Курсовая работа: Вядучыя напрамкі і плыні ў еўрапейскай і сусветнай літаратуры ХVІ–ХХ ст.

Уцёкі рамантыкаў ад рэчаіснасці, што не прымалася імі, ажыццяўляліся не толькі ў часе і прасторы. Даволі часта гэтыя ўцёкі набывалі форму глыбокай засяроджанасці на ўнутраным стане асобы, на «жыцці сэрца». Дарэчы, дадзеная з’ява к таму часу была не новай – аб «жыцці сэрца» пісалі і сентыменталісты. Аднак рамантыкі з «жыццём сэрца» звязвалі асобу больш багатую, шматстайную, надзеленую моцным характарам і палкім уяўленнем. Гэта садзейнічала далейшаму пазнанню мастацтвам унутранага свету чалавека.

Духоўным прыстанішчам для рамантыкаў нярэдка з’яўлялася і само мастацтва. Найбольш яскрава аб гэтым сведчыць творчасць рознабакова адоранага нямецкага рамантыка Т. Гофмана –пісьменніка, мастака, кампазітара, дырыжора.

Іншы раз рамантыкі адкрывалі для сябе ідэальны свет у навуцы, філасофіі, наогул у царстве чалавечага духу і розуму (творчасць Наваліса, Э. По, У. Адоеўскага).

Імкнуліся часам рамантыкі і да рэлігіі, дзе ў хрысціянскай пакорлівасці і спачуванні знаходзілі таксама ўласны ідэал. Такі накірунак пошукаў У. Вордсварта, С. Кольрыджа, Р. Шатабрыяна, В. Жукоўскага.

Уцёкі ў духоўны свет не заўсёды задавальнялі рамантыкаў, ім хацелася, каб іх эстэтычны і маральны ідэал набыў рэальныя формы. Такім рэальным увасабленнем ідэалу станавілася даволі часта прырода (творчасць Наваліса, Дж. Байрана, М. Лермантава, А. Пушкіна, Г. Гейнэ, Ф. Купера і інш.). Рамантыкі адухаўлялі прыроду, знаходзілі ў ёй сугучнасць уласным настроям і пачуццям. Прырода паўстае ў іх творах як вольная стыхія, прыгожы і непаўторны свет, непадуладны чалавечаму самавольству. Адлюстроўваючы прыроду, рамантыкі разам з тым былі схільныя (услед за сентыменталістамі) да ідэалізацыі людзей, што жывуць на ўлонні прыроды.

Пошукі ідэальнай чалавечнасці прывялі рамантыкаў да тэмы, раней не існаваўшай у літаратуры. Гэта культ дзіцяці і дзяцінства. Ранейшае мастацтва бачыла ў дзіцяці толькі маленькага дарослага. Менавіта з рамантыкаў пачынаюцца «дзіцячыя дзеці» (Н. Бяркоўскі). Рамантыкі імкнуліся да шырокай трактоўкі паняцця дзяцінства: пад ім разумелася не толькі пэўная пара ў жыцці кожнага чалавека, але і чалавецтва ў цэлым – пара прастадушнасці і шчырасці, пачатак будучага чалавечага грамадства, свабоднага ад прыгнёту і несправядлівасці.

Рамантыкі ўпершыню закранулі праблему мастака-творцы. Класіцыстычнаму «наследаванню прыродзе» яны супрацьпаставілі творчую актыўнасць мастака. Згодна з рамантычнай канцэпцыяй творчасці мастацтва ёсць апафеоз духу. Мастак творыць свой асабісты свет, больш прыгожы і гарманічны ў параўнанні са штодзённай рэчаіснасцю. Мастацтва для рамантыка – найвышэйшая рэальнасць, а сам мастак – асоба выключная, якая рэзка выдзяляецца на фоне агульнай людской масы. Рамантыкі прытрымліваліся думкі, што «звычайнасць – смерць мастацтва». Яны абаранялі творчую свабоду мастака, яго права на фантазію, вымысел (геній не падпарадкоўваецца правілам, ён сам іх творыць). Усё (ад тэматыкі да самых тонкіх нюансаў формы) свабодна ўзнікае ў творчым уяўленні паэта, а не прадпісваецца яму адкульсьці звонку, нейкімі правіламі.

