Курсовая работа: Семантыка і функцыянальнасць міфалагем Сонца і Месяца ў традыцыйнай міфапаэтычнай мадэлі свету беларусаў.
Сучаснае свята Каляды — найбольш яркае салярнае свята, таму што яно з’яўляецца вельмі празрыстым пераасэнсаваннем свята нараджэння бога Сонца. Менавіта на 25 снежня выпадае дата нараджэння Мітры — аднаго з інда-іранскіх багоў, дабразычлівага да людзей бога дзённага святла, падаўцы жыцця. У ІІ тысячагоддзі да н. э. ён маляваўся побач з сонцам, пазней у некаторых іранскіх народаў быў атаясамлены з сонцам. Яго звычайна малявалі з промнявым вянком на галаве і ў руцэ. У ліку многіх матываў усходніх рэлігій Мітра быў успрыняты грэка-рымскай культурай: яму прысвячаліся храмы, у 3 — 2 стагоддзях да н. ч. ён кантамініраваўся з вобразам Геракла, на Усходзе — з вобразам Апалона. У 1 стагоддзі н. э. вядомы аб’яднаны вобраз Мітры — Геліяса.
Святкаванне Каляд, вядомае з сярэдзіны 4 стагоддзя і ўзаконенае ў 431 годзе, афіцыйна замясціла мітраісцкае свята.Ранейшыя вераванні і абрады, рытуалы і гульні, складзеныя ў народзе вакол даты нараджэння бога сонца, аказаліся ўключанымі ў калядную абраднасць, у некаторых выпадках будучы пераробленымі ў духу царкоўнай літургіі, у іншых — засталіся практычна без зменаў.Тое ж трэба сказаць і пра Новы Год — дата афіцыйнага календара, якая нераз падвяргалася змене. Навагоднія цэрыманіяльныя абыходы вакол хаты, ачага, па ходу сонца павінны былі прынесці хаце дабро, а абыход супраць руху сонца — зло.
Калядна — навагодняе дванаццацідзёнства трэба разглядаць як цэнтральны перыяд, аб’яднаны агульным сэнсам напаўняючых яго абрадаў і святочных забавак,сярод якіх — відавочныя рэмінісцэнцыі рэлігійных адносін да сонца. З упэўненасцю можна меркаваць, што амаль паўсюдны звычай запальваць вогнішчы ў гэты перыяд на ўзвышаных месцах, размешчаных бліжэй да неба, да сонца, з’яўляецца рытуальным выражэннем салярнага культа.
Ёсць меркаванне, што карнавальныя вогнішчы і іншыя шматлікія віды вогнішчаў рытуальнага і забаўляльнага характару маюць у сваім генезісе салярную аснову [21, с.109].
Да элементаў салярнай абраднасці трэба аднесці таксама качанне палаючых колаў са склонаў гор і ўзвышшаў, кіданне ў паветра палаючых шайб. Рэлігійна-магічная скіраванасць гэтых дзеянняў выражаецца ў тым, што яны суправаджаюцца зычэннямі дабрабыту. Да гэтага ж кола салярных звычаяў, мабыць, патрэбна аднесці шэсці з запаленымі факеламі, якія здзяйснялі разам з запальваннем вогнішчаў.
Салярныя элементы у калядна-навагодняй абраднасці не адасоблены ад іншых, а складаюць з імі неразрыўны комплекс. Большасць абрадаў гэтага перыяду накіраваны на дасягненне поспехаў у земляробстве, захоўванне здароўя людзей, усякага дабрабыту, прадказванне будучага. Тут жа прадстаўлена тэма шлюбу, працягу чалавечага роду. У спецыяльнай літартуры ўсталявалася меркаванне, што гэтыя дзеянні — выражэнне актыўных адносін чалавека да прыроды, супрацьпастаўленне жыццёсцвярджальнага пачатку зімняму стану зямлі, паміранню сонца [21, с.109].
У непасрэднай сувязі з навагодне-каляднай абраднасцю і яе салярнымі элементамі стаіць тэрмін “крачун”, “карачун”, вядомы ў балкана-карпацкім арэале. У ўсходне-раманскіх мовах гэтае слова абазначае зімовае свята, каляды, час яго ўшаноўвання, абрадавы навагодні і калядны хлеб. У палякаў таксама адна з назваў абрадавага хлеба — крачун. Па-балгарскі “крачун, крачунец” абазначае “калядны дзень”. На славацкай мове крачун — гэта каляды, а ў сербска-харвацкай гэта імя ўласнае. На рускай мове словам “корочун” называлі зімовы сонцаварот, 12 снежня ст. ст. , а таксама смерць. У сэнсе “раптоўная смерць у маладым узросце” гэта слова выкарыстоўвалася беларусамі.
