Реферат: Палітычна мадэрнізацыя расійскага грамадства ва ўмовах сусветнай вайны і пасля звяржэння самаўладдзя

Ажыццяўленню сялянскіх інтарэсаў спрыялі створаныя Саветы сялянскіх дэпутатаў. Першы на Беларусі сялянскі з’езд Мінскай і Віленскай губ. адбыўся 20-23 красавіка. Яго старшынёй быў абраны М. Фрунзе. З мая па распараджэнні Часовага ўрада ў мэтах барацьбы з аграрным рухам і для падрыхтоўкі да Ўстаноўчага сходу пачалі стварацца адмысловыя зямельныя камітэты.

Рабочы рух таксама вызначаўся высокай актыўнасцю. Ужо ў красавіку-маі, дзякуючы Саветам і прафсаюзам, асноўная маса буйных прадпрыемстваў перайшла на 8-гадзінны працоўны дзень.

Перамога рэвалюцыі абумовіла магчымасць ліквідаваць рэшткі царскіх парадкаў ва ўзброеных сілах. Пасля з’езда салдацкіх і рабочых Заходняга фронту, які адбыўся ў Мінску 7-17 красавіка, салдаты ўтварылі ўласныя камітэты, дамагліся дэмакратызацыі армейскага жыцця і ўраўнання ў правах з астатнімі грамадзянамі. У цэлым, у сакавіку-красавіку армія была дастаткова моцнай, каб пачаць наступленне і наблізіць мір. Разам з тым па прычыне захаплення салдат антываеннымі лозунгамі і братаннямі, недаверу да камандзіраў і г. д. вызначылася небяспечная тэндэнцыя да зніжэння баяздольнасці рускай арміі.

Актывізавалася дзейнасць адроджаных і зноў створаных агульнарасійскіх (РСДРП, ПС-Р, Канстытуцыйных дэмакратаў, якія сталі звацца Партыя народнай свабоды) і нацыянальных (яўрэйскіх, польскіх, беларускіх і інш.) партыйных арганізацый. Разам з імі пашырыліся ліберальныя, сацыялістычныя, сацыял-дэмакратычныя, нацыянальныя і інш. погляды на далейшыя шляхі грамадскага і дзяржаўнага развіцця, якія прапагандаваліся на шматлікіх мітынгах, сходах, з’ездах, на старонках газет. У выніку зноў створаныя дзяржаўныя і грамадскія структуры сталі актыўна папаўняцца членамі партый, што непазбежна вяло да палітызацыі іх дзейнасці, галоўным чынам у напрамку першаступеннай рэалізацыі не агульных, вузкапартыйных інтарэсаў.

Палітычнае становішча на Беларусі вясною 1917 г. характарызавалася поўным знікненнем ваенна-паліцэйскага рэжыму, ажыццяўленнем абвешчаных Часовым урадам свабод: слова, друку, сходаў, саюзаў і інш. Акрамя таго, армія і народ падтрымалі яго заклікі аб працягу вайны ў мэтах абароны рэвалюцыі і канчатковым вырашэнні наспелых сацыяльна-эканамічных, нацыянальных і іншых праблем толькі пасля склікання Ўстаноўчага сходу.

3. Дзейнасць органаў Часовага ўрада і палітычных сіл вясной- летам 1917 г.

З усталяваннем у краіне дэмакратычнага рэжыму і ў адпаведнасцi з абвешчанымі ў Дэкларацыі ад 3 сакавiка 1917 г. свабодамі, у тым ліку свабодай саюзаў і арганізацый, паўсюдна пачалося аднаўленне ранейшых і стварэнне новых партыйных арганізацый. На Беларусі асобую актыўнасць выяўляў рабочы клас, салдаты, служачыя, інтэлігенцыя, чыноўнікі, прадпрымальнікі, памешчыкі, нацыянальныя групоўкі, у меншай ступені – сяляне. Перспектыва склікання ўсерасійскага Ўстаноўчага сходу арыентавала партыйныя арганізацыі на выкарыстанне парламенцкіх метадаў дасягнення сваіх мэт.

Па палітычным спектры ўсе (агульнарасійскія і нацыянальныя) партыі, якія дзейнічалі ў 1917 г. і пазней, падзяліся на левыя, цэнтрысцкія і правыя (ліберальныя). У працэсе рэвалюцыйнага абнаўлення грамадства і дзяржавы палітычная пазіцыя цэнтрыстаў была неўстойлівай і па шэрагу пытанняў яны мелі ўласныя плыні.

Да ўсерасійскіх левых партый адносіліся анархісты і бальшавікі (РСДРП(б); да цэнтрысцкіх – меншавікі (РСДРП) з Бундам, эсэры (ПС-Р), трудавікі і народныя сацыялісты; да правых – Партыя народнай свабоды (ПНС) або кадэты і "Союз 17 октября" .

