Реферат: Трансфармацыя інфармацыйнай прасторы Польшчы

8. «Палітыка».

9. «Брава!»

10. «Тэлетыдзень».

Штодзённы друк, агульнанацыянальныя і рэгіянальныя газеты, налічвае 83 назвы і мае агульны тыраж 4 млн экз.

Лідэр рэйтынгу папулярнасці – «Газета выбарчая» – выдаецца з 8 мая 1989 г. Агульны тыраж 700 тыс. экз. Газета мае тры выпускі – агульнанацыянальны, для Варшавы, для 17 буйнешых гарадоў краіны – а таксама дадатковыя каляровыя выданні: «Газета на уік-энд», «Газета святочная», «Газета тэлевізійная», «Газета камп'ютэрная». У будні яе выпуск складае 22 паласы, на уік-энд – 100 палос. Яе рэдактар – Адам Міхнік – належаў да заснавальнікаў «Салідарнасці», доўгі час быў дарадцам Леха Валенсы, а пасля пераходу ў апазіцыю – адзін з лідэраў партыі Унія дэмакратычна. Да гонару яе кіраўніцтва, «Газета выбарчая» функцыянуе без удзелу замежнага капіталу. Перадольваць фінансавыя складанасці дапамагае ўтворанае ёй акцыянернае таварыства «Асора», якое, акрамя выпуску газеты, займаецца разнастайнай выдавецкай дзейнасцю. «Газета выбарчая» першая ў краіне ўкараніла камп'ютэрнае абсталяванне. Штат налічвае 300 журналістаў. Рэдакцыя мае ўласных карэспандэнтаў у еўрапейскіх сталіцах, а таксама Нью-Йорку, Каіры і Тэль-Авіве.

Другое месца ў рэйтэнгу займае газета «Рэспубліка», якая ў сваіх матэрыялах адлюстроўвае пазіцыі партыі «Паразуменне цэнтр». Галоўны рэдактар – Даніэль Фікус. Фарматам, шрыфтам, вёрсткай і тэматыкай выданне нагадвае «Белорусскую деловую газету». «Рэспубліка» пачала выдавацца як урадавы веснік у часы ваеннага становішча, аднак з 14 студзеня 1992 г., калі рэдакцыйны склад кардынальна змяніўся, газета змяніла ідэйны накірунак і сёння з'яўляецца недзяржаўным выданнем цэнтрысцкай арыентацыі. Газета выпускае дадаткі, якія ўкладаюцца непасрэдна ў нумар: «Эканоміка і рынак», «Заўтра ў суботу», «Навука і тэхніка», «Турызм і кантакты». Яны лічацца бясплатнымі дадаткамі, для больш зручнага карыстання газетай дадатак кожнай тэматыкі мае свой колер. Дарэчы, такім чынам рэдакцыя эканоміць грашовыя сродкі, бо рознакаляровая газетная папера ў польскіх друкарнях каштуе значна танней за белую. Са студзеня 1994 г. газета займела яшчэ адзін дадатак часопіснага тыпу – «Арс Эротыка».

Варта зазначыць і некаторыя своеасаблівасці іншых газет, якія займаюць высокія пазіцыі ў рэйтынгу. Так, «Штандар моладзі» – аналаг беларускай газеты «Переходный возраст», але выдаецца штодзень. «Жыццё Варшавы» – аналаг «Вечернего Мінска». Газета выходзіць з 1945 г., мае 4 штодзённых рэгіянальных дадаткі, агульны тыраж – 9 млн экз. «Экспрэс вячэрні» – аналаг беларускай газеты «Рэспубліка». Яе штодзённы тыраж – 150 тыс. экз., а ў суботу і нядзелю – 400 тыс. экз. Гэтая агульнанацыянальная газета была куплена ў 1991 г. прафсаюзам «Салідарнасць» і сёння выдаецца яго Фондам Прэсы.

Што тычыцца штотыднёвікаў, дык сёння ў Польшчы выдаецца 188 нацыянальных і рэгіянальных выданняў такога тыпу агульным тыражом 11 млн экз. Кожнае з выданняў, якія займаюць першыя пазіцыі ў рэйтынгу папулярнасці, таксама мае пэўныя аналагі. Напрыклад, штотыднёвік «Сяброўка» фарматам, вёрсткай і тэматыкай нагадвае амерыканскі часопіс для дзяўчат-падлеткаў «Seventeen» («Сямнаццаць»). «Параднік хатні» — аналаг германскага часопіса «Бурда».

