Реферат: Віктар Казько: біяграфія і творчасць
В. Казько паспрабаваў вырашыць няпростую мастакоўскую задачу: пераасэнсаваць праявы і наступствы меліярацыі ў філасофскім плане, перавесці «вытворчыя» эпізоды ў жанравы дыяпазон прыпавесці. Умяшанне тэхнакратаў у спрадвечнае быццё Палесся мусіць успрымацца як аналаг першароднага граху, як. замах на Эдэм, парушэнне маральнай забароны («нерушы»). Каб забяспечыць гэты пераход, пісьменнік скарыстаў некаторыя біблейскія архетыпы: паводка, спакуса, пакаранне чалавека стыхійнымі бедствамі. Разам з тым некаторыя апісанні ў раздзелах «Выбар», «У зоне знішчэння» выглядаюць чыста тэхналагічнымі, перагружанымі спецыяльнай тэрміналогіяй, перыферыйнымі ў дачыненні да задумы твора.
Нязгода, прынцыповае разыходжанне паміж двума галоўнымі персанажамі рамана — старшынёй княжборскага калгаса Мацвеем Роўдам і міністэрскім функцыянерам Шахраем — праяўляюцца не як звыклы вытворчы канфлікт (як магло падацца з асобных эпізодаў твора), а як дзве адрозныя і канфліктныя формы экзістэнцыі, адрозныя спосабы духоўнага і маральнага існавання.
Шахрай — чалавек, які цалкам адмовіўся ад той маральнай нормы, што абумоўлівае сувязь чалавека з зямлёй, прыродай; ён, былы паляшук, адчувае агіду да таго, чым уяўляецца жывое і адметнае Палессе. «Гэта можна толькі ненавідзець», — грэбліва кажа Шахрай, калі за акном машыны разгортваецца адмысловы краявід яшчэ не кранутага меліярацыяй балота. Меліярацыю Шахрай апраўдвае неабходнасцю «карміць людзей», апраўдвае разбурэнне натуральнага біятопу вялікім «хлебам». Але ў вуснах чалавека, які страціў пачуццё крэўнасці, знітаванасці з зямлёй — калыскаю ўсяго жывога, — гэтыя словы гучаць як танная дэмагогія. Інстынктыўнае, амаль жывёльнае пачуццё крэўнасці з'яўляецца ў Шахрая адно тады, калі штось пагражае яго ўласнай асобе. Гэтак, чалавек, па чыйму цыркуляру быў вынішчаны вялізны абсяг Палесся, панічна баіцца закрануць лязом брытвы радзімку на ўласным твары. Загана Шахрая — не недахоп так званага «экалагічнага мыслення», яна палягае ў груба прагматычным, не суадносным з маральнасцю і духоўнасцю стаўленні да жыцця. І прыходзіць у супярэчнасць з маральным імператывам, афарыстычна абвешчаным у Евангеллі: «Не хлебам адзіным жыць будзе чалавек» (Паводле Марка, 4, 4).
Персанаж, які выглядае апанентам Шахрая ў адносінах да Палесся, у маральнай чуйнасці, пачуцці знітаванасці з родным краем, прыродай, — Мацвей Роўда. У бягучай крытыцы, якая сустракала раман, вобраз Роўды крыху паспешліва атаясамліваўся з новай, сучаснай мадыфікацыяй так званага «станоўчага героя» — разважлівага, надзеленага адказанасцю за свае і калектыўныя ўчынкі, гістарычным мысленнем. Аднак Роўда, пры ўсёй сваёй непадобнасці да Шахрая, усё ж выглядае ў творы не носьбітам дабра, а саўдзельнікам — хай сабе і па няведанні — злачынства, якое здзяйсняецца над Палессем. Бо і ён пераступае праз забарону, сэнс якой зашыфраваны ў метафарычным загалоўку твора: «не руш».
Разам з тым Мацвей Роўда з'яўляецца не толькі носьбітам віны людзей перад Палессем, але і адказчыкам за яе. Як і персанажы папярэдніх аповесцей В. Казько, пасталелыя «дзеці вайны», Роўда надзелены балючым сумленнем, схільнасцю да пакутлівых рэфлексій — рысай, якой цалкам пазбаўлены Шахрай. Калі робяцца відавочнымі жахлівыя наступствы гвалту меліяратараў над Палессем — эрозія і абязводжванне глебы, падзенне ўрадлівасці, збядненне і вынішчэнне унікальнай флоры і фауны, — у свядомасці Роўды выспявае пакутлівы працэс самаацэнкі, суда над сабою.
Як і ў «Высакосным годзе», гэты псіхалагічны працэс перадаецца з падключэннем метафарычнага пісьма, міфатворчасці. Героя вінавацяць не толькі вяскоўцы-палешукі, якім даводзіцца збіраць змарнаваны засухай і пылавымі бурамі ўраджай, — яму мрояцца «вочы Палесся», якія пазіраюць з бяздоннай прорвы з дакорам і асуджэннем.
Танальнасць гэтых эпізодаў рамана надзвычай эмацыйная, пранізлівая, часам у такой ступені, што назіраецца педаліраванне, нагнятанне аднаго і таго ж пачуцця, пазбаўленага адценняў. Можна канстатаваць і наўмысную перагружанасць твора ўскладнёнымі метафарамі, своеасаблівую стылёвую таўталогію, тады, прыкладам, калі героі «Нерушы» ўвесь час уяўляюць сябе часцінаю Палесся — раслінамі, багнай, лесам, Жалезным Чалавекам. Нагрувашчванне таўталагічнай вобразнасці стварае некаторую сюжэтную сумбурнасць, за што слушна ўпікала празаіка крытыка.
Аднак кульмінацыйныя, найболыц драматычныя сюжэтныя моманты апраўдваюць і эмацыйны лішак, і метафарычную перанасычанасць рамана, бо ў іх адбываецца канцэптуальная «пераплаўка» эмпірычнага матэрыялу, яго пераўвасабленне і актуалізацыя. У кантэксце нашага часу гэтыя эпізоды выглядаюць надзвычай сімптаматычнымі, прароцкімі. Так, асушанае Палессе называец-ца аўтарам «зонай энішчэння», і гэта нагадвае і пра слынную «зону» ў фільме Таркоўскага «Сталкер», і пра будучую «зону адчужэння» на Палессі пасля Чарнобыля. Раман завяршаецца ўражлівым апісаннем катастрофы — чорнай пылавай буры, якой адпомсціла Палессе за гвалт над сабою.
Раман «Неруш», такім чынам, мае ў сабе элементы новага све-таадчування — трывогі за будучыню, прадчування катастроф. Эмацыйны «выбух» папярэдніх рэчаў В. Казько звязаны збольшага з мінулым; гэта творы-рэквіемы. У «Нерушы» горшае прадбачы