Реферат: Расійскі шлях палітычнай мадэрнізацыі ў працэсе станаўлення індустрыяльнай цывілізацыі
Свае асноўныя намаганні М. Мураўёў скіраваў на разгром паўстанцаў, колькасць якіх дасягала 15 тыс. На працягу вяснылета сіламі 40-тысячнага войска з артылерыяй лакальныя ачагі супраціўлення былі падаўлены. За публічнае пакаранне паўстанцаў на шыбеніцах за Мураўёвым замацавалася прозвішча «Вешальнік». Так, 123 удзельнікаў паўстання былі павешаны ці расстраляны, 3 776 чалавек высланы ў Сібір, 12 355 пастаўлены пад нагляд паліцыі. 22 сакавіка 1864 г. у Вільні быў публічна павешаны К. Каліноўскі.
Маёмасць асуджанай шляхты і святарства канфіскоўвалася. Усё маёнткі края, якія належалі шляхце і каталіцкаму духавенства былі абкладзены 10 % падаткам. У краі пачалося пераразмеркаванне зямель на карысць памешчыкаў і сялян праваслаўнага веравызнання. Усе чыноўнікі-палякі, хто выказваў спачуванне паўстанцам, вызваляліся з дзяржаўных пасад. Іх месцы мусілі заняць ураджэнцы расійскіх губерняў, зацікаўленыя высокімі (на 50%) акладамі.
Звязаная з іменем М. Мураўёва другая хваля русіфікацыі суправаджалася выкараненнем польскай мовы з научальных устаноў, кнігавыдавецтва, тэатральных рэпертуараў, закрыццём каталіцкіх школ. Адзіная вышэйшая школа – Горы-Горацкі земляробчы інстытут за сувязь студэнтаў з паўстанцамі быў зачынены. Адначасова для дзяцей праваслаўных сялян сталі адчыняцца шматлікія пачатковыя школы.
Маёмасць многіх касцёлаў перададзена ў дзяржаўны фонд, самі яны былі зачынены, або пераўтвораны ў праваслаўныя храмы. У той самы час пачалося будаўніцтва новых цэркваў паводле прапанаванага М. Мураўёвым праекту – так званых «мураўёвак».
У 1863-1864 г. царскі рэжым выявіў сваю перавагу ва ўсіх сферах барацьбы з польскім нацыянальна-вызваленчым рухам – ваеннай, эканамічнай, знешнепалітычнай, нават ідэйнай. Разам з тым асэнсаванне беларускай шляхтай прычын трагічных для іх вынікаў паўстання набліжала яе да мясцовага жыцця, да свайго народа, яго мовы і культуры. У новых умовах у іх свядомасці лозунг самастойнай Польшчы спалучаўся з лозунгам самастойнай Беларусі. Невыпадкова К. Каліноўскі ў сваіх «Лістах з-пад шыбеніцы», заклікаючы свой народ да далейшага змагання за волю, выказваўся за ўтварэнне самастойнага ўрада для Літвы (Беларусі).
Русіфікацыя края праз абмежаванні вывучэння і выкарыстання польскай мовы ў дзяржаўных установах, развіццё рускай школы, укараненне рускай літаратуры, замену польскага чыноўніцтва рускім, усё гэта і іншае спрыяла ўмацаванню расійскай дзяржаўнасці, што з’яўлялася найбольш істотным і прыкметным наступствам шляхецкіх паўстаннях на Беларусі ў ХІХ ст.
3. Ідэалогія лібералізму, народніцкі і сацыял-дэмакратычны рух на Беларусі Выспяванне нацыянальнай ідэі ў светапоглядзе беларускіх народнікаў
У Заходняй Еўропе ў перыяд пераходу ад феадалізму да капіталізму і яго далейшага развіцця ўзнікла палітычная і ідэалагічная плынь – лібералізм, які выказваў інтарэсы прамысловай буржуазіі па абмежаванні правоў манарха парламентам, устанаўленні канстытуцыйнага ладу і ўдзелу ва ўладзе. Лепшай формай палітычнага ладу лібералы лічылі дэмакратыю, заснаваную на прызнанні прынцыпаў народаўладдзя, свабоду асобы і раўнапраўе грамадзян.
