Реферат: Ад Люблінскай вуніі да расейскай акупацыі Беларусі
Па атрыманьні адказу ад праваслаўнага сабору каралеўскія паслы пабачылі немагчымасьць аб'яднаньня і сказалі сваім біскупам і ўладыкам, каб яны не зьвяртаючы ўвагі на праваслаўны сабор, даводзілі да завяршэньня справу вуніі. Тады вуніяцкі сабор аформіў пісьмовым актам дакананьне вуніі, пазбавіў сану, сьвяшчэнства і выкляў львоўскага япіскапа Гэдэона, Нікіфара Тура – архімандрыта кіева-пячорскага манастыра, а так сама ўсіх іншых духаўнікоў, прымаўшых удзел у праваслаўным саборы, аб чым паведаміў караля, каб ён даў гэтыя месцы іншым асобам.
Праваслаўны сабор са свайго боку асудзіў мітрапаліта і ўладыкаў, пайшоўшых на вунію, пазбавіў іх архірэйскіх становішчаў і духоўных санаў, аб чым паведаміў мітрапаліта Рагозу і згодных з ім уладыкаў. Ад імя ўсяго праваслаўнага сабору было пастаноўлена прасіць караля звольніць асуджаных уладыкаў і вызначыць іншых праваслаўных уладыкаў. Усе ўдзельнікі праваслаўнага сабору абяцалі моцна трымацца праваслаўя, патрыярхаў і старога каляндара. Быў прыняты яшчэ пратэст супроць вуніі, уводжанай уладыкамі самавольна бяз ведама і волі народу і было пастаноўлена не падпарадкавацца, а супроцьставіцца вуніі ўсімі магчымымі сродкамі.
Пасьля сабору вунія пачала ўводзіцца ў жыцьцё на Беларусі, стасуючы гвалты над праваслаўнымі, рабункі, і самую нікчэмную ману. Вуніяцкія япіскапы захапілі праваслаўныя архірэйскія кафэдры, якія яны займалі папярэдня. Наступна вуніяты пачалі адбіраць ад праваслаўных цэрквы, манастыры, а так сама стараліся адабраць ад праваслаўных усе правы і прывілеі.
У Вільні вуніяты адабралі ад праваслаўных усе цэрквы і сьвята-траецкі манастыр. Яны не змаглі адабраць нядаўна збудаванай сьвята-духавай царквы, аднак дамагаліся выгнаньня чатырох ейных сьвятароў. Вуніяты адабралі ад праваслаўных грамадзян права быць сябрамі гарадзкога магістрату, належыць да гандлёвых і рамесьніцкіх цэхаў. Для большага зьдзеку над праваслаўнымі ім не дазвалялася выносіць нябожчыкаў праз звычайныя гарадзкія вароты, а прыходзілася выносіць праз вароты прызначаныя для вывазу сьмяцьця. У Магілеве і Воршы ўсе цэрквы былі адабраныя ад праваслаўных і запячатаныя, а сьвятары разагнаныя. Ня было каму хрысьціць дзяцей і спавядаць паміраючых.
Асабліва цяжкім было жыцьцё праваслаўных беларускіх сялян, пражываючых у маемасьцях польскіх ці апалячаных паноў. Яны часта аддавалі свае маемасьці з сялянамі і цэрквамі ў арэнду жыдом. Арандатары трымалі ключы ад цэркваў у сябе, бралі аплаты за ўсякае багаслужэньне і за кожную трэбу, зьдзекуючыся над сялянамі і іх праваслаўнай верай. Скаргі гучэлі па ўсей Беларусі, аднак ніхто не зьвяртаў на іх увагі. Дзеля рэлігійнага, нацыянальнага і сацыяльнага ўціску шмат беларусаў уцякала на паўдня з абсягу польскіх гвалтаў, далучалася да казакоў, або сялілася на паўдзённых стэпах.
На вуніяцкі прасьлед праваслаўныя адказвалі пратэстамі, скаргамі і прозьбамі, якіх было мноства па судох, сойміках, соймах і перад самім каралём. Па большай частцы гэтыя заявы зусім не разглядаліся, а часта нават не прыймаліся. Каралеўскі Задворны Суд амаль заўсёды вырашаў іх на карысьць вуніятаў. Трыбунальскія суды ня-рэдка вырашалі справы на карысьць праваслаўных, але яны звычайна ўневажняліся воляй караля. На гэнэральных соймах заявы праваслаўных, як правіла, адкладваліся да наступнага сойму, а калі вырашаліся, то пад ціскам караля – аднабакова на карысьць вуніятаў. Пастанова гэнэральнага сойму з 1607 г. на карысьць праваслаўных, калі ім абяцалася даць праваслаўнага мітрапаліта і япіскапаў, – ня была выкананая. Не атрымліваючы законнай абароны права-слаўныя часамі стасавалі самаўпраўства: мітрапаліта Рагозу ў Слуцку абкідалі каменьнем; Пацею ў Вільні адсеклі 2 пальцы; Кунцэвіча ў Магілеве розна ругалі і са збройнай сілай ня пусьцілі ў горад.
