Курсовая работа: Метады і прыёмы вывучэння фразеалагічных адзінак у малодшых класах
- Мінулі хмары (стар. 112) – параўн. мінула хмара (у значэнні адступіла трывожная, небяспечная сітуацыя);
- Алесь неўзабаве ўбачыў крайнюю хату – параўн. – хата з краю ( у знач. быць ні пры чым).
Анадагічную работу можна выконваць і на ўроках беларускай мовы ў 4-ым класе. Так, практыкаванні падручніка беларускай мовы ўтрымліваюць наступныя свабодныя словазлучэнні, якія можна параўаць і супаставіць з фразеалагічнымі словазлучэннямі:
- Два браты ў ваду глядзяць , а разам не сыходзяцца – параўн. як у ваду глядзець (у значэнні прадбачыць якую-небудзь сітуацыю, тое ці іншае здарэнне) – стар. 42, практ. №68.
- Ляцяць птушкі без крыл, а садзяцца без ног – параўн. без ног (у значэнні вельмі моцна стаміцца) – стар. 51, практ. №82.
- Колькі зор на небе , як блішчаць яны – параўн. як зор на небе (у значэнні вельмі многа) – стар. 51, практ. 82.
- Вось найшла навальніца і паваліла дрэва – параўн. найшла навальніца (у значэнні цяжкая небяспечная гадзіна, непрыемнасці) – стар. 52, практ. № 84).
Мастацкія карціны выкарыстоўваюцца для развіцця мовы. Абапіраючыся на змест карціны, вучні могуць выконваць наступныя віды работ: запаўняць фразеалагізмамі тэкст, складзены па карціне настаўнікам; пісаць сачыненне па карціне з выкарыстаннем фразеалагізмаў.
З мэтай развіцця ведаў і ўменняў вучняў у галіне фразеалогіі на ўроках беларускай мовы можна выкарыстоўваць практыкаванні, якія маюць заданні “апісаць малюнкі”. Такім чынам, настаўнік можа прапанаваць вучням пры апісанні карыстацца фразеалагізмамі. Так, напрыклад, у ходзе працы над практыкаваннем № 48 на стар. 28 настаўнік можа прапанаваць вучням выкарыстаць такія ўстойлівыя словазлучэнні: блакітная мара, выбіцца ў людзі, слухае, раскрыўшы рот [1; С.28].
Малюнак на стар. 50, практ. 81 можна прапанаваць апісаць, выкарыстоўваючы такія фразеалагізмы: пабег з усіх ног, ні жывы ні мёртвы, праваліцца скрозь зямлю, заварыць кашу, ні слыху ні дыху .
Неабходна, каб школьнікі вучыліся прымяняць атрыманыя веды на практыцы, актыўна і правільна ўжывалі фразеалагізмы ў сваім маўленні. Дасягнуць гэтага можна, выконваючы творчыя работы, сярод якіх асноўнымі з’яўляюцца складанне сказаў, напісанне пераказаў і сачыненняў.
Прыдумванне сказаў з фразеалагізмамі лічыцца простай формай творчай работы. Але яно патрабуе значнага напружання думкі, самакантролю за тым, каб у сказе не парушаліся логіка-семантычныя і граматычныя сувязі, была вытрымана стылістычная аднароднасць.
Вучням прапануецца (практ. 94, стар. 61) скласці вуснае апавяданне, разгледзеўшы малюнак. Такое заданне можна дапоўніць і фразеалагічнай працай, прапанаваўшы вучням выкарыстаць у сваім апавяданні наступныя фразеалагізмы: гульма гуляе, збіраюцца гады ў рады, душа ў душу, ад шчырага сэрца, гладзіць па галоўцы.
Да творчых можна аднесці працу над практыкаваннем № 128, што змешчана на старонцы 79. Заданне (“складзіце сказы, дзейнікам у якіх будуць назоўнікі”) настаўнік ускладняе, прапанаваўшы ўвесці ў сказы і фразеалагічныя адзінкі. Для такого задання можна прапанаваць шэраг фразеалагічных адзінак з рознай семантыкай і стылістычнай афарбаванасцю, дзеля таго, каб вучні вучыліся самастойна адбіраць адпаведныя моўнай сітуацыі фраземы: праваліцца скрозь зямлю, малоць лухту, на сёмым небе, залатыя рукі, мераць вокам, галава на плячах, носам к носу, і смех і грэх, не паверыць сваім вушам, аж пыл курэў, як перад богам, важная птушка, курам на смех, хоць гвалт крычы.
Сустракаюцца ў падручніку і практыкаванні, заданне якіх непасрэдна накіравана на фразеалагічную працу. Так, на стар. 67, у практыкаванні 106 (верш “Сапраўдны сябра”) сустракаем словы “сябры яны – проста вадой не разліць”. Заданне ж для гэтага практыкавання - растлумачыць выраз “вадой не разліць”[1; С.67].
Дапамагае развіваць веды па пытаннях фразеалогіі праца над практыкаваннямі, мэтай якіх з’яўляецца: дапоўніць сказы аднароднымі членамі. Так, працуючы над дадзеным практыкаваннем, акрамя прапанаваных у канцы практыкавання слоў можна выкарыстаць для дапаўнення сказаў і фразеалагізмы: выбегчы хутка – як Піліп з канапель ; калаціцца ад страху – як асінавы ліст .
