Сочинение: Падпольны і партызанскі рух на тэрыторыі Карэліцкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Падпольныя арганізацыі раёна праводзілі вялікую агітацыйную работу сярод мясцовых жыхароў, хавалі людзей, дапамагалі воінам Чырвонай Арміі, што траплялі ў акружэнне. Патрыёты раздабылі радыёпрыёмнік, па якім прымалі зводкі Саўінфамбюро і распаўсюджвалі іх сярод грамадзян. Вясной 1941 г. кіраўнікі падпольных арганізацый раёна вырашылі выйсці з падполля і стаць на адкрытую ўзброеную барацьбу з гітлераўцамі.

У маі-чэрвені 1942 г. падпольныя камсамольскія арганізацыі і створаныя ў падполлі партызанскія групы пачалі выходзіць у лес у створаныя атрады. Так, вялікая колькасць камсамольцаў і моладзі пайшла ў партызанскі атрад імя Чапаева. (Прылажэнне 8)

На базе падпольнай камсамольскай арганізацыі вёсак Пагарэлка і Беражна і створаных пад іх кіраўніцтвам тайных партызанскіх груп з моладзі іншых вёсак 27 чэрвеня 1942 года ў Мірскім раёне быў створаны 1-ы камсамольска-маладзёжны атрад “Камсамольскі”, які ў хуткім часе вырас у буйную аднайменную партызанскую брыгаду. Атрад праводзіў баявыя дзеянні ў Мірскім, Карэліцкім і Стаўбцоўскім раёнах.(Прылажэнне 9)

Важную ролю ў развіцці ўсенароднага супраціўлення нямецка-фашысцкім захопнікам адыгралі ваеннаслужачыя Чырвонай Арміі, якія трапілі ў акружэнне і не змаглі прабіцца да сваіх. З дапамогай падпольных арганізацый раёна мясцовых жыхароў збіралі вакол сябе патрыятычныя сілы і , па сутнасці, сталі ядром, з дапамогай якога невялікія і раз’яднаныя спачатку баявыя групы перараслі ў моцныя, баяздольныя партызанскія атрады. Сярод іх былі былы лейтэнант М.С. Заруднеў (камандзір атрада “Золатава” ) малодшы сяржант А.В. Крутаў, Дз.А. Дзенісенка, У.А. Грэчанічэнка і іншыя, стаўшыя затым партызанскімі камандзірамі.

15 мая 1942 г. у Мірским раёне была створана група пад камандаваннем Дз.А.Дзенісенкі.

Спачатку яна ўлілася ў атрад імя В.І. Чапаева, а затым выдзелілася ў самастойную адзінку.У жніўні 1942 г. група папоўнілася моладдзю Мірскага раёна і аформілася ў атрад, які ў маі 1943 г.быў рэарганізаваны ў кавалерыйскі дывізіён.

У чэрвені 1942 г. з моладзі Мірскага раёна была створана партызанская група А.С. Саятэвіча, у жніўні 1942 г. яна ўвайшла ў атрад імя В.І. Чапаева брыгады імя В.І. Чапаева.

З мэтай набыцця зброі, боепрыпасаў і іншых трафеяў партызаны нярэдка здзяйснялі напады на абозы ворага. У ліпені 1942 г. атрад “ Золатава”, разграміўшы варожы абоз, захапіў 50 тыс. патронаў і 10 скрынак гранат.[10]

У лістападзе 1942 г. акупанты прыступілі да насільнай вярбоўкі насельніцтва ў Германію. Партызаны разгарнулі агітацыйную работу сярод моладзі, даказваючы, што яе месца толькі ў радах партызан. Масавы прыток насельніцтва ў партызаны прывёў да стварэння ў лістападзе – снежні брыгады імя Г.К. Жукава. У яе склад увайшоў і атрад “Камсамолец”.(Прылажэнне 10)

Радаснай падзеяй у гэты складаны час была сустрэча каля хутара Рудзьма з першай дыверсійнай групай дэсантнікаў, якой камандаваў В.І. Бажэнка. Яго намеснікам па палітычнай рабоце быў В.С. Самусевіч. Самусевіча ў Карэліцкім раёне добра ведалі да вайны па рабоце ў райкаме партыі. Група Бажэнка мела рацыю і падтрымлівала сувязь з Вялікай зямлёй. Вялікай заслугай групы было тое, што яна з першых дзён свайго прабывання ў Карэліцкім і Мірскім раёнах пачала праводзіць дыверсійную работу на чыгунцы. Начамі з 4 на 5 і з 16 на 17 верасня падгрупа на участку Гарадзея – Стаўбцы спусціла пад адкос два эшалоны ворага.

Група Бажэнка навучыла мінна-падрыўной справе многіх партызан атрада і забяспечыла іх узрыўчаткай.[11]

Удасканальваючы баявое майстэрства, тактыку, партызаны з кожным днём узмацнялі ўдары па ворагу. У канцы восені 1942 г. партызанскія атрады давалі аб сабе знаць ва ўсіх раёнах паўночнай часткі Баранавіцкай вобласці.

