Реферат: Феадальная эканоміка на Беларусі ў ІХ–ХІІ стагоддзях

У гарадах з'явілася не менш 16 прафесій у галіне апрацоўкі жалеза. У XI — XII стст. яны выраблялі больш за 100 відаў жалезных вырабаў: косы, сярпы, сякеры, малаткі і іншыя прылады працы, розныя віды зброі (мячы, кальчугі, шлемы), прадметы быту і ўпрыгажэння. На гэты час была вядома сталь, тэхналогіі кавальскай зваркі, загартоўкі, цэментацыі. Акрамя жалеза апрацоўвалі і іншыя металы і сплавы – медзь, бронзу, волава, свінец. Кавалі мелі горан і кавадла, а таксама клешчы і молаты розных памераў. Выплаўкай жалеза ў сырадуўных горнах займаліся ў асноўным вясковыя кавалі. Яны пастаўлялі жалеза і ў гарады.

Ювеліры працавалі не толькі на багатых замоўцаў, але і на шырокі рынак. Аб гэтым сведчаць знаходкі танных упрыгожванняў з волава, бронзы, а таксама каменныя формы, у якіх адліваліся танныя ўпрыгожванні. Больш каштоўныя рэчы вырабляліся з выкарыстоўваннем складаных тэхналогій зерня (пайка маленькімі шарыкамі металу) і скані (пайка драцянога арнаменту). Буйным замоўцам ювеліраў стала царква. Іконы упрыгожвалі акладамі, выраблялі прылады культу. Менавіта ў Полацку ў 1161 годзе майстрам Лазарам Богшам быў зроблены па замове Еўфрасінні Полацкай крыж. Гэты крыж з каштоўнага дрэва быў абкладзены залатымі пласцінамі з жэмчугам і самацветамі. Асаблівую каштоўнасць мелі эмалевыя мініяцюры з арнаментам і выявамі святых.

Ганчарства больш хутка стала развівацца са з’яўленнем спецыяльнага прыстасавання – ганчарнага кола ў першай палове X ст. Менавіта пасля гэтага яно вылучылася ў асобнае рамяство.

Апрацоўкай дрэва займаліся сталяры. Іх прадукцыя – міскі, дзежкі, вёдры, кадушкі і г.д. Вырабы для знаці пакрывалі мастацкай разьбой. Шырока карысталіся такарным станком, які з’явіўся адначасова з ганчарным кругам.

Асобна можна адзначыць гарбарна-шавецкае рамяство, разьбу па косці, апрацоўку камня, перапісванне кніг, будаўніцтва.

Беларускія будаўнікі дасягнулі пэўных поспехаў. Сафійскі сабор у Полацку (XI ст.), Каменная вежа ў Камянцы (XI ст.), Спаса-Ефрасіннеўская царква (сярэдзіна ХІІ ст.), Каложская царква ў Гродне (ХІІ ст.) і цэлы шэраг пабудоў, што не захаваліся да нашых часоў, былі пабудаваны пад наглядам спачатку візантыйскіх і кіеўскіх майстроў, а пазней і самастоўна. Наогул, вылучаецца тры архітэктурныя школы – полацкая, гродзенская і смаленская, што мелі ўласцівыя асаблівасці ў тэхніцы праектавання, будавання і аздаблення.

У X – XI стст. рамеснікі працавалі не для рынку, а пад замовы з боку пакупніка. Гэта тлумачыцца слабым развіццём у Полацкім і Тураўскім княствах таварна-грашовых адносін, поўным панаваннем натуральнай гаспадаркі. Заказ аплочваўся натурай, неабходнымі рамесніку прадуктамі, радзей грашыма. Толькі пазней вытворчасць на рынак пашырылася, але стрымліваючыя фактары пераадолены не былі. Рамеснік-адзіночка спецыялізаваўся на асобным тыпе вырабаў, якія ен павінен быў рабіць сам ад пачатку да канца, сваімі самадзельнымі прыладамі працы і ўласнымі рукамі. У гэтым – адметная рыса сярэднявечнага рамяства.

Старажытнабеларускі горад складаўся з дзвюх частак: умацаванага дзяцінца (града) і рамесна-гандлёвага пасада, дзе знаходзіўся рынак. Рамеснікі падзяляліся на свабодных і залежных (княжацкіх і баярскіх). Гарадскую знаць складала баярства.

Хуткае развіцце рамяства, геаграфічнае палажэнне зямель спрыяла развіцю ўнутраннага гандлю і ўключэнню першых княстваў у міжнародны гандаль.

