Курсовая работа: Канцэптуальны аналіз часопіса "Студэнцкая думка"
Звернемся да праграмнага артыкула ў №1 за 1998 год, дзе часопіс акрэслівае свае мэты і напрамкі дзейнасці:
“На старонках гэтага выданьня мы будзем шукаць магчымасьці для самарэалізацыі асобы як у навучальнай сфэры, так і ў прасторы грамадзскай актыўнасьці. Мы будзем знаёміць Вас з рознымі сыстэмамі вышэйшай адукацыі, якія існуюць ў сьвеце, з праблемамі і дасягненьнямі дзяржаўных і недзяржаўных ВНУ”.[ 13;1 ] У адпаведнасці з акрэсленымі напрамкамі, у 1998 годзе ў часопісе друкавалася праграма грантаў на 1998-1999 годы, інфармацыя пра палітычную кар’еру ў Бельгіі, размеркаванне студэнтаў, артыкул пра ESIB (нацыянальныя студэнцкія саюзы ў Еўропе), новы офіс Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, платнае навучанне, правы і абавязкі пры працаўладкаванні, а яшчэ - артыкулы пра вандроўкі. У адрозненні ад віленскай “СД” і “СД” часоў Перабудовы зусім малы акцэнт робіцца на нацыянальнае пытанне: відаць, часы змяніліся. Шмат інфармацыі пра навучанне за мяжой: адсюль можна зрабіць выснову, што стваральнікі часопіса жадалі, каб беларусы адчулі сябе часткай Еўропы. Яшчэ журналісты “Студэнцкай думкі” – за дэмакратычную Беларусь, як можна заўважыць па некаторых артыкулах. У матэрыяле “Міты і рэальнасць “трэцяга сэктару” “ заўважаецца, што грамадскія аб’яднанні (а “СД” выдавалася ЗБСам) спрыяюць дэмакратычнасці грамадства.
З 1999 года часопіс становіцца каляровым, выдаецца на глянцавай паперы. Варта адзначыць, што вокладкі – надзвычай яркіх колераў. Часопіс моладзевы, а маладыя не любяць шэрань. Змяняецца і тэматыка выдання. Да артыкулаў на студэнцкую тэму дадаюцца артыкулы па самых розных пытаннях: псіхалагічныя парады, карысныя для маладога чалавека, культурніцкая тэматыка, зноў жа – вандроўкі. Выходзіць серыя матэрыялаў пра газеты, якія сімпатычныя часопісу. Тут ужо праяўляецца нацыянальная пазіцыя: журналісты выдання заўважаюць толькі беларускамоўную прэсу. Яны аналізуюць газету “Звязда”, “Навінкі”, “Наша ніва”. Нацыянальная пазіцыя з’яўляецца і пры напісанні артыкула пра Казіміра Малевіча: робіцца акцэнт на тым, што мастак быў беларусам-каталіком.
У 2000 годзе на старонках выдання з’яўляецца новы для “Студэнцкай думкі” жанр – рэцэнзія. Музычныя рэцэнзіі – спачатку на альтэрнатыўную еўрапейскую музыку, потым і на беларускую. Рэцэнзіі на літаратурныя творы. На мой погляд, гэта сведчанне таго, што выданне развівалася. Бо рэцэнзія – няпросты аналітычны жанр.
“Студэнцкая думка” канца 90-х вымалёўвае свой ідэал студэнцтва (у прынцыпе, гэты ідэал сугучны папярэднім “Студэнцкім думкам”). Студэнт, на думку стваральнікаў часопіса, мусіць быць актыўным. Навучэнка гістарычнага факультэта Наталля Арлова піша артыкул “Студэнты на барыкадах” пра хваляванні ў Парыжы ў 1968. Матэрыял Ірыны Кароль “Шэры таксама колер” – пра пасіўнасць беларускіх студэнтаў.
