Курсовая работа: Замкі і крэпасці Беларусі XIV-XV ст

У XV ст. працэс інкастэляцыі храмаў, гэта значыць ператварэнне іх у сваеасаблівыя замкі, не абмінуў і зямель Вялікага Княства Літоўскага, і ў прыватнасць Беларусі. Цэрквы, касцёлы, кляштары і сінагогі сталі набываць элементы абароны: сцены будаваліся высокія і тоўстыя; на вуглах будынкаў, франтонах і над ўваходам узводзіліся вежы з разнастайнымі байніцамі; сутарэнні храмаў пераўтвараліся ў склады ваеннага рыштуну і прадуктаў, а ў вежах нярэдка размяшчаліся студні. Новы парадак у архітэктуры быў выкліканы пэўнымі гістарычнымі ўнутранымі і знешнімі гістарычнымі прычынамі, надзённымі сацыяльна-палітычнымі задачамі тагачаснага грамадства, патрэбы якога ён павінен быў задаволіць. Паспяховае развіццё інкастэляцыі на беларускіх землях забяспечвалася трывалай эканамічнай базай, даўнімі будаўнічымі традыцыямі і наяўнасцю высокакваліфікаваных кадраў дойлідаў. У гарадах Беларусі ўзнікала шмат абарончых храмаў. Стоячы адзін пры адным, такія будынкі стваралі дадатковы мураваны пояс абароны, які праціўніку даводзілася браць штурмам.

Інкастэляваныя храмы пачалі ўзнікаць і ў сельскай мясцовасці. Немалаважную ролю ў гэтым ігралі звады і міжусобныя войны паміж магнатамі. Многія з іх мелі сваё ўласнае войска і, кааб паквітацца з ворагамі, ужывалі любыя сродкі. Ад такіх прыватных войнаў і наездаў больш за ўсё цярпеў вяскова люд, сховішчам для якога звычайна станавіліся касцёл ці царква – нярэдка адзіны ў акрузе мураваны будынак, узведзены рукамі тых самых простых сялян. Паколькі сярод беларусаў былі і праваслаўныя, і католікі, дык і абарончымі храмамі былі і цэрквы, і касцёлы. Прыстасоўваліся да абароны і кальвінскія зборы, а таксама асобныя сінагогі.

Тэма абарончага дойлідства адносна добра вывучана беларускімі гісторыкамі. Наогул, даследаванне архітэктурнай спадчыны ў еўрапейскіх краінах пачалося ў XVIII ст. Але канчаткова новае станаўленне да нацыянальнай архітэктуры сфарміравалася ў першай палове XIX ст. пад уплывам эстэтыкі рамантызму, што выявілася найперш у літаратуры. Пад уплывам рамантызму пачалі паступова вывучаць помнікі дойлідства і ў Расійскай імперыі, у склад якой увайшла у канцы XVIII - пачатку XIX ст. Беларусь. Першымі звярнулі ўвагу на старажытныя замкі, крэпасці і бажніцы гісторыкі, мастакі, краязнаўцы і археолагі.

Прафесар Міхаіл Аляксандравіч Ткачоў (10.03.1942-31.10.1992) - плённую навуковую і педагагічную працу спалучаў з актыўнай грамадскай і палітычнай дзейнасцю. У канцы 80-х гадоў ХХ ст. ён быў адным з заснавальнікаў і доўгачасовым лідарам гарадзенскага гісторыка-культурнага і палітычнага клубу “Паходня”. Клуб “Паходня” зрабіўся сапраўдным цэнтрам дэмакратычнага руху горада, гэта была ўнікальная школа жыцця і патрыятызму для маладых удзельнікаў клуба. Ад самага пачатку, з чэрвеня 1988 г., ён знаходзіўся ў першых шэрагаў Адраджэнцаў Беларусі. У гэты час Міхась Ткачоў абіраецца намеснікам старшыні Сойму Беларускага Народнага Фронту. Ён быў адным з ініцыятараў, а потым актыўным стваральнікам сацыял-дэмакратычнага руху Беларусі. У сакавіку 1991 г. Міхась Ткачоў быў абраны старшынёй Цэнтральнай Рады Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады.

