Реферат: Эстэтычныя пошукі ў сучаснай беларускай лiтаратуры

Апавяданне І. Сіна “Альдаір” ілюструе традыцыйную тэматыку постмадэрновай літаратуры, тэму мутацыі чалавека. Герой ператвараецца ў казюрку, якая хаваецца ў шчыліне падлогі ад паху металёвых кветак, якія “увасабляюць надыход тэхнагеннай эры дэгуманізаванага грамадства” [15, с. 100]. (Узгадваецца “Пераўтварэнні” Ф. Кафкі). У творы паўстае вобраз “дэгуманізаванага грамадства, выяўлены праз імітацыю навукападобнага дыскурсу падчас гаворкі Хірурга і Асістэнта, якія прэпаруюць цела жывога яшчэ героя. Апакаліптычныя малюнкі акаляючага свету не здольны сагрэць кволае цела Альдаіра і прыво-дзяць да высновы, якую можна акрэсліць праз словы: “Чалавек у выніку не болей за капрыз прыроды, а зусім не цэнтр сусвету”, якія належаць галандскаму даследчыку Даўвэ Факема – аднаму з тых, хто сфармуляваў прынцыпы постмадэрнісцкага светаўспрымання” [22, с. 142]. Трэба заўважыць, што “пластычная хірургія, мадэляванне целаў увогуле з’яўляецца любімай тэмай літаратуры постмадэрна, апантанай ідэяй пошукаў новай цялеснасці, якую трэба ўспрымаць як вынік бяссілля ідэалістычных канцэпцый, з аднаго боку, і бездухоўнасці матэрыялізму – з другога” [22, с. 143].

Постмадэрнісцкая тэма пластычнай хірургіі і мадыфікацыі чалавечага цела паўстае ў міні-утопіі І. Сіна “Нобелеўская лекцыя”, дзе апісваецца сакрэтны эксперэментальны завод па вытворчасці чалавечых органаў.

Штучны чалавек паўстае ў замалёўцы “ЫЫ-ММ”: “…У маіх грудзёх знайшлі надоечы пластыкавае сэрца. Яно перагрэлася і не працавала, але мама абяцала мне купіць новае, яшчэ лепшае. Адкаркаваўшы ўчора сваю галаву, я заўважыў у ёй цэлую плойму ліпкіх, бы цельцы кальмараў, думак. Выкінуўшы іх у сметніцу, я зразумеў прычыну паніжанасці свайго ціску” [31, с. 19].

Галоўныя героі апавядання “Лёд” – асуджаныя дасягненнямі цывілізацыі на вечнае жыццё людзі. Кожны дзень сустракаюцца і размаўляюць праз свае скафандры закаханыя Яна і Ясь: “…Заўтра зноў анічога не здарыцца” [31, с. 106].

“Самымі трывалымі сувязямі з традыцыямі літаратуры эпохі постмадэрну звязаны, – як лічыць Н. Пазняк, – празаічныя творы А. Бахарэвіча, дзе катэгорыя “гульні” падпарадкоўвае сабе ўсю мастацкую прастору тэксту” [32, с. 6]. А. Бахарэвіч – аўтар кніг “Практычны дапаможнік па руйнаванні гарадоў”, “Натуральная афарбоўка”, “Ніякай літасці Валянціне Г.” А. Бахарэвіч неаднаразова прадстаўляў Беларусь на літаратурных семінарах і фестывалях у Еўропе. Яго творы актыўна перакладаюцца на замежныя мовы.

Дэканструкцыя рэчаіснасці і гульня з фігурай аўтара ўлас-ціва ўжо раннім творам пісьменніка: у апавяданні “Пры-біральшчыца” пададзена постмадэрновая сітуацыя множнасці сэнсаў, у апавяданні “Рамонт Гадзіннікаў” – дэканструкцыя знакавых для літаратуры катэгорый імя і прозвішча.

