Курсовая работа: Проза Якуба Коласа 20–30 гадоў: набыткі і страты

Структура i аб’ём працы. Курсавая праца складаецца з уводзiнаў, двух раздзелаў, заключэння, спiса літаратурных крынiц. Агульны аб’ём працы – 50 старонак.


Раздзел 1. Творчыя дасягненн i Якуба Коласа ў 20–30 гады XX стагоддзя

Якуб Колас – класік сусветнай і беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы, народны паэт Беларусі. Ён выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, педагог, грамадскі дзеяч.

Шлях, які прайшоў Якуб Колас, адметны. Асноватворныя ўласцівасці яго жыцця і дзейнасці – сумленнасць, высокароднасць, нераўнадушша, імкненне дапамагчы ў цяжкіх абставінах, грунтоўнасць ва ўсіх жыццёвых праявах, вернасць сваім прынцыпам, адстойванне ўласных поглядаў, любоў да Бацькаўшчыны і яе народа, клопат аб захаванні нацыянальнай самабытнасці беларусаў, аб беларускай мове, пратэст супраць рознага кшталту прыгнечання чалавека. Гэтыя якасці ў поўнай меры адбіліся на творчасці пісьменніка, які ўнёс значны ўклад у нацыянальную і сусветную літаратуру. Сярод творчых дасягненняў найбольш важкімі з’яўляюцца пашырэнне жанравых магчымасцяў беларускай літаратуры, выкарыстанне шырокай і актуальнай тэматыкі ў паэтычных і празаічных творах, узбагачэнне паэзіі філасофскай і пейзажнай лірыкай, спалучэнне лірыкі і эпасу, закладванне асноваў беларускага рамана і беларускай дзіцячай літаратуры, філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці праз алегарычны аповед, станаўленне нормаў беларускай літаратурнай мовы.

Дзейнасць Якуба Коласа, яго роля і значэнне ў нацыянальным духоўным адраджэнні беларусаў высока ацэнены нашчадкамі. Іменем Коласа (а таксама іменем Я. Купалы) названы Інстытут мовы і літаратуры НАН Рэспублікі Беларусь, Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр у Віцебску, плошчы і вуліцы, школы і бібліятэкі ў многіх населеных пунктах Беларусі, буйное вытворчае паліграфічнае прадпрыемства ў Мiнску.

Творы Якуба Коласа ўвасоблены ў тэатральным, музычным, кінематаграфічным мастацтве. У тэатрах ставіліся п’есы паводле яго апавяданняў, аповесцяў, трылогіі. Ю. Семянякам створана опера па паэме «Новая зямля», Ю. Багатыровым па аповесці «Дрыгва» – опера «У пушчах Палесся». На словы Якуба Коласа напісана шмат музычных твораў. Коласаўскую паэзію для напісання песень і рамансаў выкарыстоўвалі кампазiтары М. Чуркін (песні «Краска», «Вясна», рамансы «Маёй каханцы», «Гусі...»), А. Туранкоў (рамансы «Усход сонца», «Дудка», песня «Радасць»), Я. Цікоцкі (рамансы «Каманіну, Малакову, Сляпнёву», «Пераможны май») і інш. Яшчэ ў 1929 г. быў зняты фільм «Песня вясны» (рэжысёр В. Гардзін) паводле аповесці Якуба Коласа «На прасторах жыцця». У 1960–1961 гг. экранізавана трылогія «На ростанях» (фільм «Першыя выпрабаванні», рэжысёр Ул. Корш-Саблін). За межамі Беларусі з творчасцю Якуба Коласа знаёмы жыхары многіх краін свету. Яго творы (пераважна паэтычныя) перакладзены больш чым на 40 замежных моў, у тым ліку на найбольш распаўсюджаныя – англійскую, нямецкую, французскую, іспанскую, кітайскую. Творчасць пісьменніка і яго ролю ў літаратуры разглядалі ў сваіх працах славісты Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Нямеччыны, Італіі. Асобае месца сярод перакладаў твораў займаюць выданні на славянскіх мовах – рускай, польскай, украінскай. На рускай мове ў розны час выходзілі тры зборы твораў Якуба Коласа.

Рэгулярна праводзяцца прысвечаныя творчасці паэта Міжнародныя навуковыя канфэрэнцыі, па выніках якіх выдаюцца зборнікі матэрыялаў «Каласавіны».

100-гадовы юбілей беларускага песняра паводле рашэння ЮНЭСКА адзначаўся ў міжнародным маштабе. У 1996 г. створаны Міжнародны фонд Якуба Коласа. У 2007 г. у Беларусі адзначалася 125-годдзе з дня нараджэння нацыянальнага паэта Якуба Коласа.

