Курсовая работа: "Золата" Ядвігіна Ш. і станаўленне беларускага рамана

Ядвігін Ш. – адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы – жыў на пераломе двух стагоддзяў, двух сацыяльных эпох. Вучань Дуніна-Марцінкевіча, ён быў паплечнікам Я. Коласа, Я. Купалы, М. Багдановіча, старэйшым сучаснікам Цішкі Гартнага, М. Гарэцкага, З. Бядулі.

Своеасаблівы і складаны быў жыццёвы шлях гэтага чалавека, нялёгкай была яго творчая біяграфія.

Нарадзіўся Ядвігін Ш. (Антон Іванавіч Лявіцкі) ў 1868 г. у маёнтку Добасня Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні (зараз Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці), дзе ў той час яго бацька служыў упраўляючым. Неўзабаве бацька змяніў месца працы, і сям’я пераехала на Міншчыну. Закончыў Мінскую гімназію. Нейкі час вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, але за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях быў арыштаваны і выключаны з універсітэта. Некаторы час правёў у “Бутырках”.

Пасля вызвалення з турмы Ядвігіну Ш. не давялося вярнуцца ва ўніверсітэт, бо вышэйшыя навучальныя ўстановы старанна ачышчаліся ад асоб, якія знаходзіліся на падазрэнні паліцыі. Ён здаў экзамен на аптэкарскага практыканта. Прайшоў практыку ў адной з маскоўскіх аптэк, выехаў у Беларусь і стаў працаваць памочнікам правізара ў мястэчку Радашковічы, недалёка ад якога знаходзіўся фальварак Лявіцкіх Карпілаўка, дзе жыла заўдавелая ўжо маці пісьменніка.

Літаратурную дзейнасць пісьменнік распачаў яшчэ ў турме. Там ён пераклаў на беларускую мову апавяданне Гаршына “Сігнал”, якое было выдадзена ў Маскве ў 1891г. Гэта быў час, калі на фарміраванне грамадска-палітычных ідэалаў моладзі асноўны ўплыў усё яшчэ аказвала народніцтва. І як пісьменнік, і як грамадзянін Ядвігін Ш. складваўся пад самым непасрэдным уздзеяннем ідэй народніцтва. Паводле яго ўласнага сведчання, народніцтва зрабіла яго, маскоўскага студэнта-медыка, адным з актыўных удзельнікаў студэнцкіх хваляванняў. Гэта яно, народніцтва, дапамагло юнаку з Мінскага зямляцтва ўпершыню прычасціцца роднай песняй, адчуць сваю нацыянальную прыналежнасць. Гэта яно, тое самае народніцтва, выкрасаючы ў душы першыя іскры нацыянальнага самаўсведамлення, павяло яго ў родную вёску пазнаваць сапраўдны воблік свайго краю, вывучаць жыццё свайго народа ў самых розных праявах.

Пад уплывам народніцтва Ядвігін Ш. у сваіх творах прымушаў мужыка высмейваць свае недахопы – някемнасць, п’янства і г.д.

Народніцкая тэорыя малых спраў, асабліва ва ўмовах Беларусі, многімі ўспрымалася тады як справа патрэбная, нават надзённая. І ўсё ж не гэта, як паказаў час, вызначала тады агульную тэндэнцыю руху беларускай вёскі ў будучыню.

У 1892 г. Ядвігін Ш. напісаў камедыю “Злодзей”, але п’еса не прайшла цэнзуры і была забаронена. П’еса не была ў свой час надрукавана і прапала ў рукапісу.

Забарона спектакля была балюча ўспрынята Ядвігіным Ш. і выклікала доўгае творчае маўчанне. Неўзабаве па стану здароўя ён вымушан быў адмовіцца ад работы ў аптэцы, некаторы час загадваў магазінам запаснога насення землеўласнікаў, а ў 1897г. перабраўся з сям’ёй у фальварак Карпілаўка і заняўся садоўніцтвам. Тут ён працягвае пісаць, аднак доўгі час не робіць спробы надрукаваць напісанае. Творы яго, закончаныя і незакончаныя, “адлежваюцца ў стале”.

І толькі ў 1903 – 1904 гг. прозвішча пісьменніка з’яўляецца на старонках віленскіх і мінскіх рускіх прагрэсіўных газет. Беларускага друкаванага органа тады яшчэ не было. Ядвігін Ш. выступае з апавяданнямі, публіцыстычнымі артыкуламі і карэспандэнцыямі мясцовага характару. Ён піша на рускай мове, але піша пра Беларусь, пра беларускага селяніна, знаёміць чытача з беларускім фальклорам, узнімае набалелыя пытанні нацыянальнага жыцця.

