Контрольная работа: Беларускія землі ў другой палове XVІІ–XVІІІ ст.
Не менш моцным было паўстанне на Каменшчыне 1754-1756 гг. Хваляванні сялян ва ўладаннях віленскага капітула на Мазыршчыне пачаліся яшчэ ў 1736 г., у 1754 г. яны перараслі ва ўзброеннае паўстанне. Сяляне аказвалі сур’езнае супраціўленне. Толькі ў 1756 г. паўстанне было задушанна.
Гарады знаходзіліся ў глыбокім заняпадзе, унутраны рынак звузіўся. Было падарвана развіцце рамяства. Частка рамеснікаў, якія засталіся ў гарадах, былі вымушаны перасяляцца ў веску або заняцца сельскай гаспадаркай у горадзе, бо не было заказаў пакупнікоў. Ва ўмовах бязладдзя феадалы рабавалі купецкія абозы, рабілі наезды на рынкі і гарады, патрабавалі ад апошніх выкупы.
З аднаўленнем прадукцыйных сіл у весцы паступова пачынае адраджацца гаспадарка гарадскіх паселішчаў. У вялікіх гарадах расце рамесная вытворчасць, наглядаецца адраджэнне спецыялізацыі раенаў.
Адраджэнне рамяства суправаджаецца аднаўленнем арганізацый рамеснікаў – цэхаў. Адначасова ўзрастае роля скупшчыка – пасрэдніка паміж вытворцам і рынкам.
Новае ў эканамічным жыцці – гэта з’яўленне мануфактурнай вытворчасці, пераважна ў мястэчках і сельскай мясцовасці. Яны належалі ў асноўным магнатам, таму называліся вотчыннымі мануфактурамі.
У сярэдзіне XVII ст. прыкметна звузіўся памер унутраннага і знешняга гандлю. Прычынамі быў агульны заняпад гаспадаркі ў выніку шматлікіх воінаў, збядненне асноўнай масы насельніцтва, вузкасць унутраннага рынку, абмежаванні на гандаль для сялянства, памяншэнне ролі Беларусі як пасрэдніка ў расійскім знешнім гандлі.
У другой палове XVIII ст. адбылося значнае ажыўленне ва ўсіх сферах эканомікі Беларусі. Адной з прычын гэтага ажыўлення была дэмаграфічная, звязанная з хуткім ростам насельніцтва.
Другая прычына – гэта павышэнне попыту на сельскагаспадарчыя прадукты як у самой Беларусі, так і за яе межамі. Попыт на прадукцыю сяла павялічваўся таму, што ўзрасло насельніцтва гарадоў.
Трэцяя прычына звязана з ўнутрыпалітычнымі змяненнямі ў Рэчы Паспалітай. Узмацнілася зацікаўленнасць у бесперашкодным развіцці рынку, паляпшэнне агульных умоў развіцця эканомікі краіны. Магнаты і феадалы-прадпрымальнікі імкнуліся да пэўнага ўрэгуляванні ўнутрыдзяржаўнага ладу. Пад іх уздзеяннем былі праведзены гаспадарча-адміністрацыйныя рэформы, якія узмацнілі цэнтральны апарат дзяржаўнай улады: на сеймах абмяжоўвалася прымяненне вета па фінансавых справах, былі створаны адміністрацыйныя органы ў сферы кіравання, заснавана Скарбовая камісія – спецыяльны дзяржаўны орган па кіраванні фінансамі, ажыццяўленні судовых функцый па фінансавых справах, нагляду за гандлем.
У 1775 г. былі выдадзены законы, якія дазвалялі беларускім мяшчанам набываць феадальныя маенткі, а шляхце займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю і гандлем без страты сваіх шляхецкіх правоў.
Чацвертая прычына – гэта меры збоку дзяржавы па развіцці гандлю і сродкаў зносін.