У 1989 г. праф. М.Ткачоў пакідае мілы яго сэрцу горад Гродна і пераязджае жыць і працаваць ў Мінск. Працуючы ў рэдакцыі выдавецтва Беларуская Энцыклапедыя (спачатку кіраўніком гістарычнай рэдакцыі, а пазней галоўным рэдактарам), М.А. Ткачоў быў ініцыятарам стварэння фундаментальнай энцыклапедыі Археалогіі і нумізматыка Беларусі, а таксма шасцітомнага выдання Энцыклапедыя Гісторыя Беларусі.

З 1968 г. і да апошніх дзён праф. М.А. Ткачоў прысвяціў сябе беларускай навуцы. Ім напісана каля 200 навуковых прац, з іх 10 кніг (уключаючы раздзелы ў калектыўных манаграфіях). У 1972 г. ён абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Ваеннае дойлідства Беларусі XIII-XVIII стст. (па помніках паўночна-заходняй і паўднёва-заходняй Беларусі)”. У 1987 г., Міхась Ткачоў паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю “Арганізацыя абароны гарадоў Беларусі XIV-XVIIIcтст.” На падставе гэтых дысертацый былі створаны кнігі - гэта «Замкі Беларусі», «Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII-XVIII стст.», «Замкі і людзі».

Гісторык, археолаг, крыніцазнаўца, геральдыст – вось непоўны спіс яго талентаў. Галоўная ўвага Міхася Ткачова была накіравана на даследаванне багатай і разнастайнай вайсковай гісторыі Беларусі. На падставе глыбокага аналізу гістарычных, археалагічных і іканаграфічных крыніцаў праф. М.А. Ткачоў першым у беларускай гістарыяграфіі прасачыў генезіс, эвалюцыю і этапы развіцця замкаў і абарончых сістэмаў населяных пунктаў, а таксама арганізацыю абароны беларускіх гарадоў. Канструктыўнай асновай, ядром абаронных умацаванняў большасці раннесярэднявечных гарадоў Беларусі былі фартыфікацыйныя збудаванні, якія былі створаны яшчэ ў эпоху Кіеўскай Русі. Пасля драўляных і драўляна-земляных абарончых канструкцый, з другой паловы ХІІІ ст. прыходзяць мураваныя вежы-данжоны (Камянец, Гродна, Брэст, Навагрудак, Тураў) і з XIV ст. - агульнадзяржаўныя замкі-кастэлі (Ліда, Крэва, Меднікі) і шматвежавыя замкі (Гродна, Навагрудак). З канца XV ст. i да XVII ст. інтэнсіўна будуюцца прыватныя замкі (Мір, Геранёны, Іказнь, Мядзел, Любча і інш.), робіцца больш дасканалай фартыфікацыйная сістэма гарадоў (Слуцк, Полацк, Віцебск), з’яўляюцца інкасталяваныя святыні – сваеасаблівыя замкі (Сынкавічы, Мураванка, Супрасль, Полацк). З сярэдзіны XVI ст. на тэрыторыі Заходняй Беларусі будуюцца замкі еўрапейскага тыпу з сістэмай бастыёнаў (Нясвіж, Заслаўе, Быхаў і інш.). Паводле М.Ткачова, вайскова-манументальнае дойлідства Беларусі ў сярэднявеччы заўсёды адпавядала патрабаванням часу і спрыяла фармаванню прыгожага аблічча беларускіх гарадоў. У вайскова-інжынерным мастацтве XIV-XVIII стст. ён вылучаў дзве галоўныя рысы: 1) трывалая сувязь з мясцовымі традыцыямі вайсковага будаўніцтва і народнай драўлянай архітэктурай; 2) кантакты і выкарыстоўванне найноўшых дасягненняў у галіне фартыфікацыі Польшчы, Прыбалтыйскіх краін, Чэхіі, Нямеччыны, Нідэрландаў і Італіі.

