Реферат: Агульная характарыстыка прозы ІІ паловы 60-х – сярэдзіны 80-х гадоў
Шчымлівае развітанне са старой матчынай хатай і вёскай паказана ў рамане Л. Гаўрылкіна “Матчына хата”. Працэсы міграцыі вясковых жыхароў у горад і вяртанне іх у якасці блудных дзяцей знайшлі адлюстраванне ў аповесцях М. Гіля “Тэлеграма з Кавалевіч” і “Дзень пачаўся”.
Адметнаю з’явай беларускай прозы 60-х стала гістарычная тэма. Несумненна, выключная роля тут належыць У.Караткевічу, позірк якога скіраваўся ў далёкія ад нас часы. У.Караткевіч у асэнсаванні гісторыі прадэманстраваў арыгінальнае даследчыцка-мастацкае мысленне, канцэптуальнасць, хвалюючую змястоўнасць думкі (дылогія “Каласы пад сярпом тваім”, аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”).
Такім чынам, характэрнай асаблівасцю прозы адзначанага перыяду з’яўляецца вяртанне яе да мінулага. Увагу пісьменнікаў прыцягваюць усе эпохі і перыяды жыцця народа. Адбываецца пераасэнсаванне колішніх падзей з пазіцый сучаснасці.
Цяжка пераацаніць ролю мастацкай спадчыны пісьменніка ў абуджэнні і адраджэнні гістарычнай памяці, нацыянальнай свядомасці маладога пакалення беларусаў. Творы У.Караткевіча карыстаюцца вялікай папулярнасцю, яны захапляюць сваім духоўным зместам, сюжэтна-падзейным рухам думкі, у іх жыве непадробны дух беларускай даўніны, героіка і драматызм мужных, ахвярных учынкаў.
У гэты час у беларускай літаратуры пачынаюць гучаць трывожныя і заклапочаныя словы аб будучым нашай прыроды, аб тым, што паветра, вада і зямля – аснова ўсяго жывога на планеце – забруджваюцца.
Аб неабходнасці беражлівых адносін да прыроды сцвярджаецца ў творах В.Казько (“Неруш”), В.Карамазава (“Пушча”).
3. Заключэнне
Беларуская літаратура наогул, і літаратура 60-80-х гадоў у прыватнасці – адна з высокаразвітых літаратур. Таленавітыя творы В.Быкава, М.Танка, Я.Брыля, У.Караткевіча і іншых майстроў слова ўзнялі нацыянальнае мастацкае слова да вышыняў еўрапейскага і сусветнага мастацтва. Больш чым на 50 моў свету перакладзены аповесці В.Быкава, больш чым на 30 – аповесці і раманы І.Шамякіна, на дзесятках нацыянальных моў гучаць творы іншых пісьменнікаў, якія прынеслі ім шырокую вядомасць і прызнанне. Лепшыя мастацкія дасягненні сучаснай беларускай літаратуры выраслі на нацыянальным грунце, у іх надзвычай цэласна і непаўторна ўвасобіліся глыбінныя імкненні і парывы чалавечага духу, характар і прыгажосць народнай душы, дыялектыка часу і пакуты людзей на зломе гістарычных падзей. Наша літаратура вызначаецца ідэйна-эстэтычнай шматграннасцю: яна глыбока асэнсоўвае маральна-этычныя праблемы сучаснасці, даследуе філасофію быцця, сцвярджае вечныя каштоўнасці. Беларускія пісьменнікі найперш паказалі свету непераходнасць традыцыйна-нацыянальных вытокаў, высока апаэтызавалі родную зямлю, радзіму, прыроду, народны лад жыцця з яго агульначалавечымі духоўнымі і этычнымі ідэаламі.
Беларуская проза 60-80-х гадоў пазначана актыўным развіццём, а таксама станаўленнем вялікай колькасці творчых індывідуальнасцяў. Назаўсёды ў гісторыі літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя застануцца імёны нашых знакамітых пісьменнікаў, якія, на вялікі жаль, ужо пайшлі з жыцця: Яна Скрыгана, Аляксея Кулакоўскага, Васіля Хомчанкі, Аляксея Карпюка, Алеся Асіпенкі, Міхася Стральцова, Барыса Сачанкі і іншых.
Актыўнае развіццё літаратурнага працэсу не было б магчыма без твораў і творчасці такіх празаікаў, як Іван Навуменка, Вячаслаў Адамчык, Іван Пташнікаў, Уладзімір Дамашэвіч, Аркадзь Марціновіч, Лідзія Арабей, Алесь Рыбак, Павел Місько, Вольга Іпатава, Алесь Масарэнка, Васіль Гігевіч, Леанід Левановіч, Мікола Кусянкоў, Віктар Супрунчук, Валянцін Блакіт, Віктар Казько.
Спіс літаратуры
1. Беларуская літаратура: Дзень сённяшні/Андраюк С.А., Бечык В.Л., Арочка і інш., - Мн., - 1980, - 234 с.
2. Бельскі А.І. Сучасная літаратура Беларусі: Дап-к для настаўнікаў, 2000, - 186 с.
3. Гісторыя беларускай літаратуры 20ст. У 4 т. Т.4. Кн.1.– Мн., 1992.- 928с.
4. Грамадчанка Т. Перад праўдай высокай і вечнай: беларуская проза сёння.- Мінск, 1991, - 186 с.
5. Козіч В. Чалавек і прырода ў сучаснай беларускай прозе. – Мн., - 1998, - 168 с.
7. Шынкарэнка В. Нястомных пошукаў дарога. Праблемы паэтыкі сучаснай беларускай гістарычнай прозы.-Мінск, 2002, - 216 с.