Курсовая работа: Асаблівасці падрыхтоўкі рэпартажаў для тэлеканалаў
Асноўныя рысы публіцыстычнага стылю выяўляюцца з дапамогай розных моўных сродкаў. Тут шырока выкарыстоўваецца грамадска-палітычная лексіка і фразеалогія (грамадзянін, канстытуцыя, суверэнітэт, дэпутат, міждзяржаўнае пагадненне, канферэцыя, парламенцкія выбары і інш. ); словы, якія набываюць прымету публіцыстычнасці толькі пры ўжыванні ў пераносным значэнні (школа выжывання, працоўная вахта, палітычная гульня, атмасфера даверу, сустрэча на ўзроўні паслоў і інш. ); стылёва афарбаваныя словы са станоўчай і адмоўнай ацэнкай (працаўнік, перадавік, міласэрнасць, дабрабыт, расіст, экстрэміст, мешчанін і інш .).
У рэпартажы нельга прыслабляць напругу. Ёсць некалькі спосабаў, каб стварыць дынаміку ў рэпартажы. Па-першае, гэта адмысловая кампазіцыя. Па-другое, дынаміку добра перадаюць стылістычна афарбаваныя дзеясловы, эпітэты і іншыя вобразныя сродкі мовы.
Як і ў мастацкай літаратуры, у публіцыстыцы шырока выкарыстоўваюцца метафары, эпітэты, параўнанні і іншыя тропы . У рамках кожнага стылю метафры трансфармуюцца, відазмяняюцца ў адпаведнасці з унутрыстылявымі фактарамі і патрэбамі. Публіцыстычнай метафары характэрна ярка выражаная ацэначнасць, станоўчая ці адмоўная. У рэпартажы метафарызуюцца, як правіла, паняцці, важныя ў ідэалагічных, эканамічных і іншых адносінах: чорнае золата блакітныя артэрыі . У гэтых і аналагічных выпадках замена прамых найменняў экспрэсіўнымі мае пазітыўна-ацэначны характар, падкрэслівае важнасць метафарызуемых паняццяў.
Актыўна ўжываюцца такія словы інтэрнацыянальнай палітычнай лексікі, як парламент, электарат, інаугурацыя, спікер, імпічмент, легітымны, рэйтынг, кансенсус, эксклюзіўны, карупцыя, прэзентацыя . Аднак менавіта такая лексіка патрабуе дакладнасці словаўжывання, адпаведнасці слова значэнню. Некаторыя з такіх слоў з’яўляюцца варварызмамі – словамі, якія ўласцівыя толькі рэаліям той краіны, адкуль яны прыйшлі да нас. Напрыклад, слова імпічмент мог бы быць лёгка заменены ў розных выпадках выразамі накшталт: адхіленне ад улады, ініцыяваць працэс недаверу, судовы працэс над прэзідэнтам, абвінавачванне ў злачынстве і г.д.
У мове рэпартажу выкарыстоўваюцца новыя словы і словазлучэнні , якія адлюстроўваюць сацыяльныя і палітычныя працэсы ў грамадстве: фінансавае аздараўленне, альтэрнатыўныя выбары, новае палітычнае мысленне і інш.
У апошія гады значна папоўніўся слоўнік навуковай тэрміналогіі: Інтэрнэт, прынтэр, віртуальны свет, стагнацыя, холдынг, дылер, інвестыцыя, спонсар і інш. Тут таксама існуе небяспека забруджвання мовы іншамоўнымі словамі, у той час як можна лёгка знайсці адпаведнікі ў беларускай мове.
Асаблівай увагі заслугоўвае выкарыстанне ў рэпартажах так званых маўленчых стандартаў і клішэ . Яны ўзнаўляюцца ў маўленні, падобна фразеалагізмам і выкарыстоўваюцца ў многіх функцыянальных стылях, у тым ліку ў публітыстычным. У адрозненне ад штампаў яны не выклікаюць негатыўных адносін, бо дапамагаюць эканомна выражаць думку, садзейнічаюць хуткай перадачы інфармацыі. Да іх належаць, напрыклад, такія выразы, якія атрымалі ўстойлівы характар: разрадка напружанасці, усеагульная падтрымка, духоўныя патрэбы і інш.