У Карэліцкім раёне шэраг паспяховых аперацый правёў атрад Дз. Дзенісенка, або, як яго тады называлі, “Міцькі”. 22 верасня партызаны атрада знішчылі групу жандармаў. Народныя мсціўцы нападалі не толькі на адзінокія машыны і павозкі, але і на вялікія абозы ворага. У кастрычніку 1942 г. яны заманілі ў засаду і знішчылі ў раёне вёскі Турэц вялікі атрад гітлераўцаў, які прыбыў сюды з мэтай ачысціць лясы ад партызан. У гэтым баі загінуў камандзір групы С Коншын, баец Захараў, 5 партызан атрымала раненні.[12]

12 кастрычніка партызаны атрада “Міцькі” на шашы Турэц –Мір знішчылі з засады 5 аўтамашын і 2 матацыклы немцаў. Пры гэтым было забіта больш за 30 фашыстаў. Разам з машынамі згарэла і радыёстанцыя.[13]

У маі 1942 г. быў створаны партызанскі атрад Дз.І.Семянцова, у які ўвайшлі ваеннаслужачыя і жыхары вёсак Тарасавічы, Новае Сяло, Велетава Ён дзейнічаў на акупаванай тэрыторыі Карэліцкага, Мірскага і Навагрудскага раёнаў. 19 жніўня 1942 г. атрад партызан пад камандаваннем Дз.І.Семянцова ўстроіў засаду фашыстам, якія накіроўваліся ў вёскі Сёгда і Малюшычы грабіць хлеб. У кароткачасовай сутычцы народныя мсціўцы разбілі 3 аўтамашыны, знішчылі 19 немцаў. У выніку гэтай сутычкі загінуў камандзір атрада Дз.І. Семянцоў. Разам з гэтым перастаў існаваць атрад. Яго асабовы склад уліўся ў атрад “Іскра”, “Камсамолец”, а таксама ў атрад Дз.А. Дзенісенкі.[14]

Арганізацыйна аформіўся атрад імя Суворава. Яго першым камандзірам быў К.У. Балабановіч, які потым з невялікай групай выйшаў з атрада. Камандзірам быў выбраны Н.А. Сарокін.Пасля яго гібелі ў снежні 1942 г. камандзірам быў выбраны Н.М. Курбанаў.[15] (Прылажэнне 11)

Атрад правёў паспяховыя ўдары па гарнізонам і вартавым аб’ектам гітлераўцаў. Асноўным тактычным спосабам барацьбы партызан гэтага атрада з варожымі гарнізонамі з’яўляўся налёт. Стварыўшы пры дапамозе насельніцтва санны транспарт, група партызан нанесла удар па нямецеаму гарнізону ў вёсцы Валяўка. У выніку бою загінула 5 немцаў і 5 паліцаяў. Таксама загінулі 2 партызаны.[16]

У красавіку 1942г. з ваеннаслужачых, якія не выйшлі з акружэння, быў створаны атрад “Громава”. Ён дзейнічаў на акупіраванай тэрыторыі Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў. У стварэні атрада актыўна ўдзельнічалі жыхары вёсак Цырын, Пудзіна, Літараўшчына, Бабонеўка, Падгайна. Атрад узначаліў лейтэнант У.Угрумаў. Партызаны ў красавіку і маі 1942 г. разграмілі гарнізон у вёсцы Цырын і захапілі зброю. У засадзе на шашы Навагрудак – Баранавічы разбілі 3 аўтамашыны. У баі ў вёсцы Літараўшчына разбілі атрад карнікаў.Знішчаючы жывую сілу ворага, партызаны захоплівалі узбраенне, якое з поспехам выкарстоўвалася супраць акупантаў. У верасні 1942 г. атрад зрабіў налёт на Варанчанскі спіртзавод. Было пашкоджана абсталяванне і забіта 2 немца. У лістападзе 1942 года каля вёскі Пудзіна Лідскага раёна атрад у баі панёс вялікія страты і быў рассеяны. Частка партызан пайшла ў атрад “Золатава”, астатняя да снежня дзейнічала самастойнай групай, потым улілася ў атрад “Іскра”.[17]

У жніўні 1942 г. была створана 1-я Беларуская кавалерыйская брыгада. Складалася з атрада імя Чкалава, групы Дз.А. Дзенісенкі і партызанскага атрада Дз.І. Семянцова. Партызаны вялі баі супраць варожых апорных пунктаў, гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў у вёсках Антанёва, Вял.Жухавічы, Вялікая Слабада і інш. Дзейнічала менавіта ў Карэліцкім і Мірскім раёнах.[18]

12 верасня 1942 года партызанскія атрады “Золатава, “Данілы”, і 1-ая кавалерыйская брыгада разграмілі варожыя гарнізоны ў м.Мір і м.Турэц. Да канца 1942 г. партызаны ўтрымлівалі гэтую тэрыторыю ў сваіх руках. З цягам часу тут ствараецца Налібока – Мірская партызанская зона.[19]

Баі за ўтрыманне зон партызанам прыходзілася весці амаль кожны дзень. Партызанскія зоны з’яўляліся апорнымі пунктамі, плацдармамі ў тыле ворага, на якіх канцэнтраваліся людскія і матэрыяльныя рэсурсы для барацьбы з нямецка-фашыскімі захопнікамі.

