Реферат: Нормы беларускай літаратурнай мовы
У вытворных прыметнікаў націск часта фіксуецца на словаўтваральным суфіксе. Так, суфіксы -ават-, -ат-, -арн-, -ічн-, -ов-, -оў- звычайна націскныя: светлаваты, барадаты, папулярны, пленарны, аманімічны, сасновы, Міхасёў.
У сувязі з большай устойлівасцю акцэнталагічнай сістэмы прыметніка адзначаецца і больш нізкі ўзровень варыянтнасці прыметніка. ТСБМ фіксуе варыянты: доўгі – даўгі; цяжкі – цяжкі без указання на якія-небудзь размежаванні. Ненарматыўная варыянтнасць характэрна пераважна для размоўнага стылю: ‘малы, дзі’кі, цвяр’ды.
Акцэнталагічныя варыянты прыметнікаў у літаратурнай мове часам замацоўваюцца як розныя па лексічнаму значэнню: ‘ветраны ‘зветрам’ і ветра’ны ‘які прыводзіцца ў рух ветрам’; ‘немы ‘дзікі, роспачны’ і ня’мы ‘пазбаўлены магчымасці гаварыць’.
Парушэнні ў дзеясловаў звязаны з уздзеяннем дыялектных форм: адвез’ці, прывяз’ці; часта ўжываецца ня’сеце замест неся’це, драмае замест дрэмле або рускай мовы: вяз’ла, вяз’лі.
Няўстойлівасці акцэнталагічнай нормы спрыяе факт суіснавання паралельных пачатковых форм тыпу грэбці – грабці; везці – вязці; несці – нясці.
Слоўнік цяжкасцей:
а’бутнік, абцеру’сіць ‘цярусячы, абсыпаць’, абцеру’шыць ‘абтрэсці (снег)’, аднаак’товы, аз’бест, акно – акон і вокнаў, алка’голь, амя’ла, а’налаг, ‘аншлюс, ап’рануты, апрануць – ап’ранеш, ап’ране, ап’рануць, ап’товы, ат’рыманы, афера і разм. афёра, ‘бармен, бах’ча – бахча’вы, берас’цяны, ‘братавая ‘жонка брата’), ‘братанне, ‘братацца, бульбя’ны, вадзя’ны, ‘вальдшнеп, ‘весніцы, віда’вы (віда’выя паняцці), ‘відны (значны, важны) – від’ны (светлы, бачны ‘від’ное месца), ‘вусы, ‘выпадак, але вы’падкам, газапра’вод, гастра’номія, гідрапра’вод, глі’няны, грама’дзянін, ‘грубы – гру’бы (тоўсты, вялікі ‘грубое палатно’), ‘гусценькі, дага’вор, даўні’на, дзе’вяцера, дзе’сяцера, ‘дзеячы (‘дзеячы, дзеячаў), дзі’чына, ‘дыскант (высокі дзіцячы голас), дыспан’сэр, жардзя’ны, ‘жэрабя, ‘загадзя і зага’дзя, за’няць, землеўпа’радкаванне, ін’дустрыя, ін’сульт, іншапля’менны, іс’нуе, іс’нуюць, калашы’на – мн. кала’шыны, кам’байнер, ‘кашляць, ‘кветнік, ‘кірка, кры’ху, куліна’рыя, мін’даліна, ма’лы, нава’лочка, на пра’цягу, пад’садны, па’латаны, памф’лет, пасла’нец, пах’мурны, пласт – пласта’вы, пу’ловер, ‘прадзедаўскі, прыс’тупка, ‘прыяцель, ра’кушка, развян’чаны, ‘сівы, ‘скорасны (метад) - дап. скарасны, ‘слабы, сма’ляны (доп. смаля’ны) , с’піна, ‘супавы (набор) – разм. супа’вы, ‘тормазны (шлях), ты’тунь (прым. тытунёвы), тварог і твораг (руск. ‘творог і дап. тво’рог), укра’інскі, фе’номен, ця’жар, чайн’ая, чу’ма (прым. ‘чумны).
Марфалагічныя нормы -- гэта правілы формаўтварэння і словазмянення ў галіне самастойных часцін мовы. Засваенне марфалагічных норм у параўнанні з іншымі моўнымі ўзроўнямі адбываецца з меншай колькасцю парушэнняў, таму што граматычныя катэгорыі вызначаюцца большай стабільнасцю. У марфалагічнай будове мовы ёсць моцныя і слабыя нормы; першыя выконваюцца ўсімі, другія лёгка падпадаюць пад уздзеянне розных фактараў або дрэнна засвойваюцца.
Так, моцнай нормай у беларускай граматыцы з’яўляецца вызначэнне роду назоўніка, што тлумачыцца хутчэй за ўсё амаль адсутнасцю вар’іравання. Варыянтных родавых пар у беларускай мове параўнальна мала: бярлога – бярлог, зала – зал; клавіша – клавіша; лакрыца – лакрычнік (расліна сямейства бабовых, карэнне якой выкарыстоўваецца ў медыцыне); мангуста – мангуст; аблога і аблог (‘даўно не аранае поле’), рэпрыза і рэпрыз, пачак і пачка, кішэнь і кішэня, шаша і шасэ, перыфраза – перыфраз; прышчэпа – прышчэп; салата – салат; таполя – топаль. У мове ХІХ – пач. ХХ ст. такіх назоўнікаў было значна больш: цуд (нарм.) і цуда, жаваранак і жаваранка, воблака (нарм.) і воблак, табака (нарм.) і табак, сахарын – сахарына; санаторый – санаторыя; прычасць (нарм.) – прычасце;
Асноўнай прычынай адхіленняў ад нормы пры вызначэнні роду назоўніка з’яўляецца ўплыў рускай мовы, чаму спрыяе тоесная фармальная абалонка слоў: дроб, запіс, медаль, мазоль, накіп, насып, палын, перапіс, подпіс, сабака, стэп, цень, шаль, шынель, поступ, туфель, фальш, летапіс, жывапіс, рукапіс, пыл, боль у беларускай мове мужчынскага роду, у рускай – жаночага; назоўнікі гусь, бронха, кафля, макарона, табака, жырафа, камода, ‘пара, ухаба, цыкорыя у беларускай мове жаночага роду, у рускай – мужчынскага; словы настрой, яблык, капыт у беларускай мове мужчынскага роду, у рускай – ніякага. Назоўнікі – назвы маладых істот у беларускай мове адносяцца да ніякага роду: качаня, цяля, парася, у рускай – да мужчынскага: утёнок, котёнок, теленок.