Цэнтрамі ўнутранага гандлю былі гарады. Яны мелі рынкі, на якіх ішоў гандаль як прадуктамі харчавання, так і рамеснымі вырабамі. На рынкі прывозілі тавары і заморскія купцы. Знешні гандаль вёўся ў асноўным у тых гарадах, якія стаялі на рэках. Выключнае значэнне меў водны “шлях з варагау ў грэкі”. Ён звязваў усходнееўрапейскія землі паміж сабою, а таксама Прыбалтыку і Скандынавію з Арабскім Усходам і Візантыяй. Больш-менш актыўна функцыянаваў шлях да пачатку XIII ст. Менавіта на гэты перыяд прыходзіцца росквіт першых беларускіх княстваў. Паміж Дняпром і Заходняй Дзвіной, а таксама паміж Заходняй Дзвіной і Ловаццю былі волакі, таму што тут водны шлях перарываўся. Кантроль за волакамі з боку таго ці іншага княства даваў выключныя эканамічныя перавагі, гэта была асноўная крыніца паступленняў “жывых грошай” ў княскую скарбніцу. Полацк згодна свайму геаграфічнаму становішчу кантраляваў заходнюю галіну шляху, але Брачыслаў Ізяслававіч у 1026 годзе па дамове з Яраславам Мудрым, князем Ноўгарада (з 1036 г. – Вялікі князь Кіеўскі) атрымаў кантроль і над галоўнай часткай шляху. Нездарма праз два дзесяцігоддзі у Полацку з’явіўся Сафійскі сабор. Побач з волакамі былі мытні, склады, факторыі купцоў, у тым ліку замежных. Напрыклад, у канцы XII ст. немцы мелі свае двары ў розных гарадах Полаччыны. Найбольш заможныя купцы Полаччыны мелі вялікі ўплыў у грамадстве, у прыватнасці ў полацкім вечы. Аб канцэнтрацыі грошай у полацкай зямлі гаворыць скарб, што быў знойдзены пад Полацкам ў 1973 годзе. Яго меншая частка, якая трапіла да даследчыкаў, налічвала больш за 7000 манет (арабскіх дырхемаў). Гэты буйнейшы скарб на тэрыторыі ўсёй Усходняй Еўропы адносіцца да X ст.

3 беларускіх зямель вывозілі футру, воск, мёд, лён, зброю і іншыя тавары, якія ішлі на рынкі Заходняй Еўропы і Усходу. 3 Блізкага Захаду і Візантыі паступалі прадметы раскошы: тканіны, вострыя прыправы, грэцкія арэхі, шкляны посуд, арабскія краіны разлічваліся манетай -- дырхемамі. Гэта манета з’яўлялася асноўным сродкам аплаты ў міжнародным гандлі, своеасаблівай сусветнай валютай тых часоў.

У Полацкім, Тураўскім і іншых княствах на тэрыторыі Беларусі існавала даволі развітае па тым часе, але стракатае грашовае абарачэнне. Самай буйной грашовай адзінкай была грыўна, якая ўпершыню ўпамінаецца ў 882 г. Срэбныя грыўны-зліткі каштавалі па вазе. Адрознівалі “літоўскія” (100-105 г.), “кіеўскія” (163-165 г.), “наўгародскія” (200 г.) грыўны. Грыўна – вялікая грашовая адзінка. Дзеля меншых разлікаў яе распільвалі на часткі. Насельніцтва Беларусі карысталася таксама манетай іншаземнай чаканкі, якая мелася ў вялікай колькасці (знойдзена некалькі тысяч скарбаў іншаземных манет). Арабскія дырхемы былі ў абаротку ў IX – X стст., у XI ст. манеты (дынарыі) пастаўлялі Англія і Германія. А перыяд XII – XIII стст. мае назву “безманетнага”, гэта звязана з упадкам гандлевага шляху “з варагаў у грэкі” Развіццё гандлю і грашовага абарачэння не мяняла агульнага натуральнага характару гаспадаркі беларускіх зямель. Таварная вытворчасць з'яўлялася толькі невялікай часткай грамадскай вытворчасці. Эканамічныя сувязі наладжваліся галоўным чынам з "дальнім замежжам".

3. Эканамічныя прычыны феадальнай раздробленасці

Перыяд IX — першай паловы ХІІІ стст. характарызаваўся складваннем раннефеадальных адносін. Разам з тым у продкаў беларусаў, як і ва ўсіх усходніх славян, у гэты час існавалі даволі моцныя традыцыі ранейшай абшчыннасці і выразныя праявы хатняга рабаўладальніцтва. Суіснавалі тры ўклады ў арганізацыі вытворчасці і грамадскага жыцця: раннефеадальны, абшчынны і рабаўладальніцкі.

Абшчына захавалася ад старажытных часоў першабытнасці, калі аднаасобна чалавек не мог займацца падсечным земляробствам і паляваннем на буйных жывёл. Абшчына і ў раннім сярэднявеччы працягвала адыгрываць важную ролю ў арганізацыі жыцця і вытворчасці земляробаў. Абшчыннікі-смерды былі свабоднымі ў распараджэнні ворыўнай зямлёй, а таксама маглі пакінуць яе, але чалавек меў вельмі мала шанцаў на аднаасобнае выжыванне. Абшчынай абаранялася маёмасць, аднаўлялася разбуранае ці спаленае жыллё, ажыццяўляўся суд, пазней сталі збірацца падаткі на карысць князя ці баярына і г.д.

