Реферат: Журналістыка Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны i ў аднаўленчы перыяд (1946-1953 гг.)
Журналістыка Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны i ў аднаўленчы перыяд (1946-1953 гг.)
ЗМЕСТ
1. Журналістыка Беларусі напярэдадні і ў час Вялікай Айчыннай вайны
1.1 СМІ Беларусі ў перадваенны перыяд
1.2 Журналістыка Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны
2. Беларуская журналістыка ў аднаўленчы перыяд (1946-1953 гг.)
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Журналістыка Беларусі напярэдадні і ў час Вялікай Айчыннай вайны
1.1 СМІ Беларусі ў перадваенны перыяд
Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае развіццё краіны ў канцы 30-х гадоў праходзіла ў складаных унутраных і міжнародных умовах. Нарастала пагроза новай сусветнай вайны. Існавалі складанасці і ўнутры краіны, якія ў далейшым выявілі крызісныя з’явы ў кіраўніцтве партыі.
СМІ рэспублікі былі часткай сістэмы партыйнага кіраўніцтва народнай гаспадаркай, грамадскімі працэсамі. У пачатку 1938 года ў БССР выдавалася 199 газет – рэспубліканскіх, акруговых, гарадскіх, раённых і шматыражных. Агульны тыраж іх складаў 976 тыс. экз. Сетка друкаваных выданняў пасля ўз’яднання бел. народа ў адзінай дзяржаве пашырылася дзякуючы стварэнню новых газет у заходніх абласцях. У 1941 годзе ў рэспубліцы выходзіла 219 друкаваных газет (у тым ліку рэспубліканскія: “Звязда”, “Советская Белоруссия”, “Октябрь”, “Штандар вольнасці”, “Літаратура і мастацтва”, дзве маладзёжныя), 8 часопісаў. Разавы тыраж усіх выданняў складаў 1115 тыс. экз.
Вялікую дзейнасць разгарнула Беларускае тэлеграфнае агенцтва, створанае ў сакавіку 1931 г. У 1939 г. БелТА мела 27 уласных карэспандэнтаў. У ім існавалі рэдакцыі саюзнай, рэспубліканскай і замежнай інфармацыі, рэдакцыі інфармацыі для абласных і раённых газет, рэдакцыя інфармацыі для ТАСС. Была створана фотахроніка БелТА і наладжана выданне фотагазеты, якая ўяўляла сабой набор фораздымкаў аб найбольш значных падзеях, што адбываліся ў рэспубліцы і краіне.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны агульная колькасць радыёпрыёмных пунктаў складала 6 мільёнаў 975 тыс. штук. Адзіная усесаюзная сетка радыёвяшчання была ўведзена з 1 лютага 1937 г. З 20 мая 1940 г. Цэнтральнае радыё перайшло на трохпраграмнае вяшчанне. Беларускае радыё, з’яўляючыся неад’емнай часткай сістэмы усесаюзнага радыёвяшчання, было папулярным сродкам масавай інфармацыі сярод насельніцтва рэспублікі.
У трэцяй пяцігодцы ўступілі ў строй Маскоўскі, Ленінградскі, Кіеўскі тэлецэнтры. У Мінску праводзілася падрыхтоўчая работа. У перадваенныя гады тэлетрансляцыя насіла эксперыментальны характар. Гэта тлумачылася не толькі навізной справы, але і надзвычай слабым развіццём прыёмнай сеткі тэлебачання.
У 1938-40 гг. ЦК ВКПБ(б) прыняў шэраг пастаноў, накіраваных на ўзмацненне друку. Яны вызначылі і ўдакладнілі асноўныя прынцыпы і напрамкі развіцця друку ў гэты час.
ЦК адзначыў бессістэмнае і павярхоўнае асвятленне партыйнага жыцця ў беларускіх рэспубліканскіх газетах “Звязда” і “Советская Белоруссия” і патрабаваў увесці ва ўсіх газетах пастаянны аддзел “Партыйнае жыццё”.
Асноўнай тэмай друку Беларусі ў гэты час стала барацьба за датэрміновае выкананне трэцяга пяцігадовага плана. Газеты тлумачылі сэнс палітычнай задачы, якую паставіла партыя, – закончыць рэканструкцыю вытворчасці і завяршыць будаўніцтва сацыялізму ў краіне.
Калі ў гады першых пяцігодак асноўнай формай спаборніцтва быў стаханаўскі рух, падхоплены на машынабудаўнічых заводах Мінска, Віцебска, Гомеля, Оршы, дык у трэцяй пяцігодцы шырока разгортваецца новая яго форма – рух шматстаночнікаў і сумяшчэнне прафесій.