У 1766 г. уводзяцца адзіныя для Вялікага Княства Літоўскага меры вагі, аб’ему і даўжыні. У 1775 г. урад Рэчы Паспалітай уводзіць генеральную мытную пошліну, абавязковую для ўсіх, і адмяняе ўнутраныя пошліны. Меры вярхоўнай улады садзейнічалі эканамічнаму развіццю Беларусі, у тым ліку і сельскай гаспадаркі. Гэта праявілася ў пашырэнні фальварковай запашцы на захадзе і ў цэнтры краіны, асваенні новых зямель, узнікненне новых фальваркаў, удасканаленні агратэхнікі, росце пагалоўя хатняй жывелы, павышэнне ўраджайнасці, павелічэнне таварнасці вотчынай сельскай гаспадаркі, пашырэнні яе сувязяў з рынкам.
Сялянскія павіннасці засталіся тымі ж але змяніліся іх памеры. У цэлым яны ўзраслі ў сярэднім у 1,5 раза ў параўнанні з папярэднім перыядам.
Паглыбленне эканамічнай дыферэнцыяцыі, выкарыстанне ў некаторых памешчыцкіх маентках разам з паншчынай наемнай працы, зараджэнне вотчынай прамысловасці, рост сельскай гаспадаркі сведчылі аб тым, што пачалося разлажэнне феадальна-прыгонніцкай гаспадаркі. У другой палове XVIII ст. была адноўлена рашаючая ў той час галіна эканомікі Беларусі – сельская гаспадарка: на захадзе і ў цэнтры – да 60-х гг., на ўсходзе – да 70-х гг.
Адрадзілася большасць гарадскіх паселішчаў. Галоўную ролю адыгрывалі буйныя гарады на галоўных гандлевых шляхах – Віцебск, Гародня, Магілеў, Мінск. Акрамя рамяства важным заняткам жыхароў гарадоў заставалася сельская гаспадарка, а таксама розныя промыслы – рыбная лоўля, сплаў лесу і інш.
Самая вялікая рамесная група – апрацоўшчыкі металаў. Гэта кавалі, слесары, залатых і сярэбранных спраў майстры, ювеліры, меднікі, бляхары і майстры зброевай справы. Другая група – рамеснікі па скураным вырабе. Пануючае становішча ў гарадах заставалася за цэхавым рамяством, але колькасць цэхаў паменшылася да канца XVIII ст.
На Беларусі з’явілася мануфактурная вытворчасць, заснаваная на раздзяленні працы і ручной тэхніцы. Першыя прадпрыемствы адчынялі буйныя феадалы, якія мелі магчымасці для арганізацыі мануфактур у сваіх маентках і танную рабочую сілу – прыгонных сялян.
Гандлевыя аперацыі як на ўнутраным, так і на знешнім рынку ажывіліся толькі ў другой палове XVIII ст. Гэтаму садзейнічалі ўзнаўленне сельскай гаспадпркі, уздым рамеснай вытворчасці і развіцце мануфактуры, пашырэнне таварна-грашовых адносін, паляпшэнне сродкаў зносін. У развіцці ўнутраннага гандлю асноўная роля належала кірмашам. Знешні гандаль – гэта вываз традыцыйных тавараў: збожжа, воску, меду, скару.
3. Падзелы Рэчы Паспалітай. Паўстанне Т. Касцюшкі
Ужо папярэдні разгляд гісторыі Рэчы Паспалітай паказаў, наколькі моцны быў уплыў Расіі ў гэтай дзяржаве. Пасля смерці Аўгуста ІІІ у 1763 г. гэта яшчэ больш узмацнілася, найперш у выніку яе застарэлай хваробы – барацьбы паміж магнацкімі групоўкамі за большы ўплыў у жыцці краіны. Як і заўсёды, гэта барацьба абвастралася ў час абрання новага караля. Так было і зараз. За абранне на каралеўскі пасад гэтым разам найбольш вострым было змаганне паміж Чартарыйскімі і Патоцкімі. У Расіі ў гэты час была ўжо Кацярына ІІ. Да яе і звярнуўся Чартарыйскі з просьбай прыслаць ім на дапамогу рускае войска, у чым ім, зразумела, не адмовілі. Менавіта злучаныя сілы ВКЛ і рускага атрада ў чэрвені 1764 г. атрымалі перамогу над войскам аднаго з найбольш магутных паплечнікаў Патоцкіх – Караля Радзівіла, захапіўшы яго крэпасці ў Нясвіжы і Слуцку. А сам іх уладальнік схаваўся за мяжой.