Ад маўленчых стандартаў , якія замацаваліся ў публіцыстычным стылі, трэба адрозніваць маўленчыя штампы – шаблонныя моўныя звароты, якія надаюць маўленню канцылярскую афрбоўку: згодна з пастановай, вывесці са складу, прысвоіць званне і г.д. Звычайна гэта метафары, якіяў выніку шырокага распаўсюджання страцілі сваю эмацыянальнасць і вобразнасць. Шкоднасць штампаў у тым, што яны маскіруюць банальныя думкі. Штампы, зразумела, недарэчныя ў мове рэпартажу, увогуле ў публіцыстыцы.У публіцыстычных тэкстах даволі часта сустракаюцца назоўнікі з суфіксамі –осць(-асць) , -ств- (-цтв-), -нн-, -ізм, -іст, назоўнікі ў родным склоне (пасля эканамічнага крызісу, рэформа цэн, міністр абароны, скарачэнне ўзбраенняў і інш.), дзеясловы ў цяперашнім і прошлым часе, дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу: Праект праграмы, накіраванай на падтрымку беларускіх аграгарадкоў, ужо распрацаваны. ( БТ, “Навіны”)
Мова рэпартажу мае і сінтаксічныя асаблівасці. Тут часта выкарыстоўваюцца сінтаксічныя канструкцыі з ярка выражанай экспрэсіўнасцю – сказы з інверсійным парадкам слоў, сказы-звароты, рытарычныя пытанні, паўторы.
У рэпартажы выкарыстоўваюцца стылістычныя (рытарычныя) фігуры – гэта моўныя звароты, якія маюць своеасаблівую сінтаксічную будову і ўзмацняюць выразнасць выказвання. Да іх адносяцца антытэза, эліпсіс, інверсія.
Антытэза (ад грэч. Antithesis - супрацьпастаўленне) – выраз, у якім супраўцьпастаўляюцца кантрасныя, процілеглыя паняцці, прыметы. Звычайна антытэза асноўваецца на антонімах. Выкарыстанне антытэзы дае магчымасць засяродзіць увагу слухача на пэўных рысах героя, абстаноўкі, з’явы і такім чынам узмацніць уражанне ад іх: Багаты і ў будні піруе, а бедны і ў свята гаруе.( народная прыказка) [9]
Інверсія (ад лац. Inversio - перастаноўка) – змяненне ў сказе звычайнага, прамога парадку слоў з мэтай надання пэўнаму слову, члену сказа дадатковай семантычнай і эмацыянальна-экспрэсіўнай нагрузкі. З дапамогай інверсіі падкрэсліваецца важнасць той ці іншай з’явы, апісанню надаецца ўзнятасць, урачыстасць або дынамічнасць. Але непатрэбная інверсія у сказе робіць мову напышлівай, манернай, таму ўжываць яе варта толькі там, дзе адчуваецца ў гэтым сапраўдная неабходнасць. Напрыклад: З жахам гляджу на тое, што адбываецца навокал.( C ТВ, “Навіны”)
Эліпсіс (ад грэч. еlleipsis – пропуск) – моўны зварот, у якім свядома апускаецца дзеяслоў-выказнік. Абяцанкі – замест зарплаты. (БТ, “Навіны”) Эліптычныя сказы адметныя тым, што з’яўляюцца сэнсава і сінтаксічна самастойнымі адзінкамі, іх змест зразумелы без кантэксту. Выкарыстанне эліпсіса надае мове дынамізм, выразнасць, дапамагае перадаць псіхалагічнае напружанне таго, хто гаворыць.
