Реферат: Карэньшчына: тры стагоддзі з жыцця аднаго маёнтка

Далей па часе ідзе серыя з трох інвентароў прэстымонія Прудкі, датаваных 1774, 1775 і 1778 г.29 Колькасць двароў у Прудках дасягнула 22, у Лішчыцах — 13. Апрача таго з'явіліся засценкі Гарадзец і Млын, якія мелі па 1 двары. Размеркаванне зямлі за тры дзесяцігоддзі з часу папярэдняга інвентару істотна змянілася: цяпер 22 з 36 гаспадароў значыліся карыстальнікамі надзелаў у 0,5 аседлай валокі, яшчэ 5 мелі ў дадатак прыёмную (ад 1/4 да 1/2 валокі), а 7 — пустоўскую зямлю (усе па 1/4 валокі). На агульным фоне вылучаюцца, з аднаго боку, жыхары Лішчыц Саўка Шэйпа і Мацей Жукоўскі, якія валодалі адпаведна 1 і 1,5 валокі аседлай зямлі, а з другога боку — Грышка Грэцкі і Адам Жукоўскі з той самай вёскі, у якіх было толькі па пустоўскім надзеле (1/2 і 1/4 валокі адпаведна).

Забяспечанасць сялян рабочай скацінай была даволі аднастайнай. На 36 гаспадарак у 1774 г. прыпадала 56 коней і 71 вол, у тым ліку 20 гаспадарак мелі па 2 кані і 2 валы, 6 — па 1 кані і 2 валы. Толькі 2 гаспадаркі ў Прудках і 2 у Лішчыцах мелі па 4 валы і 2 кані (у 1778 г. у двух гаспадароў было ўжо па 4 валы і 3 кані, а ў трох — па 4 і 2). З другога боку, у адным двары былі толькі 1 вол і 1 конь, у другім — толькі конь, а 4 гаспадары не мелі цяглавай жывёлы (двума з іх былі вышэйзгаданыя Грышка Грэцкі і Адам Жукоўскі).

Плата за тыповы надзел у 0,5 аседлай валокі складала, паводле інвентару 1774 г., 18,5 злотых (2,31 талера). Пры гэтым ніякіх адпрацовачных павіннасцяў сяляне не выконвалі, бо ў маёнтку не было панскага ворыва. У 1775 г. павіннасці рэзка ўзраслі: з той самай паўвалокі належала 10 тынфаў (паводле тагачаснага курсу гэта складала 32 злотых, ці 4 талеры) чыншу і 6 тынфаў за мёд і воск, да таго ж сяляне мусілі адпрацоўваць яшчэ па 2 дні паншчыны ў год (магчыма, на самай справе — у тыдзень) на карысць кораньскага плябана, які ў гэты час арандаваў прэстымоній. Трэба меркаваць, што менавіта з арэндай і звязана рэзкае павелічэнне павіннасцяў. У 1778 г. чынш зноў панізіўся да 20 злотых (2,5 талера) з паўвалокі.

Для параўнання ёсць амаль адначасовы інвентар часткі сумежнага маёнтка Айнаравічы, набытага ў сакавіку 1779 г. Стэфанам і Зофіяй Свідамі ад Зофіі Цадроўскай і яе мужа Зыгмунта Шыцкага30 . Цяпер паншчына ў гэтым маёнтку складала ўжо 2 мужчынскія і 3 жаночыя дні з гаспадаркі (на 1 больш параўналь на з 1752 г.), плюс 2 мужчынскія гвалты на ворыве і 3 жаночыя — на жніве. Затое дзякло не прыгадваецца — магчыма, за кошт яго скасавання і была павялічана паншчына. Іншыя павіннасці з паўвалочнага надзелу складаліся з 2 злотых падымнага, 3 курыц, 20 яек, 3 талек прадзіва. Апрача таго штоноч належала выходзіць па чарзе на варту ў панскі двор, а „для засыпання грэбляў, ежлі б таго патрэба была, з сваіх дзён ехаць павінны" . За паўвалокі прыёмнай зямлі належала плата ў 10 злотых.