Гэта перамога і дала магчымасць Чартарыйскім 7 верасня 1764 г. правесці на каралеўскі пасад іх пляменніка – 35-гадовага Станіслава Панятоўскага. Усё гэта адбылося пры непасрэднай падтрымцы Кацярыны ІІ, якая асабіста ведала новавыбранага караля, бо ён некаторы час жыў у Пяцярбургу пры яе двары і, магчыма нават быў яе фаварытам. Для поспеху абрання С. Панятоўскага каралём мела і тое, што ў Варшаве ў гэты час стаяла расійскае войска. Такім чынам, абранне С. Панятоўскага канчаткова замацавала рашаючы ўплыў Расіі ў Рэчы Паспалітай.
Яшчэ перад выбраннем новага караля Чартарыйскія рашылі прыняць новыя рэформы, якія б умацавалі цэнтральную ўладу дзяржавы. І хоць на адным з соймаў у 1764 г. і было абмежавана права вета і прыняты рашэнні пра ўпарадкаванне фінансавай і судовай спраў, аднак гэта выклікала супраціўленне колаў грамадства, найперш магнатаў і шляхты, якім і была выгадна слабая дзяржаўная ўлада. Спачатку гэтыя рэформы падтрымала Расія, бо яна мела ў сваіх руках Рэч Паспалітую і ёй было выгадней бачыць яе больш умацаванай.
Па-ранейшаму для большага націску супроць Рэчы Паспалітай выкарыстоўваліся рэлігійныя справы, тым больш што ў ёй прадаўжалася палітыка пераследу некаталіцкіх канфесій. Па ініцыятыве Прусіі і Расіі быў прапанаваны праект ураўнення ў правах дысідэнтаў (пратэстантаў і праваслаўных) з католікамі, на што згаджаўся і сам кароль Панятоўскі, але чаго не ўхваліў сойм. А гэта, як і ў папярэднія часы, пацягнула за сабой прысылку войскаў у Рэч Паспалітую, а менавіта на тарыторыю Беларусі, дзе ў кастрычніку 1765 г . расійскімі войскамі былі захоплены Слуцк і Нясвіж.
У мэтах абароны кожнай з гэтых канфесій пачалі ўтварацца канфедэрацыі: пратэстанцкая ў Торуне, праваслаўная ў Слуцку. Больш за тое, у Радаме была створана каталіцкая канфедэрацыя, якая ўзяла курс на саюз з Расіяй. І самае дзіўнае, што на чале яе стаў К. Радзівіл, які раней займаў процілеглую пазіцыю і ўладанні якога раней захапіла рускае войска. Відаць, гэтым самым ён і хацеў вярнуць сабе страчанае. У выніку дзейнасці гэтых канфедэратаў, якіх падрымлівала 40-тысячнае рускае войска, сойм у 1768 г. і вымушаны быў прыняць пастанову аб ураўненні дысідэнтаў у правах з католікамі, у тым ліку - права займаць дзяржаўныя пасады. Але хоць засталіся некранутымі такія правы дзяржаўнага жыцця Рэчы Паспалітай, як ліберум вета, выбарнасць караля, недатыкальнасць шляхецкіх прывілеяў – усё, што аслабляла краіну, тым не менш рэакцыйныя, асабліва каталіцкія, колы, незадаволеныя ўраўненем з іх правамі дысідэнтаў і саюзам з Расіяй, у тым жа 1768 г. у Бары стварылі сваю канфедэрацыю. Праўда, склад яе быў неаднолькавы. Хоць у яе ўвайшлі сапраўдныя патрыёты, што выступалі за незалежнасць Польшчы, аднак у ёй задавалі тон кансерватыўныя элементы, для якіх найперш важна было захаваць “залатыя вольнасці” шляхты і асабліва вяршэнства каталіцкай царквы, і тым самым захаваць нацыянальна-рэлігійны прыгнёт над іншавернымі. Тое, што Барская канфедэрацыя выступала за захаванне шляхецкіх прывілеяў, можа тлумачыць, чаму яе было шмат прыхільнікаў і на Беларусі, асабліва ў Берсцейскім і Мсціслаускім паветах. Вось чаму дзеянні барскіх канфедэратаў перакінуліся і на Беларусь. Супраць іх былі кінуты расійскія войскі. Менавіта ў кастрычніку 1768 г. яны разбілі канфедэратаў пад Дзярэчынам і захапілі Нясвіж і Слуцк. Аднак у наступным годзе берасцейскі атрад канфедэратаў на чале з самім кіраўніком усёй канфедэрацыі Юзафам Пуласкім разбіў рускія войскі пад Берастовіцай, Слонімам і Мышшу. Дзеянні Барскай канфедэрацыі на беларусі яшчэ больш пашырыліся ў наступныя два гады, асабліва калі на яе тэрыторыю ўступіў атрад Ш. Касакоўскага, які складаўся ў асноўным з дробнай шляхты і дзейнасць якога прасціралася ад Мядзеля да Менска. Пад уздзеяннем гэтага зноў канфедэратыўны рух перайшоў на Полаччыну, Ашмяншчыну, Браслаўшчыну і Мсціслаўшчыну.