Галоўным выяўленчым сродкам радыёрэпартажу з’яўляецца жывое слова. Яно перадае думкі і эмоцыі аўтара. Тут дарэчы будуць асацыяцыі, кантрасты, метафары. Цяжкасць работы над рэпартажам заключаецца ў тым, што журналісту трэба пастаянна знаходзіць вобразныя словы, дакладныя эпітэты і параўнанні, падкрэсліваць характэрныя дэталі. Вялікая роля імправізацыі.
Перыфраза – найчасцей вынік індывідуальна-мастацкага бачання свету. Свабодныя словазлучэнні абазначаюць прадметы і іх прыметы, дзеянні і іх аб’екты раздзельна, а перыфразы, маючы тую самую структуру, семантычна непадзельныя і называюць з’явы жыцця ўсім слоўным комплексам. Гэта добра відаць, калі параўнаць свабодныя і генетычна звязаныя з імі перыфрастычныя словазлучэнні, адрозніць якія можна толькі ў кантэксце. Прыклады: радзіма – зямля продкаў, унук – сынаў сын.
Шмат перыфраз сталі традыцыйнымі. Беларускім шоўкам называюць лён, другім хлебам – бульбу, беларускім морам – возера Нарач, блакітным палівам – газ, царом звяроў – льва, аўтарам Макбета – Шэкспіра. Традыцыйныя перыфразы зразумелыя і без канэксту.
Перавага перыфразы над звычайным словам у тым, што яна не толькі называе пэўную з’яву, але і адразу характарызуе яе праз апісанне прымет, уласцівасцей. Таму яе можна выкарыстоўваць у мове рэпартажу, як адзін з найлепшых вобразных сродкаў.
Здольнасць перыфразы даваць ацэнку журналісты часта выкарыстоўваюць пры замене ўласных назваў. Як вядома, уласнае імя не перадае ніякіх эмоцый, экспрэсій, не характарызуе прадмет ці асобу. У працэсе маўлення ўласнае імя выконвае толькі намінатыўную функцыю. Перыфраза ж адразу і называе, і характрызуе. Напрыклад: Японія, краіна ўзыходзячага сонца, мае свае прыярытэты ў гэтай сферы эканомікі. (СТВ, “Навіны”)
Перыфрастычныя ўласныя назвы звычайна выкарыстоўваюцца ў кантэкстах, дзе ўжываецца і прозвішча, афіцыйная назва або дзе на іх паказвае змест. Некаторыя прадметы, з’явы і дзеянні лічацца непрыстойнымі, і паводле агульнай згоды іх звычайна называюць не адкрыта, а іншасказальна, часта з дапамогай перыфраз . Але часам з дапамогай эўфемізмаў . Даследчыкі не раз пакрэслівалі, што перыфраза і эўфемізм – вельмі блізкія стылістычныя сродкі мовы. Эўфеместычныя выразы мяккае месца, далікатнае становішча, ніжняя адзежына – традыцыйныя перыфразы. Напрыклад: дурань – чалавек, які не разбіраецца ў чым-небудзь, не разумее штосьці.
Важную ролю ў стварэнні моўнай тканіны рэпартажу выконваюць так званыя кампазіцыйна-сэнсавыя (або функцыянальна-сэнсавыя) тыпы маўлення – апісанне, апавяданне і разважанне.