М.Ткачоў пераканаўча паказаў высокі ўзровень фартыфікацыйнай сістэмы і арганізацыі абароны беларускіх гарадоў і мястэчак, асабліва Падняпроўя і Паддзвіння, у XVI - XVIII стст. На яго думку гэта была рэакцыя на складаныя і небяспечныя адносіны ў гэты час з суседняй Маскоўскай дзяржавай. Паводле М.А. Ткачова, амаль да сяр. XVIII ст. захоўвалася вайсковая арганізацыя гараджан з падзелам на дзясяткі, сотні і паўкі, вядомая ад часоў Кіеўскай Русі. Нормы і артыкулы магдэбурскага права толькі ўдасканалі структуру вайсковай арганізацыі гараджан, надаўшы ёй еўрапейскіх рысаў. Амаль суцэльная, пагалоўная, узброенасць мяшчанаў – характэрная рыса беларускага сярэднявечча і новага часу. І, менавіта, апалчэнні гараджан і насельніцтва валасцей даволі часта выконвалі галоўную, выключную ролю ў абароне гарадоў і замкаў. На думку М.А. Ткачова, вайскова-манументальнае дойлідства Беларусі ў XIV-XVIII стст. заўсёды адпавядала патрабаванням часу і спрыяла фармаванню прыгожага аблічча беларускіх гарадоў.

Наш зямляк Тэадор Нарбут, аўтар шматтомнай гісторыі беларускага і літоўскага народаў, даследаваў Лідскі замак, асабліва замкавыя вежы, рэшткі якіх тады яшчэ захоўваліся на значную вышыню. Другі гісторык Міхал

Балінскі апісаў Крэўскі і Гальшанскі замкі, вывучаў помнікі Смаргоні, Лоска, Ляхавіч, Слуцка, Быхава, Пінска і іншых гарадоў. Помнікі старажытнай архітэктуры Беларусі – замкі, цэрквы, касцёлы і інш. – вывучаў вядомы беларускі археолаг ХІХ ст. Канстанцін Тышкевіч, які стварыў у сябе на радзіме, у Лагойску, музей старажытнасцей. У прадэсе абследавання помнікаў была вывучана гісторыя развіцця тэхнікі каменнай муроўкі, эвалюцы будаўнічых матэрыялаў (цэглы, дахоўкі, плітак падлогі) і архітэктурна-дэкаратыўнай керамікі (фасадныя пліткі і кафля). Апісаннем беларускай нацыянальнай спадчыны займаўся вучоны, пісьменнік і краязнавец А. Г. Кіркор.

Свае працы праблеме абарончага дойлідства прысвяцілі В. Чантурыя, Ю. Якімовіч, А. Лакотка і г. д. Вялікую

работу за апошнія 30 гадоў правялі мастацтвазнаўцы і гісторыкі беларускай архітэктуры. Некалькі прац па гісторыі старажытнага дэкаратыўнаўжытковага мастацтва і архітэктуры надрукаваў Міхаіл Кацар.

Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Чантурыі праведзены абмеры пошукаў беларускага дойлідства і абследаваны гістарычныя цэнтры ў цэлым шэрагу гарадоў рэспублікі. ён аўтар некалькіх падручнікаў і манаграфій па гісторыі беларускай архітэктуры.

Тамара Чарняўская прысвяціла манаграфіі помнікам старажытнай і сучаснай архітэктуры Магілёва, Віцебска і Мінска (апошняя ў сааўтарстве з Аленай Пятросавай). Драўлянае дойлідства беларускага Палесся добра пададзена ў кнізе Юрыя Якімовіча. Цікавую працу пра архітэктуру палацаў і старадаўніх сядзіб XVIII — пачатку XIX ст. напісау Анатоль Кулагін.

Сумесна з Валянцінай Караткевіч ён выдаў кнігу аб помніках Слоніма. Пяру даследчыка належыць таксана капітальная манаграфія, прысвечаная беларускаму ракако. Разнастайнае ўбранне інтэр'ераў можна ўбачыць у каляровых альбомах, складзеных Надзеяй Фёдараўнай Высоцкай.

Вялікім укладам у справу вывучэння і аховы нашай архітэктурнай спадчыны з'яўляюцца сямітомны «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» і пяцітомная «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі». Выйшлі ў свет першыя тры тамы шматтомнага выдання «Гісторыя беларускага мастацтва».

Даследчыкамі быў выказаны шэраг навуковых думак, якія сталі асновапалагаючымі. У прыватнасці, даследчыкі паказалі, што развіццё абарончага дойлідства на беларускіх землях мела складаны характар. Яно спалучала як мясцовыя ўласна беларускія традыцыі, так і элементы заходяга дойлідства. У гэтай сувязі асабліва цікавым уяўляецца разгляд развіцця абарончага дойлідства на Беларусі ў агульнаеўрапейскім кантэксце.