Заступнікамі і абаронцамі праваслаўя выступала беларуская і ўкраінская шляхта. Яны не дапушчалі ў свае маемасьці вуніятаў, будавалі ў сябе новыя цэрквы, манастыры і падтрымлівалі праваслаўнае духавенства. Яны баранілі праваслаўе на соймах і сойміках. Праваслаўная шляхта заключыла ў Вільні ў 1623 г. саюз з пратэстанцкай шляхтай, у якім прынялі удзел «самыя выдатныя сэнатары дзяржавы», як аб гэтым данасіў у Рым мітрапаліт Руцкі.
Але больш супраціву вуніі рабілі праваслаўныя брацтвы. За сваю арганізаванасьць, ахвярнасьць і адданасьць праваслаўю брацтвы былі асабліва зьнеслаўляныя вуніятамі. Руцкі даносіў у Рым, што віленскае брацтва, галава іншых брацтваў, ад пачатку вуніі ўжо звыдаткавала 200,000 флёрынаў для супроцьдзеяньня ёй. Такія брацтвы арганізаваліся і па іншых гарадох. На гэнэральныя соймы і нават на соймікі брацтвы пасылалі сваіх упаўнаважаных і свае пасланьні са скаргамі на вунію; гэтыя ўпаўнаважаныя «грашмі і дарункамі змаглі схіляць на свой бок важнейшых паслоў і самога маршалка, а нават галаўнейшых сэнатараў дзяржавы», як аб гэтым пісаў Руцкі. Брацтвы і праваслаўная шляхта арганізавалі школы, друкарні, выдавалі кнігі супроць вуніі і для праваслаўных патрэб, арганізавалі новыя манастыры заместа адбіраных вуніятамі, як: Сьв. Духа ў Вільні, мужчынскі і жаночы ў Менску і інш.
Аб супрацоўніцтве розных станаў на Беларусі ў вабароне праваслаўя гаворуць сьпіскі праваслаўных брацтваў. Да менскага брацтва належылі ня толькі мяшчане і духоўныя, але былі 52 сябры са шляхты; тое самае было з віленскім брацтвам і з іншымі. У гэты пэрыод сярод праваслаўнай шляхты ўжо ня было сэнатараў, але яшчэ былі князі: Агінскія, Карыбут-Вішнявецкія, Палубенскія, Карэцкія, Друцкія-Горскія, Друцкія-Любэцкія, Чартарыйскія, Сангушкі-Кашырскія, хаця іншыя сябры гэтых фаміліяў ужо прынялі каталіцтва і сполёнізаваліся. Яшчэ была праваслаўная шляхта, якая займала больш, ці менш важныя дзяржаўныя пасады, як: падкаморы, чашнік, гарадзкі стараста, гарадзкі судзьдзя, падсудак, падстолі і інш., якія прадстаўлялі значную сілу.
Вунію на Беларусі праводзілі чужыя дзейнікі: польскі кароль і рымскі папа. Папа стала пісаў па справе вуніі каралю, сэнатарам і гэнэральным соймам, а так сама дзеіў праз сваіх нунцыяў у ВКЛ і ў Польшчы. Кароль выдаў на карысьць вуніі безліч загадаў, бараніў яе на гэнэральных соймах, уневажняў самыя справядлівыя прысуды трыбуналаў на карысьць праваслаўных, сурова прасьледваў праваслаўных духаўнікоў і сьвецкіх, супроцьставячыхся вуніятам і часта прысуджваў на выгнаньне з бацькаўшчыны. Каталіцкія біскупы хутка пачалі адносіцца няпрыязна да вуніі, трактуючы яе як штось ніжэйшае. Вуніяцкія япіскапы не атрымалі мейсцаў у сэнаце. У вунію гвалтам пераводзілі перадусім сялян, а шляхта дабраахвотна адразу прымала каталіцтва.
