Реферат: Статыстычныя крыніцы навейшага часу
1. Арганізацыя статыстычнага ўліку
Бальшавікі, у прыватнасці У. І. Ленін, надавалі вялікае значэнне статыстыцы. Ужо ў 1918 г. было арганізавана Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне РСФСР. ЦСУ РСФСР на той час арганізавала збор звестак па Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай губернях. Пад непасрэдным кантролем ЦСУ РСФСР у снежні 1918 г. пры Мінскім губернскім рэўкаме было арганізавана Мінскае статыстычнае бюро. У лютым 1919 г. быў створаны Цэнтральны статыстычны аддзел БССР (з утварэннем Літоўска-Беларускай ССР скасаваны). Пасля вызвалення Мінска ад польскіх захопнікаў у ліпені 1920 г. была адноўлена дзейнасць Мінскага губернскага статыстычнага бюро (ЦСБ) БССР. У лістападзе 1924 г. ЦСБ пераўтворана ў Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне (ЦСУ) БССР.
Хутка і аператыўна развівалася статыстыка Усерасійскага (з 1922 г. – Усесаюзнага) Савета Народнай Гаспадаркі (УСНГ) і адпаведна СНГ Беларускай ССР. Статыстычныя органы УСНГ адказвалі за арганізацыю бягучай статыстыкі і ахоплівалі большасць прадпрыемстваў.
У студзені 1930 г. ЦСУ БССР было ліквідавана, а яго функцыі перададзены сектару народнагаспадарчага ўліку Дзяржплана БССР. Зліццё планавых і статыстычных органаў прывяло да значнага звужэння дзейнасці апошніх і скарачэння праводзімых работ. З'явіліся ідэі аб адміранні статыстыкі ва ўмовах сацыялізму і замене яго бухгалтарскім улікам. Была ліквідавана большасць статыстычных устаноў, а іх функцыі перададзены бухгалтэрыям, што нанесла безумоўныя страты развіццю статыстычнай справы. Між іншым, развал статыстыкі негатыўна паўплываў на эканоміку. На зыходзе 1931 г. кіраўніцтва СССР паспешліва ідзе на стварэнне Цэнтральнага ўпраўлення народнагаспадарчага ўліку (ЦУНГУ СССР). Яно па-ранейшаму ўваходзіла ў склад Дзяржплана, але з пэўнай аўтаноміяй. Кіраўнік ЦУНГУ М. Асінскі аб’явіў вайну скажэнням інфармацыі.
Адпаведныя змены адбыліся і ў рэспубліцы. У 1932 г. на аснове сектара народнагаспадарчага ўліку Дзяржплана БССР было створана Упраўленне народнагаспадарчага ўліку БССР. Рэспубліканскае ўпраўленне атрымала інструкцыі ЦУНГУ аб правядзенні прамысловых і сельскагаспадарчых перапісаў і кантрольнага ўліку устаноў аховы здароўя. Паляпшэнню справы павінна было садзейнічаць рашэнне аб крымінальнай адказнасці за прадстаўленне недакладных звестак аб выкананні планаў. Працэс паляпшэння спраў у галіне статыстыкі быў перарваны рэпрэсіямі сярэдзіны 1930-х гг.
Пачатак вайны акрэсліў неабходнасць змен. У 1941 г. ЦУНГУ пры Дзяржплане СССР было пераўтворана ў ЦСУ, а ў 1948 г. вылучылася са складу Дзяржплана ў ЦСУ пры Савеце Міністраў СССР. Адпаведна была адноўлена дзейнасць ЦСУ БССР. Статыстычныя ўстановы БССР па-ранейшаму функцыяніравалі як састаўное звяно статыстычнай службы СССР.
З 1990 г. дзейнічае Дзяржаўны камітэт Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь па статыстыцы і аналізу. Камітэту падпарадкаваны раённыя і гарадскія аддзелы, абласныя і Мінскае гарадское ўпраўленні.
