Реферат: Беларуская журналістыка ў парэформенны перыяд і ў перыяд стварэння рухаў і арганізацыі партый

У Вільні, якая ў той час была значным адміністрацыйным і культурным цэнтрам Паўн.-Заходняга краю, дзейнічалі тры нелегальныя гурткі. Значны ўплыў на іх дзейнасць аказваў часопіс “Вперед!” народніка Лаўрова. З Цюрыха, дзе часопіс друкаваўся, ён трапляў у Расію і Беларусь.

На старонках часопіса “Вперед!” у 1875-1876 гг. апублікавана больш за 20 артыкулаў пра Беларусь. Іх аўтарамі былі А.Ліберман, які разам з А.Зундзялевічам кіраваў віленскім гуртком; віцялчанін, студэнт медыка-хірургічнай акадэміі, член беларуска-польскага зямляцтва Я.Гласко; член Рускай секцыі І Інтэрнацыянала А.Трусаў; адзін са знакамітых беларускіх рэвалюцыянераў М.Судзілоўскі.

Беларускія народнікі былі актыўнымі карэспандэнтамі часопіса, а затым і газеты “Вперед!”. Іх матэрыялы друкаваліся ў рубрыках “З Магілёва”, “З Вільні”, “З Беластока”. Аўтарам матэрыялаў, што надрукаваны пад агульным загалоўкам “З Беларусі”, быў Я. Гласко, які разам з В.Урублеўскім вырашыў выдаваць у Лондане польскі сацыялістычны перыёдык.

На мяжы 70-х і 80-х гадоў ХІХ ст. у Расіі адбываецца далейшае паглыбленне эканамічных і палітычных супярэчнасцей. У гэтых умовах дзейнасць народнікаў актывізавалася.

Як было ўжо сказана, у жніўні 1879 г. у Пецярбургу “Зямля і воля” раздзялілася на дзве арганізацыі – “Черный передел” і “Народная воля”. Асноўнай база чорнаперадзельцоў становіцца Мінск. Тут была арганізавана падпольная друкарня, наладжаны выпуск часопіса “Черный передел” і рабочага лістка “Зерно”.

Пераносу арганізацыйнага цэнтра чорнаперадзельцаў у Мінск апроч усяго садзейнічала і тое, што ў кіраўнічай групе разам з Г.Пляханавым, Я.Стэфановічам, В.Ігнатавым і інш. аказаліся ўраджэнцы Беларусі С.Мікалаеў і Н.Караткевіч.

Першы мінскі нумар “Черного передела” (№3) выйшаў 21 мая 1881 г. пад рэдакцыяй А.Буланава. Назву часопіса Г.Пляханаў растлумачыў яшчэ ў жэнеўскім нумары ў студзені 1880 г.: “Парушэнне дзяржаўнай арганізацыі павінна складаць нашу першую задачу. І па той прычыне, што барацьба з дзяржавай можа здзяйсняцца толькі на глебе “Зямлі і Волі”, то мы, зыходзячы з вышэй сказаных агульных палажэнняў сацыялізму, прыходзім да неабходнасці агітацыі ў імя тых жа пачаткаў, за якія ўжо змагаліся Разін, Пугачоў і інш., прыходзім да таго, што называем рэвалюцыйным народніцтвам...

Вось чаму мы называем нашу газету “Черный передел”. У тых двух словах заключаецца рашэнне сялянскага пытання, ад якога, у сваю чаргу, залежаць усе астатнія”.

Мінскі нумар “Черного передела” пачынаецца “Заявай мінулых выдаўцоў часопіса”, напісанай Г.Пляханавым, а таксама яго артыкулам “Пісьмо ў рэдакцыю “Черного передела”, у якім сфармуляваны асноўныя напрамкі дзеяння народнікаў у Расіі. Менавіта ў гэтым артыкуле прагучаў шырокавядомы лозунг: “Освобождение народа должно быть делом самого народа.”

У часопісе надрукаваны таксама артыкулы: “С.-Пецярбург, 1 сакавіка”, “Некалькі слоў аб арганізацыі партыі П.Лаўрова”, “З выпадку падзей 1 сакавіка”, рубрыка “З сяла”. Быў у часопісе і міжнародны раздзел, дзе змешчаны артыкул “Некалькі слоў аб сацыялістычным руху ў Францыі”.