Рамантыкі разглядалі гісторыю чалавецтва як праяву адвечнай барацьбы Дабра і Зла – двух пачаткаў, што вызначаюць лёс і ўсяго Сусвету, і кожнай асобы. Дадзеныя пачаткі адпаведна ўплываюць на структуру і сістэму вобразаў рамантычнага твора. Героі ў такім творы з’яўляюцца ўвасабленнем гэтых двух крайніх пачаткаў і ў выніку рэзка падраздзяляюцца на станоўчых і адмоўных. Рамантычныя творы не церпяць паўтонаў: практычна ўсё, што прысутнічае ў іх, кантрастнае, часам з элементамі гіпербалізацыі. Героі гэтых твораў – асобы, як правіла, выключныя, яны ўзвышаюцца над усім акаляючым светам.

Станоўчы герой выступае ў пераважнай большасці твораў рамантыкаў ледзь ці не прамым носьбітам аўтарскага ідэалу. Як правіла, гэта малады чалавек, часам зусім юнак, што толькі-толькі ўступае ў жыццё і сутыкаецца з яго жорсткімі законамі. Можна нават весці гаворку аб устойлівым знешнім абліччы-партрэце станоўчага рамантычнага героя. Ён уяўляе сабой высокую фігуру са скрыжаванымі на грудзях рукамі, выразным тварам з чорнымі вачамі, доўгімі чорнымі валасамі да самых плячэй. Абавязковы атрыбут адзення гэтага героя – чорны плашч-накідка.

Ледзь ці не ўсюдным і пастаянным спадарожнікам рамантычнага героя было адзіноцтва, якое разам з імкненнем да ідэалу застаўляе гэтага героя вандраваць з месца на месца, так практычна і не знаходзячы нідзе прытулку і супакаення (Чайльд-Гарольд у Дж. Байрана, Дэман у М. Лермантава і інш.).

Новы змест мастацтва заканамерна патрабаваў і новай (ці абноўленай) формы. Гэта выявілася ў істотнай мадэрнізацыі рамантыкамі жанравай сістэмы літаратуры.

Адным з самых улюбёных родаў літаратуры становіцца ў рамантызме драма (трагедыі і драмы Г. Клейста, Дж. Байрана, В. Гюго, П. Шэлі і інш.).

Побач з драматычнымі відамі і жанрамі імкліва развіваюцца ў рамантызме і эпічныя жанры. Асабліва вялікую папулярнасць набывае раман, які з цягам часу становіцца ледзь ці не галоўным жанрам рамантычнага прыгожага пісьменства. Рамантыкі распрацоўвалі гістарычны раман («Айвенга», «Пурытане» і інш. творы В. Скота), сацыяльна-бытавы і сацыяльна-псіхалагічны раман з элементамі драматызму («Сабор Парыжскай Божай Маці», «Дзевяноста трэці год», «Адрынутыя» В. Гюго), «раман выхавання» («Годы вучэння Вільгельма Мейсцера» і «Годы падарожжаў Вільгельма Мейсцера» І. Гётэ), раман-падарожжа («Дарожныя карціны» Г. Гейнэ), прыгодніцкі і прыгодніцка-авантурны раман («Тры мушкецёры А. Дзюма), раман-утопію («Калонія на кратэры» Ф. Купера, «Млынар з Анжыбо» Ж. Санд), раман-споведзь і раман-маналог («Лелія» Ж. Санд, «Споведзь сына веку» А. Мюсэ) і некат. інш. разнавіднасці.

Даволі папулярным стаў у рамантыкаў жанр навелы, аб чым сведчыць творчасць Э. По, П. Мерыме, Л. Ціка, Г. Клейста, Т. Гофмана.

