Реферат: Пераклад на ўроках беларускай мовы

Характарыстыка прыёмаў перакладу адбываееца ў час выканання пэўных заданняў (пераклад тэкстаў, частак тэксту, сказаў), і патрэбна настаўніку ўвесь час акцэнтаваць ўвагу вучняў на магчымых варыянтах перакладу і выбары з іх найбольш прымальнага ў кожным канкрэтным выпадку.

пераклад беларускай мова

4. Праца над перакладам

Праца над перакладам патрабуе строгай паслядоўнасці, што абумоўлена цяжкасцямі моўнага, тэкставага характару: ад працы са словам, словазлучэннямі, фразеалагізмамі, сказамі – да тэкстаў, падабраных па пэўных лексічных, граматычных ці стылістычных прыметах.

Перш за ўсё тэкст перакладу павінен быць даступным для вучняў. Занадта лёгкі, прымітыўны тэкст згладжвае разыходжанні паміж словамі, зводзіць да нуля саму сутнасць перакладу, і наадварот, вельмі цяжкае заданне адбівае ўсякую цікавасць і ахвоту да працы.

Адпаведна тэксты падбіраюцца з улікам пэўных фактараў, што не супадаюць у беларускай і рускай мовах ( аб’ём значэння, спалучальныя магчымасці, структура, формы змянення). Інакш праца над перакладам звядзецца да механічнай замены адных моўных з’яў іншымі. У такіх выпадках сам тэкст вымушае перакладаць літаральна – слова ў слова, радок у радок.

Праграма па беларускай мове прадугледжвае навучанне перакладу тэкстаў розных стыляў і жанраў. Творы, розныя ў жанрава-стылёвых адносінах, істотна адрозніваюцца і сваімі моўнымі асаблівасцямі. У тэкстах навуковага стылю шырока ўжываюцца спецыяльныя тэрміны, устойлівыя выразы, сінтаксіс пераважна ўскладненай будовы, яму не ўласцівы эмацыянальна-экспрэсіўна-ацэначныя словы. Гутарковы стыль, наадварот, пазбягае спецыяльнай тэрміналогіі, імкнецца да экспрэсіўнасці і эліптычнасці, што адбіваецца і на лексіцы, і на сінтаксісе.

У гэтай сувязі пры выбары тэксту для перакладу трэба улічваць наступныя патрабаванні:

- неабходнасць аналізу тэкстаў розных функцыянальных стыляў і тыпаў паводле лагічнай схемы (апісанне, апавяданне, разважанне);

- змястоўнасць;

- насычанасць пэўнымі моўнымі з’явамі;

- адпаведны аб’ём (крыху меншы за аб’ём кантрольнай дыктоўкі);

- даступнасць пэўнай ўзроставай групе.

Аднак галоўная праблема методыкі перакладу заключаецца нават не ў моўных асаблівасцях твораў розных стыляў і жанраў, а у тым, каб вучні адрознівалі тыя задачы, якія даводзіцца вырашаць пры перакладзе.

Так, пры перакладзе навуковага тэксту асноўнай становіцца задача па магчымасці найбольш дакладна перадаць лагічную структуру арыгінала, правільна ўзнавіць выкарыстаную сістэму тэрмінаў. Выкананне гэтай задачы звязана ў асноўным з захаваннем зместу. Што да вобразна-выяўленчых сродкаў, то яны не маюць вялікага значэння.

Для афіцыйна-дзелавога стылю задачу перакладу можна акрэсліць як дакладную перадачу зместу з абавязковым захаваннем стандартнай формы.

Спецыфіка публіцыстычных твораў – арганічнае спалучэнне лагічна-абстрактнага, або навуковага, і эмацыянальна-вобразнага, або мастацкага выкладу. Пры гэтым асаблівай увагі патрабуе спецыфічны характар вобразнасці ў публіцыстыцы, якая выкарыстоўвае сродкі мастацкай літаратуры (вобразнасць, эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць) толькі з мэтай падкрэсліць, завастрыць пэўную думку, праблему, сацыяльную з’яву. Адпаведна асноўнай задачай пры перакладзе тэксту публіцыстычнага стылю з’яўляецца дакладнасць перадачы інфармацыі і тых моўных сродкаў, якія дапамагаюць уздзейнічаць на розум і пачуцці людзей.