Апісанне звычайна перадае сувязі паміж прадметамі і з’явамі рэчаіснасці. Аснову вобразнага апісання складае прадметная лексіка. Апісанне таксама часта выкарыстоўваецца як зачын рэпартажу. Апісанні мастацкай літаратуры адрозніваюцца ад публіцыстычных апісанняў тым, што апошнія маюць падкрэслены сацыяльна-ацэначны характар. У рэпартажы апісанне выконвае функцыю дакументальна дакладнай перадачы абстаноўкі такой, як убачыў яе аўтар. Напрыклад: У нацыянальным мастацкім музее працягваецца выстаўка японскай керамікі . Кожны прадмет непаўторна прыгожы і мае сваю гісторыю і харктар. У дзень закрыцця пройдзе мастэр-клас па мастацтву экібаны. ( АНТ, “Афіша”)
Апавяданне ў адрозненне ад апісання – дынамічнае, выражае сувязі паміж падзеямі, служыць для выражэння часавай, храналагічнай паслядоўнасці дзеянняў або з’яў. У апавядальных сказах уся актыўная інфармацыя сканцэнтравана ў складзе выказніка. Дзеясловы і акалічнасныя словы – галоўныя кампаненты апавядання: Выстаўка Ганны Балаш пройдзе 4 і 5 лістапада. Там будуць прадстаўлены лялькі, а таксама карціны мастачкі. Гэтая падзея з’яўляецца доказам развіцця сучаснага мастцтва у Беларусі. ( АНТ, “Афіша”)
Разважанне – важнейшы кампанент аўтарскага маўлення, якое звязвае, цэментуе рэпартаж у адно закончанае цэлае. Існуюць два асноўныя метады разгортвання матэрыялу ў разважаннях: сінтэтычны і аналітычны. Можна ісці ад агульных палажэняў да прыватных, г.зн. спачатку прывесці агульнае палажэнне, якое трэба даказаць, а потым падаць факты, доказы і ілюстрацыі (аналітыка); можна, наадварот, ад прыватных назіраняў і з’яў ісці да агульных, г.зн. спачатку паведаміць факты і назіранні, а потым зрабіць агульны вывад, змяшчаючы ў сабе галоўную думку. Але часцей за ўсё сустракаюцца разважанні змешанага тыпу, дзе аналіз перакрыжоўваецца з сінтэзам.
Вялікае значэнне мае для рэпартажнага стылю і склад маўлення, які можа разглядацца з некалькіх пазіцый. Адна з найважнейшых – прыналежнасць маўлення (аўтару, герою). Катэгорыі маўлення, якія вылучаюцца па гэтай прыкмеце, вядомыя: аўтарскае маўленне і чужое (простая, ускосная, няўласна-простая мова).
Асноўныя рысы аўтарскага маўлення рэпартажу – жвавасць, рухомасць, гнуткасць, разнастайнасць. Яно неаднароднае па мадальнай афарбоўцы, па стылістычным складзе, па спосабу выкладання матэрыялу і па спосабах перадачы чужой мовы.
Вуснасць мовы тэлебачання, яе прамы зварот да масавага слухача, які ўспрымае маўленне сінхронна з вымаўленнем, патрабуе асаблівых якасцей слова. Калі лексічная ці граматычная памылка з’явіцца на газетнай старонцы, чытач пераадолее яе з адноснай легкасцю, з меншай стратай сэнсу, чым глядач. Вуснае маўленне няспынна разварочваецца ў часавай прасторы, а яна не дае магчымасці вярнуцца да незразумелага.
У вусным маўленні лепшаму ўзаемаразуменню дапамагаюць розныя нямоўныя элементы: жэсты, міміка, разнастайныя рухі, асоба журналіста ў кадры. Здаецца, што рэпарцёр гаворыць пра падзею без папярэдняй падрыхтоўкі, а стварае ўсё “на хаду”, экспромтам. Гэтым тлумачацца шматлікія адхіленні ад літаратуных норм ужывання слоў і граматычных канструкцый. Але гэта адбываецца ў тых выпадках, калі журналіст не валодае свабодна той мовай, на якой размаўляе.
Вуснае маўленне – гэта з’ява шырэйшая за гутарковы стыль. У вуснае маўленне цалкам уваходзіць гутарковы ( гутаркова-бытавы) стыль, таму некаторыя аўтары часта атаясамліваюць катэгорыі вуснага маўлення і гутарковага стылю.
Гутарковыстыль маўлення – гэта стыль непасрэдных неафіційных зносін, які найбольш ярка ўвасабляецца ў вуснай форме дыялагічнага маўлення бытавога тыпу. Такое маўленне разгортваецца імгненна і адбываецца ва ўмовах, калі прамоўца не мае часу на папярэдняе абдумванне, да таго ж, тут і не патрэбны педантычны адбор сродкаў.