2. Дэмаграфічная статыстыка
Савецкi ўрад амаль з першых дзён вызначыў мерапрыемствы па паляпшэннi ўлiку насельнiцтва. Ужо 18 снежня 1917 г. быў выдадзены дэкрэт аб увядзеннi спецыяльных кнiг для запiсаў актаў грамадзянскага стану – нараджэнняў, смярцей, шлюбаў, а на пачатку наступнага 1918 г. функцыi рэгістрацыi гэтых актаў ад царквы былi перададзены грамадзянскiм органам. Безумоўна, шэраг цяжкасцей напачатку перашкаджаў дакладнаму ўлiку. Аднак па меры ўмацавання Савецкай улады, яе органаў на месцах да сярэдзiны 1920-х гг. справы з улiкам насельнiцтва iстотна палепшылiся. Звесткi аб натуральным (нараджэнні і смерці, колькасныя паказчыкі)руху насельнiцтва публiкавалiся да 1929 г. i пасля пэўнага перапынку – з сярэдзiны 1950 г. Пры гэтым з 1973 г. са старонак статыстычных выданняў паступова знiкаюць звесткi аб дзiцячай смяротнасцi. У 1972 г. былi апублiкаваныя апошнiя таблiцы сярэдняй працягласцi жыцця i ў 1976 г. у апошнi раз з’явiлiся ў друку паўзроставыя каэфiцыенты смяротнасцi. Натуральны рух насельніцтва, такiм чынам, быў зведзены да нараджальнасцi.
Асаблiвае месца ў дэмаграфiчнай статыстыцы навейшага часу належыць перапiсам. Усяго за гады Савецкай улады было праведзена дзевяць перапiсаў насельнiцтва: у 1920, 1923, 1926, 1937, 1939, 1959, 1970, 1979, 1989 гг.
У 1920 г. Беларусь была вызвалена ад палякаў, але да моманту перапісу (28.08.1920) перагаворы з Польшчай не закончыліся і пагранічная лінія яшчэ не была вызначана. Сярод насельніцтва хадзілі чуткі аб магчымасці перадачы Беларусі пад пратэктарат Польшчы і многія беларусы лічылі за лепшае назвацца рускімі. Многiя раёны не былi ахоплены перапiсам – панаваў бандытызм. Таму матэрыялы перапiсу 1920 г. нельга лiчыць дакладнымi.
Больш насычаныя канкрэтнымі фактамі па гісторыі Беларусі матэрыялы перапісу 1923 г. апублікаваныя ў перыядычным выданні ЦСУ («Труды ЦСУ», т. ХХ). Акрамя дадзеных выключна эканамічнага зместу, у іх ёсць звесткі аб узроставай дынаміцы, нацыянальным складзе. У пэўнай ступені зніжае каштоўнасць азначаных матэрыялаў тое, што перапіс датычыўся толькі гарадоў і мястэчак Беларусі, а таксама праведзенае ў 1924 г. размежаванне павялічанай тэрыторыі БССР на акругі і раёны. Менавіта апошняе прывяло да несупастаўнасці большасці звестак з паказчыкамі наступных перапісаў. У гэтым сэнсе больш карыснымі бачацца апублікаваныя ў 1925 г. «Вынікі адміністрацыйнага сьпісу паселішчаў і гаспадарак БССР на 1 студзеня 1925 г.». Такая распрацоўка якраз і была выклікана істотнымі цяжкасцямі, якія ўзніклі з-за немагчымасці карыстацца ранейшымі статыстычнымі матэрыяламі. Адсюль – спроба высветліць дэмаграфічныя, эканамічныя і іншыя народнагаспадарчыя паказчыкі не толькі па 10 акругах БССР, але і па кожным сельскім Савеце.
Каштоўнасць «Вынікаў...» павялічваецца праведзеным у 1926 г. усесаюзным перапісам (па стану на 17 снежня). Да таго ж перапіс, якi ахапіў 12 акруг БССР, захаваў пэўную пераемнасць з папярэднімі. Праграма перапісу 1926 г. вызначалася зместам чатырох апытальных фармуляраў: асабістага лістка, дададзеных да яго ў гарадах і паселішчах сямейнай карты і ўладальніцкай ведамасці, а таксама пасяленнага спісу гаспадароў дома (у сельскай мясцовасці). Выклікаюць цікавасць і асаблівасці апытання па азначанай праграме. Так, пры адказе на пытанне аб мове рэгістратар не павінен быў пытацца: «Ваша родная мова?», а прыкладна ў такой форме: «Якою мовай вы найлепш валодаеце?» або «На якой мове вы звычайна гаворыце?» Зразумела, пры гэтым трэба прымаць пад увагу кампанію па беларусізацыі, што праводзілася ў БССР з 1924 г.
