Курсовая работа: Беларуская літаратура перыяду барока
В твоих банях, Антонине, гусята ся полоскают,
В твоей, Тибур, равнине козы душных трав нюхают.
Дасягнуўшы апагею ў сваім развіцці ў другой палове XVIIст., высокі "шціль" потым, у першай трэці XVIIIст., пачаў разбурацца знутры, пад уплывам фальклорнай стыхіі. Духоўны змест паступова выцясняўся свецкім, зямным. Адбывалася абміршчэнне рэлігійнай паэзіі. Асабліва адчувальна яно ў жанры каляднай песні (калядкі). Ад рэлігійнага зместу ў ёй застаўся толькі вонкавы біблейскі антураж. У калядках "Того дня вельмі слаўного", "У Бэтлегэме, доме ўбогім", "Нова радасць стала" і інш. знайшло адлюстраванне рэальнае жыццё сялян-пастухоў, іх паўсядзённы быт. Біблейская легенда "ачалавечвалася", набывала новы сэнс. У калядках чулліва расказваецца аб з'яўленні на свет дзіцяці, праслаўляецца мацярынства. У адпаведнасці з народнымі традыцыямі пастухі прыносяць сціплыя дары, іграюць на музычных інструментах. Кожная з дзеючых асоб калядкі "У Бэтлегэме, доме ўбогім", надрукаванай у 1726 г. у супрасльскім "Служэбніку", выдзяляецца з агульнай масы ўласным імем, характэрнай рысай:
Саўко з Яхімом, своім брацімом,
Скоро прыспелі — зараз запелі,
Форусь з Тарасом гудзелі басом,
Бутрымко з Кантом пішчат дышкантам,
Дземід з Данілом загралі міло,
Борыс з Протасом спешалі лясом,
Міхайло долом спешыў з Антоном,
Грысь з Молонёю гналі ролёю,
Роман з Ігнатом, со своім братом,
Плылі тудою Еўфрат-рэкою.
Ярэмко ў куточку, на полозочку,
Цертуху нюхаў, музыкі слухаў.
Красамоўным сведчаннем разбурэння "высокай" барочнай паэзіі з'яўляюцца таксама два беларускія рэлігійна-панегірычныя вершы ("вітанні"), напісаныя, відаць, выкладчыкам калегій Дамінікам Рудніцкім (1676— 1739) у 20-х гг. XVIII ст. Першы з іх прысвечаны прыезду ў Вільню біскупа Кшыштафа Шэмбека, другі — наведанню Пінска валынскім біскупам. Абодва вершы напісаны па канонах барока. Часта ўжываецца рэлігійная сімволіка, геральдычна-эмблематычныя метафары і параўнанні, вытанчаная гульня слоў. Але адначасова ў творах прысутнічае і жывы струмень народнай паэзіі. З'яўляюцца напаўфальклорныя ўрыўкі пра "казельчыкаў", якіх святы Казімір нібыта збіраецца карміць сваімі гербоўнымі лілеямі. Умоўнасць паступова саступае месца канкрэтнай рэальнасці:
Нуте ж, нуте, козакі, ласкавого маем,
По святых мы, грэшнікі. князя повітаем.
Он седіт хорошонькі, Рожамі кідает,
А Козельчык одін з другік перэд нім бегает.
На князюю Рожу глядят, очэнькамі луп, луп,
Рожэнькамі подкідают, ножэнькамі туп, туп.
Козельчыкі, любчыкі, зостаньцеся з намі,
Наш Казімір карміці будет ліліямі.
У параўнанні з рэлігійна-панегірычнай паэзіяй больш свецкі і дэмакратычны характар мела павучальная грамадска-філасофская лірыка. У адрозненне ад твораў высокага "шцілю" яна звязана пераважна з сярэдняй і дробнай шляхтай, школьным асяроддзем. Зместам барочнай грамадска-філасофскай лірыкі быў роздум аб чалавеку, яго прызначэнні ў жыцці. Як і ўсёй барочнай паэзіі, ёй уласціва ўнутраная супярэчлівасць. У адрозненне ад гарманічнага чалавека рэнесансавай літаратуры лірычны герой паказваецца раздвоеным, надломленым. У яго душы змагаюцца самыя розныя пачуцці: дабро і зло, любоў і нянавісць, глыбокая вера і рэлігійны скепсіс. Ён вядзе дваістае жыццё: хоча ўзяць ад жыцця ўсе асалоды і адначасова заслужыць цнатлівасцю "вечнае збавенне". Філасофская лірыка ("Сам я не знаю, як на свеце жыці", "Пара прыходзіт па шчасцію тужыць", "Я, сірата, блонкаюся, не маю радзіны", "Бывала ліха многа на свеце" і інш.) з абстрактна-маралізатарскіх пазіцый павучала чытача, у чым заключаецца дабро і зло, шчасце і няшчасце. У адрозненне ад духоўных вершаў яна абвяшчала зямную ўладкаванасць мэтай існавання ("Ах, как трудна чалавеку жыць без шчасця в млодым веку"). Найбольш важкім крытэрыем пры вызначэнні вартасці чалавека лічыліся не багацце і знатнасць, а духоўныя дабрачыннасці — працавітасць, цнатлівасць, сумленнасць. Магнаты, пазбаўленыя гэтых вартасцей, выклікалі рэзкае асуджэнне. У адным з вершаў, запісаным у пачатку XVIII ст. у Супрасльскім манастыры, мы сустракаемся з багатым феадалам, жыццё якога праходзіць у бяздзейнасці, бездухоўнасці:
Сам я не знаю, як на свети жити,
Бывши з телом, на земли Богу не грешити,
А я хощу жити и еще грешити,
А тут кажут умерти и во гробе гнити.