Цяжка было праваслаўным бараніцца супроць польска-каталіцкага наступу, не маючы іерархічнага кіраўніцтва. Дапамог гэтаму ірусалімскі патрыярх Феафан, які ў 1620 г. наведаў ВКЛ патаемна высьвяціў мітрапаліта і япіскапаў. У ліку высьвячаных быў і архіяпіскап полацкі Мялет Сматрыцкі. Новапастаулены мітрапаліт Іоў Барэцкі жыў у Кіеве пад апекай казакаў дзякуючы чаму мог праводзіць сваю дзейнасьць. А праваслаўных беларусаў урад уціскаў па ранейшаму. У пратэсьце мітрапаліта Іова супроць уціску праваслаўных у Вільні, гаварылася, што ў Магілеве, Менску, Оршы, Горадні, Пінску і інш. гарадох ад праваслаўных адабраныя цэрквы. У Берасьці Дарафея з братамі ўкінулі ў студню; у Краснаставе уварваліся ў мураваную царкву і шмат каго забілі ў царкве; тое самае зрабілі ў Сокале, Бельску, Бусьне, – дарослых забівалі бяз споведзі, а дзяцей – бяз хрышчэньня.
Больш за іншых зьдзекаваўся над праваслаўнымі і тэррорызавау іх полацкі вуніяцкі архіяпіскап Ёзафат Кунцэвіч. Дня 22 чэрвеня 1620 г. у Траецкі манастыр пад Полацкам сабраліся многія праваслаўныя вернікі з аколічных прыходаў і манастыроў, з крэснымі ходамі, для ўзьняцьця пратэсту супроць гвалтаў вуніята Кунцэвіча. Ваявода полацкі, паляк і каталік, загадаў сваім гайдукам і казакам разграміць гэту маніфэстацыю праваслаўных. Крэсныя ходы, ідучыя дарогамі ў манастыр, былі крывавым тэррорам з забойствамі разганяныя. Уначы манастыр быў абкружаны збройнымі людзьмі полацкага ваяводы, вада была адрэзаная, а нарэшце манастыр быў спалены разам з мноствам сабранага там народу. На суседнім узгорку Кунцэвіч з гайдукамі ваяводы служыў малебен удзячнасьці, пры полымі пажару манастыра і пры крыках кананьня праваслаўных, гінучых у вагні.
У 1621 г. Кунцэвіч адабраў ад праваслаўных у Полацку і Віцебску ўсе цэрквы і манастыры. Ён забараняў праваслаўныя багаслужэньні ў прыватных памешканьнях і ў паветках за межамі гораду, садзіў праваслаўных сьвятароў у турму, выганяў з епархіяў, загадаў выкапаць праваслаўных нябожчыкаў з могільніка і кінуць іх сабакам і г. п. Канцлер Сапега пісаў Кунцэвічу з мэтай устрыманьня яго ад эксцэсаў, але без памыснасьці. Ненавісьць праваслаўных да Кунцэвіча была такая вялікая, што яго ўсюды хацелі забіць. Так было ў Віцебску ў 1622 г., у Мсьціслаўлі і ў Оршы. У 1623 г., калі Кунцэвіч загадаў схапіць праваслаўнага сьвятара Ільлю, ідучага ў праваслаўную паветку за горадам для служэньня там абедні, – у Віцебску пачалося народнае паўстаньне. Пад гул трывожны званоў народ з бурмістрам Лявонам Ваўком на чале, забіў Кунцэвіча, а цела яго ўкінуў у раку Дзьвіну.
Папа Урбан III пісаў дня 10 лютага 1624 г. каралю Жыгімонту ІІІ адносна сьмерці Кунцэвіча: «Суровасьць забойцаў не павінна застацца без пакараньня. Там, дзе такое цяжкае злачынства жадае бічоў помсты Божай, хай будзе выкляты той, хто ўстрымае свой меч ад крыві. I ты, дзяржаўны, не павінен устрымацца ад мяча і вагню; хай ерась адчуе, што суровым злачынцам няма літасьці». Кароль даручыў Сапегу справу пакараньня мяшчанаў. Сапега, як прыладзьдзе польска-каталіцкай палітыкі на Беларусі, паслухмяна выканаў даручэньне: 19-ці праваслаўным беларусам адсеклі галовы, а ў тым ліку першым бурмістрам Віцебску і Полацку. Каля 100 іншых, якія ўцяклі, асудзілі на сьмерць завочна.
Па сьмерці караля Жыгімонта III, сьляпога прыладзьдзя ў руках іезуітаў, на дзяржаўны пасад быў выбраны Ул