Слабым месцам з’яўляецца вызначэнне роду запазычаных назоўнікаў. Пры аднясенні іншамоўных слоў да пэўнага роду пад ўвагу бярэцца значэнне слова. Да назоўнікаў мужчынскага роду адносяцца назоўнікі – назвы асоб мужчынскага полу і назвы жывых істот: спецыяльны атташэ, маленькі калібры (выключэнне: івасі і цэцэ -- жаночага роду); да назоўнікаў жаночага роду – назвы асоб жаночага полу: пажылая ледзі, эфектная пані; да назоўнікаў ніякага роду -- назвы неадушаўленных прадметаў: меню, фае, журы, інтэрв’ю. Род нескланяльных назоўнікаў – геаграфічных назваў вызначаецца па родзе агульнага назоўніка, якім можна замяніць уласнае імя: Батумі (горад), Хансю (востраў) – мужчынскі род, Чылі (дзяржава), Кіліманджара (гара) – жаночы, Антарыо (возера) – ніякі род.
Род нескланяльных складанаскарочаных назоўнікаў, як правіла, вызначаецца па апорным слове словазлучэння, з якога ўтварылася абрэвіятура: БелТА (беларускае тэлеграфнае агенцтва), СП (сумеснае прадпрыемтсва) – ніякі род; ЭВМ (электронная вылічальная машина) ААН (арганізацыя Аб’яднаных нацый) – жаночы род, СП (Саюз пісьменнікаў), РАНА (раённы аддзел народнай асветы) – мужчынскірод. Род скланяльных абрэвіятур, што заканчваюцца на зычны, вызначаецца не па сэнсе, а па структуры (нагадвае назоўнікі мужчынскага роду): ЛіМ (“Літаратура і мастацтвса”), БАМ (Байкала-Амурская магістраль) – мужчынскі род: у апошнім ЛіМе, на далёкім БАМе.
Як правіла, не выклікае пытанняў і вызначэнне ліку назоўнікаў. Слабым месцам тут выступаюць назоўнікі, што не паддаюцца лічэнню (абстрактныя, рэчыўныя, зборныя) і маюць форму толькі адзіночнага ці толькі множнага ліку, а таксама запазычаныя назоўнікі. Памылкі можна растлумачыць наступнымі прычынамі:
1. У выніку ўнутрымоўнай аналогіі ўжываюцца няправільныя формы множнага ліку тыпу каменні, калоссі, карэнні, утвораныя па аналогіі з формамі тыпу камень – камяні. Але ад зборных назоўнікаў формы множнага ліку не ўтвараюцца.
2. Пад уплывам народных гаворак нават у аўтарскую мову пранікаюць памылковыя формы множнага ліку запазычаных назоўнікаў, якія ў літаратурнай мове не маюць множнага ліку, тыпу: кіно – кіны, пальто – польты.
3. Адзначаюцца памылкі, абумоўленыя двухмоўнай сітуацыяй, у прыватнасці, разыходжаннем лікавай прыналежнасці асобных назоўнікаў у беларускай і рускай мовах: грудзі, дзверы, каноплі, крупы ў беларускай мове ўжываюцца толькі ў множным ліку, а ў рускай мове ўжываюцца або толькі ў адзіночным ліку (конопля, крупа) або ўжываюцца і ў адзіночным і множным ліках (дверь, грудь). Лексема чарніла ў беларускай мове толькі адзіночнага ліку, у рускай – множнага.
Найбольш тыповым месцам аслабленай нормы ў сістэме назоўніка з’яўляецца вызначэнне склонавых канчаткаў. Тлумачыцца гэта наяўнасцю варыянтных канчаткаў у беларускай літаратурнай мове, уплывам дыялектнай мовы і няведаннем нормы.
Так, для назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку ў родным склоне замацаваны канчаткі -а (-я), -у (-ю) у залежнасці ад лексічнага значэння.
Канчатак -а (-я) маюць назоўнікі, што абазначаюць:
асоб, жывых істот: чалавека, брата, сябра, шчупака, а таксама назоўнікі тапелец, нябожчык, мярцвяк;
канкрэтныя прадметы: аўтобуса, агурка, медаля;
арганізацыі, прадпрыемствы, установы: саюза, завода, камітэта;
спартыўныя гульні, віду спорту, танцы: хакея, валейбола, футбола, тэніса, твіста, вальса;
населеныя пункты, геаграфічныя назвы: пасёлка, горада, Пінска;
адзінкі вымярэння, адрэзкі часу: вольта, градуса, грама, дня, тыдня;
навуковыя тэрміны: ромба, косінуса, назоўніка, дзеяслова (але: склону).
Канчатак -у (-ю) характэрны для назоўнікаў, што абазначаюць:
зборныя прадметы: бярэзніку, ельніку, пырніку, натоўпу, калектыву;
рэчывы, хімічныя злучэнні, элементы: цукру, пяску, снегу, чаю, клею, цэзію (але: хлеба, аўса);