Ілюстраваны часопіс «Не!» (рэдактар – журналіст Ежы Урбан, які займаў пасаду прэс-сакратара ў «Салідарнасці» і ва ўрадзе Мечыслава Ракоўскага) відавочна мае за ўзор французскі сатырычны штотыднёвік «Канар Аншэнэ». Пазіцыя журналістаў «Не!» грунтуецца на пастаянных выступленнях супраць каталіцкага клерыкалізму, гвалту любой ідэалогіі, крытыцы палітыкі ўрада і прэзідэнта. Часопіс быў заснаваны ў 1990 г., яго тыраж — 1 млн экз.

Аналітычныя выданні «Наўпрост» і «Палітыка» амаль не адрозніваюцца фарматам і вёрсткай ад амерыканскага часопіса «Тіmе» («Час»). Гэта элітарныя часопісы, разлічаныя на інтэлектуальнага чытача, які цікавіцца актуальнымі пытаннямі палітыкі, эканомікі, культуры, філасофіі.

Часопіс «Палітыка» быў заснаваны ў 1956 г. пастановай ЦК ПАРП з мэтай пераадолення «крызісных з'яў у журналістыцы». Яго лідэрства на газетна-часопісным рынку абумоўлена высокай якасцю матэрыялаў, сярод якіх асабліва вызначаюцца артыкулы Даніэля Пасэта, Кшыштафа Цепліца, Ежы Вальдарфа. Праблематыка выдання мае крытычную скіраванасць, разам з тым ёй уласцівы канструктыўны прагматызм. Правакуючы дыскусіі з урадавымі чыноўнікамі, выданне не апускаецца да ўзроўню збіральніцы плётак і скандалаў. Рэклама займае 10–15 % часопіснай плошчы. Тыраж «Палітыкі» апошнія гады практычна не змяняецца і складае каля 320 тыс. экз.

Рэдакцыя часопіса «Наўпрост» у праблематыцы сваіх публікацый болей арыентуецца на дзелавых людзей, якія імкнуцца самастойна зразумець сутнасць і механізм перамен у палітыцы і эканоміцы. Галоўная рубрыка – «Бізнес, людзі, грошы», у якой чытача знаёмяць як з асобамі найбольш паспяховых бізнесменаў, так і з вопытам па наладжванню прыватнага прадпрымальніцтва. У часопісе працуюць такія добра вядомыя ў Польшчы журналісты, як Аляксандра Якубоўскі і Стэфана Кісілеўскі. Асноўная крыніца фінансавання — рэклама, якая займае да 50 % часопіснай плошчы.

Не займаюць высокія пазіцыі ў рэйтынгу папулярнасці, але маюць значную аўдыторыю выданні так званай «хобі-прэсы». Да іх належаць штодзённыя газеты «Папкорн» (маладзёжная, 545 тыс. экз.) і «Плёткі-анекдоткі» (30 тыс. экз.). Сюды ж далучаюць выданні, прысвечаныя пытанням парапсіхалогіі – часопісы «Невядомы свет» (70 тыс. экз.), «Не з той зямлі» (220 тыс. экз.). Так званая «эратычная прэса» налічвае звыш 20 выданняў – у асноўным гэта філіялы нямецкіх часопісаў.

Асобнае месца сярод «хобі-прэсы» займаюць выданні, арыентаваныя на чытачоў з асяродка так званых «новых палякаў» — гэта ілюстраваныя часопісы для мужчын «Міліярдэр», «Аўта», «Глоб-24», часопісы для жанчын «Луіза», «Дыяна» і інш. Невялікія тыражы (30–35 тыс. экз.) маюць спецыялізаваныя інфармацыйна-фінансавыя штотыднёвыя газеты «Газета банкаўская», «Гелда», «Бізнэс-рынкі ўсходнія». Акрамя іх, выходзіць каля 100 інфармацыйна-рэкламных газет і бюлетэняў.