Абапіраючыся на эстэтычны прынцып постмадэрнізму, гульню з чытачом, А. Бахарэвіч праз мастацкае спалучэнне іроніі і гратэску ў сваіх аповесцях і раманах “імкнецца да разбурэння стэрэатыпаў масавай, а ў больш вузкім кантэксце, нацыянальнай свядомасці” [32, с. 6].

У аповесці А. Бахарэвіча “Падмані гаспадара сусвету” гульня з тэкстам ператвараецца ў “мантаж фрагментаў розных твораў, што звязваюцца ў адзіную канструкцыю аўтарскай канцэпцыяй супраціву сучаснасці” [32, с. 6].

Адным са спосабаў арганізацыі тэксту аповесці А. Бахарэвіча “Гюнтэр Вальдхоф і яго крэдыторы” выступае моўная гульня. Спалучэнне беларускай, рускай і нямецкай мовы ў творы “дазваляе па-новаму прачытаць “застарэлыя хваробы” беларускай культуры” (Н. Пазняк). І далей даследчыца працягвае: “Касмапалітычная арыентацыя эстэтыкі постмадэрнізму выяўляецца ў аповесці праз размыканне кодаў беларускага білінгвізму пры дапамозе старонняга кампаненту – нямецкай мовы і “псеўданямецкай” свядомасці галоўнага героя Гюнтэра Вальдхофа” [32, с. 6].

Катэгорыя гульні пакладзена ў аснову і “Натуральнай афарбоўкі” А. Бахарэвіча. Тэкст “Натуральнай афарбоўкі”, па словах Н. Пазняк, уяўляе сабой “інтэрактыўную прастору з вандруючымі вобразамі і сюжэтамі”. І далей даследчыца працягвае: “З першага погляду твор тыпова постмадэрнісцкі, калі не казаць пра пост-постмадэрнізм, бо інтэртэкст рамана разбурае катэгорыі ўжо самога постмадэрну” [32, с. 6]. Па жанру раман блізкі да антыўтопіі, “які праз выкарыстанне катэгорыі постмадэрнісцкай “гульні” ў тэксце таксама дэканструіруецца” [32]. Н. Пазняк знаходзіць у творы алюзіі да раманаў К. Замяціна “Мы” і “Замка” Ф. Кафкі, і нават “Сталкера” А. Таркоўскага. Імя галоўнага героя – Стах, паводле інтэртэксту, адсылае да “культавага” твора беларускай літаратуры “Дзікае паляванне караля Стаха” У. Караткевіча.

Н. Пазняк лічыць А. Бахарэвіча адным з самых перспектыўных сучасных беларускіх пісьменнікаў: "На нашу думку, у асобе Альгерда Бахарэвіча сучасная беларуская літаратура набывае новае светабачанне, якое адпавядае ўсім правілам і канонам эстэтыкі постмадэрнізму, а таксама працягвае лепшыя традыцыі нацыянальнай прозы” [32, с. 6].

Творчасць Зм. Вішнёва Н. Пазняк прапануе разглядаць у рэчышчы постмадэрновага канцэптуальнага мастацтва. Канцэптуалізм як уласна-нацыянальную форму рускага літаратурнага постмадэрнізму, што не мае прамых аналагаў у свеце, прапануе вылучаць І. С. Скарапанава [30].

Катэгорыя “гульні” ў канцэптуалізме мае “…пазатэкставы “тэатралізаваны” характар, што выяўляе імідж аўтара, праз які патрэбна ўспрымаць яго творы” [30, с. 60]. У сучаснай рускай літаратуры найбольшую вядомасць як канцэптуаліст атрымаў Дз. Прыгаў, які стварыў парадыйныя вобразы эпігона, бяздарнасці, настаўніка, графамана, што аб’ядноўваюцца ў адно цэлае множнасцю псеўдааўтарска-персанажных масак, што выкарыстоўваюцца Дз. Прыгавым.