Пэўная частка інтэлігенцыі, заклапочаная паскарэннем грамадскага прагрэсу ў Расіі, звярнула ўвагу на патэнцыяльныя магчымасці сялянства. Тыя з інтэлігентаў, хто ішоў «у народ» (сяліўся ў вёсках), каб узняць яго асветніцкі ўзровень, зваліся народнікамі. Адна іх плынь – ліберальнае народніцтва – выступала за ўдасканаленне асобы і пашырэнне яе правоў, а таксама за ўвядзенне канстытуцыі. Каб прадухіліць магчымы сацыяльны выбух, ліберальныя народнікі заклікалі да мірнай замены «самадзяржаўя цара самадзяржаўем народа» на аснове ўсеагульных выбараў, свабоды слова и свабоды сходаў.
З цягам часу з ліберальнага народніцтва вылучылася рэвалюцыйная плынь, якая лічылі сялянства рэвалюцыйным класам, а сялянскую абшчыну – гатовай ячэйкай будучага сацыялістычнага грамадства. Характэрнай рысай народнiцкай iдэалогii з’яўлялася перапляценне ідэй народаўладдзя з сялянскiм утапiчным сацыялiзмам. Яе прадстаўнікі ставілі на мэце падрыхтоўку ў Расіі сялянскага паўстання і звяржэнне самаўладдзя. Першая народнiцкая арганiзацыя «Зямля і Воля» была створана ў 1861 г. На Беларусi iдэi народнiцтва падзялялi К. Калiноўскi, В. Урублеўскi, З. Серакоўскi.
З-за спрэчак аб тактыкi сваёй дзейнасці народнікі і падзяляліся на тры групоўкі – бунтарскую, змоўшчыцкую і прапагандысцкую. Ідэолагам першай з’яўляўся М. Бакунiн, якi заклiкаў да неадкладнага ўсенароднага паўстання супраць царызму і памешчыкаў. Прыхiльнiкi П. Ткачова выступалi «за палiтычны пераварот з мэтай перадачы ўлады народу». Трэцяя плынь народнiкаў падзяляла думку П. Лаўрова аб неабходнасцi грунтоўнай падрыхтоўкi да рэвалюцыi праз прапаганду.
Намаганнямі А. Міхайлава, Г. Пляханава і інш. у 1876 г. у Пецярбургу была адноўлена дзейнасць нелегальнага таварыства «Зямля i Воля», у якім бралi удзел і студэнты з Беларусi – С. Кавалiк, А. Бонч-Асмалоўскi, І. Грынявiцкi, М. Судзiлоўскi i iнш. У жнiўнi 1879 г. «Зямля i Воля» з-за ідэйных спрэчак раскалолася на «Народную волю» i «Чорны перадзел». На пачатку 1880-х гг. гурткi чорнаперадзельцаў узнiклi у Віцебску, Мiнску, Оршы, Слуцку.
Другая плынь рэвалюцыянераў (А. Жэлябаў, Н. Кібальчыч, А. Міхайлаў, С. Пяроўская, С. Халтурын і інш.) аб’ядналася вакол «Народнай волi», якая паставіла на мэце прымусіць царскі ўрад пайсці на дэмакратычныя рэформы. Асноўным метадам палітычнага ўздзеяння на яго зрабіўся індывідуальны тэрор – фізічнае знішчэнне вышэйшых дзяржаўных асоб. Прыхільнікі гэтай тактыкі спадзяваліся гэтымі забойствамі выклікаць паралік органаў улады, анархію, а ўслед за ім – народную рэвалюцыю. У лiку ўдзельнiкаў «Народнай волi» былі выхадцы з Беларусi. Адзін з іх, І. Грынявіцкі 1 сакавiка 1881 г. кінуў бомбу ў Аляксандра II, смяротна параніўшы яго і сябе.
У студзенi 1882 г. была створана Паўночна-Заходняя арганiзацыя «Народнай волi», якая аб’яднала большасць гурткоў Беларусi, у тым ліку Бабруйска, Вiльнi, Віцебска, Гродна, Магілёва, Мiнска, Оршы, Пiнска. Дзейнасць «Народнай волі» не прынесла тых вынікаў, на якія разлічвалі яе арганізатары і кіраўнікі.