Разам з абшчынным укладам існавалі даволі выразныя рысы рабаўладальніцтва. Асноўнай крыніцай захопу рабоў былі войны. Праца нявольнікаў была прымусовай, непрадукцыйнай, і яна не атрымала шырокага распаўсюджвання ва ўсходніх славян.

Новым укладам, які ўсё больш пашыраўся і паглыбляўся, быў феадальны.

Працэс феадалізацыі заключаўся ў тым, што фарміравалася буйное землеўладанне князёў, баяраў, царквы, а сялянства, якое працавала на гэтай зямлі, трапляла ў залежнасць ад феадалаў.

Па меры фарміравання дзяржаўнасці зямля стала лічыцца дзяржаўнай маёмасцю. Вярхоўным яе ўласнікам быў князь. Ён збіраў са сваёй дружынай рэнту — даніну ці палюддзе, — якая была першай формай дзяржаўнага падатку на ўтрыманне органаў княжацкай улады (перш за ўсё двара і дружыны). Адзінкай падаткаабкладання быў сялянскі двор ("дым") — вялікая патрыярхальная сям'я, або "саха" (двор з новай зямлёй).

3 канца Х і асабліва ў XI ст. у Полацкім, Тураўскім і іншых княствах на тэрыторыі Беларусі ішоў працэс росту колькасці буйных феадалаў і плошчаў іх уладанняў. Крыніцамі фарміравання буйнога феадальнага землеўладання былі:

1) захоп незанятых зямель, якіх было яшчэ шмат;

2) захоп абшчынных зямель шляхам прамога насілля

3) захоп абшчынных зямель на падставе княжацкіх падараванняў.

Акрамя князёў буйнымі землеўладальнікамі становяцца баяры. Гэта саслоўе складвалася з мясцовай знаці ("лепшых", "старэйшых" людзей), а таксама вышэйшых чыноў княжацкага двара, якія атрымлівалі зямлю ў кіраванне, падарунак або вотчыну. 3 канца Х ст., пасля прыняцця хрысціянства, буйным землеўладальнікам становіцца царква.

Феадальнае землеўладанне існавала ў двух формах – памесным (без права прадаваць, дарыць і г.д.) і вотчыны, што паступова пераважала. Маёмасць знаходзілася ў поўнай уласнасці феадала, перадавалася ў спадчыну, магла быць прададзена, падаравана. Вотчына — комплекс феадальнай зямельнай уласнасці (зямля, пабудовы, жывы і нежывы інвентар) і звязаных з ёю правоў на феадальна залежных сялян. Аснову вотчыны складалі панская гаспадарка і сялянскія трыманні. Для рэалізацыі сваіх правоў уладальнік вотчыны абапіраўся на ўласны апарат прымусу і цэнтральную ўладу. Эканамічная структура вотчыны характарызавалася рознымі суадносінамі панскай і сялянскай гаспадарак, розным спалучэннем формаў рэнты: паншчыны, прадуктовага і грашовага аброкаў.

Першыя звесткі аб княжацкіх вотчынах у Полацкім княстве адносяцца да Х ст., аб баярскіх і манастырскіх вотчынах з'яўляюцца ў XI — XII стст. У XI — XII стст. феадальныя правы вотчыннікаў замацоўваюцца ў зводзе законаў — Рускай Праўдзе.

Як вынік з'яўлення буйнога землеўладання – узмацненне феадальнай залежнасці сялян. Па сваім гаспадарчым і прававым становішчы сяляне-смерды падзяляліся на дзве асноўныя групы: вольных у распараджэнні сваёй асобай і залежных ад землеўладальнікаў. 3алежныя сяляне – гэта "радовічы", халопы, закупы, удачы. Назва "радовіч" ідзе ад слова "рад", гэта значыць дагавор, на падставе якога радовіч працаваў у гаспадарцы феадала і які вызначаў пэўную залежнасць смерда ад феадала. Халопы былі несвабоднымі і знаходзіліся ў поўнай уласнасці феадалаў. Закупамі называлі тых сялян, якія атрымлівалі ад землеўладальнікаў пазыку (купу) і павінны былі працаваць да выплаты доўгу. Многія не маглі вярнуць пазыку і рабіліся неаплатнымі даўжнікамі. Удачамі называлі людзей, якія часова працавалі ў феадала, але не мелі на яго зямлі асабістай гаспадаркі. За работу ўдачы атрымлівалі "міласць" — хлеб і прыдатак.

З'яўленне радовічаў, халопаў, закупаў і ўдачаў сведчыла аб маёмасным расслаенні сялянскай абшчыны і аб канцэнтрацыі зямельнай уласнасці і прававых прывілеяў у руках феадалаў-землеўладальнікаў.

К-во Просмотров: 217
Бесплатно скачать Реферат: Феадальная эканоміка на Беларусі ў ІХ–ХІІ стагоддзях