Трывалыя пазіцыі займае ў інфармацыйнай прасторы Польшчы рэгіянальны друк. У той час, як за 10 гадоў трансфармацыі адбылося скарачэнне агульнанацыянальных выданняў (на 10–15 %), колькасць штодзённых рэгіянальных газет, наадварот, павялічылася – з 38 у 1990 г. да 46 у 2000 г. Не ў апошнюю чаргу звязана гэта з тым, што ў Польшчы не назіраецца рэзкага дысбалансу ва ўзроўні культурнага жыцця і дабрабыту паміж сталіцай і перыферыяй. Таму сталічныя журналісты не лічаць для сябе заганным пераходзіць на працу ў правінцыйнае выданне. Сёння самая масавая штодзённая рэгіянальная газета – «Газета Кракаўская» (90 тыс. экз.).

Трансфармацыя інфармацыйнай прасторы практычна не закранула каталіцкі друк, які па-ранейшаму налічвае звыш 40 выданняў. У першай палавіне 1990-х гг. яго ўплыў у грамадстве адчуваўся досыць значна. Напрыклад, калі ў студзені 1993 г. Сейм прыняў закон, які забараняе аборты, многія палітычныя назіральнікі палічылі гэтую падзею яўнай перамогай касцёла і каталіцкага друку. Аднак паколькі апазіцыйныя думкі, якія былі актуальнымі ў часы «ваеннага становішча», пасля абрання Леха Валенсы ў 1990 г. прэзідэнтам сталі афіцыйнымі, цікавасць да каталіцкіх выданняў рэзка зменшылася. Шырокую грамадскасць больш не цікавіла ў каталіцкім друку тое, што яна магла прачытаць на старонках свецкіх газет. У выніку колькасць падпісчыкаў істотна скарацілася. Каб вярнуць колішнюю папулярнасць, выдаўцы і журналісты каталіцкіх выданняў паспрабавалі ўжыць прыём, які забяспечваў ім поспех раней — пачалі крытыкаваць урад і прэзідэнта Валенсу. Вынікам такой палітыкі стала паражэнне правых на выбарах 1995 г. і абранне прэзідэнтам былога камуніста Аляксандра Кваснеўскага.

У адпаведнасці з новымі ўказаннямі Ватыкана ў другой палавіне 1990-х гг. каталіцкі друк змякчыў сваё стаўленне да ўлады. Быў выпрацаваны новы курс – яго абвясціла рэдакцыя тыднёвай газеты «Штогоднік прыхаджаніна», якая дакляравала неўмяшальніцтва ў палітычнае жыццё краіны і засяроджанасць на духоўным развіцці звычайнага прыхажаніна. «Штогоднік прыхаджаніна» быў невыпадкова абраны Ватыканам для такой ролі. Гэтае выданне – флагман каталіцкага друку Польшчы. Яно ўтварылася ў 1945 г. у Кракаве. Амаль 50 гадоў яго ўзначальвае Ежы Туровіч – блізкі сябра Папы Рымскага. Артыкулы газеты прысвечаны сацыяльным праблемам, пытанням гісторыі, культуры і рэлігіі. Сёння яго тыраж складае 150 тыс. экз.

Дзякуючы новай палітыцы Ватыкана каталіцкія выданні, якія перанялі курс «Штогодніка прыхаджаніна», не змяняючы істотна фармат і афармленне сваіх нумароў, за кошт тэматыкі забяспечылі сабе трывалую аўдыторыю. Найбольшых поспехаў дамаглася штодзённая газета «Дзённік каталіцкі» (тыраж – 60 тыс. экз., на уік-энд – 140 тыс. экз.).

Не пахіснуліся пазіцыі і спартыўных выданняў. Яны змянілі ўладальнікаў — замест дзяржаўных устаноў цяпер належаць розным акцыянерным таварыствам. У іх дадалося ілюстрацый. Як на пачатку перыяду трансфармацыі, так і цяпер вялікай папулярнасцю карыстаюцца штодзённыя газеты «Футбол», «Спартсмен», «Бокс», «Геркулес», рэгіянальныя часопісы «Спорт» (Катовіцы), «Спартыўны агляд» (Варшава).