Група блізкіх па часе інвентароў належыць да прэстымонія Вялікі Корань. Адзін з іх датаваны 1 кастрычніка 1781 г.31 , а другі, што захаваўся ў трох розных спісах — 1 кастрычніка 1786 г.32 Гэтыя інвентары найбольш падрабязныя. Інвентар 1781 г. фіксуе 17 двароў у Чэрневе (у іх 52 асобы мужчынскага полу і не менш за 32 — жаночага 33 ), 21 двор (адпаведна 57 і 51) у Міхалкавічах і яшчэ 7 (20 і 17) — у Загор'і, якое было выселкам той самай вёскі і пазней злілося з ёй. Апрача таго ў складзе прэстымонія з'явілася яшчэ адно новае паселішча — Юршы — з 4 дварамі (12 і 9). Усяго, такім чынам, у наяўнасці было 49 двароў з прыкладна 250—260 жыхарамі. На іх прыпадала 75 коней (1,5 на двор), 84 валы (1,7), 100 кароў (2), 202 авечкі (4,1), 70 козаў (1,4), 125 свіней (2,5) і 4 вуллі пчол. Звесткі пра памеры надзелаў страчаны для 5 двароў Чэрнева з прычыны пашкоджання адпаведнага аркуша інвентара. З астатніх 44 гаспадарак 28 мелі надзелы па 1/2 валокі, 2 — па 3/8 валокі, 7 — па 3/4 валокі, 2 — па 5/8 валокі. У 3 гаспадароў было толькі па 1/4 валокі, а ў 2 — увогуле не было (адзін з іх запісаны як парабок, другі — як млынар-агароднік ). З тыповага надзелу ў 0,5 валокі належалі павіннасці ў памеры 20 злотых чыншу, плюс 4 злотых і 20 грошаў падымнага .

Інвентар 1786 г. змяшчае істотныя адрозненні, асабліва ў дачыненні да свойскай жывёлы. Колькасць двароў у Чэрневе павялічылася да 20 (апрача іх пазначана 1 сям'я кутнікаў , якая не мела ўласнай хаты). У Міхалкавічах стала 23 двары (і яшчэ 5 сем'яў кутнікаў), у Загор'і — 9 двароў і ў Юршах — па-ранейшаму 4. Колькасць жыхароў абодвух полаў (без кутнікаў) склала 339 чалавек на 56 двароў (6 чал. на двор). Рэзка павялічылася параўнальна з папярэднім інвентаром колькасць скаціны: на гэты раз згадваюцца 191 конь (3,4 на гаспадарку), 233 валы (4,2), 347 кароў (6,2), 443 авечкі (7,9), 148 коз (2,6), 617 свіней (8,3) і 79 вулляў. Лічбы па асобных дварах уражваюць: напрыклад, у гаспадарцы Лявона Саўрыцкага з Чэрнева значацца 4 кані, 8 валоў, 12 кароў, 14 авечак, 7 козаў і 13 свіней, тады як у інвентары 1781 г. у яго пазначаны толькі 1 конь, 2 валы, 2 каровы, 5 авечак, 2 казы і 1 свіння. Такая вялікая розніца за 5 гадоў наўрад ці можа быць растлумачана натуральным прыростам. Магчыма, у першым выпадку быў моцны недаўлік, або падлічвалася толькі дарослая жывёла, а ў пазнейшым інвентары — таксама і маладняк.

Велічыня надзелаў крыху скарацілася: з 56 гаспадарак 39 мелі па 1/2 валокі, 3 — па 3/4, 5 — па 3/8 і 8 — па 1/4. Беззямельных гаспадарак на гэты раз няма. Усе валокі належалі да аднаго разраду — аседлых (сядзібных) . Толькі адна гаспадарка — ляснічага Станіслава Фалькоўскага — мела апрача 3/4 валокі асноўнага надзелу яшчэ 1/2 вольнай валокі. У Міхалкавічах амаль усе двары мелі таксама па 2 моргі (каля 1,4 га) сенажацяў. У іншых паселішчах іх не было амаль ніўкога, толькі ў Чэрневе 3 двары мелі да сваіх паўвалочных надзелаў па 5 дадатковых моргаў — ворыўных і сенакосных.

Спіс павіннасцяў у гэтым інвентары даволі складаны. Грашовыя павіннасці збіраліся перад днём Св. Міхаіла. Са стандартнай паўвалокі належала 24 злотых чыншу, а апрача таго — 2 злотых мядовага і 1 злоты 10 грошаў падымнага з кожнага двара. За дадатковыя моргі была адмысловая плата — па 1 злотым і 15 грошаў з ворыўнага і па 24 грошы — з сенакоснага морга. На кожны злоты налічваўся яшчэ і дадатак у памеры 1 гроша — грашовая подаць. Усяго з двара прыходзілася, у залежнасці ад памераў надзелу, розных плацяжоў на суму ад 18 да 55 злотых, часцей за ўсё — каля 35-37 злотых у год. Кутнікі плацілі 6 злотых 20 грошаў падымнага.

