Реферат: Пераклад на ўроках беларускай мовы
Няпоўны пераклад можа быць выбарачным, калі для перакладу прапаноўваецца ўрывак з тэксту. У старэйшых класах можна праводзіць і анатацыйны пераклад ці рэфератыўны, калі на аснове тэксту арыгінала на рускай мове вучні пішуць яго анатацыю або рэферат на беларускай мове.
Паводле адпаведнасці арыгіналу выдзяляюцца:
- адэкватны (раўнацэнны) пераклад;
- вольны пераклад, гэта так званы пераклад-пераказ, які часта практыкуецца ў школе, калі пасля знаёмства з тэкстам арыгінала на рускай мове вучні пераказваюць яго па беларуску.
3. Прыёмы перакладу
Усе прыёмы перакладу можна падзяліць на два віды: падстаноўкі і трансфармацыі.
Прыёмы перакладу, якія заснаваны на максімальна магчымым сэнсава-структурным паралелізме мовы арыгінала і мовы перакладу, называюць падстаноўкамі.
Прыёмы перакладу, якія выкарыстоўваюць адыход ад магчымага сэнсава-структурнага паралелізму тэксту арыгінала і перакладу, называюць трансфармацыямі.
З падстаноўкамі мы маем справу, калі перакладаем амаль слова ў слова, радок у радок, толькі падстаўляючы замест слоў і спалучэнняў адной мовы словы і спалучэнні іншай мовы, а пры трансфармацыях тэкст перакладу ў пэўнай ступені адрозніваецца ад тэксту арыгінала. Напрыклад:
- Наша Лида замечательный человек. Не правда ли? (А.Чехов. Дом с мезонином) – Наша Ліда цудоўны чалавек. Хіба не так? (Пер. М. Татура).
Тут першы сказ перакладзены з дапамогай падстановак, а пры перакладзе другога сказа выкарыстаны трансфармацыі.
Падзел прыёмаў перакладу на падстаноўкі і трансфармацыі заснаваны на наяўнасці (або адсутнасці) у абедзвюх мовах моўных паралеляў. Такія паралелі існуюць паміж любой парай моў, бо, калі б іх не было зусім, пераклад з адной мовы на іншую быў бы немагчымы.
Выяўленне ўзаемазамяняльных моўных адзінак на аснове тэкстаў арыгінала і перакладу дазваляе зразумець механізм перакладу і паказаць вучням, як дзейнічае гэты механізм.
Агульнасць паходжання ўсходнеславянскіх моў, блізкасць іх гістарычнага развіцця і ўзаемадзеянне на сучасным этапе абумовілі наяўнасць у беларускай і рускай мовах аднолькавых ці блізкіх слоў (слолвазлучэнняў, зваротаў).
Аналіз беларуска-рускіх узаемаперакладаў дазваляе выявіць наступныя самыя агульныя віды адпаведнасці: пастаянныя адпаведнікі (або эквіваленты), варыянтныя адпаведнікі і безэквівалентнасць.
1. Моўныя адзінкі ў мове арыгінала і перакладу маюць пастаянныя (сталыя) раўназначныя адпаведнікі (эквіваленты), якія звычайна не залежаць ад кантэксту.
Гэтыя адпаведнікі могуць цалкам супадаць па сваёй будове і значэнні, мець аднолькавае ці блізкае напісанне і вымаўленне (так званыя абсалютныя эквіваленты), яны узаемазамяняльныя ў любых кантэкстах: бел. галава – рус. голова, ехаць у горад – ехать в город. Такія лексемы, фраземы, сінтаксічныя адзінкі – агульнаславянскія ці агульнаўсходнеславянскія па паходжанні, яны маюць аднолькавыя (ці блізкія) гучанне і напісанне, граматычную форму, кампаненты, стылістычную афарбоўку, маюць аднолькавае значэнне.
За выключэннем адзінкавых формаў усе словы ў арыгінале і перакладзе супадаюць будовай і занчэннем, амаль супадае і іх напісанне (ці вымаўленне). Пры перакладзе звычайна не ўзнікае ніякіх складанасцей з названым тыпам адпаведнасці, бо ён патрабуе простай моўнай падстаноўкі.