Якія ж творчыя набыткі Якуба Коласа? У 1921 г. у Коўне выходзіць зборнік апавяданняў «Казкі жыцця» (большасць «Казак жыцця» створаны да 1917 г., але працу над цыклам аўтар працягваў і надалей). У гэтых творах у алегарычнай форме выкладзены погляды на гісторыю і жыццёвую філасофію беларусаў як нацыі, іх месца сярод народаў-суседзяў, закрануты важныя сацыяльна-палітычныя і маральна-этычныя праблемы, паказана імкненне чалавека да пазнання таямніц прыроды і быцця.

У першай палове 1920-х гг. Якуб Колас завяршае вялікія творы, задуманыя яшчэ за дзесяць гадоў да таго, у якіх намаляваў шырокую карціну жыцця беларусаў у канцы XIX – пачатку XX ст., выклаў сваё бачанне шляхоў развіцця нацыі.

У 1923 г. у Мінску выйшла асобным выданнем паэма «Новая зямля». Гэты твор з’яўляецца мастацкай энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства на рубяжы стагоддзяў. У паэме Колас па-філасофску асэнсоўвае цэлую эпоху ў жыцці беларускага народа. Аўтар апаэтызаваў духоўнае багацце і маральную веліч працоўнага чалавека, яго адвечную мару быць гаспадаром на ўласнай зямлі. У творы яскрава апісаны быт народа, выведзены тыповыя беларускія характары. Цудоўныя замалёўкі беларускай прыроды характарызуюць Якуба Коласа як выдатнага майстра пейзажу.

У 1925 г. у часопісе «Полымя» апублікавана трэцяя рэдакцыя паэмы «Сымон-музыка». У гэтым творы асвятляецца роля мастака і мастацтва ў жыцці народа, тут найбольш поўна выявіліся эстэтычныя погляды Якуба Коласа. Гэта твор аб народных вытоках мастацтва, лёсе таленту з народа, духоўным адраджэнні нацыі. Трагічныя і драматычныя матывы ў ім пераплятаюцца з жыццесцвярджальнымі і аптымістычнымі. Аўтар стварае вобраз маладога беларуса – свядомага творцы свайго лёсу, які імкнецца да духоўнага адраджэння роднага краю. Паэт асвятляе своеасаблівасць нацыянальнага шляху беларусаў, выказвае надзею на актывізацыю духоўна-творчых сіл народа.

У гэты перыяд пашыраецца тэматыка твораў Якуба Коласа. Ён прыходзіць да апісання жыццёвых шляхоў беларускай інтэлігенцыі пачатку XX ст., яе духоўных пошукаў. Пісьменнік стварае так званыя палескія аповесці: два вялікія празаічныя творы «У палескай глушы"» (выдана ў Вільні ў 1923 г.) і «У глыбі Палесся» (выдадзена ў Мінску ў 1927 г.). Яны пазней увайшлі як 1-я і 2-я часткі ў трылогію «На ростанях» – найбольшы празаічны твор Якуба Коласа. У 1925 г. была апублікавана п’еса «Забастоўшчыкі»: яна пра тое, як беларускае настаўніцтва ўключалася ў палітычную барацьбу. У аснове сюжэту – першы нелегальны з’езд настаўнікаў у Мікалаеўшчыне. Гэты твор не атрымаў сцэнічнага ўвасаблення. Акрамя таго, у 1925 г. напісана аповесць «На прасторах жыцця» (выдадзена ў 1926 г.), прысвечаная моладзі 1920-х гг., праблемам яе духоўнага станаўлення, адукацыі, культуры, імкненню да пераўтварэння жыцця.