Па такім жа прынцыпе ідзе і лексічная работа ў практыкаванні № 98, стар. 63. Заданне: да кожнага слова падбярыце слова з супрацьлеглым значэннем. Настаўнік таксама можа прапанаваць замест слоў-антонімаў выкарыстоўваць фразеалагічныя словазлучэнні з адпаведным сэнсам:
- Працаваць – сядзець, склаўшы рукі ;
- Мала – хоць гаць гаці ;
- Балбатлівы – сядзіць, як вады ў рот набраўшы ;
- Ілгаць – гаварыць як на духу, як перад богам, паклаўшы руку на сэрца [1; С.63].
Падводзячы вынікі нашай працы, трэба адзначыць, што, паколькі работа па вывучэнню фразеалогіі проводзіцца на ўроках неспецыяльных, то настаўніку трэба выкарыстоўваць гэтую магчымасць вельмі акуратна, адчуваючы мяжу і меру падачы фразеалагічнага матэрыялу. Зразумела, кепскім з’яўляецца тое, што вучні рэдка знаёмяцца з новымі ўстойлівымі спалучэннямі і не практыкуюцца ў іх ужыванні, але не прыносіць карысці і празмернае захапленне колькасцю фразеалагічнага матэрыялу. У гэтым выпадку не забяспечваецца глыбіня азнаямлення з фразеалагізмамі, прытупляецца ўвага да іх.
2.1 Знаёмства з фразеалагічным фондам мовы ў межах вывучэння раздзела марфалогіі
Раздзел «Марфалогія», у параўнанні з іншымі раздзеламі школьнага курса мовы, найбольш спрыяльны для ўзбагачэння мовы вучняў фразеалагізмамі. Па-першае, словы і фразеалагізмы на марфалагічным узроўні маюць некаторыя агульныя ўласцівасці, што дазваляе разглядаць іх у супастаўляльным плане. Па-другое, вывучэнне марфалогіі часцін мовы арганічна звязана з фразеалогіяй, бон яма ніводнай часціны мовы, якая б не ўдзельнічала б у стварэнні фразеалагізмаў. У якасці дыдактычнага матэрыялу можна падабраць фразеалагізмы, структурныя кампаненты якіх ілюстравалі б розныя правілы на кожную часціну мовы [11; С.66].
У працэсе вывучэння назоўніка ў настаўніка ёсць магчымасць паказаць, што не толькі словы, але і пэўныя фразеалагізмы маюць граматычнае значэнне прадметнасці. Яны адказваюць на пытанні хто? што?, называюць асобу (вольны казак – ні ад каго не залежны чалавек), канкрэтныя прадметы, рэчы (казіная ножка – самаробная цыгарка), абстрактныя паняцці (першы крок – саамы пачатак), жывёл, птушак, насякомых (травяны мяшок – конь, баранчык божы – бакас, божая кароўка – від жука). Значэнне іх перадаецца сінанімічным назоўнікавым словазлучэннем. Не выпадкова такія словазлучэнні (у беларускай мове іх звыш 550) атрымалі найменне «назоўнікавыя».
Пры вывучэнні назоўніка нельга абысці пытанне аб правапісе фразеалагізмаў з уласным імем. Традыцыйна ўласнае імя ў складзе фразеалагізмаў супрацьпастаўлялі агульнаму імені і пісалі з вялікай літары: за царом Гарохам, як Піліп з канапель. Даследаванні апошніх гадоў дазваляюць па-іншаму глянуць на ўласнае імя як кампанент фразеалагізма. Становячыся часткай фразеалагічнай адзінкі, імя ўласнае траціць сувязь з канкрэтнай асобай ці аб'ектам, яно пачынае абагульняць, а значыць, выконваць функцыю імя агульнага.
Першыя тэарэтычныя звесткі аб прыметнікавых фразеалагізмах вучні атрымаюць на ўроку па тэме «Прыметнік як часціна мовы». Са слоў настаўніка яны даведаюцца, што прыметнікавыя фразеалагізмы, як і прыметнікі, абазначаюць прыметы прадмета, адказваюць на пытанне які, у сказе выконваюць сінтаксічную ролю азначэння ці выказніка. Адзначаныя рысы прыметнікавых фразеалагізмаў ілюструюцца прыкладамі з выразамі: востры на язык (схільны да балбатлівасці, залішне гаваркі), не лыкам шыты (не горшы за іншых, не пазбаўлены здольнасцей, ведаў).
Фразеалагізмы з лічэбнікавым кампанентам – добры матэрыял для займальнай работы. Яе лепш за ўсё праводзіць у такім плане. Паказваецца малюнак, які адлюстроўвае ўнутраны вобраз фразеалагізма. Вучні разглядаюць малюнак і называюць задуманы на ім фразеалагізм.
Паводле праграмы вучні знаёмяцца з разрадамі займеннікаў. А займеннікі ўсіх разрадаў з'яўляюцца кампанентамі многіх фразеалагізмаў. Гэта дае магчымасць выкарыстоўваць такія фразеалагізмы на этапе замацавання. Вучні аналізуюць займеннікі, што ўваходзяць у склад фразеалагізмаў, вызначаюць іх граматычныя формы і адначасова ўключаюцца ў работу па засваенні формы і значэнняў саміх фразеалагізмаў.