Ніводны з папярэдніх і наступных перапісаў насельніцтва не быў апублікаваны ў такім аб’ёме, як перапіс 1926 г. (56 тамоў). Ад распрацоўкі папярэдніх перапісаў ён адрозніваецца і арганізацыйнай цэласнасцю сістэмы абагульнення матэрыялаў. Спачатку выступае праблема этнічная, насельніцтва як сукупнасці народнасцей. І ў спалучэнні з гэтым разглядаюцца іншыя характарыстыкі: адносіны да працы, сацыяльнай групы, полу, узросту і г. д. Так, том Х (народнасць, родная мова, узрост, пісьменнасць) змяшчае звесткі аб тым, што на тэрыторыі Беларусі пражывалі таксама грэкі, фіны, зыране, чувашы, інгушы, асеціны, шведы, французы; аб іх узроставай структуры, месцапражыванні і г. д. Том XVII (заняткі) асвятляе этнічную структуру розных прафесійных груп па галінах народнай гаспадаркі ў розных акругах БССР. Тут таксама ёсць каштоўны матэрыял для характарыстыкі галоўных і дадатковых заняткаў самадзейнага насельніцтва з вызначэннем яго этнічнай прыналежнасці.
Безумоўна, вельмі цікава было б (асабліва для вывучэння маштабаў рэпрэсій) параўнаць паказчыкі народанасельніцтва БССР у 1926 г. і ў канцы 1930-х гг. Аднак публікацыя вынікаў перапісу 1939 г. была праведзена толькі часткова («Вестник статистики». 1956. № 6). Што ж датычыцца перапісу 1937 г., то да нядаўняга часу ўвогуле лічылася, што яго матэрыялы загінулі. У 1991 г. апублікаваны знойдзеныя ў архівах звесткі (Всесоюзная перепись населения 1937 г. Краткие итоги). Аднак выкарыстоўваць іх трэба з пэўнымі ўдакладненнямі. Як сведчыць апублікаваная ў Менску ў 1936 г. брашура ў дапамогу садзейнічання брыгадам перапісу, апошні разглядаўся як «масавая палітычная работа» і павінен быў канстатаваць велізарныя поспехі СССР (у дачыненні да росту насельніцтва таксама). Адначасова, параўноўваючы звесткі па гарадах і абагульненыя па БССР, трэба ўлічваць, што ў адрозненне ад перапісу 1926 г., які ахапіў у гарадах пастаянных жыхароў, перапіс 1937 г. закранаў толькі наяўнае насельніцтва.
Асноўнымі дакументамі наступнага перапісу, праведзенага ў 1939 г., з’яўляліся перапісны ліст, інструкцыя па яго запаўненні, кантрольны бланк, даведка аб ходзе перапісу. Праграма перапісу 1939 г. мела шэраг істотных адрозненняў ад папярэдніх пералікаў. У гэтым перапісе было пастаўлена пытанне аб нацыянальнасці, у той час як у перапісе 1926 г. ставілася пытанне аб народнасці. Акрамя пытання аб пісьменнасці наогул, вызначалася пытанне аб яго ўзроўні. Асобныя з папярэдніх вынікаў перапісу 1939 г. былі апублікаваны ў друку 2 чэрвеня 1939 г. і 29 красавіка 1940 г. Больш поўная распрацоўка з’явілася ў часопісе «Вестник статистики» толькі ў 1956 г. (№ 6).
Некалькі перапісаў насельніцтва было праведзена за перыяд знаходжання беларускіх зямель пад уладай Польшчы. Па-першае, гэта перапіс насельніцтва 1919 г. на тэрыторыі, якая кіравалася польскім Грамадзянскім упраўленнем усходніх зямель. Яго звесткі вызначаліся як недакладныя самімі польскімі статыстыкамі. Больш поўным па ахопу і ўліку насельніцтва быў усеагульны перапіс насельніцтва Польскай Рэспублікі 1921 г. Адна з галоўных праблем, якая дыскутуецца да сённяшняга дня, – колькасць беларусаў на тэрыторыі, уключанай у склад Польшчы паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. Ва ўсякім разе, можна згадзіцца з тымі даследчыкамі, якія падкрэсліваюць, што падчас перапісу праводзілася падмена паняццяў: значная колькасць беларусаў-католікаў была залічана палякамі. Яшчэ ў большай ступені такія скажэнні характэрныя для перапісу насельніцтва 1931 г., калі выразна акрэслілася палітыка паланізацыі.
У перыяд вайны правядзенне перапісаў стала немагчымым. Умовы вайны вымушалі праводзіць разлікі насельніцтва часцей і ў пэўных тэрытарыяльных межах. Статыстычныя органы вызначалі колькасць эвакуіраванага насельніцтва, збіралі і распрацоўвалі дадзеныя аб насельніцтве, што знаходзілася на картачным забеспячэнні.
