Курсовая работа: Рэдагаванне службовых дакументаў Беларус
ДА ВУЧНЯЎ ГУДЗЕВІЦКАЙ СШ
Дарагія вучні! Вельмі ўзрадаваны, што ваш гурток займаецца такой добраю справай. Рабіце яе і надалей. Вывучайце, ведайце, любіце нашу вечна жывую беларускую мову і нашу літаратуру.
Кніга наша за апошнія часы вырасла да сапраўдных вышынь. Літаратура наша выходзіць паступова ў рады лепшых літаратур свету. І я веру, што пройдзе час і яе паважаць і любіць будуць на ўсёй Зямлі, магчыма, нават, на народнай, на жывой нашай мове. Бо літаратура наша адна з тых рэдкіх літаратур, якая, нягледзячы на інтэлектуалізм, ніколі не губляла сувязі з чалавекам працы, з яго мовай, а значыць моцная не толькі розумам і прыгажосцю, але і сілай, чысцінёй, прастатой, непадробнай народнасцю.
Я даволі шмат чытаю.Паверце мне, многімі нашымі паэтамі і пісьменнікамі мог бы ганарыцца кожны на Зямлі народ. Ганарыцеся і вы. Ганарыцеся сваімі літаратурай і мовай.
Ваш
Уладзімір КАРАТКЕВІЧ
8 лютага 1966 г.
“ЛЮБУЮ СПРАВУ РАБIЦЬ ХВАЦКА”
Пазнаць таямніцы мастацкага свету Уладзіміра Караткевіча без шчырай, адкрытай гаворкі з ім немагчыма. Да таго ж трэба ведаць усю яго творчасць, каб адчуць хваляванне яго аналітычнага розуму і яго імкненне да раскрыцця складаных праблем мінулага Беларусі. Часта ў творах
У .Караткевіча пераплятаецца старажытная веліч і дынаміка прыгодніцкага апавядання ў легендарна-паэтычным пераламленні гістарычнай рэальнасці. Стыль яго нагадвае мне чымсьці старажытны, амаль бязлюдны замак, як замак Яноўскіх ,”Дзікае паляванне караля Стаха”, які адраджаецца майстэрскаю рукою ўлюбёнага ў справу і спрактыкаванага рэстаўратара…
Пакуль ветлівы гаспадар гатаваў каву, я, седзячы ў выгодным крэсле, магла агледзецца: у доме пiсьменнiка – асаблiвая, артыстычная утульнасць. На сцяне вiсяць старажытныя беларускiя скульптуры з дрэва. А з кутка мудра глядзiць на мяне Майсей – таксама драўляная скульптура, як пазней растлумачыў Уладзiмiр Караткевiч, знойдзеная проста ў балоце, у адной з шматлiкiх яго экспедыцый па роднай зямлi
…I вось ужо цёпла дымяцца кубкi, i гаркава-чорны напой схiляе да гутаркi.
- Вельмi дзiуна атрымалася са мною,- усмiхаючыся, пачынае ён. – Шчыра кажучы, я не збiраўся стаць пiсьменнiкам. Але пiсаць пачаў даўно, яшчэ ў школе. Пiсаў i вершы i прозу – у асноўным для сябе. Сёе-тое з маей пiсанiны было змешчана ў школьным рукапiсным часопiсе. А аднойчы разам з сябрам вырашыў пабываць на радзiме нашага любiмага Янкi Купалы. Пешшу дайшлi да Вязынкi. Аб гэтым падарожжы я напiсау i паслаў жонцы паэта Уладзiславе Францаўне лiст. Яна ўключыла яго ў зборнiк “Янка Купала. Збор матэрыялаў аб жыццi i дзейнасцi паэта”. Так з’явiўся мой першы друкаваны твор… У гэтым жа годзе адзiн мой знаёмы папрасiў, каб я прыслаў яму проста так, пачытаць, свае вершы (тады я настаўнiчаў на Украiне), i ён занёс iх у “Вожык” i “Полымя”. З “Вожыка” я атрымаў пiсьмо прыблiзна такога зместу: “Малады чалавек, з Вашым талентам лепш бiць i брукаваць каменне на бруку”. Мяне гэта, прызнацца , не вельмi i засмуцiла . А вось у “Полымi” пасля гэтага цалкам ужо нечакана для мяне з’явiўся мой верш “Машэка”, i я падумаў, што ўсе ж нешта змагу рабiць. Пасля паступова пачалi друкаваць мяне i iншыя часопiсы.
- Перш чым пачаць пiсаць, чалавек пачынае чытаць. Цi помнiце першую прачытаную вамі кнiгу?
- Шчыра кажучы, першую кнiгу не помню, таксама як i не помню сябе такога, каб не умеў чытаць. Пачаў чытаць у трохгадовым узросце: непрыкметна навучыўся ад старэйшых. Дома была вялiкая бiблiятэка, i я захапляўся мастацкай лiтаратурай, часцей за ўсё не па ўзросце. Пазнаёмiўся паступова з беларускаю, рускаю i ўкраiнскаю лiтаратурамi, пазней – з польскай.
- Зразумела ж, як i ва ўсiх, у вас былi любiмыя аўтары, любімыя творы?
