Реферат: Расійскі шлях палітычнай мадэрнізацыі ў працэсе станаўлення індустрыяльнай цывілізацыі
Вызначальную ролю ў кансалідацыі беларускага народа, абуджэнні яго палітычнай свядомасці адыграла нацыянальная дэмакратычная інтэлігенцыя. У канцы ХІХ ст. у Мiнску сярод навучэнцаў гімназій утварыўся гурток па вывучэнню беларускіх нацыянальных праблем. У 1902 г. яго заснавальнiкi – браты Антон i Iван Луцкевiчы працягвалі гэтую дзейнасць у Пецярбургу, у студэнцкiм «Гуртку беларускай народнай асветы».
Зiмою 1902/1903 гг. члены гуртка (у тым лiку браты Луцкевiчы, Цётка, К. Каганец, А. Бурбiс, В. Iваноўскi, Ф. Умястоўскi) з удзелам моладзi Мiнска i Вiльнi заснавалi «Беларускую рэвалюцыйную грамаду». З’езд БРГ, якi адбыўся ў 1903 г., пазіцыяніраваў сябе сацыяльна-палiтычнай арганiзацыяй беларускага працоўнага народа. Як вынікала з яе праграмы, канчатковай мэтай абвяшчалася знiшчэнне капiталiстычнага ладу i пераход у грамадскую ўласнасць зямлi, сродкаў вытворчасцi i транспарту. Блiжэйшай задачай абвяшчалася звяржэнне самаўладдзя. Меркавалася дамагацца палiтычнай аўтаномii Беларусi з сеймам у Вiльнi i культурна-нацыянальнай аўтаномii для этнiчных груп краю.
Недзе памiж 1904 i 1905 гг. БРГ прыняла назву «Беларуская сацыялістычная грамада» (БСГ). З моманту свайго ўтварэння яна ўстала на рэвалюцыйны шлях барацьбы з самаўладдзем, за ўсталяванне ў Расіі федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі і самавызначэнне беларускага народа. Роля БСГ сярод іншых партый, якія існавалі на Беларусі да 1905 г., у агульным рэвалюцыйным працэсе была невялікай.
5. Рэвалюцыя 1905-1907 гг. Пачатак парламентарызму
У 1905 г. у Расіі адбылася буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя. Яе выклікала абвастрэнне супярэчнасцей памiж самаўладдзем i грамадствам, памешчыкамi i сялянамi, буржуазiяй i пралетарыятам, царызмам i народамi нацыянальных ускраiн; няўдалы ход i вынiкi для Расii вайны з Японiяй.
Пачаткам рэвалюцыi паслужыла «Крывавая нядзеля» – расстрэл 9 студзеня 1905 г. мiрнай манiфестацыi працоўных Пецярбурга, якiя ішлi да цара з просьбай аб паляпшэнні іх становішча. У выніку ад салдацкіх куль загінула больш 1000 чал. У адказ абураныя рабочыя i прагрэсiўная iнтэлiгенцыя ў той жа дзень выйшлi на вулiцы сталiцы пад лозунгамi «Далоў самаўладдзе!». Акцыi салідарнасці пракацiлiся па ўсёй краiне. У іх удзельнічала каля 440 тыс. На Беларусі найбольш актыўна выступілі працоўныя Мінска, Гомеля, Брэста, Смаргонi, Мазыра, Полацка, Слонiма і інш. Арганiзатарамi выступленняў былi партыйныя камiтэты Бунда, РСДРП і ПС-Р.
Чарговай падставай для рэвалюцыйнага ўздыму зрабілася святкаванне 1 мая. Дэманстрацыi, маёўкi, сходкi праходзiлi пад лозунгамi «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспублiка!». У Пінску і Віцебску адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з паліцыяй.
