Дипломная работа: Драматычныя і трагічныя калізіі ў беларускіх народных баладах
Выканаўца
студэнтка 51 групы
____________ Марына Уладзіміраўна Сямашка
Навуковы кіраўнік
кандыдат філалагічных навук дацэнт
____________ Генадзій Парфір’евіч Харошка
Рэцэнзент
кандыдат педагагічных навук дацэнт
____________ Людміла Іванаўна Шаўцова
Віцебск 2010
ЗМЕСТ
УВОДЗІНЫ
РАЗДЗЕЛ І. ЖАНРАВАЯ ФОРМА І ВОБРАЗНЫ ЛАД НАРОДНЫХ БАЛАД
РАЗДЗЕЛ ІІ. ДРАМАТЫЧНЫЯ КАЛІЗІІ Ў НАРОДНАЙ БАЛАДЗЕ
РАЗДЗЕЛ ІІІ. КАТЭГОРЫЯ ТРАГІЧНАГА Ў БАЛАДНЫХ ПЕСНЯХ
РАЗДЗЕЛ ІV. ПАЭТЫЧНЫЯ СРОДКІ Ў РАСКРЫЦЦІ ДРАМАТЫЧНАГА І ТРАГІЧНАГА Ў БАЛАДАХ
ЗАКЛЮЧЭННЕ
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
УВОДЗІНЫ
Цікавасць да народных балад, гэтага своеасаблівага жанру песеннага фальклору сярэднявечча, “адкрытага” ўпершыню рамантыкамі і выкарыстанага імі для стварэння літаратурнай рамантычнай балады, у апошні час прыкметна ўзрастае. У шэрагу краін з’яўляюцца зборнікі балад і даследаванні, прысвечаныя ім. Цікавасць да народнай балады ахоплівае не толькі навуковыя колы, але і шырокую чытацкую аўдыторыю. Хто з нас не чытаў балады Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, А. Міцкевіча, А. Куляшова, Я. Сіпакова і інш., якія былі створаны на аснове народных традыцый.
Цікавасць да балады паказвае, што гэты жанр патрабуе пільнай навуковай увагі. У вывучэнні і папулярызацыі беларускіх народных балад у нас амаль нічога не зроблена.
Тэрмін “балада”, якім абазначаецца жанравая група твораў (песень) у фальклоры многіх народаў, на розных этапах свайго выкарыстання меў неаднолькавае напаўненне. Па-рознаму ёнуспрымаўся ў традыцыях асобных еўрапейскіх народаў. Трапіўшы на славянскія абшары з заходніх краін, гэты тэрмін найперш замацаваўся як азначэнне літаратурнага жанру, і толькі значна пазней яго сталі прымяняць у фалькларыстыцы. Л. Салавей сцвярджае, што “балада — гэта апавядальная ліра-эпічная песня з напружаным драматычным сюжэтам, якая адлюстроўвае трагічныя калізіі ў асабістым, сямейным жыцці чалавека” [57, с. 5]. Балады прынята адносіць да пазаабрадавага фальклору, што ў адносінах да беларускіх баллад, на думку даследчыцы, не зусім слушна. Яна зазначае: “значная частка запісаў вызначана носьбітамі як каляндарна-абрадавыя песні — веснавыя, купальскія, паставыя і інш.” [57, с. 12]. Большасць баладных сюжэтаў мае выключна пазаабрадавае паходжанне і бытаванне, а сюжэты, звязаныя з абрадам, найперш цікавыя для разумення вытокаў жанру, фарміравання яго складу, вобразнасці.