Можна канстатаваць павелічэнне чыншу параўнальна з 1747 г. у 2,7 раза, мядовага ў 4 разы і з'яўленне новых грашовых выплат — падымнага і грашовага. Дзякло зноў выступала ў выглядзе натуральнай павіннасці — па паўбочкі жыта і аўса, па 4 курыцы і 30 яек, па 2 капы грыбоў з кожнай паўвалокі. Замест зніклых ладройшчыны і работніны зноў з'явіліся адпрацовачныя павіннасці: паншчына ў памеры 3 мужчынскіх і 2 жаночых дзён у тыдзень з валокі (г. зн. 2,5 дня з паўвалочнага надзелу), плюс адна паездка ў год на сваёй падводзе ці транспартаванне па вадзе 1 плыта да Вільні (на адлегласць каля 210 км). Апрача таго належала выходзіць на рамонт мастоў, гацяў і карчмы, а ў выпадку заснавання ў вёсцы новага двара кожная гаспадарка абавязана была вывезці з лесу па 10 бярвенняў.

Інвентарнае апісанне Кораньскага прыхода ад 31 студзеня 1783 г.34 змяшчае вопіс маёмасці плябаніі, яе зямельных угоддзяў, а таксама спіс падданных, што жылі ва ўладаннях касцёла — Кораньскай юрысдыцы . Землі плябаніі знаходзіліся ў самім сяле Корань (каля 8 валок) і цераспалосна з уладаннямі капітула — у засценку Нарбутава (1 валока 22 моргі), у Капцах (1 валока), сярод земляў вёскі Прудкі ва ўрочышчы Дворышча (1 валока), а таксама па 1,5 валокі ў Міхалкавічах, Жырблевічах, Церахах і Грамніцы. Усяго на гэтыя землі прыходзілася каля 10 валок ворыва, каля 7 валок лесу, каля 2,5 валок сенакосаў. Прыкладна 6 валок выкарыстоўваліся на патрэбы плябаніі, а 5 былі выдзелены пад надзелы сялян. Плябаніі належалі таксама два ставы — у Капцах і Бачылаўцы (з іх другі — напалам з маёнткам Укропавічы). Спіс падданных уключаў 9 двароў і 3 сям'і кутнікаў у Корані, 4 двары ў Нарбутаве, а таксама па 1 двары ў Грамніцы, Церахах і Жырблевічах і сям'ю каваля Томаша Шчарбовіча, што жыла ў Чэрневе (відавочна, без уласнага двара і зямельнага надзелу). Усяго ў 16 дварах пералічаны 111 чалавек (57 асобаў мужчынскага полу і 54 — жаночага), з іх 13 кутнікаў. У іх карыстанні знаходзіліся 21 рабочы конь і 4 жарабят, 31 рабочы вол і 6 маладых, 27 кароў і 6 цялушак, 70 авечак, 18 козаў і 48 свіней. Непасрэдна ў плябанскай гаспадарцы было 6 дойных кароў, 1 пляменны бык (бугай), 10 авечак, 10 свіней, 7 гусей, 6 качак, 10 курэй. Апрача таго, за асабістыя грошы плябана былі куплены 7 кароў, 2 валы, 1 бугай, 19 авечак, 1 каза, 1 казёл, 7 свіней, 9 індыкоў і 4 гусі.

Павіннасці кожнай гаспадаркі зводзіліся да паншчыны ў колькасці 3 дзён на тыдзень (усяго 156 дзён на год) і выплаце падымнага — 3 злотых 10 грошаў. Памеры надзелаў не пазначаны, але, калі верыць звесткам пра тое, што ў суме яны складалі каля 5 валок, то на кожны двор прыходзілася ў сярэднім меней за 1/3 валокі (7 га). На гэтых надзелах высявалася 10 бочак жыта (азімага), каля 2 бочак ячменю, 8 бочак аўса, 4 бочкі яркі (яравога жыта), па 2 бочкі пшаніцы і гароху, па чвэрці лёну і канаплі. Норма высеву зерневых, мяркуючы па гэтых лічбах, складала блізу 1 чвэрці (100 л, ці 0,8 ц) на гектар. Ураджайнасць жыта прыкладна ў пяць разоў перавышала пасеў (г. зн. была блізу 4 ц/га), ячменю — вагалася ад сам-1 да сам-10, аўса — каля сам-3, прычым у інвентары адзначаецца, што ў даўнія гады ўраджай аўса нават не вяртаў насення.

