Реферат: Фарміраванне i развіцце беларускай тэрміналогіі

Найбольш развітымі (з пункту погляду натуральнага фарміравання) галінамі тэрміналогіі ў XIV—XVII стст. былі тыя, якія абслугоўвалі асноўныя напрамкі гаспадарчага, навуковага і грамадскага жыцця беларускага народа. Гэта грамадска-палітычная, юрыдычная, гандлёвая, сельскагаспадарчая, промыславая, ваенная тэрміналогія, а таксама тэрміналогія мовазнаўства, астраноміі, матэматыкі і інш.

Грамадска-палітычная, юрыдычная тэрміналогія . Фармаванне гэтай тэрміналогіі было найбольш раннімі інтэнсіўным у параўнанні з іншымі галінамі старабеларускай тэрміналогіі дзякуючы функцыянаванню мовы ў якасці дзяржаўнай. Захавалася мноства помнікаў дзелавога пісьменства старабеларускай мовы, напісаных у канцы XIV — першай палавіне XVII ст. Гэта дакументы, складзеныя пры канцылярыі вялікага літоўскага князя і ў мясцовых дзяржаўных установах Вільні, Гродна, Магілёва, Брэста, Полацка, Мсціслава, Навагрудка і інш., некаторыя дакументы напісаны пры двары польскага караля і адрасаваны ў Літву, асобныя дакументы складзены на Украіне, у якіх пісцы, імкнучыся прытрымлівацца афіцыйнага беларускага пісьма, ахвяравалі некаторымі фанетычнымі, граматычнымі і лексічнымі з'явамі жывой украінскай мовы.

Буйнейшым помнікам старабеларускага пісьменства з'яўляецца «Літоўская метрыка», якая ўключае разнастайныя дагаворы, акты, граматы, запісы, прывілеі, Статуты канцылярыі Вялікага княства Літоўскага. Значную ролю ў станаўленні грамадска-палітычнай тэрміналогіі адыгралі творы старабеларускай палітычнай сатыры і палемікі (прадмовы і пасляслоўі Францыска Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага, «Прамова Мялешкі», «Пісьмо да Абуховіча»).

Асноўную частку грамадска-палітычных тэрмінаў у пералічаных помніках складаюць агульныя для ўсходнеславянскіх моў тэрміны, якія ўзніклі ў працэсе шматвяковага гаспадарчага і культурнага ўзаемадзеяння ўсходнеславянскіх плямён і народнасцей на тэрыторыі Старажытнай Русі: копа, мыто (пошліна), оброкъ, окупъ, переметъ, послухъ, право, ремесленикъ, рубель, челядинъ і г. д. Многія з гэтых тэрмінаў зараз з'яўляюцца гіста-рызмамі, другая частка пасля пэўных фанетычных і граматычных змен увайшла ў сучасную беларускую тэрміналогію.

Значнае месца займаюць тэрміны, узятыя з народнай мовы. Яны ўтвораны шляхам тэрміналагізацыі агульнаўжывальных слоў або з дапамогай словаўтваральных сродкаў старабеларускай мовы: сведка (ст.-рус. послухъ ), забойца (ст.-рус. головникъ ), статок, статки (ст.-рус. добытокъ, имение ) і г. д. Частка гэтых тэрмінаў замацавалася ў беларускай грамадска-палітычнай тэрміналогіі: держава, звычай, здрадца, листъ, пильноватъ, позыченье, помста, пригонъ, пригонныя люди, сварка, умова, шыбеница і г. д.

Нярэдка ў дзелавых дакументах і творах палітычнай сатыры сустракаюцца варыянты тэрмінаў старажытнарускага і мясцовага, больш позняга паходжання. Некаторыя тэрміны, якія ўвайшлі ў гэтыя творы з жывой беларускай мовы, не замацаваліся пасля ў старабеларускай і сучаснай тэрміналогіі ў выніку працэсаў стылістычнай дыферэнцыяцыі, актыўнага выкарыстання некаторых запазычаных слоў, якія першапачаткова ўжываліся толькі ў пэўных рэгіёнах, а пазней распаўсюдзіліся на шырокай тэрыторыі: бонда (частка, выдзелены пай), клетка (лаўка, крама), камора (таможня) і г.д.