Пад уздзеяннем рэвалюцыйных падзей сяляне прадпрымалі спробы дамагчыся паляпшэння свайго становiшча. У асноўным іх выступленні ўяўлялі сабой патравы панскіх лугоў, парубкi лесу, зрэдку – падпалы i разгромы маёнткаў. Забастовачны рух сельскіх пралетарыяў адбываўся пад уплывам агiтацыi арганiзацый РСДРП, Бунда, ПС-Р.
6 жнiўня 1905 г. Мікалай ІІ ў адказ на патрабаванні рэформ падпісаў распрацаванае міністрам унутраных спраў Булыгiным «Палажэнне аб выбарах у законадарадчую Дзяржаўную думу». Але ў выніку абвешчанага «левымі» партыямі выбары ў яе так і не адбыліся.
У кастрычнiку пачалася ўсерасiйская стачка пад лозунгамi звяржэння самаўладдзя i усталявання дэмакратычнай рэспублiкi. На Беларусi яе падтрымалі працоўныя 32 гарадоў і мястэчак. Функцыі стачачных цэнтраў выконвалі партыйна-прафесійныя камітэты. З далучэннем да ўсерасійскай стачкі Саюза чыгуначнiкаў дзейнасць царскага ўрада была паралiзавана. У выніку 17 кастрычніка Мiкалай II быў вымушаны абнародаваць Маніфест з «дараваннем» народу – дэмакратычных свабод і заканадаўчай Думы. 21 кастрычнiка абвяшчалася амнiстыя палiтычным зняволеным i iнш. Асноўная маса насельніцтва імперыі ўспрыняла Маніфест з энтузіязмам, як перамогу над царызмам. На справе ў яго заставалася дастаткова сіл. Так, 18 кастрычніка па загаду губернатара П. Курлова супраць дэманстрантаў Мінска была выкарыстана зброя, у выніку чаго было забіта каля 100 чал. і паранена ўтрая больш. Меліся ахвяры ў Віцебску і Гомелі.
У тых умовах буржуазiя, чыноўнiцтва, iнтэлiгенцыя, усе носьбіты ліберальнай ідэалогіі, якія не iмкнулiся да звяржэння манархii, палічылі за лепшае арганізавацца і выступіць з патрабаваннем канстытуцыі. З гэтай мэтай былі створаны дзве партыi – акцябрыстаў («Союз 17 октября») i кадэтаў (канстытуцыйных дэмакратаў). У першую ўваходзiла праваліберальная, частка чыноўнікаў, памешчыкаў, гандлёва-прамысловай буржуазіі на чале з А. Гучковым, якая ў пытаннi аб уладзе прытрымлівалася памяркоўна-канстытуцыйных поглядаў і не выказвала самаўладдзю нiякай варожасці. Сацыяльную базу другой партыі з’яўляліся служачыя земстваў, творчая інтэлігенцыя, буржуазія, буйныя і дробныя землеўладальнікі. Кадэты складалі левае крыло лібералізму. Іх ідэалам дзяржаўнага ўладкавання з’яўлялася манархія, абмежаваная парламентам. Кадэты выступалі за правы асобы, прыватную ўласнасць, вяршэнства закону. У адрозненне ад сацыялістычных партый, яны абралі рэфармацыйны, негвалтоўны шлях яе рэалізацыі. Адным з лідэраў партыі быў прафесар П. М. Мілюкоў.
У адпаведнасці з Маніфестам 17 кастрычніка, усе існаваўшыя дагэтуль сацыялістычныя партыі (РСДРП, Бунд, ПС-Р, БСГ, трудавікі і інш.) выйшлі з падполля і сталі дзейнічаць легальна. Дэмакратызацыя палітычнага жыцця выклікала непакой так званых «чарнасоценцаў» – кансерватыўных пластоў расійскага грамадства праваслаўнай веры – дваранства, чыноўніцтва і інш., якія аб’ядналіся пад вялікадзяржаўнымі, шавіністычнымі і юдафобскімі лозунгамі. Арганізацыі чарнасоценцаў «Саюз рускага народа» і інш. утварыліся і на Беларусі – у Віцебску, Глыбокім, Гомелі, Мінску, Оршы, Пінску. Пры падтрымцы паліцыі яны тэрарызавалі яўрэйскае насельніцтва ўсёй краіны.