Пад кіраўніцтвам падпольных райкомаў партызаны ўтрымлівалі ў сваіх руках вёскі Новае Сяло, Пагарэлка і Лядкі. Пазней партызаны нават перайменавалі назвы гэтых трох вёсак: Новае Сяло – у Маскву,Пагарэлку – у Ленінград, а Лядкі – у Сталінград. Асабліва важна, што з гэтых трох вёсак за цэлы год не паступала ў Германі ніякіх паставак.

Такім чынам,ужо ў 1941-1942 гадах на тэрыторыі Карэліцкага раёна дзейнічалі партызанскія атрады, з’явілася камсамольскае падполле. Аднак, патрэбна адзначыць, што падпольны і партызанскі рух у раёне у гэты час, як і на ўсёй тэрыторыі Баранавіцкай вобласці, яшчэ не атрымаў шырокага распаўсюджання. Гэта быў час, калі ішоў пошук форм і метадаў барацьбы. Партызанаў і падпольшчыкаў чакалі вялікія цяжкасці, пеш за ўсё, гэта адсутнасць вопыту партызанскай барацьбы; вопыту работы ва ўмовах падполля, канспірацыі;слабая матэрыяльная база. Тым не менш, полымя барацьбы разгаралася з кожным днём.

Для кіраўніцтва падпольнай работай і партызанскім рухам 6 кастрычніка 1943 года быў створаны Стаўбцоўскі міжраённы цэнтр на чале з членам падпольнага абкома В.З.Царуком. Яго намеснікам быў А.Л. Сцяпчэнка.Баявымі дзеяннямі на месцах кіраваў Мірскі падпольны райком КП(б)Б. З 26 лістапада яго сакратаром з’яўляўся І.В.Шэматавец. 29 снежня Баранавіцкі падпольны абкам зацвердзіў першым сакратаром А.І. Дзеева.

Карэліцкі падпольны райкам партыі створаны ў ліпені і зацвержаны абкамам КП(б)Б 8 жніўня 1943 года. Яго сакратаром назначаны камісар атрада “Грозны” Першамайскай брыгады М.У.Чарткоў. У снежні гэты атрад уліўся ў брыгаду “25 год БССР”. Пагэтаму, 27 снежня 1943 г. абкам партыі зацвердзіў новы састаў Карэліцкага райкама з пастаянным месцазнаходжаннем у Першамайскай брыгадзе. Сакратаром зацверджаны М.І. Ільініч. (Прылажэнне 12) Друкаваным органам райкама з’яўлялася газета “ Чырвоны партызан”, якую рэдактавала Р.С. Радкевіч.

Сетка падпольных арганізацый і груп працягвала расці і ў населеных пунктах Карэліцкага і Мірскага раёнаў. ( Прылажэнне 13)

Падпольшчыкі дзейнічалі ў цеснай сувязі з партызанамі, наносілі моцныя ўдары па ворагу, усімі сіламі імкнуліся прынесці яму найбольшую шкоду, аслабіць яго ваенны патэнцыял, сарваць фашысцкія планы і мерапрыемствы. На баявым рахунку падпольшчыкаў Беларусі шмат аперацый, паспяхова праведзеных у год карэннага пералому ў вайне. У справаздачы аб рабоце камсамольскіх арганізацый ад 2 чэрвеня 1944 г. гаварылася, што сіламі камсамольцаў падрыхтавана два разліка да кулямёта “максім” і 65 чалавек, якія маглі абыходзіцца з кулямётам РПД і МТ.

Далей у справаздачы гаварылася, што за гэты перыяд камсамольска-маладзёжнымі групамі было спушчана пад адкос 9 варожых эшалонаў.

Было пашкоджана 5 паравозаў, 28 вагонаў, у тым ліку 8 вагонаў з жывой сілай, забіта і паранена пры крушэнні больш за 200 гітлераўцаў. Акрамя гэтага, разбіта 12 цыстэрн з палівам. Падрыўнымі дыверсійнымі групамі парэзана 2 кіламетры тэлефонна-тэлеграфнай сувязі. За май былі зроблены з засады, у якіх забіта 23 немцы і паліцаі.[20]

К-во Просмотров: 214
Бесплатно скачать Сочинение: Падпольны і партызанскі рух на тэрыторыі Карэліцкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны