Курсовая работа: Беларуская літаратура перыяду барока

О споведи не мышлю, ани теж ся каю.

Прызнаючы зменлівасць усяго існага, хуткаплыннасць часу, барочная лірыка заклікала берагчы яго, адмаўляцца ад марнасці свету. Часам такі заклік быў скіраваны на сцвярджэнне аскетычнага, сярэдневяковага ідэалу. Але ў тагачаснай паэзіі ёсць таксама нямала жыццесцвярджальных, аптымістычных радкоў:


Не всёгды зіма бывае,

по ночы дзень наступае.

Не всёгды пёруны біют

і ветры зімные выют.

На весну клён заквітае,

хоць в осень ліст опадае.

Хоць солньцэ в хмуру заходіт,

еднакжэ по небе ходіт.

У грамадска-філасофскай паэзіі пераходнага перыяду знайшла адлюстраванне сацыяльная няроўнасць ("Годін і хлеба крошкі не мает, другі перогі проч одкідает"), бесчалавечнасць феадальнага грамадства, злоўжыванні ўлад. Лірычны герой скардзіцца на няпэўнасць лёсу, неўладкаванасць жыцця ("Что я каму вінават, за что пагібаю, нідзе ад злых чалавек пакою не маю"). У параўнанні з духоўным вершаскладаннем барочная грамадска-філасофская лірыка ўяўляла сабой прыкметны крок наперад. Дзякуючы ёй сярэдневяковае бачанне рэчаіснасці паступова саступала месца больш рацыяналістычнаму светаўспрыманню: як антыпод веры ў Бога стала выступаць бязвер'е, сумненні ў яго існаванні. Рэчаіснасць пачала паказвацца ў зменлівым руху, супярэчлівым развіцці. Больш рэальным і зямным рабіўся лірычны герой. Ён ужо бліжэй не да сярэдневяковага схаласта, а да чалавека новага часу.

Цалкам да новай традыцыі належыць беларуская песенна-інтымная лірыка, свецкая па змесце і народная, гутарковая па мове. Сёння вядома прыкладна 150 яе твораў, якія захаваліся ў рукапісных зборніках другой паловы XVII — пачатку XVIII стст. (каля 10 з іх трапілі на старонкі польскіх друкаваных песеннікаў). Любоўная лірыка ананімная ў прынцыпе. Стваралася яна шкалярамі і вандроўнымі музыкамі, якія зараблялі сабе на хлеб вершам і песняй. Выконвалася яна, суправаджаючы танцы ("казачок" або павольны "падван"), у дамах шляхты і гараджан. Адтуль пранікала ў корчмы і сялянскія хаты, у народнае асяроддзе, станавілася фальклорнай па спосабе распаўсюджання.

У песенна-інтымнай лірыцы сінтэзаваліся самыя розныя традыцыі. Яна ўзнікла на скрыжаванні высокага і нізкага "шціляў". Творы гэтай лірыкі могуць быць пацвярджэннем думкі I. Галянішчава-Кутузава аб тым, што ў тагачаснай усходнеславянскай паэзіі паміж літаратурнымі і народнымі формамі "існавала непарыўная сувязь" (Голенищев-Кутузов И.Н. Славянские литературы. С. 197.). Перш за ўсё фальклорныя ўплывы праявіліся ў выкарыстанні "цытат", узятых з народных песень, пераважна вясельных ("А ў святліцы пры скамніцы в цымбаленькі б'ют, а ўжо ж маю девчыноньку до шлюбу ведут"). Некаторыя творы ўвогуле ўмела стылізаваны пад фальклорныя ("На даліне мак, мак", "Ой, я ў лесе не была"). Асабліва важна падкрэсліць, што ў тагачаснай інтымнай паэзіі прысутнічае народны погляд на каханне, які далёкі ад рэлігійнага пурызму, вызначаецца цвярозасцю і жыццёвай мудрасцю. Лірычныя героі — пераважна людзі дзеяння, актыўна змагаюцца за сваё шчасце. Асуджаецца шлюб, заснаваны на разліку, сацыяльнай няроўнасці ("Анусю, сардэнька, паліш маю душу"). Пачуццёвае каханне трактуецца як натуральнае права чалавека, у тым ліку і жанчыны ("Ой, прыехаў мой міленькі дай з войнонькі"). Горача пакахаўшы, дзяўчына не зважае ні на суседзяў, ні на абмовы "варажэнькаў", ні на пагрозу пекла ("Я пасцеленьку свому галубеньку мягка перэслала"). Урэшце, для любоўнай лірыкі характэрна шырокае выкарыстанне народных выяўленча-стылявых сродкаў. Часта сустракаюцца фальклорныя параўнанні, звароты, метафары, эпітэты (ой ты, девчына, чырвона каліна; вышла міла крашэ злота; дзеўча маё маладое), памяншальныя формы (не туж галовунькі, знайдзем спасобунькі). Як і ў народнай песні, лірычны герой інтымнай паэзіі надзелены самымі агульнымі рысамі: калі гэта хлопец, то ён "ні мал, ні вялік, сярэдні чалавек", "румян, харашэнька ўбран", калі гэта дзяўчына, то яна "з беленькім лічыкам і з харошымі вочанькамі", бялявая або чарнявая, "харошая малада". Фон, на якім яны дзейнічаюць, акрэслены таксама абагульнена: закаханыя сустракаюцца ці развітваюцца ў тыпова вясковых абставінах — там, дзе "цякуць рэчанькі, шумяць дубровы", "у цёмненькім лесе, у частай букавіне" або "ў вішнёвым садочку". Чалавек неаддзельны ад персаніфікаваных сіл прыроды:

Не зроділі ягодонькі, не зроділі полунічонькі,

Мінулісе жарты мое і позніе вечорнічэнькі,

I зроділісе ягодонькі, зроділісе сюнічэнькі,

Ожэнілсе мой міленькі, а я пойду в чэрнічонькі.