19 верасня 1881 г. выйшаў чацвёрты нумар часопіса, у якім шырока асветлены замах І.Грынявіцкага на цара. Пяты нумар “Черного передела” надрукаваны 21 снежня 1881 г.

Выданне часопіса ў Мінску – факт у гісторыі рэвалюцыйнага руху вельмі значны. Ён дапамог далейшаму расслаенню народніцтва і яго эвалюцыі да сацыял-дэмакратаў, да стварэння партыі рэвалюцыянераў.

Важным сведчаннем атрыўнай агітацыйнай працы чорнаперадзельцаў было выданне ў Мінску падпольнага лістка “Зерно”. Першы нумар яго з’явіўся ў снежні 1880 г. за мяжой разам з “Рабочей газетой” члена Выканкома “Народнай Волі” А.Жэлябава.

Цікавай была структура выдання. У кожным нумары друкавалася перадавіца, раздзел “Рускае жыццё”, у трох апошніх нумарах было змешчана апавяданне “За каго цар?”. Асноўную ролю ў выпуску “Зерна” выконваў А.Буланаў, які пасля эміграцыі Г.Пляханава стаў фактычным кіраўніком чорнаперадзельцаў.

Паралельна з гурткамі чорнаперадзельцаў у Беларусі вялі рэвалюцыйную працу і народавольцы. У 1881 г. яны робяць спробу стварыць друкарню для выдання агітацыйнай літаратуры і “Рабочей газеты”. Віленскія і мінскія народнікі звярнуліся па дапамогу да М.Янчэўскага, які і знайшоў абсталяванне для друкарні. У снежні 1881 г. ён прывёз яго ў Вільню. Аднак у сакавіку адбыліся арышты і было прынята рашэнне перавезці друкарню ў Рыгу, а адтуль у Віцебск. На жаль, і там распачаць выданне газеты не ўдалося, “дзякуючы” ўсё той жа паліцыі.

Больш паспяховай была дзейнасць беларускіх студэнтаў у Пецярбургу. Там у 1881 г. было арганізавана беларускае зямляцтва пад кіраўніцтвам студэнта універсітэта А.Марчанкі.

Група беларусаў (у розны час яна называлася “Беларуская грамада”, “Беларуская арганізацыя “Гомон”) выдала каля дзесяці брашур і адозваў. Вядомыя адозва “Да беларускай моладзі”, брашуры “Пісьмы аб Беларусі”, “Пасланне землякам-беларусам”, два нумары часопіса “Гомон” у 1884 г., праграма і зборнік “Артыкулы сацыяльна-рэвалюцыйнай беларускай народнай партыі”.

Найбольшую цікавасць сярод гэтых выданняў уяўляе часопіс “Гомон”. Выйшла ўсяго два нумары – першы ў пачатку 1884 г., другі – 15 лістапада таго ж года. У артыкуле “Ад рэдакцыі” ўказвалася, што на Беларусі поўнасцю адсутнічае жывое вольнае слова, што і зможа ліквідаваць часопіс. Акрамя таго, ён павінен быць кіраўнічым цэнтрам беларускага руху.

Друкаваўся “Гомон” на гектографе. У другім нумары было 40 старонак з матэрыяламі рэвалюцыйнага зместу. У першым нумары, акрамя звароту “Ад рэдакцыі”, надрукаваны праграмны артыкул “Аб значэнні і ролі мясцовых рэвалюцыйных груп у перыяд пасля палітычнага перавароту да ўстанаўлення моцнай формы ўлады”, зварот “Да беларускай інтхлігенцыі”, карэспандэнцыі з розных гарадоў Расіі, у тым ліку і з Беларусі.

Выдавецкая дзейнасць беларускіх народнікаў у Пецярбургу ўяўляе гістарычную цікавасць і з’яўляецца культурным скарбам.

Такім чынам, нагледзячы на цэнзуру, уціск паліцыі, кінутае К.Каліноўскім вольнае слова ўсё шырэй разыходзілася па Беларусі.

Часопіс “Черный передел”, газета “Зерно”, часопіс “Гомон” і шматлікія вядомыя і невядомыя беларускія выданні праклалі шлях вызваленчаму руху, адыгралі важную ролю ў стварэнні перыядычнага рэвалюцыйнага друку. Беларускія рэвалюцыянеры гэтага часу закладвалі падмурак нацыянальнага адраджэння.

3. Беларуская журналістыка 89-90-х гг. ХІХ ст.

