Курсовая работа: Дзіцячыя перыядычныя выданні: характар камунікацыйных зносін з аўдыторыяй

Побач з пазнавальна-інфармацыйным накірункам стаіць ідэйна-выхаваўчая тэматыка. Ёй асобна прысвечаны рубрыкі “Детские организации”, “Рассказы об Отечестве”, “Я люблю Беларусь”, мэта якіх – выхаваць у дзяцей патрыятызм, гатоўнасць да самаахвяравання, стойкасць, мужнасць, гераізм, пачуццё доўгу і гуманізм, прыцягнуць да ўдзелу ў будаўніцтве моцнай і квітнеючай дзяржавы, навучыць памятаць мінулае, цаніць сучаснае, будаваць будучыню. Публікацыі рубрык маюць на мэце выклікаць у дзяцей пачуццё захаплення подзвігамі мужных людзей, павагі да іх цяжкіх лёсаў. Пры чытанні такіх артыкулаў школьнікі на канкрэтных прыкладах могуць вызначыць для сябе значэнне наступных слоў:

– “справядлівасць ” – гэта непрадузятая дзейнасць у адпаведнасці з ісцінай;

– “гераізм ” – гэта адвага, рашучасць і самаахвяраванне ў цяжкіх абставінах;

– “патрыятызм ” – гэта адданасць і любоў да сваёй Радзімы, да свайго народа і гатоўнасць да любых ахвар дзеля інтарэсаў Айчыны;

– “мужнасць ” – гэта храбрасць, вытрымка, адвага;

– “гонар ” – гэта агульная павага;

– “доўг ” – гэта абавязак перад кім-небудзь.

Такім чынам, “Рюкзачок” знаёміць як з гісторыяй і культурай Беларусі, так і з гісторыяй і культурай замежных краін, што дазваляе чытачам зразумець ролю Айчыны ў сусветным супольніцтве. У той жа час “Качели” надаюць большую ўвагу вобразу Беларусі, аднак на старонках гэтага часопіса расшыфроўваюцца такія важныя і ў той жа час такія цяжкія для разумення паняцці, як “справядлівасць”, “мужнасць”, “гераізм”, “гонар”, “доўг” і інш.


Заключэнне

Часопісы “Вясёлка” і “Детская площадка” арыентуюць дзяцей на аптымістычны паказ свету: увага дзіцяці засяроджваецца на прыгажосці прыроды, на панаванні ў свеце дабра і сяброўскіх адносінаў паміж людзьмі. Напрыклад, аб Беларусі гаворыцца, што гэта “зямля сяброў, краіна згоды”, а душы і сэрцы дзяцей павінны поўніцца “любоўю да ўсяго жывога, да Дабра і Праўды”. Выданні “Рюкзачок” і “Качели” падводзяць да таго, што ў свеце ёсць яшчэ і цяжкасці. Так, рубрыка “Экономия и бережливость” заклікае берагчы прыродныя рэсурсы, каб пазбегнуць экалагічнай катастрофы, а рубрыка “Старонкі гісторыі” расказвае пра жудасці вайны.

Радзіма для дашкольніка атаясамліваецца з прыродай: гэта, перш за ўсё, – вясёлы ручаёк, кветкі, птушкі і жывёлы, сонца, маладзік, хмаркі і г. д. Напрыклад: “А тут [у Беларусі] лясоў багата, кветкамі травы перавітыя, сінь нябесная ў рэчкі і азёры пералітая…”. Часопісы тлумачаць дашкольніку, што ён павінен любіць Радзіму, каб зразумець і палюбіць свет. Для школьніка паняцце Радзімы шырыцца, гэта ўжо – дачны пасёлак, вёска, горад, еўрапейская краіна. Дзеці пачынаюць адчуваць, што яны – грамадзяне Беларусі. Сутнасць паняцця Радзімы можна зразумець з дапамогай матэрыялаў рубрык “Я люблю Беларусь”, “Рассказы об Отечестве”, “И ходит по земле легенда”; “Я – грамадзянін”, “Моя Беларусь”.

Часопісы для дашкольнікаў надаюць вялікую ўвагу ўзаемаадносінам маленькага чалавека і прыроды. Свет дзіцяці выступае арганічнай часткай прыроднага свету. Складваецца ўражанне, што прырода і дашкольнік – сябры. Напрыклад: “зорачка ляжа з табой на падушцы”, рабінка каля школы “вітае кожнаю калінкай”, сланечнік “адкрасуе памаленьку, семак вам насыпле жменьку”, рачулка “нібы з сабой заве”. У выданнях для школьнікаў прырода існуе як быццам сама па сябе, без чалавека; часопісы даюць разрозненую энцыклапедычную інфармацыю пра асобныя віды жывёл і птушак.

Сям’я – гэта бліжэйшае акружэнне дзіцяці. Для дашкольніка самы дарагі чалавек – мама. Для яе знаходзіцца шмат цёплых і шчырых слоў: “ты сардэчнае свята маё” і г. д. Зрэдку згадваецца пра брата і сястру, пра бабулю, пра дзядулю. Аднак, на жаль, ні ў адным з тэкстаў не гаворыцца пра бацьку. Для школьніка паняцце сям’і значна шырэйшае. Сюды ўключаюцца ўсе родныя. У рубрыцы “Корабль по имени «Семья»” чытач можа сам падзяліцца традыцыямі, якія пануюць менавіта ў яго сям’і, толькі паміж яго роднымі. Дарэчы, “Качели” – часопіс для тых, хто піша вершы ці марыць пра журналістыку. Як адзначае рэдактар Кацярына Дубінская, дзеці з актыўнай жыццёвай пазіцыяй – аўтары выдання – застаюцца з ім да заканчэння школы.