Суб’ектыўнасць, уласцівая рамантызму як метаду, садзейнічала небываламу да гэтага росквіту лірычных жанраў, якія набывалі ў многіх паэтаў характар паэтычнай споведзі альбо творчага дзённіка. Рамантыкі распрацоўвалі новыя паэтычныя жанры, што адпавядалі духу часу. Гэта раманс, стансы, вершы-споведзі, творы філасофскага напаўнення і інш. Дзякуючы намаганням некаторых рамантыкаў (Г. Гейнэ, М. Лермантава і інш.), адраджаецца напаўзабыты санет. Актыўна выкарыстоўвалі рамантыкі і літаратурна-фальклорныя жанры (баладу, песню і інш.).

Асаблівая заслуга рамантыкаў у распрацоўцы жанру паэмы. У літаратуразнаўстве існуе нават тэрмін «рамантычная паэма». Самыя вядомыя рамантычныя паэмы, вяршыні гэтага жанру – «Паломніцтва Чайльд-Гарольда» Дж. Байрана, «Медны коннік» А. Пушкіна, «Дзяды» і «Пан Тадэуш» А. Міцкевіча, «Дэман» і «Мцыры» М. Лермантава, «Германія, зімняя казка» Г. Гейнэ.

Рамантыкі зрабілі значны ўклад у версіфікацыйную сістэму лірыкі. Яны актыўна працавалі над удасканаленнем метрычнай схемы верша. Менавіта рамантыкам належыць заслуга прышчаплення да паэзіі белага верша, які, на думку паэтаў, максімальна адпавядае іхняму часу ў сэнсе імкнення да волі, свабоды, незалежнасці ад схем і прадпісанняў.

Несумненныя заслугі рамантыкаў і ў распрацоўцы новых вобразна-выяўленчых сродкаў, стылістыкі ў выніку імкнення да перадачы складанай гамы перажыванняў, багатага і супярэчлівага духоўнага свету сваіх герояў. Слова ў рамантыкаў ахутваецца туманам асацыяцый, напаўняецца таямнічым, глыбокім сэнсам. Паэты імкнуцца да выкарыстання эмацыянальных эпітэтаў, складаных метафар, да актыўнага прымянення такіх дзейсных сродкаў паэтычнага сінтаксісу, як інверсія, паўтор, рытарычныя пытанні, звароткі, выгукі.

Наогул рамантычная эстэтыка і паэтыка – новы і значны крок у паступальным развіцці сусветнага прыгожага пісьменства. Яна аказала вельмі моцны ўплыў на ўсю, без перабольшвання, наступную літаратуру свету. Адмаўлялі рамантыкаў, але пры гэтым надзвычай многае бралі ў іх пісьменнікі-рэалісты ХІХ і ХХ стст. Засвоеныя і творча пераасэнсаваныя прынцыпы рамантычнай эстэтыкі і паэтыкі выкарыстоўвалі сімвалісты і экспрэсіяністы. Многае ад рамантызму ў цэлым шэрагу іншых дэкадэнцкіх і мадэрнісцкіх плыней. І, урэшце, ледзь ці не прамым прадаўжальнікам рамантызму стаў у канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. г. зв. «неарамантызм», больш падрабязна на якім мы спынімся крыху ніжэй.

Рамантызм, згодна з тэрміналогіяй аднаго з буйнейшых расійскіх тэарэтыкаў літаратуры Г. Паспелава, можна з поўным правам лічыць літаратурна-мастацкім рухам па прычыне таго, што ён надзвычай моцна выявіўся практычна ва ўсіх літаратурах Еўропы, а таксама (ці не ўпершыню за ўсю гісторыю развіцця сусветнага прыгожага пісьменства) перасягнуў яе межы і даў аб сабе знаць у шэрагу літаратур краін Азіі і амерыканскага кантынента. Гэта было моцнае літаратурна-мастацкае ўтварэнне, якое, пры ўсёй яго тыпалагічнай агульнасці, мела таксама і шэраг ярка выяўленых рэгіянальных і нацыянальных рысаў. На гэтай падставе даследчыкамі вылучаюцца рамантызм заходнееўрапейскі, славянскі, амерыканскі і некат. інш. У межах жа рэгіёнаў адрозніваюць нацыянальныя разнавіднасці рама?

К-во Просмотров: 168
Бесплатно скачать Курсовая работа: Вядучыя напрамкі і плыні ў еўрапейскай і сусветнай літаратуры ХVІ–ХХ ст.