У адрозненне ад агульнарасійскіх, нацыянальныя партыі больш увагі надавалі менавіта нацыянальным, а не агульным праблемам. Але і яны групаваліся па палітычным спектры. Так, да польскіх левых належала ППС "лявіца"; да цэнтра – СДКПіЛ, ППС "правіца"; да правых – народныя дэмакраты (эндэкі).

Яўрэйскія левыя складаліся з Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай рабочай партыі сацыялістаў-сіяністаў і сацыялістаў-тэрытарыялістаў (АЯСРП с.с. і с. е.), Яўрэйскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (ЯСДРП) Паалей Цыён; да цэнтру належалі Цэірэй Цыён, Фолкспартэй, Ахдус Ізраель; да правых – Альгемайне Цыён і інш.

БСГ з’яўлялася левай партыяй; Беларуская народная партыя сацыялістаў (БНПС) – цэнтрысцкай; Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) – правай партыяй.

Цэнтрамі палітычнага жыцця дэмакратычнай Расіі з’яўляліся сталічныя, а таксама губернскія і павятовыя гарады. Асноўную ролю ў ім адыгрывалі, як правіла, рабочыя, па партыйнай прыналежнасці – члены РСДРП (меншавікі) або бундаўцы. Іх погляды на бягучыя падзеі з’яўляліся вызначальнымі для астатняй масы "рэвалюцыйнай дэмакратыі". Большасць сацыял-дэмакратаў, зыходзячы з ацэнкi рэвалюцыi як буржуазна-дэмакратычнай, падтрымала iдэю супрацоўнiцтва пралетарыята з буржуазiяй, а значыць i iдэю падтрымкi Часовага ўрада, у якім пераважалі кадэты.

Такiя ж пазiцыi, хоць i па iншых меркаваннях, займалi усё палiтычныя партыi, акрамя бальшавiкоў, якiя, з прыездам Леніна, заклікалі не аказваць падтрымкі Часоваму ўраду, "як буржуазна-памешчыцкаму". На iх думку, улада павiнна была належаць Саветам рабочых i салдацкiх дэпутатаў.

18 красавіка міністр замежных спраў П. Мілюкоў у сваёй тэлеграме (ноце) на адрас саюзнікаў па Антанце запэўніў іх у няўхільным курсе Расіі на "перамоганоснае заканчэнне вайны". Тым самым міністр праігнараваў імкненне "рэвалюцыйнай дэмакратыі" на дасягненне міру шляхам перагавораў. У адказ Петраградскі Савет, а пасля яго - іншыя Саветы і левыя партыі, рэзка асудзілі П. Мілюкова, а сам ён быў вымушаны падаць у адстаўку. У тых умовах у асяроддзі "рэвалюцыйнай дэмакратыі" узнікла і пашырылася ідэя аб сумесным (кааліцыйным) урадзе кадэтаў і сацыялістаў. Неўзабаве ў Часовы ўрад (прэм’ер-міністр Г. Львоў) увайшлі прадстаўнікі меншавікоў, эсэраў і народных сацыялістаў (энэсаў).

Партыя бальшавікоў рэзка адмоўна аднесліся да ідэі кааліцыі і называлі прыхільнікаў супрацоўніцтва з буржуазнымі партыямі "згоднікамі" і нават здраднікамі. "Красавіцкі крызіс", акрамя іншага, адбіўся ў павышэнні актыўнасці бальшавікоў. Пад іх уздеяннем на франтах распаўсюдзіліся "братанні" і ўзмацнілася дэзерцірства.

Рэальнае стаўленне палітычных сіл і ўсяго грамадства ў цэлым да вайны выявілася 18 чэрвеня, калі па закліку Ўсерасійскага з'езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў у многіх гарадах краіны адбыліся маніфестацыі і мітынгі. На Беларусі яны прайшлі ў губернскіх і асобных (Бабруйск, Гомель) цэнтрах пад лозунгамі падтрымкі Часовага ўрада і распачатага наступлення рускіх войск Паўднёва-Заходняга фронту. Бальшавіцкія антываенныя заклікі на тых маніфестацыях поспеху не мелі, затое на пазіцыях іх уздзеянне набылі разбуральныя наступствы. У выніку многія часці адмовіліся выконваць загад камандавання і выступіць супраць ворага.

Наступленне рускіх войск Паўднёва-Заходняга фронту скончылася для іх катастрофай і абвастрыла маральна-палітычную напружанасць у грамадстве. Так, 3-4 ліпеня ў Петраградзе, часці гарнізона, якія знаходзіліся пад уплывам бальшавікоў і анархістаў, здзейснілі спробу звяржэння Часовага ўрада.

У адказ з мэтай умацавання дысцыпліны на фронце ўрад А. Керанскага ўвёў пакаранне смерцю і забараніў антыўрадавую агітацыю. У Мінску быў перапынены выхад бальшавіцкай газеты "Звезда".