Прапанавана нямала тлумачэнняў гэтага тэрміна: А. В. Дзясніцкая ўслед за албанскім вучоным Э. Чабеем выводзіць яго з старажытнаалбанскага кораня са значэннем “пень” (каляднае палена). С. А. Токараў падтрымлівае старое меркаванне К. Эрбена аб сувязі слова карачун з старажытнаславянскім іменем крт, да якога некаторыя даследчыкі ўзвадзілі імя “чорт” і супастаўлялі з імёнамі хатняга духа у грэкаў, палякаў і латышоў. Магчыма, што “Крачун, Карачун уяўляў сабой у нейкай частцы славянскіх плямёнаў боства зімы і смерці, у гонар якога спраўлялі свята каля зімовага сонцастаяння”. Малдаўскі вучоны Ю. В. Паповіч прыйшоў да высновы, што “…галоўная асаблівасць свята заключаецца ў шанаванні сонца, яго зямнога намесніка — полымя і памёршых бацькоў”. Самую ж назву свята Ю. В. Паповіч лічыць старажытнаславянскай, якая належыць славянам карпацкага арэалу, адкуль яна распаўсюдзілась больш шырока ў славянскія мовы, а таксама была запазычана усходнераманскімі народамі і венграмі [21, с.110].
Да кола салярных вераванняў належаць абрады, вядомыя ў Паўднёва-Усходняй Еўропе пад зборнай назвай русалі. Гэтыя абрады, дакладней драматызаваныя дзеянні, гульні, выконваюцца групай мужчын зімою ў калядна-навагодяе дванаццацідзёнства і летам на працягу тыдня (“русальная нядзеля”, у час царкоўнага свята Троіцы ці на на ступным за ім тыдні). Усходнім сербам яны вядомы пад імем “русалиjе” і інш.
Цікавы таксама тыя падрабязнасці абрада, якія звязваюць яго з салярным культам: распальванне вогнішчаў, чырвоны колер русалійскага рэквізіту, прыкметна таксама сімволіка крыжа і сімволіка кола.
Русаліі маюць складанае паходжанне. Многія лічаць іх спецыфічна славянскімі; выказвалася меркаванне пра ўплыў рымскіх разалій.
Калядна-навагодні цыкл святаў — складаны абрадавы комплекс. Салярнае паходжанне і сэнс адзначаных намі абрадаў не даказаны безумоўна, але з’яўляецца магчымымі меркаваннямі. Магчыма, што абрадавы агонь быў элементам сонечнай сімволікі, але ён мае і шмат іншых значэнняў: ачышчальнае, лекавае, ахоўваючае і многія іншыя [21, с.110].
Многія даследчыкі схільны адносіць да праяў сонечнага культу каляднае палена. Паводле нашых уяўленняў, рытуалы, якія групуюцца ваол каляднага палена, прынцыпова адрозніваюцца ад рытуальных вогнішчаў. Палена больш звязана з культам хатняга ачагу, сямейнай абраднасці і павінна быць разгледзена у плане рэлігійных адносін да агню, чым да сонца.
Важнае салярнае свята – летні сонцаварот – дзень Святога Іаана.
Сляды салярнага культу адлюстраваны ў звычаях падымацца на вяршыні гор і іншыя ўзвышанныя мясціны для сустрэчы ўзыходзячага сонца. У Іспаніі санхуасцкія вогнішчы распальвалі на вяршынях халмоў і ўзгоркаў. Палякі сцвярджалі, што сонца ў гэтую раніцу скача, грае.
У святкаванні Іванава дня паўсюдна ў Еўропе сляды салярнага культу ўпляталіся ў адзіны комплекс першабытных рэлігійных прадстаўленняў і дзеянняў. Асноўныя з іх – запальванне вогнішчаў, але нараду з гэтым заўважаны звязаныя з рытуальнымі вогнішчамі ачышчальныя абрады, вера ў прадуцыруючыя ўласцівасці агню.
Дзень веснавога раўнадзенства амаль паўсюдна ўспрымаецца як свята вясны. Вельмі часта ён зрушаны з астранамічнай даты раўнадзенства на 25 сакавіка – дзень Благавешчання. Гэтае свята вельмі папулярна ў грэкаў, а таксама ў паўднёвых славян, румынаў і албанцаў. Яно лічылася пачаткам новага года і таму было адзначана шматвобразнымі магічнымі прыёмамі, у тым ліку і распальванне вогнішчаў. Знамянальны і чырвоны колер у рэквізіце святочнай абстаноўкі. Сярод народаў Цэнтральнай і Заходняй Еўропы свята Благавешчанне не мае падобнага значэння, у гэты дзень толькі прыкмячалі і прадказвалі на будучае надвор’е.
Дзень асенняга раўнадзенства – натуральная мяжа паміж летнім і зімовым сезонамі. У народным святочным календары фактычна пагранічнай датай стала бліжайшае да яго хрысціянскае свята – дзень Святога Міхаіла(29 верасня). Непасрэдных салярных матываў у святкаванні асенняга раўнадзенства не наглядаецца.
Акрамя дат астранамічнага календара, абрады, якія носяць сляды салярнага культу, спраўляюцца ў дні, ад якіх некалі адлічваўся пачатак года.