Зм. Вішнёў – аўтар тэорыі “афрыканізацыі” беларускай літаратуры. Канцэпт “Афрыкі”, пададзены ў шматлікіх вершах Зм. Вішнёва, відавочна адсылае да дзіцячай казкі К. Чукоўскага, выступае ў якасці жаданай мары.

Жанр сваіх вершаў Зм. Вішнёў вызначае як “афрыкозы”. “Захапленнем афрыканскімі прасторамі тлумачыцца і населенасць паэтычных тэкстаў Вішнёва рознымі экзатычнымі для Беларусі прадстаўнікамі флоры і фауны: кракадзіламі, зебрамі, папугаямі, змеямі, бегемотамі, маскітамі, кактусамі, кіпарысамі” (Н. Пазняк). Зм. Вішнёў арганізаваў таксама перформенную каманду “Спецбрыгада афрыканскіх братоў”.

Зм. Вішнёў стварыў сабе таксама канцэптуальны імідж самага скандальнага і эпатажнага сучаснага беларускага літаратара, пра што гаворка ішла вышэй.

Гульнёвы пачатак уласцівы і прозе Зм. Вішнёва: “Сон у сне” аповесці “Франтавы атрамант” дэманструе гульню з персанажна-аўтарскімі маскамі самога сябе.

Адной з першых постмадэрнісцкіх спроб літаратурнай дэканструкцыі сучаснай беларускай рэчаіснасці можна назваць раман Зм. Вішнёва “Трап для сусліка, або некрафілічнае даследаванне аднаго віду грызуноў” (пры ўсёй спрэчнасці яго мастацкіх якасцей). Н. Пазняк называе яго і “самым “эгацэнтрычным” творам Зм. Вішнёва на сённяшні дзень” [32]. Па структуры раман уяўляе сабой дзённікавыя запісы, успаміны і ўражанні, якія аб’ядноўвае ў адно цэлае асоба аўтара. “Пісьменнік, карыстаючыся ўласным досведам, стварае своеасаблівы міф пра сваё жыцце і жыццё сучаснага беларускага літаратурнага асяроддзя, а таму героямі эпізодаў твора становяцца рэальныя пісьменнікі, крытыкі і проста творчыя людзі, з якімі сутыкаецца галоўны герой, ён жа Зміцер Вішнёў, ён жа Змій Віш” (Н. Пазняк).

Адной з паказальных рысаў постмадэрнізму з’яўляецца эксперымент: і ў галіне жанру, і ў галіне зместу, і ў галіне рытмікі, строфікі. На думку І. Ільіна, літаратурны постамадэрнізм дваццатага стагоддзя працягнуў слоўныя эксперыменты мадэрнізму і авангардызму [33].

Найбольш у гэтым напрамку вылучаецца творчасць В. Жыбуля, самага вядомага беларускага паэта-паліндраміста. Паліндром, як своеасаблівая літаратурная гульня, заснаваны на спалучэнні слоў, што павінны прачытвацца злева направа і справа налева. Першы паліндрамічны верш у беларускай літаратуры “Я і лаза і азалія” належыць Рыгору Крушыне. Але В. Жыбуль пайшоў значна далей у стварэнні тэкстаў-“патрыётаў”, бо перакласці паліндром немагчыма: пісьменнік напісаў першыя ў нашай літаратуры паліндрамічныя паэмы “Рогі гор”, “Кацёл клёцак” і “Палігон ног і лап”:

Арэол…О, эра!

Рухі віхур…

Рогі гор-

гора дарог.

Дом мод…

Лёсы сёл…

Тэмы мэт..

Мэты тэм...[34, с. 7]

Акрамя таго, аўтарству В. Жыбуля належыць таксама першае паліндрамічнае апавяданне “Хам у думах”.

К-во Просмотров: 240
Бесплатно скачать Реферат: Эстэтычныя пошукі ў сучаснай беларускай лiтаратуры