Палітычная напружанасць у краіне ўзрасла яшчэ больш, калі стала вядома аб пасылцы вярхоўным галоўнакамандуючым генералам Л. Г. Карнілавым казацкіх і іншых часцей на Петраград для замены войск бальшавізаванага гарнізона. Гэтая акцыя была ўзгоднена з прэм’ер-міністрам А. Керанскім, тым не менш, была ўспрынята як спроба дзяржаўнага перавароту і ўсталявання ваеннай дыктатуры.

Намаганнямі палітычных партый, Саветаў, салдацкіх камітэтаў, Саюзу чыгуначнікаў, большасці вышэйшага камандавання і г. д. узнікшы 25-26 жніўня "карнілаўскі мяцеж" скончыўся без кравапраліцця, а сам былы галоўнакамандуючы са сваім штабам здаўся. У ліку важнейшых наступстваў гэтага канфлікту было і тое, што колькасць прыхільнікаў кааліцыі з буржуазіяй рэзка зменшылася, ідэя ваеннага шляху ў дасягненні міру была канчаткова адкінута. Адначасова аўтарытэт бальшавікоў як змагароў за неадкладнае спыненне вайны і прыхільнікаў перадачы ўсёй улады Саветам істотна ўзрос.

Па меры развіцця рэвалюцыі прадстаўнікі ўсіх палітычных партый былі ўключаны ў органы дзяржаўнай улады – губернскія і павятовыя камісарыяты. Летам-восенню адбыліся выбары ў гарадскія думы і земствы, галоўным чынам па партыйных спісах, якія прынеслі перамогу левым партыям – эсэрам і меншавікам. Шматпартыйная сістэма, што ўсталявалася ў краіне, рабілася асноўнай крыніцай фарміравання органаў улады. Пры тым раскладзе палітычных сіл левыя партыі мелі найлепшыя шанцы атрымаць большасць ва Ўстаноўчым сходзе.

Бальшавікі таксама склалі свой выбарчы спіс у парламент, але адначасова яны ўзмацнілі ўсебаковую, у тым ліку канспіратыўную дзейнасць па падрыхтоўцы ўзброенага паўстання пад лозунгам "Уся ўлада Саветам". У цэлым, з вясны па восень усе палітычныя сілы ў сваім стаўленні да Часовага ўрада падзяліліся на яго безумоўных прыхільнікаў і не менш ваяўнічых праціўнікаў. Такія ж прынцыповыя разыходжанні назіраліся і ў адносінах да ваеннага, аграрнага, рабочага, нацыянальнага пытанняў. Кожная партыя ўсведамляла, што рэалізацыя іх стратэгічных мэт у многім залежыць ад таго, наколькі прывабнай для мас (як патэнцыяльных выбаршчыкаў) будзе палітычная праграма і тактыка кожнай з іх па азначаных пытанняў.

Што датычыць праблемы вайны, то вясной РСДРП, Бунд, ПС-Р, БСГ лiчылі яе абарончай і таму заклiкалі да яе працягу да заключэння ганаровага мiру, без анексiй i кантрыбуцый. Партыйныя арганізацыі і падначаленыя ім Саветы ўзялі актыўны ўдзел у падпісцы на аблігацыі "Пазыкі Свабоды" для папаўнення дзяржаўнага бюджэту.

ПНС з’яўлялася прыхiльнiцай вайны да пераможнага канца. Яе пазіцыі падзялялі меншавікі-абаронцы (Г. Пляханаў) і энэсы. Яны таксама ўзялі ўдзел у рэалізацыі ваеннай пазыкі.

Бальшавiкі працягвалі лiчыць вайну iмперыялiстычнай, патрэбнай, быццам толькi буржуазii i памешчыкам, і таму выступалі за яе неадкладнае спыненне. Бальшавіцкі лозунг неадкладнага спынення вайны сталi падзяляць меншавiкi-iнтэрнацыяналiсты i левыя эсэры. Тым часам развал армія імкліва губляла сваю баяздольнасць.

Падрыхтоўка аграрнай рэформы таксама прыцягвала павышаную ўвагу грамадскасці. Задоўга да выбарчай кампаніі ва Ўстаноўчы сход кожная з партый абвясціла ўласны зямельны праект або аграрную частку праграмы).

Кадэты выступалі за надзяленне сялян зямлёй з дзяржаўнага фонда ў прыватную ўласнасць пры захаванні памешчыцкага землеўладання. Прадугледжвалася таксама перадача часткі памешчыцкіх зямель у дзяржаўны фонд, але толькі за пэўную кампенсацыю.

Народныя сацыялісты (энэсы і трудавікі) прапаноўвалі ліквідаваць памешчыцкае землеўладанне (за кампенсацыю) і надзяляць сялян зямлёй па спажывецкай норме.

К-во Просмотров: 169
Бесплатно скачать Реферат: Палітычна мадэрнізацыя расійскага грамадства ва ўмовах сусветнай вайны і пасля звяржэння самаўладдзя