Пераломнай вяхой у гісторыі ўсёй беларускай літаратуры і ў жыцці і творчасці Ядвігіна Ш. была рэвалюцыя 1905 года. Пісьменніка захапіў той грамадска- палітычны і нацыянальны ўздым, які панаваў на Беларусі. З вялікім энтузіазмам бярэцца ён за літаратурную працу, уключаецца ў культурна-асветніцкую работу.

У газеце “Наша доля” (1906, №3) надрукавана першае апавяданне Ядвігіна Ш. на беларускай мове “ Суд”. З гэтага часу пісьменнік становіцца актыўным супрацоўнікам першых беларускіх легальных газет “Наша доля” і і “Наша ніва”. Так пачаўся яго самы актыўны ўдзел у развіцці беларускай літаратуры. Пісьменнік устанавіў сувязі з многімі беларускімі грамадскімі і палітычнымі дзеячамі, выступаў на старонках беларускага перыядычнага друку. Усё гэта хоць нейкім чынам не магло не аказаць уплыву на светаўспрыманне Ядвігіна Ш., на яго творчасць.

Перыяд з 1906 па 1914г. быў самым плённым у творчай біяграфіі празаіка. Ён друкуе шмат апавяданняў, цікавых артыкулаў, выступае з успамінамі, піша нататакі з падарожжа па роднаму краю.

Цяжка па сборніках меркаваць аб мастацкай і ідэйнай эвалюцыі пісьменніка. Тым не менш відавочна, што яго творчасць развівалася ў агульным рэчышчы ранняй дэмакратычнай беларускай прозы. Гэта проза вырастала непасрэдна з фальклору і па сваіх стылявых якасцях мела шмат агульнага з народнай казкай, а першыя апавяданні Ядвігіна Ш. часта прадстаўлялі сабою проста літаратурную апрацоўку народных паданнняў, казак, анекдотаў. Пісьменнік пераказвае паданні, апрацоўвае легенды, апісвае камічныя сітуацыі, анекдатычныя выпадкі з жыцця людзей.

Так, у апавяданні “Суд” расказваецца пра тое, што суддзя немец дрэнна ведае мову, на якой вядзе судовую справу сялян-беларусаў. З-за гэтага ўзнікаюць непаразуменні, і трошкі дзівакаватыя, запалоханыя афіцыйнымі прадстаўнікамі ўлады мыжыкі трапляюць у недарэчнае становішча.

Пісьменнік жыў патрабаваннямі і клопатамі эпохі, у першую чаргу праблемамі беларускага нацыянальнага адраджэння, але разумеў гэтыя патрабаванні і клопаты па-свойму. Ён імкнуўся быць максімальна патрэбным краю. І ў тых выпадках, калі яго найбольш “раздзіраюць” унутраныя сумненні, стараўся акунуцца ў мора народнага жыцця.

У 1910г. Ядвігін Ш. здзейсніў сваю даўнюю мару – зрабіў падарожжа па роднаму краю. 27 мая ён выбраўся з Вільні і пешшу накіраваўся па Ашмянскім тракце. Падарожжа цягнулася да канца верасня. Пісьменнік прайшоў больш 5400 вёрст, наведаў шмат вёсак, мястэчак і хутароў, пазнаёміўся з рознымі людзьмі.

Свае пісьменнніцкія ўражанні, грамадзянскі роздум над эканамічнымі нацыянальнымі праблемамі жыцця беларускага селяніна ён выклаў у нататках “Лісты з дарогі”. Гэта твор маладога ў беларускай прозе жанру – публіцыстычны нарыс.

У час падарожжа Ядвігіна Ш. цікавіць мова, быт селяніна, эканамічнае становішча вёскі, краю. Вельмі засмучае аўтара беднасць беларускіх вёсак. Прычыну гэтай беднасці ён бачыць або ў нядбайнасці мужыцкай, або ў неўраджайнасці зямлі. І кожны раз прыходзіць ў захапленне, калі сустракаецца з сельскагаспадарчай вынаходлівасцю селяніна, прапагандуе яе, сам дае парады.