Газеты настойліва прапагандавалі перадавы вопыт. “Советская Белоруссия” 6 жніўня 1939 г. выступіла з перадавым артыкулам “Паўсядзённа кіраваць стаханаўскім рухам”, 30 жніўня – “Стаханаўскі рух”: “Трэба клапаціцца, каб армія стаханаўцаў расла з дня на дзень. Сіла стаханаўскага руху заключаецца ў яго масавасці. Ад рэкордаў адзінак трэба перайсці да сістэматычнай стаханаўскай работы цэлымі брыгадамі, участкамі, прадпрыемствамі. Для гэтага трэба дапамагчы стаць кожнаму рабочаму стаханаўцам”. Нумар газеты за 30 жніўня быў амаль поўнасцю прысвечаны стаханаўскаму руху – да 2 гадавіны рэкорда А.Стаханава. Як бачым, друк садзейнічаў усеагульнаму распаўсюджванню руху, не заўважаючы, што ў гэтай масавасці хаваецца рэальная небяспека для яго жыццяздольнасці.
Правядзенне злётаў, сумесных нарадаў рэспубліканскіх, абласных і раённых газет, заводскіх сходаў было вызначальнай рысай друку канца 30 – пачатку 40 гг. Так, у лютым 1938 г. “Советская Белоруссия” і “Віцебскі пралетарый” правялі нараду стаханаўцаў і інжынерна-тэхнічных работнікаў буйнейшага прамысловага цэнтра рэспублікі г.Віцебска. Яго асноўная мэта – пашырэнне стаханаўскага руху.
У 1941 г. газета “Сталинская молодежь” аб’явіла пераклічку пярвічных камс. арганізацый у барацьбе за эканомію, чысціню і культуру вытворчасці. 25 студзеня газета надрукавала перадавы артыкул “Як вы змагаецеся за эканомію”. І першы матэрыял быў змешчаны з “Гомсельмаша”, які дабіўся высокіх паказчыкаў.
У лютым 1938 г. адбыўся першы Усесаюзны з’езд калгаснікаў-ударнікаў, на якім быў абагульнены вопыт работы перадавых калгаснікаў і выпрацаваны новыя арыенціры працы. У сакавіку ва ўсіх газетах Беларусі быў апублікаваны зварот 1500 старшынь перадавых калгасаў “Да ўсіх калгаснікаў, калгасніц і спецыялістаў сельскай гаспадаркі Беларускай ССР”, у якім аналізаваўся стан сельскай гаспадаркі і абазначаліся новыя рубяжы. У студзені 1939 г. у рэспубліцы была праведзена Усебеларуская нарада стаханаўцаў сельскай гаспадаркі. Усе газеты, вядома, горача адгукнуліся на гэтую падзею. Яны змясцілі падрабязную стэнаграму нарады, апублікавалі асобныя прамовы, арганізавалі водгукі. Нарада прыняла зварот да ўсіх работнікаў сельскай гаспадаркі БССР “Выходзьце на спаборніцтва за высокія і ўстойлівыя ўраджаі!”
У асвятленні пытанняў развіцця сельскай гаспадаркі друк карыстаўся шматлікімі рубрыкамі: “Парады калгаснікам” (“Гомельская праўда”), “Шырэй сац.спаборніцтва за высокі ўраджай”, “На калгасных палях” (“Звязда”), “На калгасных палях вобласці” (“Віцебскі рабочы”) і інш.
Газеты друкавалі рэцэнзіі на новыя спектаклі ў тэатрах, пісалі пра новыя работы беларускіх кампазітараў, скульптараў, мастакоў. Але трэба сказаць, што сустрэчы чытачоў з любімымі пісьменнікамі былі не вельмі частымі, а творы, што друкаваліся, былі іншы раз не лепшымі. Нездарма Я.Колас пісаў у артыкуле “Пакажыце культуру рэспублікі”, змешчаным у “Советской Белоруссии” 29 красавіка 1938 г.: “Недапушчальна мала на старонках газеты друкуецца добрых нарысаў, фельетонаў, апавяданняў, вершаў. У газеце пераважаюць вельмі сухія, напісаныя казённаю моваю артыкулы і заметкі. Няма ўдумлівага падыходу: ці захвальваюць, ці “кладуць на лапаткі”. Мала аб драматургіі і тэатры”.