У пасляваенны час задача правядзення перапісу стала больш актуальнай, аднак ажыццяўленне такіх планаў стала рэальным толькі ў канцы 1950-х гг. У 1959 г. быў праведзены чарговы Усесаюзны перапіс насельніцтва. У перапісны ліст быў унесены цэлы шэраг змен у параўнанні з 1939 г. Найперш гэта датычылася адукацыі (лічылася, што непісьменных не засталося, і гэтае пытанне было знята), пытанне аб узроўні адукацыі было пашырана: неабходна было вызначыць вышэйшую, незакончаную вышэйшую, сярэднюю, сярэднюю спецыяльную, сярэднюю агульна-адукацыйную, сямігадовую або пачатковую адукацыю. Вынікі перапісу 1959 г. былі апублікаваны ў 16 зборніках – зводны том па СССР і зборнікі па кожнай з 15 саюзных рэспублік. Значэнне азначанай публікацыі павялічваецца таму, што звесткі прыводзяцца ў параўнанні з аналагічнымі дадзенымі папярэдніх перапісаў насельніцтва (найперш, з перапісам 1939 г.).
Перапіс 1959 г. дазваляе ахарактарызаваць насельніцтва СССР у цэлым і ў тэрытарыяльным аспекце па розных сацыяльна-вытворчых і дэмаграфічных прыкметах. Аднак неабходна адзначыць і пэўную абмежаванасць распрацоўкі яе матэрыялаў у параўнанні з перапісамі 1920 і 1926 гг., калi вывучаліся сямейнае становшча, міграцыі насельніцтва і працягласць яго пражывання.
Пэўныя недахопы папярэдняй работы статыстыкі імкнуліся выправіць падчас чарговага перапісу 1970 г. У прыватнасці, тры новыя пытанні датычыліся міграцыі насельніцтва. Пытанне аб працягласці жыцця ў пэўным населеным пункце давала магчымасць атрымаць звесткі аб падзеле жыхароў на старажылаў і навасёлаў, параўнаць іх сацыяльна-эканамічныя характарыстыкі. Ім былі зададзены пытанні аб папярэднім месцы жыхарства і аб матывах яго перамены. Гэта, у сваю чаргу, дазволіла вызначыць напрамкі міграцыйных плыняў, іх iнтэнсіўнасць. Адпаведна шырэй і праграма распрацоўкі перапісу 1970 г. (56 табліц замест 36 у папярэднім). Больш таго, перапіс 1970 г. быў першым, у якім, побач з пытаннямі абавязковага характару, астатнія сем пытанняў (заняткі, месца работы, грамадская група, працягласць работы і тры пытанні аб міграцыі) задаваліся толькі пастаянным жыхарам кожнага чацвёртага жылога памяшкання. Вынікі перапісу 1970 г. апублікаваныя ЦСУ ў сямі тамах і, у адрозненне ад папярэдняй публікацыі, аб’яднаныя не тэрытарыяльна (па рэспубліках), а тэматычна. Прытым дадзеныя перапісу супастаўляюцца з адпаведнымі дадзенымі перапісу 1959 г. (па асобных паказчыках – 1920 і 1926 гг.).
Перапіс 1979 г. не меў істотных змен, аднак распрацоўка яго праводзілася па пашыранай праграме. Што ж датычыцца публікацыі яго вынікаў, то яны толькі крыху пераўзышлі па аб’ёме перапіс 1920 г. Адзіны том выйшаў у свет толькі праз пяць з паловай гадоў. Вынікі перапісу 1989 г. увогуле амаль не публікаваліся. Выйшла ў свет толькі некалькі брашурак па яго матэрыялах, а таксама публікаваліся асобныя звесткі ў перыядычных выданнях (напрыклад, дадзеныя па г. Мінску ў газ. «Вячэрні Мінск». 1990. 28 сак.).
3. Статыстыка сельскай гаспадаркі
Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ў 1917 – 1920 гг., безумоўна, не з’яўляліся спрыяльнымі ўмовамі для статыстычнай працы. Да таго ж палітыка харчразвёрсткі яшчэ магла грунтавацца на прыблiзных, агульных уяўленнях аб велічыні ўраджаю і запасаў асобных сельскагаспадарчых прадуктаў. Аднак асэнсаванне неабходнасці змен у эканамічнай палітыцы патрабавала дакладнага вывучэння праблемы. І ўрэшце, у 1920 г. ЦСУ РСФСР праводзіць першы ў савецкай краіне сельскагаспадарчы перапіс.