Паколькі канфедэратыўны рух непасрэдна пагражаў Расіі, то яе ўрад прыняў усе меры, каб яго задушыць, для чаго і былі кінуты новыя войскі, што і дало першыя вынікі. Пад Новагародкам быў разбіты атрад Касакоўскага. Асабліва вызначыўся ў задушэнні Барскай канфедэрацыі славуты А. Сувораў, які ў гэты час са сваім войскам знаходзіўся ў Польшчы. Менавіта ім быў разбіты трохтысячны атрад вялікага гетмана ВКЛ М. Агінскага пад Сталовічамі ў верасні 1771 г.
Расправа з Барскай канфедэрацыяй як у ВКЛ, так і ў Польшчы канчаткова наблізіла Рэч Паспалітую да яе падзелу. Праўда, ініцыятыва гэта ішла не ад Расіі, бо яе цалкам задавальняла існаванне гэтай слабой і таму бяспечнай для яе дзяржавы, якая да таго ж знаходзілася пад непасрэдным яе ўплывам. Ініцыятыва падзелу зыходзіла ад Пруссіі, якая не магла, далей мірыцца з тым, што Польшча адгароджвала яе ад Усходняй Прусіі. Менавіта ад прускага караля Фрыдрыха ІІ паступіла прапанова да Расіі, без удзелу якой не мог адбыцца падзел Рэчы Паспалітай. На гэта Кацярына ІІ і дала згоду. У перамовы аб падзеле некалькі пазней далучылася і Аўстрыя. І вось 5 жніўня 1772 г. у Пецярбургу паміж гэтымі трыма дзяржавамі і была падпісана дамова аб падзеле Рэчы Паспалітай. У выніку гэтага Прусія атрымала заходнюю частку Польшчы, Аўстрыя – паўднёвую яе частку і Гальцыю са Львовам, да Расіі адышлі Інфляндскае ваяводства, усход Полацкага ваяводства (па правым беразе Зах. Дзвіны), Віцебскае ваяводства (за выключэннем яго крайняй заходняй часткі), усё Мсціслаўскае ваяводства, а таксама ўсходняя частка Менскага ваяводства (з Гомелем, Рагачовам, Прапойскам і Чавусамі).
Лес гэтых адрэзаных ад Рэчы Паспалітай частак склаўся па-рознаму. Відаць, удалым быў для Галіцыі. Менавіта знаходзячыся ў складзе Аўстрыйскай імперыі, гэта частка Украіны мела пэўныя умовы для свайго нацыянальнага развіцця.
Прусія са сваей моцна цэнтралізаванай уладай далека не была падобнай на Аўстрыю, у якой дапускаўся пэўны федэралізм. З забраных Расіяй усходніх беларускіх тэрыторый былі утвораны Пскоўская губерня і Магілеўская.
Адразу на землях Беларусі афіцыйнай мовай замест польскай была ўведзена расійская. Пачалі ўводзіца характэрныя для Расіі ўстановы: губернскія і правіцыйныя суды, устанаўлівацца падаткі, якія павінны былі плаціць сяляне, а таксама купцы і яўрэі. Але асаблівая увага была ўдзелена царкоўным справам. Былі ўтвораны Пскоўская і Магілеўская праваслаўныя епархіі. Рэарганізацыі падверглася і ўніяцкая царква. Уніяты не толькі заахвочваліся да пераходу ў праваслаўе, але і гвалтоўна заганяліся ў яго.