- Што датычыць любiмых твораў, то iх вось так – раз i назаўсёды – няма. У кожным узросце меў улюбёнцаў i багоў. Чытаю кожнага ў залежнасцi ад настрою. Калi ён светлы – то Пушкiна, гнеўны – ранняга Купалу, Багдановiча,Шаўчэнку, калi настрой фiласофскi i грэблiва непрымiрымы да смуроду i пошласцi - проста хоць на дуэль – Лермантава, Гарэцкага i Льва Талстога, роўны – добрыя гiстарычныя раманы Сянкевiча, лепшыя рэчы Аляксея Талстога.
I, прызнаюся, хоць ведаю, што сёй-той скрывiцца, перад працай, якая патрабуе разлiчанай, завостранай думкi, вельмi люблю чытаць добрыя дэтэктывы. Сапраўды добрыя. Да iх залiчваю не толькi Сiмянона i лепшыя раманы Агаты Крысцi, але й роднага па духу Стывенсана. I, калi браць вяршынi, на якiя нават дыхаць цяжка, - “Братоў Карамазавых”.
- А ў каго з іх вы вучыліся пісьменніцкай справе?
- А у каго вучыўся? Складанае пытанне. Бадай што, нi ў кога не вучыўся манеры і спосабу мыслення. Затое ва ўсіх вучыўся любвi да чалавека i людзей; людства i жаданню па меры сваiх слабых сiл таксама хоць крышку дапамагчы iм. Хоць бы на адно кароткае iмгненне.
Вучыўся іхняму жаданню падаць чалавеку, калі яму, можа, сумна і самотна, сігнал: “Смялей. Ты не адзін”. З беларускіх пісьменнікаў вучыўся гэтаму, мабыць, найбольш у Багдановіча, Купалы, Коласа і Гарэцкага. Іншых ужо назваў. Ага… сярод іх ледзь не забыў Кіплінга. Аднак заўсёды стараюся заставацца ўсё ж самім сабою. Калі добрая думка, якая хвалявала мяне гадамі, выльецца на паперу, а пасля я сустракаю нешта падобнае і выказанае глыбей і лепей у творах іншых сучасных пісьменнікаў, адчуваю вялікае задавальненне. Гэта азначае, што думка насілася ў паветры, што так думалі і іншыя, што я не адзін.
- Што больш за ўсё хвалюе вас, калі пачынаеце працаваць над новай кнігаю?
- Думаю пра тое, каб напісаць першы аркуш без адзінай памаркі. Гэта значыць, што пасля ўсё пойдзе добра. Маё своеасаблівае правіла: я не прытрымліваюся “эстэтыкі пакрэсленнага рукапісу”. Любую справу трэба рабіць хвацка. Дзесяць гадоў вучыўся, але калі ўзяўся за сякеру, дык сячы як належыць. Думаю над кожнаю фразаю, варочаю яе ў мазгах нават сто разоў, кожны раз мяняючы, вымаўляю яе ў голас, перабіраю мноства варыянтаў і толькі тады запісваю самую, на мой погляд , удалую, начыста і намёртва.
- Пра што вы пішаце, або іншымі словамі: асноўная рухаючая сіла вашай творчасці?
- Справа ў тым, што ў наш час людзі ў чымсьці нівеліруюцца. Носяць аднолькавае аддзенне, жывуць у падобных дамах, кватэрах, хатах ядуць адны і тыя ж стравы, і побыт людзей амаль аднолькавы - ці будзе гэта ў Маскве, ці ў Мінску, у Вільні, у Рызе… Але ж кожны народ у многім менавіта сваім спосабам жыцця, мыслення. Калі, скажам да прыкладу, узяць дзесяць тысяч аднолькавых кавалачкаў смальты і пакласці іх побач, то атрымаецца проста падлога ў ваннай, а калі кавалачкі будуць рознакаляровымі – можна зрабіць цудоўную мазайку. Я за тое, каб кожны народ, і ў першую чаргу мой, меў свой воблік, меў свой колер, свае адценні, быў непадобны да суседа, выклікаў пачцівае здзіўленне і жаданне яму наследваць, жыць такім сваім яскравым, непадобным, страшэнна працяглым жыццём.
- А для каго пішаце?
- Для тых, хто любіць і чытае мяне – каб парадаваць іх. Для тых, хто не любіць – каб раззлаваць. Для тых, хто яшчэ не ведае гісторыі, даўняй культуры і літаратуры Беларусі, - каб абудзіць іх цікавасць.
- Часта сюжэты ў вас мудрагелістыя…
- Так. І гэта таму, што я стараюся пражыць свой век як найцікавей, каб дзень не быў падобны на дзень. Калі працую - ну, тады, вядома, дні больш-меньш аднолькавыя і розняцца толькі тым, пра што я сення пішу, тады я проста працую без адпачынку, і днём і ноччу. А вось калі работы часова няма – то тады я іду ў мора з рыбакамі, лаўлю з імі рыбу, слухаю і прымаю ўдзел у іх размовах… Швэндаюся па самых глухіх кутках і фатаграфую (хай па-аматарску) старыя цэрквы, курганы, гарадзішчы, тыпы людзей… Еду ў іншыя гарады і прападаю там па кнігасховішчах ці ў розных цікавых людзей… Іду ў лес, раскладваю вогнішча, хаджу па весках, складаю ў капы сена, адным словам, працую і жыву. Трэба здымацца ў кіно ў ролі каталіцкага свяшчэнніка – здымаюся. Трэба “пагутарыць” з мядзведзем – гутару. Трэба бервяно абчасаць – умею.
- Карастаючыся пачатай тэмай, запытаю: што вам найбольш падабаецца ў самім сабе?
- Абсалютна нічога.
- А што не падабаецца?