Реферат: Сутнасць і спецыфіка мастацтва
Жывапіс
Графіка
Мастацкая
фатаграфія
Мастацтва слова
Мастацтва гука
Літаратура
Музыка
Часавыя
мастацтвы
Відовішчныя
("ігравыя")
мастацтвы
Харэаграфія
Кіно
Тэлебачанне
Эстрада
Цырк
Прасторава-часавыя
мастацтвы
Унутры відаў мастацтва (практычна ў кожным з іх) ёсць свая пэўная, часам даволі шматступянёвая і складаная, дыферэнцыяцыя.
1.5 Пазнавальны аспект мастацтва
Пазнанне праз творы мастацтва пазамастацкай рэальнасці (прыроды, акаляючага асяроддзя, унутранага свету чалавека, грамадскіх адносін) - адна з немалаважных функцый мастацтва.
Пазнавальны аспект мастацтва быў намі часткова закрануты пры разглядзе спецыфікі і структуры мастацкага вобраза. Зараз жа на самых значных момантах гэтага боку мастацтва мы спынімся больш падрабязна.
Пазнавальны аспект мастацтва выяўляецца непасрэдна ў тэматыцы, якая складае неад’емны і пры гэтым фундаментальны пачатак мастацкіх твораў.
Па паходжанню слова "тэма" ("тэматыка") старажытнагрэчаскае (thema) і абазначае літаральна "тое, што пакладзена ў аснову". У мастацтвазнаўстве і літаратуразнаўстве яно выкарыстоўваецца ў розных значэннях. Аднак сярод іх можна вылучыць два асноўныя.
Па-першае, тэмамі імянуюць найбольш істотныя кампаненты мастацкай структуры, аспекты формы, апорныя прыёмы. У літаратуры - гэта значэнне ключавых слоў, тое, што імі фіксуецца. Так, напрыклад, для рамантыкаў характэрна выкарыстанне слоў "воля", "свабода", "барацьба" і г. д. Музыказнаўства таксама выкарыстоўвае тэрмін "тэма" менавіта ў такім значэнні: гэта найбольш яркі музычны фрагмент, які дае характарыстыку ўсяму твору. У дадзенай тэрміналагічнай традыцыі тэма збліжаецца (калі не атаясамліваецца) з матывам.
Другое значэнне тэрміна "тэма", найбольш традыцыйнае, якое ідзе ад тэарэтычных вопытаў мінулага стагоддзя, абазначае непасрэдна ўсё тое, што стала прадметам аўтарскага адлюстравання, асэнсавання і ацэнкі. І менавіта ў такім значэнні мы будзем яго ўжываць далей.
Мастацкая тэматыка надзвычай складаная і шматпланавая. Ідучы ўслед за В. Халізевым, мы будзем разглядаць яе "як сукупнасць трох пачаткаў. Гэта, па-першае, анталагічныя і антрапалагічныя універсаліі, па-другое - лакальныя (часам даволі маштабныя) культурна-гістарычныя з’явы, па-трэццяе - феномены індывідуальнага жыцця (перш за ўсё - аўтарскага) у іх самакаштоўнасці".
У мастацкіх творах увесь час адлюстроўваюцца (хоча таго аўтар ці не) т. зв. канстанты быцця, яго фундаментальныя ўласцівасці. Гэта перш за ўсё такія важнейшыя быційныя і прыродныя пачаткі (універсаліі), як хаос і космас, рух і нерухомасць, жыццё і смерць, свет і цемень, агонь і вада, і г. д. Усё пералічанае складае комплекс т. зв. "анталагічных" тэм мастацтва.