Часопісы для дашкольніка фарміруюць адметнае стаўленне і да беларускай мовы: яна адзіная, родная, спеўная, ніводны народ больш не карыстаецца ёю, мова – паказчык адзінства народа, які трэба захоўваць як найвялікшы скарб. У часопісах для школьнікаў, дзе большасць матэрыялаў прадстаўлены па-руску, беларуская і руская мовы знаходзяцца побач. Такое стаўленне аргументуецца тым, што дзіця можа само вырашыць, якой мовай карыстацца.

У выданнях для дашкольнікаў вялікая ўвага надаецца чытанню. Дарослыя тлумачаць дзецям, што кнігі патрэбны, каб спасцігаць свет. Рэдакцыі прытрымліваюцца погляду, што ва ўзросце ад чатырох да шасці гадоў кнігі павінны стаць галоўным зацікаўленнем маленькага чалавека. Выданні для школьнікаў паказваюць, што дзіця самастойна выбірае, чым цікавіцца, і падкрэсліваюць, наколькі таленавітым і здольным расце новае пакаленне: “Звездная дорожка”, “Юны мастак”; “Семь нот”, “Мир увлечений”, “Ау, таланты!”, “Проба пера”. Адметнасць часопіса “Качели” – гэта рубрыка “Ау, детство!”, якая апавядае пра дзяцінства ўсім вядомых дарослых, напрыклад, хіміка Мендзялеева і мастака Славука.

Часопісы для дашкольнікаў арыентуюць чытача на неабходнасць спасціжэння ведаў самастойна або разам з дарослымі. Гэта выражаецца ў формах звяртання да аўдыторыі: “выпісвайце”, “напішыце”, “ты чуў”, “цябе сустракаюць” або “попробуем”, “мы выбрали”, “нам понадобятся” і г. д. Для дашкольніка гэтае азнакамленне са светам – першае, ад яго залежыць, якім чынам дашкольнік будзе успрымаць навакольны свет, грамадства і сябе ў ім. Мэта часопісаў для школьнікаў – актыўны ўдзел у навучальна-выхаваўчым працэсе, аказанне дапамогі настаўнікам і бацькам у фарміраванні усебакова і гарманічна развітай асобы. У той жа час гэтыя выданні прывучаюць свайго чытача да самастойнасці і арганізаванасці: “ты побывал”, “тебе понадобятся”, “тебе запомнилось” і г. д. Атрымліваецца, што звароту да чытача “мы” (рэдакцыя і дзіця) няма. Рэдакцыя наладжвае камунікацыйныя адносіны з дзецьмі праз бацькоў.

Такім чынам, часопісы для дашкольнікаў служаць мэце практычнага засваення свету: чытаць, каб пасля прымяніць атрыманыя веды на практыцы. Таму на іх старонках можна сустрэць шмат развіваючых гульняў, конкурсаў, заданняў і практыкаванняў (віктарыны, конкурсы, тэсты, загадкі, матэматычныя задачы). Часопісы для школьнікаў сцвярджаюць думку, што чытаць патрэбна, каб шмат ведаць, каб быць разумным. Гэтай мэце служаць пазнаваўчыя матэрыялы з рубрык “И знатокам интересно”, “Знайка”; “Истории из рюкзачка”, “Путешествие”, якія знаёмяць з этыкетам і правіламі паводзін у грамадстве, з культурай замежжа, з мастацтвам. У малодшым школьным узросце ускладняюцца перажыванні, з’яўляюцца першыя сутнастныя сувязі са светам, усведамляецца цяжкасць атрымання жыццёвага вопыту. Таму на старонках часопісаў для школьнікаў уздымаюцца новыя і больш значныя праблемы і пытанні: рэлігія (рубрыка “Дорога к Храму”) і здаровы лад жыцця (рубрыка “Быть здоровым – модно!”).


Спіс крыніц фактычных матэрыялаў

1. Агняцвет, Э. Табе жадаю /Э. Агняцвет //Вясёлка. – 2008. – № 1. – С. 2.

2. Міклашэўскі, Я. Навагодняя ноч у лесе /Я. Міклашэўскі //Вясёлка. – 2008. – № 1. – С. 2.

3. Ткачоў, В. Цёплыя абноўкі /В. Ткачоў //Вясёлка. – 2008. – № 1. – С. 4-5.

4. Махонь, В. Сінічка, Ялінка і іх сябры /В. Махонь //Вясёлка. – 2008. – № 1. – С. 7.

5. Гусеў, Ю. Скрыпач /Ю. Гусеў //Вясёлка. – 2008. – № 1. – С. 10.

6. Зэкаў, А. Чаму птушкі не сівеюць /А. Зэкаў //Вясёлка. – 2008. – № 1. – С. 11.

7. Колас, Я. Найдаражэйшы падарунак /Я. Колас //Вясёлка. – 2007. – № 12. – С. 2.

8. Маляўка, М. Стары год /М. Маляўка //Вясёлка. – 2007. – № 12. – С. 2.

9. Колас, Я. Дзед-госць /Я. Колас //Вясёлка. – 2007. – № 12. – С. 2.

10. Багдановіч, Л. Зіма /Л. Багдановіч //Вясёлка. – 2007. – № 12. – С. 3.

11. Бічэль, Д. Акно /Д. Бічэль //Вясёлка. – 2007. – № 12. – С. 3.

12. Стадольнік, І. Пра Натку /І. Стадольнік //Вясёлка. – 2007. – № 12. – С. 3.

13. Мятліцкі, М. Рабіна /М. Мятліцкі //Вясёлка. – 2007. – № 12. – С. 4.

К-во Просмотров: 1132
Бесплатно скачать Курсовая работа: Дзіцячыя перыядычныя выданні: характар камунікацыйных зносін з аўдыторыяй