У 2001 годзе сурэдактарам “Студэнцкай думкі” становіцца Сяргей Сахараў. Мікола Шакель, таксама сурэдактар, паведамляе: “Калі прыйшоў Сахараў, мы пачалі рабіць папсовы часопіс”. [29; index.pl?theme=nn/2004/20&article=shakielj ]
Эвалюцыя працягваецца, часопіс не стаіць на месцы, часопіс змяняецца. Час вымагае новых пасад: у “Студэнцкай думкі” ужо ёсць арт-дырэктар, офіс-менеджэр. Цяпер ён пазіцыянуе сябе як "суб'ектыўнае выданне для нахабных і разумных маладых людзей 16-25 год". У часопіс у гэты час пісалі Марыйка Мартысевіч, Аркадзь Гвер, Макс Агееў, Алеся Серада…
Дызайн становіцца ўсё болей альтэрнатыўным. Тэмы – моладзевая субкультура, альтэрнатыўная музыка, кіно, ўсемагчымыя мерапрыемствы, літаратура… “Студэнцкая думка”, на мой погляд, прыклад таго, як адказна журналіст мусіць ставіцца да выбару тэму, не ленавацца быць арыгінальным. Многія з тэм, якія закранала “Студэнцкая думка” (асабліва позні перыяд, 200-я), больш не закранаў ніхто ў Беларусі. Сквоты, анархісцкая акцыя FoodnotBombs, HospitalityClub… Артыкулы пачынаюць пісацца ў куды больш самабытным стылі. №1 за 2003 распачынаецца так:
“Ведаеш, даўно хацеў сказаць: мы – сынтэтычныя людзі.
… Сынтэтыка пачалася, калі твая матка ўпершыню нацягнула капронавыя калготкі.
… І калі табе ўсё яшчэ хочацца натуральных пахаў, тэатру замест галівудзкіх блёкбастэраў і сэксу бязь лятэксу, паспрабуй час ад часу зьмяняць сынтэз аналізам, лічбавы гук аналягавым, а мясцовы джын-тонік – сокам. Варта быць натуральным”. [18 ; 2003 ] Спецыфічнымі, экперыментальнымі становяцца загалоўкі. “Дзе сьпіс дзеў?” – так называецца матэрыял Аркадзя Гвера пра крадзеж сярод моладзі ў №10 за 2005 год. “ХАБА-ХАБА. Каму даць, каму даць, каму голаву зламаць?” – артыкул Шуры Лепель пра хабар выкладчыкам. (Заўважым, што менавіта нефармальна Шура, а не Аляксандра, напрыклад. Часопіс для моладзі!)
“ «Мова мусіць быць арганічнай. Таму мова «CD» набліжана да жывой, вулічнай», — кажа Сяргей Сахараў , рэдактар «Студэнцкай думкі». «CD» штонумар уводзіць у мову дзясяткі раней не ўжываных словаў. Часопіс, напрыклад, актыўна запазычвае для беларускай мовы з ангельскай.
«Адно зь першых слоў, якія мы прыдумалі, — кажа Сахараў, — «клабэліці». З ангельскага «клюбная эліта». Стварылі слова адмыслова для верасьнёўскага нумару за 2002 год. Ён быў прысьвечаны клюбнай культуры. Тады нам здавалася, што клабэліці — крутыя, але калі б пісалі пра тое ж сёньня… Стаўленьне было б дакладна іншым. Сюды ж дадаў бы слова «клабэрша» — дзяўчынка, якая сэнсам свайго жыцьця бачыць бадзяньне па клюбах»”. [29;index.pl?theme=nn/2004/20&article=CD]
Мова “Студэнцкай думкі” 2000-х – гэта англіцызмы, слэнг, размоўная лексіка ледзь не ў кожным сказе. Тусіць, студык, унівэр, забугорны ўнівэр, прыкольна, рэмэйкі, тупіць, трындзючы яшчык, рэбрэндзіцца, гаўняць… Гэтыя словы могуць прывабіць пэўны моладзевы асяродак. І, улючваючы тое, што часопіс – беларускамоўны, зрабіць родную мову сучаснай, моднай. А на думку некаторых кансерватыўных асобаў – засмеціць лексіку.