Упершыню характарыстыку жанру балады ў пачатку ХІХ ст. даў А. Міцкевіч. Прыкладам служылі баладныя творы самога паэта, заснаваныя на матывах беларускага фальклору [25, с. 425]. У сваёй грунтоўнай прадмове да тома «Вершы» , напісанай у 1820—1821 гг. і надрукаванай у 1822 г. у Вільні, ён зрабіў гістарычны агляд літаратурных плыняў у Заходняй Еўропе, аддаўшы належную ўвагу як бытаванню фальклорнай балады, так і станаўленню балады літаратурнай. Томік вершаў Адама Міцкевіча змяшчаў адначасова яго ўласныя знакамітыя балады і рамансы і быў прысвечаны сябрам і паплечнікам Яну Чачоту, Тамашу Зану, Юзафу Яжоўскаму і Францішку Малеўскаму. Як адзначае Л. Салавей, “паэт выступаў наватарам, пракладальнікам новых пуцявін у паэзіі, таму ён адчуваў патрэбу ў навуковым забеспячэнні свайго выдання, у абгрунтаванні новайлітаратурнай плыні” [25, с. 425]. Стары літаратурны свет незычліва ставіўся да новай паэзіі, не разумеў яе, не ведаў і не жадаў ведаць тыя вытокі ў народнай традыцыі, што яе жывілі. Паэт пісаў: “... публікуючы гэты невялікі збор балад і вясковых песень, якія звычайна лічацца гатункам рамантычнай паэзіі, што ўсё яшчэ застаецца пад праклёнам, які кідаюць на яго сёння многія арбітры паэзіі, тэарэтыкі, а нават і самі майстры слова, адчуў неабходнасць папярэдне выказацца, папраўдзе не як мастак, а толькі ад імя тых мастакоў, характар працы якіх быў прадметам і маіх практыкаванняў” [25, с. 426]. 3 гэтых слоў бачна, што спроба тэарэтычнага асэнсавання і абгрунтавання напрамку, які паэт абраў для сябе, для сваёй творчасці, — гэта яшчэ намаганне зняцця праклёну неразумення з новай прагрэсіўнай грамадскай з’явы. Сцвярджаючы правы грамадзянства для новай літаратурнай плыні, скіроўвалася ўвага творцаў да роднага фальклору, безлічы жанраў народнай творчасці, якая да гэтага часу альбо не заўважалася, альбо невысока цанілася.
У адносінах да фальклорнага песеннага жанру тэрмін “балада” сталі прымяняць даволі позна, у канцы ХІХ ст. (У. Дабравольскі). Носьбіты народнай балады абазначалі іх як “доўгія песні”, “смутныя”, “жаласныя”, “так песні”, “быль” [10, с. 124]. Спроба збіральнікаў (У.Вярыга) аб’яднаць творы гэтага жанру пад назвай “думкі” не замацавалася ў беларускім народазнаўстве.
А. Яскевіч адзначае, што беларуская вусна-паэтычная творчасць да часу з’яўлення прафесійнай літаратуры мела даволі развітыя традыцыі народнай балады [66, с. 16]. Вялікая колькасць тэкстаў і напеваў народных балад сведчыць пра жыццяздольнасць твораў гэтага жанру, важнай іх ролі ў сучасным народны рэпертуары.
З усяго вышэй сказанага відаць, што народная балада займае значнае месца ў духоўным жыцці беларусаў. Творы гэтага жанру – адна з крыніц, з дапамогай якой можна больш даведацца пра гісторыю, традыцыі роднага краю, яго эстэтычны, маральны ідэал. Акрамя таго, народная балада паўплывала на з’яўленне літаратурнай “сястры”. Тэрмін “балада” зараз ужываецца для абазначэння ліра-эпічнага жанру ў фальклоры, літаратуры, музыцы, нават кіно. Высокія эстэтычныя і гістарычныя вартасці народнай беларускай балады, па-новаму асэнсаваныя прафесійнай літаратурай і мастацтвам, садзейнічаюць развіццю нацыянальнай культуры.
Тэксты, а пазней і напевы беларускіх народных балад прыцягвалі да сябе ўвагу на працягу ўсёй гісторыі беларускага фальклорнага збіральніцтва. Самымі вядомымі збіральнікамі і даследчыкамі жанру балад у XIX ст. былі Ян Чачот, П. Шэйн, Е. Раманаў, Я. Карскі і іншыя. Названыя фалькларысты зрабілі шмат у вывучэнні і развіцці баладных песень.
Так, напрыклад, значная колькасць тэкстаў балад была сабрана і часткова апублікавана ўжо ў 30-40-х гг. XIX ст. у зборніках Яна Чачота “Вясковыя песні з-пад Нёмана і Дзвіны” на беларускай мове або толькі ў польскім перакладзе.
У працах І. Насовіча (“Белорусскіе песні”) і П. Шэйна (“Материалы к изучению быта и языка русского населения Северо-Западного края”, “Белорусские народные песни”) мы бачым, што фалькларысты працавалі над пытаннямі класіфікацыі народных балад.
Я. Ф. Карскі ў трэцім томе сваёй працы “Беларусы” дае наступнае тлумачэнне тэрміну “балада”. На яго думку, гэта ліра-эпічныя творы, у якіх эпічныя і лірычныя элементы ўраўнаважаны [32, с. 487].