Напрыканцы 1990-х гг. у польскім грамадстве стала назірацца падзенне цікавасці да штодзённай прэсы. Гэты сумны працэс назіраецца і па сённяшні дзень. Прааналізаваўшы шматлікія сацыялагічныя апытанні, прафесар Сілезскага універсітэта (Катовіцы) Марыян Геруль вызначыў чатыры асноўныя прычыны, з-за якіх адбываецца гэты працэс.

Па-першае, збядненне значнай часткі насельніцтва ў выніку эканамічных пераўтварэнняў і адначасвы рост кошту на газеты.

Па-другое, актыўная канкурэнцыя за аўдыторыю з боку электронных СМІ. Інфармацыя па радыё і тэлебачанні, як меркавалі многія рэспандэнты, нічога не каштуе, да таго ж, маўляў, абывацелі не любяць, калі прымушаюць думаць, яны любяць, каб іх забаўлялі, а ў тэле- і радыёканалаў для гэтага непараўнальна больш магчымасцяў, чым у друкаваных СМІ.

Па-трэцяе, новыя ўмовы працы на капіталістычным прадпрыемстве зменшылі колькасць вольнага часу, які раней людзі адводзілі на чытанне газет.

Па-чацвёртае, пры вялікім выбары выданняў пераважная большасць з іх змяшчае неглыбокую малацікавую інфармацыю. А таксама рэспандэнтаў раздражняе празмерная колькасць рэкламы на старонках выданняў.

Не дзіва, што ва ўмовах падзення цікавасці да айчынных СМІ ў замежных інвестараў з'яўляецца больш магчымасцяў для ўсталявання кантролю над інфармацыйнай прасторай Польшчы. Першапачаткова пранікненне замежнага капіталу ў польскія СМІ адбывалася ў рамках «працэса інтэрнацыяналізацыі». Першым яго праектам стала выданне новага эканамічнага штотыднёвіка «Газета банкаўская» (35 тыс. экз.) сумесна з французскім агенцтвам фінансава-эканамічнай інфармацыі «Еўраэкспансія».

У 1991 г. ўрад, сфармаваны з прадстаўнікоў «Салідарнасці», добра ўсведамляючы значнасць кантролю над друкам для палітычнай стабільнасці ў краіне і добра памятаючы вопыт сваёй барацьбы за ўладу, прыняў рашэнне, якое павінна было застрахаваць польскія СМІ ад замежнага кантролю. Ім была вызначана доля – не больш 33 % – валодання замежнымі інвестарамі акцый сродкаў масавай інфармацыі.

Але, як засведчыў пазнейшы вопыт, эйфарыя ад такога рашэння аказалася неабгрунтаванай. Замежны капітал знайшоў магчымасць абысці гэтую перашкоду – здзелкі заключаліся праз падстаўных асоб, якія мелі польскае грамадзянства.

Менавіта такім чынам быў створаны ў 1992 г. выдавецкі кааператыў «Фенікс Інтэрмедыя» ў Вроцлаве. Хаця гэты кааператыў, згодна статута, узначальваюць палякі, яны цалкам падначальваюцца замежным інвестарам. «Фенікс Інтэрмедыя» спецыалізуецца на выданні ілюстраваных часопісаў для жанчын і моладзі, а таксама рэкламных праспектаў. Іх самы паспяховы праект – тыднёвік «Дзяўчына» (тыраж – 500 тыс. экз.).

У сярэдзіне 1990-х гг. пад кантроль французскага медыямагната Эрсана трапілі буйнейшыя выдавецтвы «Рэспубліка» і «Агора». Акрамя таго, пры значным удзеле капіталаў выдавецкага Дома Эрсана арганізавана фірма «Польская прэса», якая выдае папулярныя рэгіянальныя газеты: у Кракаве «Тэмп» (75 тыс. экз.), у Лодзі «Дзённік Лодзкі» (63 тыс. экз.) і «Экспрэс ілюстраваны» (50 тыс. экз.), у Гданьску «Дзённік Балцкі» (80 тыс. экз.) і «Вечар узбярэжжа» ( 45 тыс. экз.), у Катовіцах «Дзённік заходні» (31 тыс. экз.).

К-во Просмотров: 198
Бесплатно скачать Реферат: Трансфармацыя інфармацыйнай прасторы Польшчы