Да гэтага інвентара дадаецца запіс пра змяненне зямельных уладанняў касцёла, здзейсненых капітулам 24 кастрычніка 1787 г.35 Плошча іх склала з таго часу 17 валок 22 моргаў, з якіх 6 валок належалі непасрэдна плябаніі, а 10 валок 22 моргі прызначаліся пад надзелы яе прыгонных.

Завяршаюць спіс інвентароў XVIII ст. два інвентары прэстымонія Прудкі, датаваныя 29 верасня 1787 і 1789 г.36 Колькасць двароў у Прудках склала ў 1787 г. 22, а праз два гады — 23. У Лішчыцах іх было адпаведна 13 і 14. У 1787 г. 1 двор пазначаны таксама ў засценку Капцы, а 2 — у засценку Гарадзец. У 1789 г. іх насельнікі дапісаны пасля спісу гаспадарак вёскі Лішчыцы, без пазначэння месца жыхарства. Памеры надзелаў пазначаны толькі ў інвентары 1787 г., прычым не ў валоках, а ў моргах (1/30 валокі). Самыя маленькія надзелы — па 10 сядзібных моргаў, ці 1/3 валокі — былі ў 3 сялян, якія плацілі за іх чынш па 13 злотых 10 грошаў. Самым буйным быў надзел у 2 валокі (Мацея Жукоўскага з Лішчыц). За яго належаў чынш у 80 злотых. Яшчэ 3 чалавекі мелі надзелы больш за 1 валоку сядзібнай зямлі, а ў 7 спалучэнне сядзібных і прыёмных моргаў у суме давала валоку і болей, што азначала плату ад 40 да 63,5 злотых. Палова ўсіх надзелаў (20) укладвалася ў памеры ад 20 да 27 моргаў (14-19 га) сядзібнай зямлі, яшчэ ў 5 сялян такія самыя лічбы давала спалучэнне сядзібных і прыёмных моргаў. Чынш з такіх надзелаў налічаўся ў межах ад 26 злотых 20 грошаў да 36 злотых. На 0,5 валокі сума чыншу складала 20 злотых, г. зн. яна не змянілася параўнальна з 1778 г. Верагодна, былі і іншыя павіннасці, аналагічныя павіннасцям сялян з іншых вёсак (падымнае, мядовае), але ў інвентары яны не згадваюцца.

Сярэдні памер гаспадаркі быў даволі стабільны. Паводле дадзеных інвентара 1740 г. ён складаў каля 6,3 чал. (дыяпазон ваганняў — ад 2 да 18). Серыя інвентароў 1783—1789 г. змяшчае дадзеныя пра гаспадаркі па 7 з 12 паселішчаў. Іх сярэдні памер складаў 6,1 чел., а з улікам кутнікаў — да 6,3 (пры размаху ваганняў ад 1 да 14). Забяспечанасць зямлёй моцна мянялася па розных прэстымоніях, і нават па адным паселішчы з цягам часу, што бачна з табліцы 1. Верагодна, значнае павелічэнне ворыўнай зямлі ў прэстымоніях Вялікі Корань і Прудкі звязана з расчысткай новых земляў з-пад лесу.

Забяспечанасць бальшыні гаспадарак свойскай жывёлай была здавальняльнай. Тыповая гаспадарка мела, як правіла, 1—2 коней, пару валоў, не менш за 2 каровы, 2—3 свіней.

У XVIII ст. у маёнтках капітула пераважала грашовая рэнта — чынш. Самая высокая норма паншчыны фіксуецца ў інвентарах Кораньскай плябаніі (2,5—3 дні з гаспадаркі) і прэстымонія Вялікі Корань за 1786 г. (3 мужчынскія і 2 жаночыя дні з валокі, ці прыкладна 2,5 з гаспадаркі). Паколькі сярэдні памер гаспадаркі быў блізкі да 6 чал., з іх прыкладна палова працаздольных, то на кожнага работніка прыходзілася менш за 1 чалавека-дзень на тыдзень. Гэтая норма была намнога ніжэйшая за сярэднюю па Беларусі. Нагадаем, што ў суседнім маёнтку Айнаравічы паншчына складала 4—5 дзён з гаспадаркі, ці 8—10 з валокі. Такое становішча было куды больш тыповым для шляхецкіх маёнткаў. Поводле падлікаў П. Лойкі, у 29 прыватнаўласніцкіх маёнтках захаду і цэнтра Беларусі ў другой палове XVIII ст. паншчына складала ў сярэднім 9,8 чалавека-дзён на тыдзень з валокі37 . Характэрна, што і сярэдні памер гаспада?

К-во Просмотров: 142
Бесплатно скачать Реферат: Карэньшчына: тры стагоддзі з жыцця аднаго маёнтка