Пісьменнік свабодна і ўпэўнена адчувае сябе ў жанры празаічнай байкі. Аднак псіхалагічнае апавяданне увесь час прыцягвала яго ўвагу магчымасцю больш глыбока адлюстраваць сучасную рэчаіснасць, багатымі складанымі грамадскімі ўзаемаадносінамі, вострымі праблемамі маральнага, сацыяльнага і нацыянальнага парадку. Ён спрабуе свае сілы ў жанры ўласна апавядання.

Вясной 1914г. Ядвігін Ш. пераехаў у Мінск, дзе да пачатку першай імперыялістычнай вайны быў адным з арганізатараў і тэхнічным рэдактарам штомесячных часопісаў “Саха” і “Лучынка”. Вайна спыніла гэтыя выданні, але пісьменнік застаўся ў Мінску. Ён быў арганізатарам беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны, ставіў спектаклі ,выступаў на сцэне, на свой кошт выдаў зборнік “Беларускія жарты” (1915), некалькі сельскагаспадарчых брашурак. І ўсё гэта ў свабодны ад надзённай працы час, бо даводзілася неяк зарабляць на хлеб, працуючы то ў Мінскім цэнтральным бюро працы, то кіраўніком пашывачных майстэрняў па ваеннаму абмундзіраванню.

Празмерная работа, дрэнныя матэрыялы і кватэрныя ўмовы далі пачатак цяжкой хваробе (сухоты горла). Кастрычнік 1917г. Ядвігін Ш. сустрэў зусім хворы. Лібералізм пісьменніка ў вырашэнні асноўных сацыяльных пытанняў, цяжкая хвароба прывялі яго ў стан глыбокай разгубленасці. Ядвігін Ш. не зразумеў сутнасці кастрычніцкіх падзей.

Зімой 1918г. Ядвігін Ш. вымушан быў легчы ў Мінскі шпіталь, а як трошкі ачуняў, паехаў у сваю Карпілаўку і амаль нікуды не выязджаў з дому. У час грамадзянскай вайны загінулі рукапісы пісьменніка, усе тыя закончаныя і незакончаныя творы, што “адлежваліся” ў стале.

1.2 Жанрава-стылявыя асаблівасці прозы Ядвігіна

Яркі талент Ядвігіна Ш., дэмакратызм яго сацыяльных перакананняў, абстаноўка палітычнага і нацыянальнага ўздыму на Беларусі ў “нашаніўскі” перыяд дапамаглі пісьменніку ў мастацкай творчасці ўзняцца вышэй звычайнай займальнасці і знайсці сябе як мастака-рэаліста ў распрацоўцы актуальнай для свайго часу тэмы: беларускі селянін, яго гаротнае эканамічнае становішча, палітычнае і нацыянальнае бяспраў’е.

Пісаў Ядвігін Ш. пераважна пра людзей працы. І цяперашняга чытача не можа не ўсхваляваць да глыбіні душы лёс, напрыклад, Ганулькі і Адамкі, герояў апавядання “Зарабляюць”. У гэтым творы праблема адчужанасці паміж людзьмі – асноўная праблема класавага грамадства – пастаўлена надзвычай востра. Сапраўды, хіба маглі яны, неспрактыкаваныя ў жыцці падлеткі, супрацьпаставіць сябе свету, дзе ўсё купляецца і прадаецца, і захаваць за сабой права заставацца людзьмі.

Прыгнятальнікаў і эксплуататараў пісьменнік называе павукамі і каршунамі. Яму ненавісны лад іх жыцця. Яго гнеў і трывога асабліва выразна выявіліся ў так званых байках у прозе. Тое, што падобныя людзі ёсць на белым свете, не дае пісьменніку спакою.

Ядвігін Ш. – вялікі чалавекалюб. Аднак увага да чалавека працы ў яго творчасці ніколі не абмяжоўвалася пасіўным спачуваннем, бо пісьменнік добра разумеў прычыны несправядлівасці і жорсткасці існуючага ладу жыцця.

Як толькі з’явіліся першыя апавяданні Ядвігіна Ш., аб ім загаварылі як аб арэгінальным празаіку, тэленавітым сатырыку і гумарысту. Ён хутка становіцца вядомым за межамі Беларусі.

Ядвігін Ш. пачаў пісаць задоўга да таго, як з’явілася магчымасць друкаваць напісаннае на беларускай мове. Яго зборнікі “Бярозка” (1912) і “Васількі” (1914), выдадзеныя адзін за другім, з’яўляюцца вынікам працы не аднаго дзесяцігоддзя.

К-во Просмотров: 601
Бесплатно скачать Курсовая работа: "Золата" Ядвігіна Ш. і станаўленне беларускага рамана