1938-1941 гг. – перыяд складанага міжнароднага становішча. 1 верасня 1939 г. пачалася першая сусветная вайна, у якую паступова былі ўцягнуты краіны Заходняй Еўропы, Паўночнай Афрыкі і Амерыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі. Трывожныя падзеі зарубежнага жыцця ўсё часцей становяцца аб’ектам публіцыстычных матэрыялаў на міжнародныя тэмы: Мюнхенская змова, мужнасць рэспубліканскай Іспаніі, трагедыя Чэхаславакіі, Францыі, Польшчы і г.д. Акрамя прапагандысцкіх артыкулаў, якія раскрывалі сутнасць з’яў, у газетах пастаянна друкавалася інфармацыя аб ходзе ваенных дзеянняў.
17 верасня 1939 г. часці Чырвонай Арміі перайшлі граніцу Польшчы і ў кароткі тэрмін занялі Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. У выніку межы БССР пашырыліся да 207,6 тыс.кв.км, а насельніцтва павялічылася да 8910 тыс.чал.
За кароткі тэрмін на далучанай зямлі былі арганізаваны рэдакцыі перыядычных выданняў. На працу ў новыя газеты былі накіраваны кваліфікаваныя журналісты. Пад канец 1939 г. у заходніх абласцях выходзілі 32 газеты, а перад пачаткам вайны – больш як 45.
Развіццё друку патрабавала павышэння тэарэтычнага ўзроўню журналістаў, росту іх прафесійнага майстэрства, выхавання і навучання шырокіх колаў рабселькораўскага актыву. Газеты адчувалі патрэбу ў палітычна пісьменных, усебакова адукаваных, кваліфікаваных работніках, якія б любілі газету і разумелі яе вялікае значэнне. Менавіта з гэтай мэтай створаны ў 1932 г. КІЖ быў рэарганізаваны ў 1940 годзе ў Беларускі дзяржаўны інстытут журналістыкі з чатырохгадовым тэрмінам навучання. За даваенны час інстытут закончылі 247 чалавек.
Вясной 1941 г. скончыўся навучальны год масавай падрыхтоўкі рэдактараў насценных газет і рабселькораў пры рэдакцыях раённых і гарадскіх выданняў. Па рэспубліцы было ахоплена да 150 тыс. чал. На курсы пры рэспубліканскіх газетах было прынята 800 чал., у т.л. 238 рэдактараў насценных газет прадпрыемстваў, устаноў, 494 рэдактары насценгазет калгасаў, саўгасаў, МТС і селькораў.
Т.ч., трэба адзначыць поспехі ў развіцці перадваеннага друку, рост паліграфічнага ўзроўню газет і часопісаў, тэхнічнага аснашчэння радыёвяшчання. У той жа час тэмы, якія распрацоўваліся на старонках друку і ў эфіры, часта мелі тэндэнцыйную накіраванасць. Так, адлюстроўваючы развіццё ўсіх галін народнай гаспадаркі, рэдакцыі ішлі па шляху найменшага супраціўлення – усхваляючы дасягненні і замоўчваючы недахопы, памылкі. Крытычныя матэрыялы ўскрывалі асобныя факты, але рэдка пераходзілі да абагульненняў. Усё гэта скажала рэальнасць і, адпаведна, прыносіла негатыўныя вынікі.
1.2 Журналістыка Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны
Беларусь адной з першых прыняла на сябе ўдары фашысцкіх захопнікаў. Важная роля ў арганізацыі супрацьстаяння ворагу належала ў гэты час перыядычнаму друку. Нягледзячы на тое, што 22 чэрвеня была нядзеля і ў панядзелак газеты не выдаваліся, журналісты прыйшлі на працу, і раніцай 23 чэрвеня выйшлі пазачарговыя спецыяльныя выпускі рэспубліканскіх газет “Звязда” і “Советская Белоруссия”.
Меркавалася, што ў час вайны выданне “Звязды” будзе арганізавана ў Магілёве, а “Советской Белоруссии” – у Гомелі. Але ў сувязі з тым, што ў першыя ж дні вайны гітлераўцы захапілі значную частку Беларусі і падыходзілі да Магілёва, рэдакцыя “Звязды” вымушана была пераехаць у Гомель, дзе ў гэты час на ўсю магутнасць працавала друкарня фабрыкі “Палесдрук”. Тут да 18 жніўня 1941 г. выдаваліся “Звязда”, “Cоветская Белоруссия” і абласная “Гомельская праўда”. Акрамя гэтых выданняў 5 ліпеня ў Гомелі выйшаў першы нумар агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”.
--> ЧИТАТЬ ПОЛНОСТЬЮ <--