Другая палова 1920-х–1930-я гг. – гэта час актыўнай грамадскай дзейнасці Якуба Коласа, прызнання яго заслуг і пры гэтым вельмі складаны перыяд жыцця, падзеі якога адбіліся на псіхалагічным стане, негатыўна паўплывалі на ўсю далейшую творчасць пісьменніка. 18 кастрычніка 1926 г. Якубу Коласу нададзена званне народнага паэта Беларусі, яму прызначана пажыццёвая пенсія. З 1928 г. ён акадэмік Акадэміі навук Беларусі, з 1929 г. член Прэзідыума і віцэ-прэзідэнт Акадэміі. Быў кандыдатам у члены Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў 1927–1929 гг., членам ЦВК у 1929–1931, 1935–1938 гг. Якуб Колас удзельнічаў у рабоце 1-га Усебеларускага з’езда савецкіх пісьменнікаў і 1-га Усесаюзнага з’езда савецкіх пісьменнікаў у Маскве (1934 г.), дзе быў абраны ў кіруючыя органы творчых саюзаў літаратараў. У 1935 г. ён выступаў з прамовай на Сусветным кангрэсе абароны культуры ў Парыжы. Пры гэтым яшчэ з сярэдзіны 1920-х гг. Якуб Колас трапіў у поле зроку савецкіх рэпрэсіўных органаў. У 1925 г. у яго быў праведзены вобыск, а затым і допыт у сувязі з так званай «лістападаўскай справай», якая датычылася «контррэвалюцыйнай арганізацыі» на Случчыне. У 1930-я гг. ціск на Якуба Коласа яшчэ больш узмацніўся. Яго адкрыта абвінавачвалі ў так званай нацдэмаўшчыне, у прапагандзе ідэй бяскласавасці беларускай нацыі, знаходзілі ў творах ідэалізацыю кулацтва, хутарской гаспадаркі, перабольшванне ролі інтэлігенцыі. У 1930 г. Якуб Колас быў змушаны публічна каяцца ў палітычных «памылках». Былі арыштаваны і рэпрэсіраваны блізкія сваякі паэта – дзядзька па матчынай лініі, грамадскі і палітычны дзеяч, мовазнавец Язэп Лёсік, родны брат жонкі Коласа Аляксандр Каменскі. 6 лютага 1938 г. у доме пісьменніка шукалі зброю, яго прымусілі ўзняць рукі і стаць тварам да сцяны. Якубу Коласу пагражаў арышт, аднак санкцыя на яго ад вышэйшага савецкага кіраўніцтва не была дадзена. Магчыма, з-за шырокай вядомасці і народнага прызнання песняра.

Як адзначаюць біёграфы Якуба Коласа літаратуразнаўцы М. Мацюх і М. Мушынскі, пачынаючы з канца 1920-х–пачатку 1930-х гг. пісьменнік трапіў у бязвыхаднае становішча, цалкам залежнае ад ідэалагічных установак камуністычнай партыі і грамадска-дзяржаўных структур таталітарнай сістэмы. Жахі прымусовай калектывізацыі, разбурэнне традыцыйнага ўкладу вёскі, татальны кантроль над усімі сродкамі грамадска-палітычнага, духоўнага жыцця, фактычная забарона свабоды слова і волевыяўлення, масавыя рэпрэсіі супраць нацыянальнай інтэлігенцыі – усё гэта негатыўна паўплывала на Коласа як творцу. Ён аказаўся сапраўдным заложнікам антыгуманнай сістэмы, міжвольным прапагандыстам сацыялістычнага рэалізму, які быў зводам палітычных патрабаванняў, але выдаваўся за эстэтычную катэгорыю.

У 1926 г. Якуб Колас пачаў пісаць паэму «На шляхах волі» аб цяжкіх умовах існавання падчас Першай сусветнай вайны, іх уплыве на фарміраванне пратэстных настрояў народных мас і станоўчага стаўлення да бальшавікоў у перыяд рэвалюцый 1917 г. Над гэтым творам паэт шмат разважаў, працаваў і ў 1930-я і ў 1950-я гг., але так і не завяршыў.

У творчасці Коласа 1930-х гг. прысутнічае і тэма калектывізацыі. Галоўны герой яго даволі схематызаванай аповесці «Адшчапенец» (1930-1931 гг., выдадзена ў 1932 г.) пасля доўгіх ваганняў прыходзіць да высновы аб перавагах калектыўнай гаспадаркі перад аднаасобнай. Акрамя таго, у гэты перыяд Якуб Колас звярнуўся да драматычных падзей Першай сусветнай вайны галоўным чынам праз паказ «салдацкай праўды» – у п’есе «Вайна вайне» (1927-1931 гг., апошняя рэдакцыя 1938 г.) і грамадзянскай вайны – у аповесці «Дрыгва» (1933 г.) і створанай на яе аснове п’есе «У пушчах Палесся» (1937 г.).

Такiм чынам, багатая і шматгранная творчасць Якуба Коласа 20–30-ых гадоў XX стагоддзя з’явілася звонкім рэхам вялікіх гістарычных падзей, адказам мастака слова на хвалюючыя запатрабаванні часу.

Раздзел 2. Жанрава-стылёвыя і ідэйна-тэматычныя адметнасці твораў Якуба Коласа 20–30 гадоў

Мастацкая творчасць Якуба Коласа здзіўляе незвычайнай эпічнай шырынёй, выключна глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет чалавека, высакароднасцю, вышынёй маральных патрабаванняў як асновай жыцця чалавечага грамадства.