Бальшавікі і іншыя «левыя» арганізацыі палічылі заўчасным прыпыненне рэвалюцыі. 7 снежня 1905 г. у Маскве ў пачалася палiтычная стачка, якая перарасла ва ўзброенае паўстанне. У гэты ж час забастоўкi адбывалiся ў Баранавiчах, Гомелi, Мазыры, Мінску, Пiнску, усяго ў 28 гарадах i мястэчках з удзелам каля 44 тыс. чал. Але паўстанне ў Маскве не перарасло ў агульнарасiйскае i было падаўлена.
Не абмяжоўваючыся рэпрэсіўнымі захадамі, царызм ішоў насустрач той частцы грамадства, якая імкнулася да супрацоўніцтва з уладай. Абвешчаныя выбары ў заканадаўчы орган стымулявалі ідэі парламентарызму. Тым не менш усе «левыя» партыі заклiкалi байкатаваць выбарчую кампанію. Але яна ўсё ж адбылiся 26 сакавіка-20 красавіка 1906 г. i прынесла перамогу кадэтам, якія занялі 179 дэпутацкіх месцаў з 478. У лiку 36 дэпутатаў ад 5 беларускiх губерняў было 10 памешчыкаў, 2 ксяндзы, 11 лiберальных iнтэлiгентаў і 13 сялян.
У думе былi створаны партыйныя фракцыi, пераважна, правага кшталту. Асноўная ўвага дэпутатаў прыцягвала зямельнае пытанне. 20 чэрвеня 1906 г. быў абвешчаны дзяржаўны аграрны праект, які выклікаў адмоўнае стаўленне да яго з боку дэпутатаў. Указам цара ад 8 лiпеня 1906 г. Дума была распушчана за тое, быццам яна аказалася непрацаздольнаю і распальвала напружанасць у грамадстве. Адначасова абвяшалася аб падрыхтоўцы да новых выбараў. Старшыня царскага ўрада П. Сталыпiн узмацнiў рэпрэсii супраць рэвалюцыянераў, асабліва тэрарыстаў. У выніку сітуацыю ўдалося паступова стабілізаваць.
У тых умовах сацыялiсты таксама прыйшлi да меркавання аб неабходнасці выкарыстання парламенцкіх метадаў барацьбы за інтарэсы працоўных і на гэты раз яны не сталi байкатаваць выбары ў ІІ Думу, а актыўна ўключылiся ў выбарчую кампанiю. Пасля выбараў у лютым 1907 г. з 518 дэпутатаў думы 222 належалі да сацыялiстаў, 98 – да кадэтаў. Беларускiя губернi прадстаўлялi 13 памешчыкаў, 3 святароў, 4 iнтэлiгентаў i 16 сялян. У выніку, замест «непрацаздольнай» першай Думы, склад другой быў у сваёй большасці «левы». Неўзабаве жандармерыя паведаміла, быццам 55 думцаў з ліку сацыял-дэмакратаў рыхтуе ваенную змову. 1 чэрвеня П. Сталыпін запатрабаваў адхіліць указаных асоб ад удзелу ў думскіх пасяджэннях, а 16 – пазбавіць недатыкальнасці. Невыкананне гэтага патрабавання дало падставы цару Ўказам ад 3 чэрвеня распусціць Думу.
Новае «Палажэнне аб выбарах у Думу» ад таго ж, 3 чэрвеня 1907 г., было складзена з мэтай мiнiмiзацыi у ёй колькасці апазiцыйных элементаў. Яно надавала значную перавагу маёмным класам, у першую чаргу, вялiкарускаму дваранству праваслаўнага веравызнання. Супраць левых партый былi разгорнуты рэпрэсii, а сацыял-дэмакратычная фракцыя – арыштавана. Такім чынам, абяцанні Мікалая ІІ дэмакратычным шляхам стварыць заканадаўчы орган, былі адкінуты, і на гэтай падставе новы выбарчы закон быў успрыняты прагрэсіўнай грамадскасцю як «Трэцячэрвенскi дзяржаўны пераварот».