Каля 10% ад усёй колькасці юрыдычных і справаводчых тэрмінаў старабеларускай мовы складаюць запазычанні з польскай і іншых заходнееўрапейскіх моў, а таксама з лацінскай (часта праз польскую): авантюра, акт, апеляция, вага, грунт (аснова, падстава), декретъ , конституция, коштъ, мандатъ, пляцъ, рахунокъ, скарб никъ, скарбовый, скарга і інш.

Пранікненне гэтых тэрмінаў у старабеларускую пісьмовую мову было выклікана неабходнасцю наймення новых для таго часу з'яў і паняццяў грамадскага жыцця, і таму асноўная частка запазычаных тэрмінаў захавалася ў сучаснай беларускай тэрміналогіі. Аднак узрастальнае ўздзеянне польска-лацінскай пісьменнасці на беларускую ў XVI—XVII стст. нярэдка прыводзіла да пранікнення неапраўданых паланізмаў і лацінізмаў у старабеларускую пісьмовую мову наогул і ў грамадска-палітычную тэрміналогію ў прыватнасці: посэльство (даручэнне), кроль (кароль), пенязи (грошы), члонки (члены), звытяжство (перамога), варунокъ (умова) і г. д.

Часам сустракаюцца ў грамадска-палітычнай і юрыдычнай тэрміналогіі і царкоўнаславянскія элементы: вражда, милосердие, стражъ, благочестие і г. д. Некаторыя грамадска-палітычныя тэрміны царкоўнаславянскага паходжання (брение, воставати, гнушатися, десница, нищий, просвещати, смирити, страна, упредити і інш.) выкарыстоўваюцца ў пісьмовых помніках канца XIV — пачатку XVIII ст. як варыянты побач з існуючымі ў старабеларускай мове тэрмінамі з каранёвымі марфемамі нецаркоўнаславянскага паходжання, што дае падставу даследчыкам сцвярджаць, што частка лексікі царкоўнаславянскай мовы лічылася пісцамі таго часу блізкай і зразумелай чытачу. Гэта ў сваю чаргу сведчыць аб магчымасці ўплыву царкоўнаславянскай мовы на фарміраванне грамадска-палітычнай тэрміналогіі.

Гандлёвая тэрміналогія . Актыўны працэс фарміравання гандлёвай старабеларускай тэрміналогіі пачаўся ў XV ст., разам з бурным развіццём гарадоў з іх рамеснай і гандлёвай дзейнасцю. На тэрыторыі Беларусі ў Вялікім княстве Літоўскім у гэты час узнікалі буйныя лакальныя рынкі, цэнтрамі якіх былі Мінск, Брэст, Віцебск. У таварна-грашовыя адносіны ўцягвалася таксама і вёска. Узрослыя ўнутраныя гандлёвыя сувязі садзейнічалі дастаткова цесным кантактам насельніцтва, што спрыяла фарміраванню адзінай лексікі, у тым ліку адзінай гандлёвай тэрміналогіі.

Спрыяльны ўплыў на расшырэнне гандлёвай тэрміналогіі аказваў таксама знешні гандаль гарадоў Вялікага княства Літоўскага з растучымі гарадамі Рускай дзяржавы, а пасля разгрому Тэўтонскага ордэна — з Захадам, праз Прыбалтыку, прычым афіцыйнае афармленне гандлёвых сувязей ажыццяўлялася на старабеларускай мове.

Гандлёвая тэрміналогія старабеларускай мовы як ядро вельмі шырокага і разнастайнага па складу пласта старабеларускай гандлёвай лексікі ўключае тэрміналагічныя назвы арганізацыі гандлёвага працэсу, працэсаў і дзеянняў куплі-продажу, спосабаў куплі-продажу, асоб, занятых у гандлі, таварных якасцей прадметаў куплі-продажу, месц гандлю і гандлёвых збудаванняў, гандлёвых пошлін.

Асноўную частку гандлёвай тэрміналогіі складае спрадвечная лексіка, каля 40% якой адносіцца да агульнаўсходнеславянскага перыяду: вага, важити, весецъ, грошъ, золотникъ, купецъ, купити, купля, локоть, мена, мерка, мехъ, мостовое, мыто, перекупъ, номерное, при бытокъ, продавати, торговля, торговое, цена, чоповое і інш.

