Курсовая работа: Вывучэнне творчасці Васіля Быкава ў школе
Трэба таксама зазначыць, што шмат карыснай інфармацыі для настаўнікаў і вучняў змешчана на сайце, прысвечанаму Васілю Быкаву www.bykau.by.ru. Гэты сайт нельга пакінуць па-за ўвагай сучасных школьнікаў, асабліва на ўроках літаратуры ў 10-11-ых класах агульнаадукацыйных школ, гімназій і ліцэяў.
2. Сістэма урокаў па творчасці В. Быкава ў 9, 11 класах (на прыкладзе вывучэння жыццёвага і творчага шляху пісьменніка)
З вопыту работы літаратуразнаўца Дз. Бугаёва варта пачэрпнуць інфармацыю па складанні сістэмы ўрокаў на тэму жыццёвага і творчага шляху В. Быкава ў старэйшых класах.
Клас: 9
Тэма : Жыццёвы і творчы шлях Васіля Быкава
Мэты ўрока: Развіваць у дзяцей навык атрымання неабходнай інфармацыі са шматлікіх крыніц; дапамагчы засвоіць асноўныя даты жыцця і творчасці пісьменніка; выхоўваць асноўныя разумовыя дзеянні: параўнанне, супастаўленне прадметаў і з’яў праз аналіз твораў Быкава.
Тып урока : урок вывучэння новага матэрыялу
Від урока: урок-даследаванне
Абсталяванне: партрэт пісьменніка, два-тры фотаздымкі, “Беларуская энцыклапедыя”, т.3, разгорнуты на с. 371, самы поўны 6-томны прыжыццёвы збор твораў, апошнія кнігі пісьменніка, шматлікія літаратуразнаўчыя даследаванні пра творчасць В. Быкава: кнігі М. Бахціна, І. Афанасьева, І. Дзядкова.
Эпіграф: 1. “Васільком у жыце беларушчыны застанецца назаўсёды Быкаў” (Р.Барадулін);
Талент мае права гаварыць народу праўду пра ягонае існаванне, часам горкую і балючую праўду… але калі ягоная праўда з вялікай літары, дык пройдзе час, і яму той жа народ паставіць прыгожы помнік на самай прыгожай плошчы свайго сталічнага горада. Але гэта пасля, бо пры жыцці “нет пророка в отечестве своём” – ісціна, добра вядомая з часоў першых хрысціян, і кожны з нас, творцаў, павінен памятаць гэта. (В. Быкаў)
Ход урока
1. Слова настаўніка
Суаднясіце назву і эпіграф урока з уласным успрыманнем самастойна прачытаных вамі твораў В.Быкава і пытальнымі сказамі сфармулюйце вашу перспектыўную задачу на ўроках, прысвечаных творчасці пісьменніка.
У выніку урокаў нам належыць адказаць на пытанні: хто ёсць Васіль Быкаў для нашага народа? За якія заслугі перад нашай нацыяй ён назаўсёды застанецца “васільком у жыце беларушчыны”.
2. Актуалізацыя неабходных ведаў.
Быкаў лічыў канцэптуальнасць адным з найважнейшых патрабаванняў, нават законам творчасці, і вызначыў канцэптуальнасць як адметны ад іншых аўтараў светапогляд і светаўспрыманне.
Вучням прапануецца з жыццяпісу пісьменніка выбраць 2-3 моманта, якія, на іх погляд, найбольш паўплывалі на яго светапогляд і светаўспрыманне, а значыць і канцэптуальнасць твора.
Настаўнік падказвае, што выканаць гэтае заданне дапамогуць не толькі стар. 343 – 345 падручніка, але і артыкул Быкава “Замест аўтабіяграфіі”, а таксама адпаведныя артыкулы энцыклапедыі.
У выніку працы з гэтымі артыкуламі і з даапамогай настаўніка вучні павінны прыйсці да высновы, што вытокі канцэпцыі пісьменніка В. Быкава і асноўныя праблемы яго творчасці – у асабістым лёсе. Лёс яго непарыўна звязаны з лёсам яго народа. 97 працэнтаў равеснікаў В. Быкава (а ён нарадзіўся на Сёмуху, 19 чэрвеня 1924 г. у вёсцы Бычкі Віцебскай вобласці), якія пайшлі на фронт, так і не вярнуліся з ратнага поля. Пра чырвона-карычневую чуму, якая забрала жыцці кожнага трэцяга беларуса, Быкаў ведаў не па чутках. З самага пачатку вайны ён быў на будаўніцтве абарончых рубяжоў, а асля Саратаўскага пяхотнага вучылішча ў 1942 г. малодшы лейтэнант В.Быкаў аказаўся ў самым пекле вайны і ваяваў да самай перамогі. Быў двойчы паранены, прычым, адзін раз яго нават палічылі загінуўшым. Бацькі атрымалі пахаронку, у якой паведамлялася, што іх сын, камандзір стралковага ўзвода лейтэнант Быкаў Васіль Уладзіміравіч забіты 10.01.1944г. і пахаваны на цэнтральных могілках вёскі Вялікая Севярынаўка Кіраваградскай вобласці.
На шчасце, гэта была памылка. Лёс збырог для нашага народа яго сына і прарока. Яму будзе наканавана самому паставіць сваёй творчасцю абеліск і перадаць жывым памяць і веды пра будучыню.
Патлумачваючы паходжанне памылкі пра яго пахаванне, пісьменнік расказваў, што ў студзеньскіх баях пад Кіраваградам застаўся ўвесь іх батальён, а можа, і ўвесь полк. Вясной жыхары навакольных вёсак збіралі трупы байцоў і звозілі іх у брацкую магілу ў Севярынаўцы. Напэўна, там падабралі і палявую сумку Быкава. Некаторыя дакументы, знойдзеныя ў ёй, і далі падставу меркаваць, што яе гаспадар таксама сярод загінуўшых.
3. Вывучэнне новага матэрыялу (спосаб: апераджальныя заданні)
За два тыдні да ўрока вучні атрымалі тры блокі рознаўзроўневых заданняў, і кожны вучань выбраў з іх адзін для сябе. Вучні па жаданні маглі выконваць заданні індывідуальна, парамі, або ў групах. За некалькі дзен да ўрока яны паведамляюць настаўніку пра вынікі сваёй працы: з якімі вынікамі сутыкнуліся, каму неабходна дапамога.
Заданні па блоках :
Блок 1 .
1. Падрыхтуйце слова-ўступ да 1-га ўрока пра В. Быкава
2. Зрабіце пераказ толькі экстрэмальнай сітуацыі паводле адной (на выбар аповесці В. Быкава: “Жураўліны крык” (1959), “Абеліск” (1971), “Круглянскі мост” (1969), “Балота” (1995).
3. Вызначце сэнс назвы прачытанай аповесці.