Пасля Я. Ф. Карскага вывучэнне балад, іх жанравай спецыфікі ў некаторай ступені спынілася. Толькі ў савецкі час з’явіліся працы, са зместу якіх бачна, што беларуская фалькларыстыка была пастаўлена на сур’ёзную навуковую аснову. Выходзіць спецыяльны зборнік у двух тамах “Балады” (1977-78 гг.) з уступным артыкулам, укладаннем, каментарыямі Л. М. Салавей. Упершыню ў беларускай фалькларыстыцы аўтар паспрабавала высветліць праблемы ўзнікнення і развіцця беларускай балады, разгледзець яе ідэйна-тэматычны змест і мастацка-выяўленчую сістэму.
У 1971 г. выйшла ў свет манаграфія І. Ф. Штэйнера “Беларуская балада. Вытокі жанру і паэтычная структура”, у якой на багатым фактычным матэрыяле даследчык выказвае гіпотэзу пра паходжанне жанру, дае класіфікацыю баладам, выяўляе іх нацыянальную спецыфіку, падкрэслівае самабытнасць і самастойнасць твораў.
Дасканалыя ўзоры народных балад змешчаны ў зборніку “Песні сямі вёсак”, складзеным Н. С. Гілевічам, дзе ўключаны студэнцкія запісы з цэнтральных раёнаў Беларусі. Балады аўтар вылучае ў асобныя раздзелы. Адбор праведзены з вялікай дасканаласцю, з глыбокім разуменнем мастацкай спецыфікі гэтага жанру.
Але найбольшую ўвагу заслугоўвае навукова-папулярны нарыс Н. С. Гілевіча “Наша родная песня”, дзе аўтар праводзіць шэраг трапных назіранняў пра месца і значэнне балады ў народным рэпертуары, гаворыць пра яе жанравую прыроду, тэматыку, матывы, мастацкія асаблівасці.
У манаграфіі Арсеня Ліса «Купальскія песні» (1974) баладам прысвечаны асобны раздзел. Аўтар спыніўся на агульнай характарыстыцы групы сюжэтаў, генетычна ці функцыянальна або тэматычна звязаных з летнім каляндарным цыклам народнай паэзіі, на разглядзе тых праяў жыцця, якія леглі ў аснову сюжэтных калізій. Вывучэнне ўзаемасувязі балады з каляндарнымі цыкламі з’яўляецца важным і неабходным як пры даследаванні абрадавага песеннага рэпертуару, так і пры высвятленні асобных пытанняў жанру балады. Манаграфія А. Ліса ў гэтым напрамку кладзе добры пачатак.
Заслугоўвае ўвагі зборнік вуснай народнай творчасці часу Вялікай Айчыннай вайны “Паэзія барацьбы” (1985 г.), дзе змешчаны шэраг традыцыйных баладных сюжэтаў, перапрацаваных ў адпаведнасці з трагедыйнымі абставінамі, ў якіх апынуўся беларускі народ.
У 2002 г. у свет выйшла кніга “Пазаабрадавая паэзія”. Яе асобны раздзел, аўтарам якога з’яўляецца фалькларыст Л. М. Салавей, прысвечаны баладам. Падрабязна разглядаецца гісторыяграфія, ідэйна-тэматычны змест гэтага народнага жанру. Значная ўвага надаецца разгляду мастацкіх асаблівасцей баладных песень.
У кніжцы “Беларусы. Вусная паэтычная творчасць” (2007 г.) балады вынесены ў асобны раздзел, аўтарам якога з’яўляецца К. П. Кабашнікаў. Даследчык дае класіфікацыю гэтых песень, называе асноўныя вобразы беларускіх народных балад.
Вывучэнне і даследаванне балад адбываецца і ў наш час. Праблемамі жанру займаюцца такія даследчыкі, як А. М. Багамолава (“Структурна-граматычнае выражэнне народна-паэтычнага эпітэта і яго функцыя ў баладных песнях”), Л. М. Салавей (“Беларуская народная балада”), А. Яскевіч (“Ля вытокаў жанру балады ў беларускай літаратуры”), І. Ф. Штэйнер (“Шматмоўная літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя”), К. Лецка (“У святле фальклорных вытокаў: Народныя казкі, легенды, паданні, [балады]”) і іншыя.
--> ЧИТАТЬ ПОЛНОСТЬЮ <--