Каля 60% спрадвечнай гандлёвай тэрміналогіі складаюць тэрміны, утвораныя спосабам тэрміналагізацыі старабеларускіх слоў, іншымі спосабамі тэрмінаўтварэння і стварэння неалагізмаў на старабеларускай моўнай аснове ў перыяд раздзельнага існавання ўсходнеславянскіх моў. Значная частка гэтых тэрмінаў з прычыны гістарычных умоў з'яўляецца агульнай з украінскай, польскай, чэшскай гандлёвай тэрміналогіяй XV— XVII стст.: гандель, глякъ, жалезнік, клетка, крама, коштъ, купованне, речи, рынок, стадола, танный, уздоймом, уторговати і г. д.

Некаторыя тэрміны, якія ўзніклі ў XV—XVII стст., з'яўляюцца састаўнымі, пераважна двухслоўнымі, у якіх адно слова — тэрмін агульнаўсходнеславянскага перыяду, другое надае гэтаму тэрміну новае, больш канкрэтнае значэнне: вага Полацкая, вес Мстиславский, мера Берестейская і г. д.

Значную частку старабеларускай гандлёвай тэрміналогіі складаюць запазычанні. Многія з іх увайшлі ў старабеларускую тэрміналогію з рускай мовы або праз яе пасрэдніцтва: алтын, аршин, деньга, копейка, поло винка, з польскай або праз яе пасрэдніцтва: барыл, ду кат, кварта, кесяк, левик, монета і інш. Некаторыя тэрміны былі запазычаны з літоўскай мовы: кентвиртайня, воск (вагавая адзінка), пундель; з нямецкай: кипа, лаштъ, тузинъ, центноръ і інш.

Даволі часта ў гандлёвай тэрміналогіі XV—XVII стст. сустракаюцца сінанімічныя рады або пары, якія складаюцца са слоў агульнаўсходнеславянскага перыяду, старабеларускіх і запазычаных: торгъ — купецтво — гандель; товаръ — речи — рухлядь; купля — торгъ — крамъ; агуломъ — уздаймомъ і інш.

Сельскагаспадарчая тэрміналогія. У цэлым тэрміналогія, якая выкарыстоўвалася ў старабеларускай мове для намінацыі зямельных уладанняў; прылад апрацоўкі зямлі, разнастайных працэсаў сяўбы і ўборкі ўраджаю; асоб, занятых у сельскай гаспадарцы і г. д., з'яўляецца агульнай для ўсходнеславянскіх моў: борона, жито, ко сити, истрава, копа, молотити, овесъ, аранье, сеянье, снопъ, ярица і інш.

Колькасць уласна беларускіх інавацый (ботвинье, збожье, зерне, насенье, стайня) тут значна меншая ў параўнанні з грамадска-палітычнай і гандлёвай тэрміналогіяй. Запазычанні старабеларускага перыяду ў сельскагаспадарчай тэрміналогіі адзінкавыя.

У параўнанні з іншымі галінамі сельскагаспадарчая тэрміналогія характарызуецца асабліва вялікай ступенню варыятыўнасці і сінанімічнасці. У значнай меры гэта можна растлумачыць тым, што ў сінанімічных радах гэтай тэрміналогіі знайшлі адлюстраванне працэсы ўзаемапранікнення (у выніку практычнага выкарыстання) элементаў лексікі старажытнарускай, жывой беларускай, польскай моў і разнастайных мясцовых гаворак, напрыклад: служба, потяглъ, потугъ, подымье — для абазначэння цяглавага сялянскага землеўладання; дво рище, подворье, избище, селище, садиба — для абазначэння месца размяшчэння сялянскай хаты з гаспадарчымі прыбудовамі. Сустракаюцца пары, якія складаюцца з тэрміна ўсходнеславянскага паходжання і паланізма: именье — маёнтокъ.

Промыславая тэрміналогія. Тэматычна тэта тэрміналогія пчалярства (бортніцтва), рыбалоўства, палявання, солеварэння, вытворчасці будаўнічых, бытавых і транспартных матэрыялаў (гонты, клёпак для бочак, палазоў, дуг, дзёгцю, смалы) і г. д. Аснову прамысловай тэрміналогіі складаюць тэрміны старажытнарускага паходжання, якія служаць для абазначэння розных працэсаў, матэрыялаў, прылад, прадуктаў працы і асоб, звязаных з пералічанымі промысламі беларускага на­рода: бобровище, воскъ, долото, дубрава, ловъ (звериный, пташный, рыбный), лубъ, лукъ, лыко, охотникъ, сеть, стрелецъ, стругъ і г. д.

