Курсовая работа: Беларуская літаратура перыяду барока

Зашто ж моіх Пузынов дзеці погубіла?

Чы ты птуха з того духа, сово нешчасная,

Полыкала, пожэрала в ночы прэклятая.

Ой, як віжу, быў тут госць, чарное кручышчэ,

Пабіў, паеў, палупіў простэ Мужычышчэ.

Аб'яднанае дробнае птаства рашыла ўтаймаваць злога разбойніка-крука, які паводзіць сябе, нібы жорсткі феадал, — "часто галасует", "фольгует" сваім прыдворным:

Прылецела там цецера куму поцешаці,

За нёю сойка, чайкі цётка, ела розважаці:

— Перестань жэ слёзы ліці, горэнько плакаці,

Тугу сэрцу жалоснэму вельмі задаваці.

I мы многа вельмі злога од лотра церпелі,

I покою, над водою жывучы, не мелі.

Ранной зоры прылецевшы, часто галасует,

А сороком і вароном усёгды фольгует.

Радзім тобі, яко собі, пойдзем наглядаці,

По шэрокіх і высокіх дубах шпеговаці.

А як знайдзем, будзем біці чолэм велікому

Цару орлу, над усімі птухамі старшому.

Больш вясёлая танальнасць у вершы "Птушыны збор", які потым стаў фальклорным па спосабе распаўсюджання. З народным гумарам расказваецца ў ім, як бедны верабейчык, наварыўшы пшанічнага піва, склікаў "высокіх" гасцей. Музыканты зайгралі вясёлыя танцы. На стале з'явіліся стравы, апісаныя ў гратэскным стылі ("з камарэнька тры полці сланіны злупілі"). Птушыны баль нагадвае звычайнае шляхецкае застолле, у якім свавольныя госці крыўдзяць беднага гаспадара.

У многіх гумарыстычна-сатырычных вершах высмейваецца тагачаснае духавенства ("Розмова пэвнэго метрополіты з... протопопом Слонімскім", "Гэй, на горы, на высокой цэрковця святая", "Попа ядонцэго і пса шчэкаёнцэго дэскрыпцыя"). Аб'ектам насмешкі рабіліся п'янства ("О хмелю, што он у люде чыні"), характэрныя рысы некаторых сацыяльна-этнічных груп грамадства ("Хадзіў чэрчык улечкою", "Лямант Мейлі па замкнутым Лейзары"). Крыніцай камізму ў беларускай гумарыстычна-сатырычнай паэзіі было тое, што свет паказваўся нібы "наадварот": птушкі, насякомыя, расліны аказваліся ў чалавечай, тыповай для таго часу сітуацыі. Жыццёвыя з'явы гіпербалізаваліся; спалучаліся верагодныя і фантастычныя элементы. Побач з песенна-інтымнай лірыкай гэты пласт барочнага вершатворства аказаўся найбольш плённы і перспектыўны для далейшага развіцця новай беларускай паэзіі. Тут пачыналася ўзыходная лінія, якая ў эпоху Асветніцтва дала бурлескна-травесційныя творы, а ў XIX ст. — паэмы "Энеіда навыварат" і "Тарас на Парнасе".


1.3 Проза

Дайшоўшая да нас беларуская проза перыяду барока з’яўляецца амаль што ўся парадыйна-сатырычнай. У цэлым яна працягвала традыцыі "Прамовы Мялешкі" і "Ліста да Абуховіча".

Парадыйная проза — тыповая з'ява пераходнага перыяду. Па сваім змесце і мове яна належыць ужо да новай традыцыі. Гэта ўжо не "службовае", сінкрэтычнае пісьменства сярэдневякоўя, а прадукт свядомай мастацкай творчасці з ярка выражанымі рысамі новага барочнага стылю (гратэскнасць, парадаксальнасць, шматзначнасць).

Найбольш цікавымі творамі парадыйна-сатырычнай прозы з'яўляюцца "Казане руске" і "Грамата, пісаная да святога Пятра", якія ўзніклі ў праваслаўным асяроддзі.