Увогуле ў гісторыі савецкай сельскагаспадарчай статыстыкі акрэсліваюцца два асноўныя перыяды: першы – да 1930 г., другі – з пачатку суцэльнай калектывізацыі вёскі. На працягу першага перыяду вывучэнне спраў у сельскай гаспадарцы праводзілася ЦСУ. У цэнтры ўвагі статыстыкі 1920-х гг. знаходзілася індывідуальная гаспадарка. Склаліся наступныя формы абследаванняў: дынамічныя ці «гнездавыя» перапісы, вясеннія (асеннія) апытанні і бюджэтныя абследаванні. З пачаткам жа масавай калектывізацыі статыстычнае вывучэнне базіруецца на гадавых справаздачах калгасаў і саўгасаў, да таго ж гэтае вывучэнне праводзілася пад кантролем тых, хто распрацоўваў планавыя паказчыкі.
Такім чынам, пачатак статыстычнага вывучэння сельскай гаспадаркі можна звязваць з перапісам 1920 г. Перапіс ахапіў пераважную большасць сельскагаспадарчых рэгіёнаў краіны. Аднак праграма вывучэння была абмежаванай, надзейнасць паказчыкаў, сабраных ва ўмовах ваеннага
часу, – невысокай, а сам матэрыял у пасляваенны час хутка састарэў.
Большае значэнне мела апытанне насельніцтва аб формах землекарыстання, праведзенае ў тым ліку і ва Усходняй Беларусі ў апошнія месяцы 1920 г. Анкеты запаўняліся не кожным селянінам паасобку, а адказнымі работнікамі сельскіх Саветаў. Аднак не магчымыя хібы азначанага апытання сталі перашкодай для публікацыі яго вынікаў. Галоўнае: яны не адпавядалі канцэпцыі аб росце цікавасці вяскоўцаў да калектыўных гаспадарак і ідэалагічнай схеме аб «прышчэпаўшчыне». Бо на пытанне: «пры якой з формаў землекарыстання дасягаецца лепшая апрацоўка глебы» – каля 88% апытаных адказалі: «пры хутарской» і 78% рэспандэнтаў вызначылі: насельніцтва іх сельсаветаў імкнецца пераважна да хутарской формы.
У 1920-х гг. найбольш распаўсюджанымі былі два віды выбарачных абследаванняў: дынамічныя (ці гнездавыя) перапісы і асенне-вясеннія апытанні. Дынамічныя перапісы праводзіліся штогод з 1921 па 1929 г. (выключаючы 1928 г.) пераважна ў адных і тых жа тыповых для пэўнай прыродна-гаспадарчай зоны групах паселішчаў («гнёздах»). Сістэматычнае назіранне за адной групай гаспадарак праводзілася па шырокай праграме (рабочая сіла, пасяўная плошча, пагалоўе жывёлы, наяўнасць машын і абсталявання, а таксама арэнда зямлі, жывёлы, інвентару, наём рабочай сілы). У развіцці дынамічных перапісаў вызначаюць два перыяды. Першы (1920 – 1926), калі ўся ўвага была сканцэнтравана на вывучэнні «сацыяльна-арганічнай эвалюцыі», і другі (1927 – 1929), калі асноўным стала вывучэнне сацыяльна-вытворчых адносін у вёсцы. Сапраўды, спроба вызначэння груп у 1920 – 1924 гг. на аснове непасрэдных класавых прыкмет не ўдалася. Пераход да нэпа на вёсцы прадвызначыў неабходнасць змен, якія акрэсліліся ў развіцці дынамічных перапісаў да 1927 г. Быў зменены сам прынцып закладкі «гнёздаў» шляхам іх звязкі з вытворчым напрамкам пэўнай мясцовасці. Тыповасць раёна вызначалася ў залежнасці ад таго, якая з галін сельскай гаспадаркі давала найбольшы прыбытак. Прытым асаблівая ўвага ў праграме 1927 г. звярталася на вызначэнне сацыяльнага складу насельніцтва, якое абслугоўвалася крэдытнай кааперацыяй, і на сацыяльна-класавыя аспекты ўвогуле.
Пэўным мінусам азначаных абследаванняў можна лічыць усё ж нераспрацаванасць і неабгрунтаванасць асобных крытэрыяў для вызначэння сацыяльна-класавай структуры насельніцтва з улікам спецыфікі сельска-гаспадарчай вытворчасці асобных рэгіёнаў СССР (напрыклад, мяса-малочнай жывёлагадоўлі на Беларусі). Істотным недахопам дынамічных абследаванняў з’яўляецца недастатковасць долі вывучаемых гаспадарак і цяжкасці распаўсюджвання дадзеных на больш шырокую тэрыторыю.
--> ЧИТАТЬ ПОЛНОСТЬЮ <--