Да 16 стагоддзя новы год пачынаўся ў Еўропе з Вялікадня. У розных дзяржавах у велікодныя абрады ўключаецца сустрэча ўзыходзячага сонца. Амаль паўсюдна ў Еўропе ў страсную суботу распальвалі вогнішчы: першапачаткова на ўзвышаных месцах ці на беразе ракі, пазней – каля царквы. Вакол вогнішчаў танцавалі, спявалі, пераскаквалі праз агонь, праганялі жывёл скрозь дым. Яшчэ пазней сталі абмяжоўвацца благаслаўленнем агню ў царкве. У гэтым звычаі яўна прасочваецца салярная сімволіка агню [6, с.461].
Сярод сакавіцкіх звычаяў балгар, албанцаў,грэкаў звяртае на сябе ўвагу развешванне на стрэхах чырвоных платкоў, палатна. Дзеці і маладыя людзі насілі на руках і нагах, на шыі і ў валасах скручаныя разам чырвоныя і белыя ніткі – амулеты. Чырвоны колер – колер сонца,яго прысутнасць у святочным рэквізіце дае падставы меркаваць, што ў дзень афіцыйнага пачатку года былі здубліраваны звычаі веснавога раўнадзенства.
Дмітраў дзень 26 кастрычніка як канец летняга сезону і пачатак зімовага адзначалі, акрамя албанцаў, сербы, чарнагорцы, македонцы і іншыя. Ён лічыцца знакавым у грэкаў.
Тэарэтычных абгрунтаванняў салярных культаў у спецыяльнай літаратуры было прапанавана шмат. Вядома міфалагічная школа, прыхільнікі якой спрабавалі растлумачыць узнікненне і развіццё абрадаў, абапіраючыся на міфалагічныя вобразы.
У сучасных каляндарных абрадах народаў Еўропы няма такіх рытуалаў, якія б змяшчалі толькі салярныя матывы. Як правіла, пры адпраўленні абрада гэтыя матывы цесна пераплятаюцца з іншымі – з матывамі агню, вады і многім іншым у адзіны комплекс. Салярныя элементы ў ім – неабавязковыя, але далёка не адзіныя і нават не галоўныя.
Больш выразна сонечныя міфалагічныя вобразы зафіксаваны ў паўднёва-усходніх абласцях Еўропы.
Такім чынам, навуковыя інтэрпэтацыі розных аспектаў праяўленняў салярнага культу часам супадаюць паміж сабой, часам аказваюцца цалкам супрацьлеглымі.
3. Міфалагема Сонца ў традыцыйнай міфапаэтычнай мадэлі свету славян
У старажытных славян сонца ўяўлялася ў антрапаморфным выглядзе, персаніфікавалася (як і месяц). М. І. Талстой адзначыў таксама наяўнасць у славянскай міфалогіі ўспрыняцця сонца і месяца ў зааморфных абліччах. “Сонца можа ўяўляцца буйвалам, валом, цялём, пеўнем, а месяц (луна) каровай, радзей — казлом, бараном,” — пісаў ён. Разам з тым вучоны адмаўляў пакланенне старажытных славян сонцу як галоўнаму боству, у чым разыходзіўся з многімі віднымі вучонымі. “Старажытныя славяне, відаць, не ведалі салярнай рэлігіі, гэта значыць не пакланяліся сонцу, як некаторыя старажытнаіранскія плямёны, не прымалі дзённае свяціла ў якасці галоўнага боства. Яны таксама не былі вогнепаклоннікамі, хаця шанаванне агню нябеснага (маланкі) і агню зямнога (сакральнага вогнішча) займала важнае месца ў іх светаўспрыманні і рылігійных паводзінах” [7, с.10].
Праблема спрэчная і складаная, не ўсе даследчыкі прытрымліваюцца такой думкі. М. Ф. Сумцоў лічыў, што нябесныя свяцілы ўдзельнічаюць ў арганізацыі і стварэнні шлюбаў. Адзін з раздзелаў яго працы “Пра вясельныя абрады, пераважна рускія” (Харкаў, 1881) называецца “Участие небесных светил в устроении человеческих браков”. Больш таго, у другой працы ён не толькі гаворыць аб кульце сонца, але і лічыць, што сонца, як і іншым міфічным боствам (зямлі, дамавому духу і інш.), прыносіўся ў ахвяру хлеб. А. М. Афанасьеў спасылаўся на розныя крыніцы, сярод якіх і Іпацьеўскі летапіс, і сцвярджаў, што ў славян быў вярхоўным уладаром сусвету прабог Сварог, роданачальнік іншых светлых багоў. Ад яго нарадзіўся Дажджбог — Сонца-цар, сын Сварога. Дажджбог упамінаўся Нестарам і ў “Слове пра паход Ігаравы”, на падставе гэтага А. М. Афанасьеў прыйшоў да высновы, што “в числе славянских богов, есть, следовательно, солнце, сын неба” [цыт. па 8, с.11].