Дипломная работа: Драматычныя і трагічныя калізіі ў беларускіх народных баладах
Чатыры нянечкі, шэрыя ваўкі.
Радзілі раду, раду добрую [3, с. 583].
Беларускія балады данеслі да нас шэраг міфалагічных матываў, якія сведчаць пра веру нашых продкаў у мажлівасць ператварэння чалавека ў аб'екты навакольнай прыроды: кветкі, дрэвы, каменні, рэчкі і інш. У мастацкі твор уключаецца гатовы добра вядомы архаічны матыў, які служыць большай мастацкай выразнасці твора, робіць яго глыбокім і змястоўным [12, с. 459]. З мужчынскіх вобразаў варта адзначыць зялёны дубочак – вобраз, які процістаіць жаночым вобразам з расліннага свету, хаця ні з адным з іх і не спараны (як, напрыклад, явар з калінай або з ліпай) [25, с. 487]:
Прыблудзілася к зялёнаму дубу,
Тут я, млода, начаваці буду.
Я думала, што дуб зеляненькі,
Адазваўся казак маладзенькі [3, с. 249].
Як зазначае К. Лецка, у беларускай народнай баладзе, як і ў фальклоры многіх народаў свету, набліжанасцю да рамантычнага паказу вызначаецца такая сітуацыя, калі ў знак моцнай і неразлучнай любові нябожчыкаў (звычайна хлопца і дзяўчыны) на іх магілах вырастаюць і сашчапляюцца дуб з бярозаю або зрастаюцца разам вяршочкі зялёнага явару і белай бярозы [41, с. 182]. Гэты гімн вернасці ў каханні праз алегарычныя вобразы дрэў знайшоў адлюстраванне ў рамантычнай баладзе «Дзве бярозы» Яна Баршчэўскага, у творчасці іншых паэтаў-рамантыкаў. Становяцца «дубочкамі, бярозкамі» і нават «белым камянём» героі народнай балады «Заклятае вяселле». У дадатак да таго хлопец, дзяўчына ці нявестка могуць стаць вярбою.
Народныя балады змяшчалі ў сабе вобразы не толькі дрэў, птушак, раслін, але і абстрактныя паняцці ў вобразе гора. Такія вобразы адносяцца да вельмі старажытных уяўленняў аб прадвызначанасці чалавечага шляху, аб надзяленні кожнага чалавека ужо пры нараджэнні добрай або благой доляй:
А я ў горы не радзілася,
Само гора прыкацілася.
Пайду з гора ў чыста поле,
Гора за мной катком коціць… [3, с. 452]
У простага чалавека гора жыло побач, усюды хадзіла ззаду. Праз гэты вобраз аўтар балады паказвае, што просты чалавек вельмі часта пакутаваў, яму было нялёгка па жыцці побач з горам, якое не давала спакою.
З жаночых вобразаў у беларускіх баладах бадай што самым глыбокім і яркім, “мастацкі дасканалым трэба лічыць вобраз сялянскай дзяўчыны Бандароўны, галоўнай гераіні аднайменнай балады” [14, с. 341]. Пачуццё чалавечай годнасці, жаночага гонару, мужнасць, сіла волі, здольнасць супрацьстаяць дамаганням пана, улада якога над сялянамі была неабмежаванай, сканцэнтраваны ў гэтым вобразе народнай гераіні. Яна не прымае падарункаў пана, наносіць яму нечуваную абразу, хоць ведае, што рызыкуе жыццём:
- Ой, лепей, пане Хаміцкі, у сырым пяску гніці,
Як за панам Хаміцкім у атласе хадзіці [3, с. 343].
Такім чынам, мы бачым, што беларускія народныя балады насычаны разнастайнымі вобразамі, праз якія больш дакладна характарызуецца чалавек, яго паводзіны, унутраны стан.
Такім чынам, акрэсленыя спецыфічныя рысы беларускай народнай балады гавораць пра тое, што гэта вельмі цікавы, глыбокі па змесце жанр. Баладныя песні вызначаюцца высокімі эстэтычнымі і ідэйнымі якасцямі. Пры ўсёй тэматычнай разнастайнасці балады маюць нешта агульнае, што дазваляе аб’яднаць іх у межах адзінага жанру.
РАЗДЗЕЛ ІІ. ДРАМАТЫЧНЫЯ КАЛІЗІІ Ў НАРОДНАЙ БАЛАДЗЕ
Мастацкая спецыфіка народнай балады вызначаецца яе драматызмам. Рускі даследчык фальклору С. Азбелеў адзначае, што “драматызм балады адносіцца да спосабу апавядання ў ёй, але не ўказвае на сувязь з драмай як з адным з відаў п’ес для сцэны” [ 31, с. 72]. Неабходна ўдакладніць, што ў народных баладах мы сутыкаемся з эстэтычнай катэгорыяй драматычнага, якая ўказвае на напружанасць, безысходнасць стану, абставін. Драматычны канфлікт прадвызначае супярэчнасці ў светаўспрыманні герояў і падчас іх барацьбы, спрыяе ачышчэнню (катарсісу) герояў і чытачоў або слухачоў. Г. М. Паспелаў у працы “Праблемы гістарычнага развіцця літаратуры” гаворыць, што “канфлікты, якія параджаюць пафас драматызму, — гэта сутыкненні персанажаў з такімі сіламі жыцця, з такімі яго прынцыпамі і традыцыямі, якія звонку процістаяць характарам персанажаў і якія не маюць для іх звышасабістага значэння.З такімі сіламі і прынцыпамі жыцця персанажы могуць уступаць ў проціборства, абараняючы гэтым або сваі звышасабістыя памкненні, або толькі маральныя каштоўнасці свайго прыватнага жыцця, а часам нават і такія асабістыя памкненні, якія не маюць станоўчага маральнага значэння” [49, с. 73]. Пад звышасабістым даследчык разумее грамадскія ідэалы, якія даюць людзям, якія да іх імкнуцца, годнасць, гонар, славу. “Такія ідэалы не з’яўляюцца чымсьці асабістым, выпадковым, яны не ўзнікаюць па волі асобных людзей”, — падкрэслівае вучоны [49, с. 20].
Запатрабаванням драматычнай выразнасці балады падпарадкаваны і кампазіцыя, і спосаб паказу чалавека, і сам прынцып тыпізацыі жыццёвых з’яў. Дзеянне заўсёды зведзена да аднаго канфлікту, да аднаго цэнтральнага эпізода, а ўсе падзеі, якія папярэднічаюць канфлікту, або выкладаюцца вельмі сцісла:
Жыла ўдоўка багатая,
А ў яе дочка харошая.
Пашла на бераг ложак мыць.
Яшчэ ложак не памыла,
Цёмна хмарка уступіла [3, с. 72].
або зусім адсутнічаюць, і балада пачынаецца адразу з драматычнага дзеяння:
Ой, у полі пад вішэнькаю
Там казачок забіты ляжыць,