На фоне крызісу народнiцкіх арганізацый у Расіі стала ўмацоўвацца новае вучэнне – марксізм. Яго заснавальнік – К. Маркс (1818-1883) даказваў неабходнасць і магчымасць сусветнай рэвалюцыі, звяржэння буржуазнага ладу, усталявання дыктатуры пралетарыяту і пабудовы сацыялістычнага грамадства. Асноўную ролю ў рэвалюцыі павінен быў адыграць рабочы клас (пралетарыят). У адрозненне ад народнікаў, марксісты не лічылі сялянства рэвалюцыйным класам, тым не менш разглядалі яго як саюзніка ў сумеснай барацьбе супраць самаўладдзя. На Беларусі асноўным асяроддзем распаўсюджання марксiсцкiх iдэй зрабiлiся яўрэйскiя працоўныя. У 1884 г. у лiку першых пачаў працаваць гурток Абрамовiча ў Мiнску. У 1886 г. марксiзм вывучалi ужо каля 130 рабочых. У 1895 г. у горадзе дзейнiчалi 2 сацыял-дэмакратычныя групы, якія ўзначальвалі Я. Гурвiч i C. Трусевiч. Пазней такiя ж гурткі ўзнiклi у Вiльнi, Гродна, Смаргонi, Вiцебску, Гомелi.
На аснове рабочых гурткоў сталi стварацца сацыял-дэмакратычныя арганiзацыі. Узнiкшыя ў Польшчы ў 1882 і 1892 гг. партыі (адпаведна) «Пралетарыят» і «Польская партыя сацыялістычная» (ППС) сталі пашыраць свой уплыў і на Заходнюю Беларусь. Асаблiвай актыўнасцю вызначаўся Лiтоўскi рабочы саюз з аддзяленнямi у Вiльнi, Мiнску i Смаргонi. У жніўні 1900 г. па ініцыятыве Ф. Дзяржынскага адбылося аб’яднанне саюза с польскімі сацыял-дэмакратамі ў адзіную Сацыял-Дэмакратыю Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ).
У прамысловых цэнтрах Расіі таксама ўзніклі сацыял-дэмакратычныя арганізацыі, у тым ліку пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа» (1895) на чале з У. Ульянавым (Леніным).
Колькаснае павелiчэнне сацыял-дэмакратычных суполак яўрэйскiх рабочых стварыла ўмовы для ўзнiкнення масавай арганізацыі Бунд – Усеагульнага яўрэйскага рабочага саюза ў Лiтве, Польшчы i Расii (на чале з А. Крэмерам), які быў створаны ў Вiльнi у 1897 г.
Па ініцыятыве ЦК Бунда была прадпрынята спроба ўтварэння агульнарасійскай рабочай партыі. З гэтай нагоды 1-3 сакавiка 1898 г. у Мiнску адбыўся I з’езд 9 дэлегатаў сацыял-дэмакратаў ад буйнейшых арганізацый Расіі, які ў прынятым Маніфесце абвясціў аб утварэнні Расійскай Сацыял-дэмакратычнай партыі. На справе яе яшчэ толькі належала стварыць, чым і заняліся Ў. Ленін, Ю. Мартаў і іншыя.
У 1879-1880 г. у асяроддзі студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта, выхадцаў з Беларусі, узнікла група «Гоман», якая называла сябе «беларускай мясцовай фракцыяй» партыi «Народная воля». У ліку яе арганізатараў былі І. Грынявіцкі, А. Марчанка, Х. Ратнер, М. Стацкевіч і інш. Значным дасягненнем групы стала выданне ў 1884 г. часопіса «Гомон. Белорусское революционное обозрение» для таго, каб служыць выразнiкам iдэй сацыяльна-рэвалюцыйнай групы беларусаў. У яго першым нумары за студзень–люты абвяшчалася аб праве беларусаў пры захаванні сваёй самастойнасці «заняць у Расіі такое ж месца, якое імкнуцца заняць іншыя больш ці менш буйныя народнасці».
У другім нумары «Гомана», які выйшаў у лістападзе, былі змешчаны больш разгорнутыя характарыстыкі «нашай Радзімы» Беларусі як асобнай «краіны» і саміх беларусаў як «чыстага тыпу славянскага племені», іх арыгінальнай мовы, узаемаадносін з палякамі і вялікаросамі.
Такім чынам, «сацыяльна-палітычная група беларусаў» і іх часопіс папулярызавалі ідэю аб самабытнасці беларускага народа і абгрунтоўвалі яго права на дзяржаўнасць (аўтаномію) у складзе Расійскай федэрацыі. Тым самым яны пераконвалі расійскую грамадскасць у існаванні самабытнага беларускага народа, заяўлялі аб яго месцы сярод іншых народаў і перспектывах далейшага жыцця.
4. Афармленне агульнарасійскіх і нацыянальных партый
Уздым рэвалюцыйнага руху, скіраванага супраць самаўладдзя, прычыніўся да ўтварэння партый, якія ставілі на мэце заваёву палітычнай улады. Раней астатніх у агульнарасійскую партыю вылучыліся народнікі. З 1899 у Мiнску пад кiраўнiцтвам Л. Клячко (Радзiёнавай), Р. Гершунi, К. Брэшка-Брэшкоўскай, А. Бонч-Асмалоўскага пачала дзейнiчаць «Рабочая партыя палiтычнага вызвалення Расii». Неўзабаве ў складзе РППВР налічвалася каля 200 удзельнікаў, аб’яднаных у амаль 40 гурткоў. У 1900 годзе арганiзацыя была разгромлена паліцыяй, а рэшткі яе ўвайшлі ў Партыю сацыялiстаў-рэвалюцыянераў (ПС-Р), якая аформiлася ў 1902 г. з былых народнiкаў. Яе сацыяльнай базай з’яўляліся сялянства, рабочыя, народная інтэлігенцыя. Эсэры выступалi cупраць самаўладдзя i памешчыцкага землеўладання, за федэратыўную дэмакратычную рэспублiку, за пабудову сацыялiстычнага ладу на аснове сацыялiзацыi зямлi, ураўняльнага землекарыстання і распаўсюджвання кааперацыi.
Эсэры ў многiм захавалі традыцыi «Народнай волi», у тым ліку тактыку індывідуальнага тэрору. Для гэтых мэтаў існавала «Баявая арганiзацыя» на чале з Р. Гершунi. Арганiзацыi ПС-Р мелiся ў Беластоку, Вільні, Віцебску, Гомелі, Мiнску. На Беларусi у 1904 г. узнiкла асобная Паўночна-Заходняя Абласная арганiзацыя ПС-Р.
Вялiкую ролю ў арганізацыі Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП) адыграла газета «Искра», у якой публікаваліся Ў. Ленін, Ю. Мартаў, Г. Пляханаў, Л. Троцкі.
У ліпені-жніўні 1903 г. у Бруселі і Лондане адбыўся ІІ з’езд РСДРП. Дэлегаты прынялі партыйную праграму, дзе фармулявалiся задачы буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыi (праграма-мiнiмум): звяржэнне самаўладдзя i усталяванне дэмакратычнай рэспублікi і інш. Праграма-максімум лiчыла канчатковай мэтай усталяванне дыктатуры пралетарыяту і пабудову сацыялiзму.
Пад час абмеркавання пункту Cтатута аб тым, хто можа быць членам партыi, была прынята фармулёўка Ю. Мартава, у адпаведнасцi з якой для членства ў РСДРП лiчылася дастатковым прызнанне праграмы, матэрыяльная падтрымка партыi i рэгулярнае асабiстае садзеянне ёй пад кiраўнiцтвам адной з партыйных арганізацый. У. Ленiн выказваўся за непасрэдны ўдзел кожнага ў працы партарганiзацыi. У рэдакцыю «Искры» абралі Ў. Ленiна, Ю. Мартава, і Г. Пляханава, а ў ЦК партыі ўвайшлі толькі прыхільнікі Ў. Леніна, якія склалі большасць (адсюль – «бальшавікі»). Прапанова «меншавіка» Г. Пляханава вярнуць у склад рэдакцыі «Искры» усіх супрацоўнікаў выклікала выхад з яе Ў. Леніна. У сярэдзiне 1905 гг. у РСДРП налiчвалася 14 тыс. бальшавiкоў i 12, 5 тыс. меншавiкоў. На Беларусi яе буйнейшыя арганiзацыi узнiклi у Мiнску, Гомелi, Вiцебску, Барысаве, Бабруйску, Магiлёве, Мазыры, Полацку. Падпарадкоўвалiся яны Палескаму (Гомель) i Паўночна-Заходняму (Вiльня) камiтэтам.
У пачатку 1900-х гг. на Беларусі адбывалася фарміраванне нацыянальных партый. Асобую актыўнасць выяўляла яўрэйскае насельніцтва. З яго асяроддзя вылучыліся чыста нацыянальная сіянісцкая партыя, сацыялістычныя яўрэйская рабочая партыя (нацыянальна-народніцкага кшталту), Паалей Цыён (нацыянальна-сацыял-дэмакратычна-га кшталту). З улікам Бунда, РСДРП, ПС-Р прысутнасць яўрэяў у палітычных партыях была самай масавай.