2.1 Апавяданне «Крывавы вір»: паказ чалавека ў эпоху рэвалюцыі

У гісторыі навейшай беларускай літаратуры Якуб Колас застаецца найперш як стваральнік нацыянальнага паэтычнага эпасу. Аднак яго талент заўсёды вызначаўся багаццем і шматграннасцю праяў. Убачанае і перажытае пісьменнікам у перыяд першай сусветнай вайны, рэвалюцыі і грамадзянскай вайны знайшло сваё вобразнае адлюстраванне ў апавяданнях.

Як мастака слова i мыслiцеля Я. Коласа ўвесь час цiкавiла i хвалявала кардынальная праблема: чалавек i сацыяльна-гiстарычны працэс грамадства; больш канкрэтней у дастасаваннi да часу – чалавек i рэвалюцыя.

Сярод празаiчных твораў 20-х гадоў апавяданнi Я. Коласа вылучалiся рэалiстычнай праўдзiвасцю малюнкаў тагачаснага жыцця, гiстарычнай вернасцю характарыстык мастацкiх вобразаў. Адным з такiх апавяданняў з’яўляецца «Крывавы вiр» (1923).

Апавяданне «Крывавы вiр» было надрукавана ў 7-8 нумарах часопiса «Полымя». С. Александровiч у артыкуле «Далёка я ад межаў родных…» пiша: «Як вынiкае з расказаў жыхароў Якаўлеўкi, у аснову апавядання «Крывавы вiр» пакладзена трагiчнае здарэнне з унукам пана Самбурскага – студэнтам Пецем Клачковым. Узяўшы ў аснову рэальнае здарэнне, аўтар не проста пераказаў яго, а напiсаў мастацкi твор, змянiўшы iмёны галоўнага героя – студэнта i панскай служанкi »[7, c. 157].

Звернемся да самога апавядання. Студэнт Харкаўскага унiверсiтэта, унук панi, што жыла на Куршчыне, Грыша Заплацiнскi спачуваў рэвалюцыi i нават вёў сярод сялян адпаведную працу, а калi пачалася рэвалюцыя, то ў вiры яе падзей не змог знайсцi пэўнае месца.

Сяляне хацелi, каб панiч пайшоў разам з iмi i на справе даказаў праўдзiвасць ранейшых слоў аб рэвалюцыi, забралi яго ў свой чырвонагвардзейскi атрад, якi адпраўляўся адбiваць наступленне нямецкiх войск.

Па дарозе Грыша адстаў з намерам хутчэй уцячы куды-небудзь ад крывавых падзей. Злоўлены раз’ездам чырвонагвардзейцаў i западозраны ў шпiянажы, ён просiць сялян пацвердзiць яго мясцовае паходжанне, а тыя рашуча адмаўляюцца прызнаць яго сваiм. Старэйшы ў натоўпе дзед Патап катэгарычна заявiў: «Не, не наш! Наш з мужчынамi на немца пайшоў». I колькi юнак нi прасiў старога не браць на душу грэх, сказаць праўду, той упарта сцвярджаў: «Не ведаю, не ведаю цябе, хто ты ёсць».

Калiзiя сапраўды надзвычай трагiчная. Ад таго, што скажуць сяляне, залежала жыццё юнака. Дзед Патап не прызнаў яго сваiм i тым самым асудзiў на смерць. Што гэта: сялянская чэрствасць цi сацыяльная помста? Не чэрствасць i не помста, а асуджэнне здрады. Усе мужчыны, здольныя трымаць у руках зброю, пайшлi абараняць Радзiму, свабоду, заваёвы рэвалюцыi, бо прыход немцаў да iх асацыiраваўся зваротам назад паноў i аднаўленнем ранейшых парадкаў. Здрада агульным iнтарэсам заўсёды i ва ўсiх народаў рашуча асуджаецца незалежна ад таго, хто ў гэтым вiнаваты. Супрацьпастаўленнем дзеда Патапа Грышу Заплацiнскаму вырашаецца перш за ўсё маральная праблема. Калектыў асуджае асобу, што кiнула яму выклiк, здрадзiла Яго жыццёвым iнтарэсам.

Можна зразумець становiшча Грышы i нават паспачуваць яму, бо цяжка гiнуць на свiтанку свайго жыцця, аднак немагчыма апраўдаць здраду. Пiсьменнiк-гуманiст балюча перажывае смерць асобнага чалавека, але выступае абаронцам iнтарэсаў калектыву, у данным выпадку ўсяго працоўнага сялянства, бо дзезерцiрства прыводзiць да безлiчы ахвяр.

К-во Просмотров: 210
Бесплатно скачать Курсовая работа: Проза Якуба Коласа 20–30 гадоў: набыткі і страты