Побач з тым у беларускай песенна-інтымнай лірыцы выразна адчуваюцца літаратурна-кніжныя вытокі, уплывы польскай і заходнееўрапейскай паэзіі. Ад сярэдневяковых традыцый ішлі частыя апеляцыі да звышнатуральных сіл, пасіўнасць перад наканаванасцю лёсу. Ад Рэнесансу — праслаўленне радасці жыцця, неадольнай сілы кахання. Асабліва выразнае ўздзеянне барока, ад якога беларуская інтымная паэзія пераняла дэкаратыўнасць, канкрэтнасць, парадаксальнасць, ускладнёнасць рытмікі і строфікі, вытанчанасць рытарычных фігур. Побач з актыўным лірычным героем выступае герой пасіўны, напоўнены ўнутранымі супярэчнасцямі. Каханне для яго — пачуццё зменлівае, нелагічнае, дысгарманічнае. Яно неаддзельнае ад пакут, спалучае ў сабе шчасце і няшчасце, слодыч і горыч. Гэта — хвароба, цяжкая служба, бяда, няволя, але няволя прыемная, "салодкая":

Неволюнька ж моя з вамі,

З хорошэнькімі очэнькамі,

Шчо мне спаці не даеце,

Тугу сэрцу задаеце.


Барочная песенная лірыка перадае ўсю "шкалу" інтымных пачуццяў — ад цнатлівага уздыхання да бурнай страсці і яўнага эратызму. Лірычныя героі праходзяць праз розныя выпрабаванні і перашкоды: іх разлучаюць бацькі, зайздроснікі, сацыяльныя абставіны. Хлопец імкнецца на Украіну, каб там разам з "козачэнькамі" ваяваць супраць "варажэнькаў", а вярнуўшыся адтуль, застае каханую з іншым "нелюбам". Але такія калізіі здараюцца рэдка. Лірычныя героі звычайна вызначаюцца высокімі маральнымі якасцямі. Яны маюць пачуццё ўласнай годнасці, імкнуцца жыць сумленна ("Тотчас сваім варажанькам завяжэм губу, калі з табою, любаньку, станема да шлюбу"), здольны самааддана і трывала кахаць ("Буду ж я цебе так крэпка любіці, всім в перэсаду, покуль буду жыці").

Дзякуючы песенна-інтымнай паэзіі прыкметны крок наперад зрабіла беларускае вершаскладанне. Большасць твораў напісана ў форме лірычнага маналога, але нярэдка сустракаюцца і разгорнутыя дыялогі ("Тэкст скочны", "Тэкст втуры тэй жа кампазітуры"). Удасканаліліся строфіка і рытміка. Сілабічнае вершаскладанне змянялася сілабатанічным. Побач з граматычнай рыфмай з'явілася разнародная, дысанансная (пахілая — пакіну я, настаў — не спаў). У параўнанні з духоўнай паэзіяй прыкметна ўзбагацілася лексіка: у ёй вельмі шырокая народная, гутарковая стыхія, але часта сустракаюцца і запазычанні з украінскай, рускай і польскай моў.

Лепшыя творы беларускай песенна-інтымнай лірыкі з'яўляюцца значным укладам у паэзію славянскага барока. Яны і сёння хвалююць глыбінёй, сілай і непасрэднасцю пачуццяў.

Урэшце, да "нізкага", напаўфальклорнага барока належыць гумарыстычная і парадыйна-сатырычная паэзія, якая высмейвала розныя заганы тагачаснага грамадства. Надзённы змест пададзены ў ёй у алегарычна-метафарычнай форме. Часам парадзіраваліся рэлігійныя творы, афіцыйныя дакументы. Гумарыстычныя і сатырычныя вершы блізкія да песень. Некаторыя з іх (вершы пра нягоды камара, жучка) сустракаюцца ў рукапісных песенніках разам з нотамі.

Найбольш цікавыя творы беларускай гумарыстычна-сатырычнай паэзіі часоў барока — так званыя "звярыныя гратэскі": "Птушыны баль", "Нязгода птаства і сонд на крука", "Апісанне птушынай хворасці", "Камара цяжкі з дуба ўпадак". Не выключана, што аўтарам некаторых з іх быў Д. Рудніцкі. У "звярыных гратэсках" іншасказальна, вонкава абсурдным чынам гаворыцца аб прыгодах жыхароў "ляснога царства" — звяроў, птушак, насякомых. Пад крыху завуаліраванай алегорыяй угадваюцца рэальныя клопаты і нягоды людзей, пераважна дробнай шляхты. Вострая сацыяльная крытыка гучыць, напрыклад, у вершы "Нязгода птаства і сонд на крука", дзе моцныя "птахі" чыняць здзекі з дробнай "галоты":

Ой, крычала, верэшчала чайка на болоце,

Прэклінада і плакала, паўшы гдэесь пры плоце:

К-во Просмотров: 529
Бесплатно скачать Курсовая работа: Беларуская літаратура перыяду барока