на прыбалтыйскія і рускія губерні. Для гэтага прадугледжвалася стварэнне атрадаў у Латвіі і Эстоніі (З.Серакоўскім), у Віцебскай губерні (О.Грабніцкім і Б.Кульчынскім). 3 мэтай арганізацыі паўстання ў Смаленскай і Маскоўскай губернях з Пецярбурга на дапамогу Л.Звяждоўскаму прыехалі афіцэры І.Будзіловіч і К.Жаброўскі.

Але планы рэвалюцыянераў не ажыццявіліся. Сялян сярод паўстанцаў было няшмат, асабліва ва ўсходніх губернях Беларусі: у Віцебскай - 7%, Магілёўскай - 13, Мінскай -20%. Толькі ў Віленскай і Гродзенскай губернях сяляне складалі больш за чвэрць паўстанцаў –адпаведна 27% і 33%. Для сялян Беларусі былі незразумелыя лозунгі Варшаўскага ЦНК аб адраджэнні Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.

Абмежаваная праграма паўстання выключыла магчымасць масавага ўдзелу ў ім сялянства. Афіцыйная прапаганда выстаўляла ўзброеную барацьбу як мяцеж польскіх паноў, якія жадаюць вярнуць стары прыгонніцкі лад. Тое, што "белае" кіраўніцтва паўстаннем складалі памешчыкі, толькі ўпэўнівала сялян у правільнасці расійскай прапаганды. Скасаванне часоваабавязанага становішча і змяншэнне выкупных плацяжоў на 20% яшчэ больш умацавала сялянскую веру ў "цара-бацюхну". Па вёсках, асабліва ў памежных з Расіяй рэгіёнах, ствараліся "сельскія каравулы" з узброеных сялян, якія пад камандаваннем рускіх салдат павінны былі лавіць паўстанцаў.

Сітуацыя ўскладнілася, калі ў сярэдзіне мая на пасаду віленскага генерал-губернатара прыбыў з надзвычайнымі паўнамоцтвамі М. М. Мураўёў. Былы дзекабрыст, які здрадзіў ранейшым поглядам, чалавек, што прымаў удзел у падаўленні папярэдняга паўстання 1830 года, ён усталяваў у краі становішча масавага тэрору, за што і атрымаў ад сучаснікаў мянушку Вешальніка. Да забароны насіць жалобныя строі дадаліся новыя, яшчэ больш жорсткія пастановы. Мураўёўцы не грэбавалі нічым. Няўгоднаму маглі вельмі проста падкласці зброю ці нейкія іншыя кампраметуючыя рэчы. А далей… Дастаткова было двух сведкаў (на іх мінулае і сумленне ніхто не зважаў), каб ваенны суд мог прыгаварыць любога чалавека да смерці. Па малейшаму падазрэнню ў спачуванні паўстанцам людзей высылалі ў Сібір. Спальваліся за сувязь жыхароў з інсургентамі цэлыя вёскі. Беластоцкі жандарскі штаб-афіцэр С. І. Штэйн у сваім "Донесении… …о сожжении с. Яворовки за активное содействие его жителей повстанцам" пісаў: "…по распоряжению начальника края, жилые дома… …с хозяйственными строениями… …6-го сего августа сожжены до основания, а скот, всё движимое имущество, вместе с жителями доставлены в г. Белосток, где оные… …находятся под арестом, а имущество продаётся с аукционного торга…".

Тыя салдаты імперскай арміі, якіх сумленне пераводзіла на бок паўстанцаў, падлягалі расстрэлу.

Некаторыя акцыі вешальніка проста ўражваюць непрыхаваным цынізмам. Гэтак ёсць звесткі, што на загад "начальніка краю" магілы страчаных паўстанцаў заліваліся вывезеным з віленскіх прыбіральняў гноем, каб не дапусціць правядзення побач маўклівых маніфестацыяў.

У чэрвені пракацілася цэлая хваля арыштаў членаў віленскага паўстанцкага Аддзела. Замены арыштаваным не знаходзілася, і "белыя" былі вымушаны вярнуць у Вільню Каліноўскага.

Каб вярнуць страчаны давер сялянства, ад імя "ронду польскага" быў выдадзены "Прыказ... ...да народу зямлі літоўскай і беларускай", галоўная думка якога зводзілася да таго, што "дзела наша (паўстанне) - не дзела панскае, а справядлівай вольнасці".

Буйныя памешчыкі і вышэйшае каталіцкае духавенства, напалоханыя мураўёўскімі рэпрэсіямі, у чэрвені-ліпені перайшлі на бок афіцыйных улад, што замацоўвалася падпісаннем вернападданніцкіх адрасоў Аляксандру ІІ. Асабліва шчыраваў тут губернскі маршалак шляхты А. Дамейка, што шчыльна супрацоўнічаў з імперскімі ўладамі. Рэвалюцыйны ўрад вынес Дамейку смяротны вырак як здрадніку Айчыны, але замах на яго не ўдаўся. У процівагу вернападданніцкім адрасам інсургенты арганізоўвалі збор подпісаў пад контрадрасамі, плануючы пазней апублікааваць іх у замежным друку. Аднак пазней, паўстанцкае кіраўніцтва само было вымушана дазволіць падпісанне адрасоў Аляксандру ІІ, бо кожнага, хто адмаўляўся паставіць подпіс пад гэтым дакументам маглі аддаць пад суд.

К-во Просмотров: 203
Бесплатно скачать Курсовая работа: Кастусь Каліноўскі - кіраўнік паўстанцаў