У "Казані рускім", напісаным (або перапісаным) у ваколіцах Клецка каля 1697 г., дасціпна парадзіруецца біблейскі сюжэт аб стварэнні Богам свету, першых людзей, іх грэхападзенні і выгнанні з раю. Усявышні нагадвае простага селяніна, які заняты штодзённымі гаспадарчымі справамі: "Под небесы сотворыв птакі: вороны, сорокі, крукі, кавкі, вороб'і і цецеры. На землі сотворыв свіні, коровы, волы, медведі і вовчыска; такжэ сотворыв лісіцы, горностаі, коты, мышы і іншыя прэўцішные зверата; і побудовав ім господ рай, плотом моцным огороділ і полацю его подперл. Тамжэ насеяв дубіны, грабіны, лешчыны, олыпыны, в огородах насеяв своклы, рэпы, рэдкі, морхві, пастэрнаку і іншого хвасту і дерэва. I ходіт собе господ, глядіт, штоб якое порося не вылезло". Стваральнік першых людзей у многім прыпадабняецца прыгонніку. Ён забараняе Адаму і Еве есці плады з дрэва пазнання, а калі яны не паслухаліся, выганяе іх з раю дратаваным бічом: "Счобы жона послушна була, счобы ся мужыка бояла. Казав жэ ім господ у раю есці свеклу, рэпу, рэдку, морков, слівкі, грушкі, яблыка і помаранчы; оно ім одного дерева заказав есці. Што ж чыніт Эва, сука незбожная, не выцерпіла собі з ліхом і заказу не слухала, штоб ей тяжкое велікое ліхо порвало; урвала яблыко, з'ела і Адамові агры(за)к дала. А Адам, не хотевшы розгневіці жонкі, з'ев. Аж прыходіт господ, лічыт яблыка, не долічывся одного; домыслілся господ, што Адам урвав; розсердівшыся, узяв біча, як у нашога пастуха, або як у панского возніцы біч дратованый, і выгнав Адама з раю".

Прыёмы пародыі і гратэску выкарыстаны таксама ў "Грамаце, пісанай да святога Пятра". Адрасату, "одвернему царства небесного", выказваецца просьба прапусціць у рай Ярмолу Аханцевіча Цюхая, чалавека прымітыўнага і нават агіднага. Пры жыцці ён "у долгом кожуху баранём без поеса і без нагавіц ходзіл, бороды і головы нікок не часал, носа нікок не уцерал, тылько язокем лізал, нохці не обрэзывал, чоботы, чэрэвікі дзёгцем мазывал, чоснак, цыбулю, рыбу гнілую, плюсквы с подлеву, грох с недзведзем огонэм вельмі рад едал, горэлку квартою брагуковсцом духом піял, у соботу на злосць ляхом ворон, сорок і мяса пожывал..." Дээстэтызацыя героя даходзіць у "пасланні" да абсурду. Таму сцверджанне, што Ярмола Аханцевіч Цюхай мае права знаходзіцца ў раі, успрымалася тагачасным чытачом як "эстэтычная правакацыя", крытыка ўсяго "нябеснага царства".

