Курсовая работа: Проза Якуба Коласа 20–30 гадоў: набыткі і страты
Як жа нам успрымаць словы аб "прасторах жыцця", вынесеныя ў эпіграф да ўсяго твора. Філасофская сентэнцыя пра "шырокія прасторы жыцця" ў аповесці належыць адмоўнаму персанажу Марціну Шулевічу, чые звычкі, норавы, манеру гаварыць, ды і самі тэзісы зусім не хацелася б пераймаць, бо яго паводзіны, мякка кажучы, не толькі не прыцягваюць, а выклікаюць вострае непрыманне, нават агіду. Мярзотнасць учынкаў гэтага чалавека навідавоку. I вось менавіта такі актывіст "новага ладу" заклікае "прабіць сабе дарогу і вырвацца " на вышэйзгаданыя абсягі.
Даследчыкі роднай літаратуры, у прыватнасці У. Навумовіч [10], імкнуцца разгадаць сэнс эпіграфа і змест назвы коласаўскай аповесці пра юнацтва і для юнацтва.
Даследчык паспрабаваў адказаць на пытанне: у чым загадка Якуба Коласа? Яна хаваецца, на яго думку, у самой назве твора і ў тым, каму належаць словы пра "размахі". Я. Колас вучыў прыслухоўвацца, хто і што гаворыць у новым жыцці. Сваю "агітацыю" за новы лад і склад жыцця Марцін пачаў, падсеўшы да Аленкі, ледзь не на вушка нашэптваючы. "А вам проста грэх марнець у глушы ", – блюзнерыць пярэварацень. А сам запыт Аленкі? Ён можа азначаць: здзіўленне, цікаўнасць, абурэнне, гуллівасць, юрлівасць. Апошняя фраза эпіграфа – водпаведзь – прыведзена Я. Коласам не цалкам, а з абрывам – толькі першая частка развагі хуткаспечанага прадстаўніка новай улады. Аўтар адкінуў прэч як непатрэбнае альбо знарок не закрануў у эпіграфе ўсялякія там "замацаванне пазіцый'', "заваёвы Кастрычніка ", пра якія далей ідзе гутарка ў сказе. Усё тое пісьменніку не трэба: пазіцыі абазначаны, канфлікт завязаны, яго змест і сутнасць відавочныя.
Да гэтага часу да разгадкі эпіграфа Якуба Коласа ніхто з літаратуразнаўцаў не наблізіўся. Ды і не маглі наблізіцца, пакуль заставаўся ў ценю персанаж, у вусны якога і ўкладзены дадзеныя словы. А як жа яшчэ? Мярзотнік, амаральны тып, а тут гаворыць такое, што трэба браць на ўзбраенне ўсёй моладзі абноўленага краю. 3 каго браць прыклад? Крытык Дз. Бугаёў яшчэ ў 1970-я гг. у артыкуле «Некалькі заўваг пра аповесць Я. Коласа "На прасторах жыцця"» з уласцівай даследчыку хлёсткасцю назваў Марціна Шулевіча "фразёрам", які хаваецца за псеўдарэвалюцыйнай фразай. Прывядзем некалькі даволі смелых на той час характарыстык з працы Дз. Бугаёва: "самахвальства", "тонка жангліруе рэвалюцыйнай фразай", "нядобрасумленныя, адкрыта карыслівыя тыпы ўносілі элементы палітычнай спекуляцыі ў самыя тонкія, інтымныя сферы чалавечых стасункаў", "фразёрства пустазвона Марціна Шулевіча паказваецца па-сапраўднаму з’едліва і злосна", "Шулевіч высокімі святым?