Пастаянныя адпаведнікі (эквіваленты), супадаючы па значэнні і функцыі, могуць мець зусім іншы гукавы воблік (напісанне і вымаўленне): рус. строить – бел. будаваць; могуць супадаць па будове ( рус. рисовать карандашом – бел. маляваць алоўкам) ці адрознівацца прыназоўнікам (рус. выйти во двор – бел. выйці на двор), склонам (рус. благодарить кого-то – бел. дзякаваць некаму), склонам і прыназоўнікам ( рус. смеяться над чем-то – бел. смяяцца з нечага) і інш. Такія адпаведнікі цалкам ахопліваюць значэнне ўсяго слова ці выразу і ўзаемазамяняльныя ў любых кантэкстах.
Пастаянныя адпаведнікі (эквіваленты) могуць супадаць па значэнні, але адрознівацца стылістычнай, экспрэсіўнай афарбоўкай: рус. предоставить – бел. даць; изьявить – выказаць.
2. Моўныя адзінкі ў арыгінале і перакладзе маюць варыянтныя адпаведнікі, г. зн. такія адпаведнікі, якія ўстанаўліваюцца паміж словамі ці выразамі, калі ў мове перакладу для перадачы таго ці іншага значэння існуе некалькі варыянтаў і патрэбна выбраць адзін з іх.
Так, напрыклад, рускай лексеме коробка адпавядаюць у беларускай мове лексемы каробка, скрынка, пачак, скрыначка, бляшанка, кардонка. У залежнасці ад пэўнай маўленчай сітуацыі мы выбіраем адпаведнае слова.
Такі выбар можа быць нескладаным, калі кожны з адпаведнікаў цалкам ахоплівае значэнне ўсяго слова іншай мовы і супадае іх стылістычная афарбоўка: рус. затем – бел. затым, потым; зря – дарэмна, дарма.
Часцей за ўсё пры перакладзе з адной мовы на іншую перакладчык стаіць перад выбарам аднаго варыянта з некалькіх прапанаваных . Гэта і выбар пэўнай адзінкі з сінанімічнага раду, і выбар канкрэтнага значэння мнагазначнай адзінкі, і размежаванне амонімаў. Простае параўнанне любога двухмоўнага слоўніка паказвае, што да аднаго слова ў яго левай частцы прыводзіцца некалькі ў правай.
3. Моўныя адзінкі арыгінала не маюць адпаведнікаў у перакладзе. Гэта так званая безэквівалентнасць, але яе не трэба разумець як поўную адсутнасць у мове перакладу сродкаў для перадачы пэўных моўных адзінак арыгінала. Пад безэквівалентнасцю адзінак звычайна разумеюць толькі тое, што яны не маюць гатовых адпаведнікаў (слоў ці выразаў), якія можна ўзяць і падставіць замест іх у перакладзе. У беларускай мове гэта, напрыклад, верашчака, ваўкалак, імшара, прыгон і многія іншыя.
У рускай мове безэквівалентнымі (у адносінах да беларускай мовы) выступаюць, напрыклад, словы отчество (імя па бацьку), пряность (вострая прыправа), якія не маюць у беларускай мове аднаслоўнага адпаведніка.
Падабенства сінтаксічных канструкцый беларускай і рускай моў часцей за ўсё дае магчымасць перакладаць слова ў слова, не змяняючы структуры сказа і парадку слоў ў ім. Аднак нярэдка, перакладаючы, даводзіцца выкарыстоўваць разнастайныя граматычныя трансфармацыі, г. зн. цалкам ці часткова перабудоўваць сказ, замяняць адну часціну мовы ці член сказа на іншыя. Такія змены часам неабходныя нават пры наяўнасці ў мове, на якую перакладаюць, аналагічнай структуры.
Адна з такіх трансфармацый – замена часцін мовы. Напрыклад: Сальная свеча пылала дрожащим хмурым пламенем (А. Бунин. Лапти) – Сальная свечка палала дрыготкім хмурым полымем. (Пер. Я. Скрыгана).
Дзеепрыметнік дрожащим перакладзены прыметнікам дрыготкі, бо беларускай мове не ўласціва ўжыванне дзеепрыметнікаў цяперашняга часу.