Значнымі помнікамі парадыйна-сатырычнай прозы з'яўляюцца "Прамова русіна" і "Прамова русіна аб нараджэнні Хрыста", якія ўзніклі на ідэйна-стылявым паграніччы часоў барока і эпохі Асветніцтва (прыкладна ў другой чвэрці XVIII ст.). Па сваёй арнаментальнай квяцістасці, парадаксальнасці гэта яшчэ барочныя творы. Але адначасова ў іх адчуваюцца рэлігійнае вальнадумства і антыклерыкалізм, абумоўленыя ўжо, бясспрэчна, уплывам асветніцкіх ідэй. Невядомы нам аўтар абодвух апавяданняў даволі рэзка крытыкуе тагачасную рэчаіснасць, несправядлівы падзел матэрыяльных даброт. Выкарыстоўваючы барочную алегарычнасць, ён параўноўвае свет з велізарнымі жорнамі, куды Бог, нібы зерне, засыпае людзей. Неаднолькава даводзіцца ў гэтых жорнах багатым і бедным: аднаму прыходзіцца "з лускі адзерціся, другому на крупу здзерціся, трэцёму на муку сцерціся, чацвёртаму ў пул прэцерціся, а другому і цалкам выскочыці". Гэту агульную думку аўтар ілюструе канкрэтнымі прыкладамі: "От як цепер вясны голодной мой швагер Мікуліч гэтак сцёрся, змяўся, што аж за горою заванёў. А пан Станкевіч, сват под Радушкевічы з самою выскачыў, а не без таго, што б што лускі не поцерал". Вонкава "Прамова русіна аб нараджэнні Хрыста" напісана па ўсіх канонах царкоўнага казання — нават ёсць адпаведны "эпіграф" з Евангелля ад Лукі: "I вернутся пастыры". Але выбраўшы традыцыйны сюжэт, аўтар напаўняе яго актуальным зместам. Выходзіць, што пастве трэба баяцца не столькі ваўкоў, колькі салдат, якія рабуюць усё, што сустракаецца на іх шляху: "Одно чы не жолнеры напалі. Ой, тые гэто воўкі, гэтые і з хлева хапают. Верніцеся, небожата пастухі, бо хоця ж бы і так было, вы тым ваўкам нічога не порадзіце, сама сіла пекельная тыя воўчышча палоніт, которые парасята, ягнята, яловіцы з хлевов нашых ловят". Біблейскі сюжэт парадзіруецца, "зніжаецца" бытавымі параўнаннямі ("Хрыстос маленечкі людзям на поцеху плачет, як ягнятачко малевькое блеет").

Даволі вострая крытыка рэчаіснасці гучыць таксама ў "Казанні рускем схізматычным", якое, мяркуючы па рэаліях, узнікла, відаць, у Віцебску. Мясцовых феадалаў аўтар паказаў людзьмі грэшнымі, блудлівымі. Пад маскай прыстойнасці ў іх хаваецца амаральнасць. I ў прыродзе, і ў грамадстве вонкавае аблічча падманлівае: "Пойдём в сад, поднесём глазы, аш свет прэмудры побачыш: яблыка здрадные і глазом нілые. Нарвіш его, скушай, аш горкаё і чэрвяк в нім, аднак людзі главы подымают, как солецы солоные. Прысматрыцеся цяпер людзём, так здрадная дзевіца, чарнобрывая, краснаго ліца, на голове как звезды зяют, сарафан багатой, нагруднік золотом вышыт, шыя полна коралёв, рубашка шолковая, башмакі дарагіе, ей-ей здрадная дзевіца". Такой жа вонкава прыгожай і высакароднай, а ўнутрана спустошанай аказалася прыгонніца Агата Скарынкава, якая перад смерцю завяшчала Маркаву манастыру разам з галавой і іншыя часткі свайго грэшнага цела: "Прысматрыцеся пані нашой Агаце Скорынкавай жоны, какая спажа была, вот лі в нашой цэркві православной прэстол выставіла, давала довольно кушат гевядіны, блінов і віна. Аставіла дерэвянные дворы і клеці богатые... Сама как цвет цвітушчы всякім глазом людзкім на поглят была здрадная".

Творы сатырычнай прозы, парадзіруючы кананічную літаратуру, у першую чаргу Біблію, пазбаўлялі яе арэолу бездакорнасці. А тое, што станавілася смешным, пераставала быць непахісным і грозным. Такім чынам, парадыйная плынь у тагачаснай беларускай прозе, пераважна дэмакратычная і народная па сваім змесце і адрасе, была скіравана супраць пануючай тады ідэалогіі Контррэфармацыі, падрушала аўтарытэт царквы, феадальнага ладу ў цэлым.

К-во Просмотров: 531
Бесплатно скачать Курсовая работа: Беларуская літаратура перыяду барока