У выніку восеньскіх 1907 г. выбараў з 442 дэпутатаў да крайніх правых належала – 50, умерана-правых і вялікарускіх нацыяналістаў – 97, акцябрыстаў і блізкіх да іх – 154, «прагрэсістаў» – 28, кадэтаў – 54, http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%A2%D1%80%D1%83%D0%B4%D0%BE%D0%B2%D0%B8%D0%BA%D0%B8трудавікоў – 13, сацыял-дэмакратаў – 19 і інш. З 36 дэпутатаў ад беларускіх губерняў большасць складалі памешчыкі і праваслаўнае духавенства, па палітычным спектры – да крайне правыя дэпутаты.
З разгонам II i пачаткам дзейнасцi ІІІ Думы перадавой грамадскасцi рабiлася вiдавочна, што рэвалюцыя пацярпела паражэнне. Царызм захаваў свае асноўныя пазiцыi i з апорай на кансерватыўныя пласты грамадства, на армiю i рэпрэсiўны апарат абрынуўся супраць свядомых рэвалюцыянераў, рабочага i сялянскага рухаў. Таму спрыяў зноў абраны дэпутацкі корпус Думы.
6. Беларускі нацыянальны рух і «Наша Ніва»
У 1905 г. БСГ выступала ў адзіным з іншымі сацыялістычнымі партыямі рэвалюцыйным рэчышчы. У студзенi 1906 г. у Мiнску на II з’ездзе партыі былi прыняты новая праграма i арганiзацыйны статут, выбраны ЦК у складзе А. і І. Луцкевiчаў, В. Iваноўскага i А. Бурбiса. У праграме гаварылася, што партыя ставiць канчатковай мэтай замену капiталiстычнага ладу cацыялiстычным, а блiжэйшай задачай – звяржэнне самаўладдзя i утварэнне Расiйскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублiкi cа свабодным самавызначэннем i культурна-нацыянальнай аўтаномiяй народнасцей. Для Беларусi самавызначэнне павiнна было ўвасобiцца ў дзяржаўнай аўтаномii з соймам у Вiльнi.
У аграрным пытаннi складальнiкi праграмы сталі аддаваць перавагу не эсэраўскай сацыялiзацыi, а праекту ўтварэння Абласнога зямельнага фонду, што адпавядала аўтаномii Беларусi. Усе важнейшыя пытаннi мусiў вырашыць Устаноўчы сойм для Беларусi i толькi пасля рэвалюцыйнага звяржэння самаўладдзя.
Друкаваным органам БСГ стала газета «Наша доля». Першы нумар, які выйшаў 1 верасня 1906 г., пачынаўся з верша Цёткi «Наш палетак». Тут жа змяшчалася рэвалюцыйная проза – «Прысяга над крывавымi разорамi». Урэшце 5 нумароў з 6 былі канфiскаваны ўладамі, а 11 студзеня 1907 г. «Наша доля» была забаронена назаўсёды.
Рэпрэсіі царскіх улад прымусілі грамадоўцаў змяніць сваю тактыку. Так, 10 лiстапада 1906 г з’явiўся першы нумар «Нашай нiвы», у якім вызначыўся курс яе выдаўцоў на рэфармацыйны шлях дасягнення беларусамі сваіх інтарэсаў.
Пасля Трэцячэрвеньскага перавароту на Беларусi узмацнiўся нацiск вялiкадзяржаўнага шавiнiзму. Царскiм уладам, праваслаўнай царкве, чарнасоценцам i акцябрыстам удалося павесцi за сабою большасць кандыдатаў беларускага сялянства.
Не апошнюю ролю адыгрывала і ўкараненне на Белару?