Развіццё грамадскай думкі і нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа ў канцы ХІХ ст., эканамічныя і сацыяльныя працэсы патрабавалі стварэння ў Паўн.-Заходнім краі самастойнай газеты.

Аднак усе спробы стварыць такі друкваны орган натыкаліся на каланізатарскую палітыку царскага ўрада і цэнзуры. І да красавіка 1886 года на тэрыторыі Беларусі не было ніводнага прыватнага выдання. Першай такой газетай стаў “Минский листок”, выдаўцом і рэдактарам ягога быў мінскі натарыус І.Фацімскі. Фацімскі атрымаў дазвол на выданне газеты, але не быў надта заняты ёю, і за 16 гадоў свайго існавання “Минский листок” змяніў больш за дзесятак выдаўцоў і рэдактараў. Найбольш адметнымі перыядамі выхаду газеты былі тыя, калі яе рэдагавалі К.Зіноўеў (1894-1897) і М.Мысаўской (1902), які ўдзельнічаў у выданні газеты і раней. Яго пяру належалі артыкулы на палітычныя і эканамічныя тэмы. У перыяд яго рэдактарства газета стала выходзіць штодзённа. У кастрычніку 1902 г. газета змяніла назву на “Северо-Западный край”.

На старонках “Минского листка” друкавалі свае матэрыялы найбуйнейшыя беларускія этнографы – А.Багдановіч, М.Доўнар-Запольскі, В.Завітневіч, літаратурныя крытыкі Д.Бохан, М.Караліцкі, вядомы беларускі паэт Янка Лучына, пісьменнік К.Каганец. Супрацоўнікамі газеты былі многія прадстаўнікі інтэлігенцыі Мінска і другіх гарадоў і вёсак Паўн.-Заходняга краю.

Першапачаткова «Минский листок» быў задуманы як газета гарадская, але тое, што яна была першым і адзіным прыватным выданнем у Паўн.-Заходнім краі ў канцы ХІХ ст., паступова пашырыла яе змест і геаграфію распаўсюджвання. Газета друкавала матэрыялы з Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў, а таксама з Вільні і іншых беларускіх гарадоў. “Минский листок” быў грамадска-літаратурным выданнем не заўсёды выразнага ліберальна-дэмакратычнага напрамку. Рэдакцыя газеты заўсёды імкнулася палепшыць знешні выгляд газеты, мяняла рубрыкі, фармат, павялічыла колькасць палос да 8. Першая паласа знаёміла чытача з рознабаковай афіцыйнай інфармацыяй. Перадавы артыкул быў без назвы (напр.: “Минск», «Нам пишут», «Местная хроника», «Корреспонденция», «Общая хроника»), а таксама артыкулы эканамічныя, філасофскія, рэлігійныя і літаратурна-крытычныя. Пастаянна выходзіў гумарыстычны агляд жыцця Мінска – “Прагулкі па Мінску”, “Стракатыя накіды”, “Гарадскі фельетон”.

Трэцяя паласа газеты інфармавала аб тэатральным і музычным жыцці Мінска, публікавала рэцэнзіі, агляды. Чацвёртая паласа мела рубрыкі “Сумесь”, “Даведачны лісток”, “Раёшнік”, “Судовы аддзел”, аб’явы і рэкламу.

Цэнзурная гісторыя «Минского листка» складаная і драматычная. Дазваляючы выданне, царскія шлады бачылі яго органам русіфікатарскай палітыкі, а калі гэтага не атрымалася, мясцовая адміністрацыя і Галоўнае ўпраўленне па друку ўстанавілі за ім сістэматычны адкрыты і тайны нагляд. Мінскі генерал-губернатар М.Трубяцкой некалькі разоў патрабаваў закрыць гаету. Пагрозы і рэпрэсіі, забарона многіх тэм, матэрыялаў, прысвечаных рабочаму, сялянскаму пытанням, мясцовым парадкам, былі звыклай з’явай. Газета часта выходзіла з белымі прасветамі; замест знятых з нумара артыкулаў публікаваліся шматлікія аб’явы, нумары выходзілі паменшаным фарматам, або цалкам канфіскаваліся. Так, у 1896 годзе са 194 нумароў выйшла толькі 105.

К-во Просмотров: 158
Бесплатно скачать Реферат: Беларуская журналістыка ў парэформенны перыяд і ў перыяд стварэння рухаў і арганізацыі партый