Мэта маёй працы - даць комплексны аналіз абарончага дойлідства Беларусі XIV-XV стст. у кантэксце агульнаеўрапейскай палітычнай, эканамічнай і культурнай гісторыі. У гэтай сувязі я паставіла перад сабою дзве асноўныя задачы:

- паказаць асаблівасці абарончага дойлідства на беларускіх землях XIV– XVстст.;

- ахарактарызаваць комплексы Беларусі ў XIV - XV стст. як абарончыя, эканамічныя і культурныя цэнтры.

У дадзенай працы мне б хацелася не проста абагульніць вопыт папярэдніх даследчыкаў, а знайсці новыя фактары развіцця абарончых збудаванняў, якія маглі б істотна паўплываць на сучаснае бачанне праблем развіцця культуры і фартыфікацыйнай справы на Беларусі.

Глава 1. Вежы - данджоны на Беларусі

1.1 Камянецкая вежа

Камянецкая вежа з'яўляецца ўнікальным помнікам абарончага дойлідства канца XIII ст. Гэта адзіная цэлая пабудова з групы так званых валынскіх веж, што некалі існавалі ў радзе беларускіх гарадоў.

Гісторыя вежы цесна звязана з горадам Камянцом, што ўзнік як пагранічны апорны пункт князя Уладзіміра Васількавіча супраць літоўскага князя Трайдзеня, з якім не раз прыходзілася ваяваць. У 1276 г., пасля чарговага замірэння з Трайдзенем, Уладзімір Васількавіч вырашыў на раке Лясной залажыць “град”. З гэтай прычыны сюды быў пасланы вядомы “градаруб” Алекса, які яшчэ пры бацьку Уладзіміра Васількавіча шмат гарадоў “зрубіў”. А праз нейкі час у новым горадзе пры ўладзе тутэйшых жыхароў узвялі каменны столп.

Дакладна дата збудавання гэтага помніка старажытнай архітэктуры невядома. Мяркуючы па звестках Іпацьеўскага летапісу, вежу вымуравалі прыблізна між 1276 і 1288 гг.

Вышыня пяціяруснай вежы 30 м, тыўшчыня сцен 2,5 м, вонкавы дыяметр 13,6 м. Стаіць на магутным падмурку з каменю. Змуравана з брусковай цэглы цёмна-чырвонага і жаўтаватага колеру ў тэхнiцы “балтыйскай” муроўкi – два лажкі паслядоўна чаргуюцца з адным “тычком”. Сцены вежы прарэзаны байніцамі, паміж якімі на вонкавай паверхні сцяны размешчаны чатыры плоскія нішы з паўцыркульным завяршэннем. Над 5-м ярусам захаваліся рэшткі цаглянага купальнага скляпення з патоўшчанымі рэбрамі, якія заканчваюцца ўнізе невялікімі кранштэйнамі з вузкім паяском. З 5-га яруса пачынаецца цагляная лесвіца-ход, што вядзе наверх да баявой пляцоўкі. Пляцоўка акружана чатырнаццаццю зубцамі, якія маюць скразную адтуліну, роўную па форме лажку цагліны. У двух зубцах зроблены вузкія акнападобныя праёмы. Завяршэнне вежы акружана зубчастай стужкай парэбрыка.

Камянецкая вежа спазнала нямала выпрабаванняў. Не раз, пачынаючы з 1373 г., на горад нападалі рыцары-крыжакі. У 1375 г., атрад крыжакоў абрабаваў ваколіцы Камянца і забраў шмат палонных і жывёлы. Праз тры гады рыцарам удалося штурмам захапіць горад і спаліць. У 1384г. Яны зноў напалі на Камянец.

У 1382 г. Камянец захапіў польскі князь Януш Мазавецкі. Толькі праз год, пасля тыднёвай аблогі, горад вярнуў назад князь Ягайла. У час доўгай звады між Ягайлам і Вітаўдам, у 1390 г., Ягайлу зноў давялося браць Камянец штурмам. Аднак горад быў важным стратэгічным пунктам, які да таго ж стаяў на скрыжаванні гандлёвых шляхоў. Таму яго ўмацаванні хутка адбудоўвалі і трымалі ў належным стане. Дамінантай гарацкой абароны была вежа. Яна знаходзілася ў сярэдзіне кальцавога вала, на вяршыні якога стаялі драўляныя ўмацаванні.

К-во Просмотров: 277
Бесплатно скачать Курсовая работа: Замкі і крэпасці Беларусі XIV-XV ст