Значную частку промыславай тэрміналогіі складаюць уласна беларускія тэрміны: копылъ, кубелъ, лезиво, лесничий, обрубъ, оступъ, пчельница, свепетъ і г.д. Некаторыя з іх вядомы ў польскай мове: затока, лезиво, пушча, рубеж і г.д.

Нешматлікія запазычанні з нямецкай, французскай, шведскай і іншых моў праніклі ў старабеларускую мову праз польскую, літоўскую і рускую мовы-пасрэдніцы: барсук, бровар, горностай, карпъ, плотка, сагайдакъ, шатеръ і інш.

Ваенная тэрміналогія. Знаходзячыся ў геаграфічным цэнтры Еўропы, насельніцтва Беларусі прымала ўдзел у важнейшых ваенных падзеях XIV—XVIII стст. Таму цалкам заканамерна, што ў старабеларускай мове сфар-міравалася шырокая тэматычная група лексікі, якая адлюстроўвала даволі высокі ўзровень развіцця ваеннай справы таго часу. Ядром гэтай тэматычнай групы з'яўляецца ваенная тэрміналогія, прадстаўленая пераважна намінацыямі зброі, войска, удзельнікаў узброенай барацьбы.

Да ліку найбольш старажытных адносяцца тэрміны, якія ўзніклі ў агульнаславянскую эпоху. З семантычнага боку яны вылучаюцца агульным характарам абазначаемых паняццяў і рэалій (войско, оружие), з боку моўнага афармлення — элементам стараславянскай мовы: древо, дружина, сторожа.

Найбольш значную ў колькасных адносінах частку ваеннай тэрміналогіі старабеларускай мовы складаюць тэрміны перыяду ўсходнеславянскага моўнага адзінства, большасць якіх утворана з дапамогай усіх асноўных спосабаў тэрмінаўтварэння (семантычнага, марфалагічнага, сінтаксічнага): конный, начинье, рукавицы; воевникъ, наручъ, щитоноша; зброя стрельчая, люди ратные, рукавицы панцеровые.

Другую ў колькасных адносінах частку тэрмінаў перыяду ўсходнеславянскага моўнага адзінства складаюць ваенныя найменні іншамоўнага паходжання, якія ўвайшлі ў старабеларускую мову ў XIV—XVIII стст., «яны складаюць каля 50% разгледжаных аднакампанентных намінацый (алябарда, гвардия, гетманъ, гусаръ, дракгония, жолнеръ, капалинъ, капитанъ, мождчеръ, оркганки, пуклеръ, райтаръ, рота, сагайдакъ і інш.)».

Мовазнаўчая тэрміналогія. Развіццё мовазнаўчай думкі ў Беларусі і выхад першых граматык былі звязаны не толькі з патрэбамі вывучэння царкоўнаславянскай і старабеларускай моў, але і з грамадска-палітычнымі працэсамі таго часу. На тэрыторыі Беларусі як цэнтры ўсходнеславянскай культуры ў XVI—XVII стст. у процідзеянне езуіцкім калегіям, якія культывавалі лацінскую і польскую мовы, шырока распаўсюдзіліся праваслаўныя так званыя брацкія вучылішчы і школы. Для гэтых вучылішч і школ патрабаваліся дапаможнікі. З мэтай вывучэння беларускай мовы былі апублікаваны першыя граматыкі і іншая лінгвістычная літаратура.

Першай друкаванай граматыкай ва ўласным сэнсе гэтага слова была надрукаваная ў Вільні ў 1586 г. у друкарні братоў Мамонічаў «Кграматыка словенська езыка...», затым у 1596 г. «Граматика словенска» Лаўрэнція Зізанія. У 1619 г. у Еўі (пад Вільняй) выйшла «Грамматика...» Мялеція Сматрыцкага, якая пасля перавыдавалася ў Маскве. Кожная наступная граматыка, якая выдавалася ў гэты перыяд на тэрыторыі Беларусі, усё глыбей адлюстроўвала народную беларускую мову.

К-во Просмотров: 292
Бесплатно скачать Реферат: Фарміраванне i развіцце беларускай тэрміналогіі