Асабліва складаных перакладчыцкіх дзеянняў вымагаюць тэксты мастацкага стылю. Уласцівасці мастацкага твора – разнастайная інфармацыя, суб’ектыўнасць паняццяў, унутраная логіка – вымагаюць дасканалага і ў той жа час разнастайнага выбару моўных сродкаў, а таксама актыўнага ўзаемадзеяння такіх спецыфічных асаблівасцей мовы, як полісемія, сінанімія, перанос значэння і г. д.

Менавіта ў мастацкім перакладзе адпаведнасць арыгіналу абавязкова спалучаецца з творчым падыходам, бо асноўная задача пры перакладзе мастацкага тэксту заключаецца не ў тым, каб дакладна перадаць змест, а каб узнавіць той эстэтычны эфект, які выклікае той ці іншы твор, перадаць яго агульны тон, настрой. Прымаецца пад увагу і тое, як перадаецца сюжэтная аснова твора і ўся сістэма яго вобразаў, але павінна ўсё падпарадкоўвацца галоўнаму – узнаўленню глыбіннага тону вершаванага ці празаічнага тэксту. Паказаная ў перакладзе сітуацыя павінна не толькі ўзнаўляць тую ж рэальнасць, якую перадае арыгінал, але аднолькава ацэньвацца і ўспрымацца тым, хто чытае пераклад, выклікаць у яго аднолькавыя асацыяцыі.

Перакладаючы мастацкі твор, неабходна не толькі перадаць пэўны, канкрэтны змест на іншую мову, але і яго настрой, вобразна-эмацыянальны лад, індывідуальнасць, адметнасць стылю аўтара. Трэба шукаць такія моўныя сродкі, якія найбольш адэкватна перадавалі б змест арыгінала і ў той жа час адпавядалі выпрацаваным нормам сучаснай беларускай мовы. Асноўную ўвагу варта скіроўваць на спалучальнасць слова, што так істотна для захавання ўнутранага рытму твора.

Менавіта тып тэксту перш за ўсё вызначае выбар сродкаў перакладу.

Такім чынам, перш чым прыступіць да перакладу, трэба выразна акрэсліць задачу перакладу. З гэтай мэтай праводзіцца аналіз прапанаванага тэксту (у форме гутаркі, адказаў на пытанні), вызначаецца яго жанрава стылявая прыналежнасць, тып тэксту паводле лагічнай схемы, характэрныя моўныя і зместавыя асаблівасці, якія патрабуюць дакладнай перадачы пры перакладзе, а таксама звяртаецца ўвага на інтанацыйны малюнак (агульны тон, настрой) арыгінала, які неабходна ўзнавіць у перакладзе.

Так, кожны твор мае вельмі адчувальны свой тон, сваю танальнасць.У навуковым стылі танальнасць больш пастаянная, стрыманая, што адпавядае сур’ёзнасці выкладу; у мастацкім і публіцыстычным творах у залежнасці ад зместу і адносін аўтара танальнасць можа быць то ўрачыстай, то паэтычнай, то насмешлівай, іранічнай ці лірычна-задушэўнай. Аўтар (пісьменнік, вучоны, палітык) прыкладае нямала намаганняў, каб стварыць патрэбную танальнасць твора, знайсці для гэтага аптымальныя лексічныя і сінтаксічныя сродкі выражэння.

Метадычная схема працы над перакладам мае наступную структуру:

- асэнсаванне стылю, тыпу, жанру маўлення і фарміраванне на гэтай аснове задачы перакладу;

- комплексны аналіз тэксту, г. зн. характарыстыка зместавых і моўных асаблівасцей арыгінала, якія патрабуюць абавязковай перадачы ў перакладзе;

- вусны пераклад тэксту з рускай мовы на беларускую;

- ацэнка (самаацэнка і ўзаемаацэнка) выказванняў;

- пісьмовы запіс тэксту;

К-во Просмотров: 250
Бесплатно скачать Реферат: Пераклад на ўроках беларускай мовы