Сяргей Сахараў кажа пра часопіс: “Мы ідзем на крок наперад. «CD» — гэта не андэрграунд, а авангард беларускага прарыву”. [30;online/?a=con&b_id=571&c_id=6757] Святлана Курс піша:“Канцэпцыя «СтуДумкі» — «шэры глянец». «СD» — ці яна табе ідзе, ці скандалізуе цябе або выклікае пагарду — прымушае прызнаць: гэта новае, такога раней не бывала. Нешта нябачанае сярод белмоўных выданьняў. Нічога супольнага з традыцыйнай «роднай старонкай» etc. «СD» адрозьніваецца таксама ад глянцу часопісаў тыпу «Мэнз Хелс». «СD» хаваецца пад абалонкай глямуру і моцна косіць пад глямур. Але гэта «разумны глямур», калі форма ад аднаго, а зьмест і IQ — з прэтэнзіяй на зусім іншае”. [30; index.pl?theme=nn/2004/20&article=shakielj ]
У 2003 годзе часопіс пазбаўляюць рэгістрацыі. “Студэнцкая думка” выходзіць цяпер накладам 299 асобнікаў. Сяргей Сахараў кажа ў інтэрв’ю ў 2004 годзе:
“З Задзіночаннем беларускіх студэнтаў цікавая сітуацыя: улады яго зачынілі, але ліквідацыя належным чынам завершана не была. Два гады мы валэндаемся без заснавальніка. Калі мы пачалі перарэгістроўвацца на новага заснавальніка, выявілася, што дакументы, апрача мноства іншых інстанцый, трэба скіроўваць адукацыйнай камісіі Мінскага гарвыканкама. Яна мусіла зрабіць нейкую экспертызу нашага выдання і даць заключэнне. А яны высветлілі, што, аказваецца, у Беларусі і так «шмат моладзевых і дзіцячых выданняў», нашая сетка распаўсюду «не ўяўляецца цікавай» — нейкім клеркам ці іхным босам, не ведаю, — і мы не ахопліваем усёй моладзі дый яшчэ парушаем «маральна-этычныя нормы беларускай моладзі». Па шчырасці, нам начхаць. Ёсць рамкі гульні, калі гэтыя рамкі перастаўляюцца і пашыраюцца па прыхамаці нейкага чыноўніка, мы не абавязаныя з гэтым лічыцца. Мы сябе пазіцыянуем яклюдзі са здаровым Розумам”. [28;online/?a=con&b_id=571&c_id=6757] 15 лістапада 2005 года часопіс канфіскуюць з крамаў. “17/11/2005, 17:45 ЧАСОПІС CD / “СТУДЭНЦКАЯ ДУМКА” ЗАРАЗНЫ? - гэта падстава!
“Теперь “Студэнцкая Думка” запрещена,” - с такими словами 15 ноября в модных магазинах и бутиках Минска сотрудники милиции изымали бесплатный (free) молодежный журнал. С сотрудников магазинов, в которых распространялся CD, была взята расписка о том, что они больше не будут распространять этот журнал. Никто не может толком сказать, что произошло”. Такое поўнае трагізму паведамленьне даслалі на электронны адрас CD / “Студэнцкай Думкі” ананімныя зычліўцы...
… Як паведамляюць відавочцы, фанатычна адданыя сваёй справе людзі ў форме і безь яе нават рызыкавалі здароўем, абы сканфіскаваць часопіс, надрукаваны, як яны казалі, “вельмі шкоднай фарбай”.
Сваім жа чытачам і прыхільнікам нагадваем: для вас CD была і ёсьць free. У інтэрнэт-фармаце, у фармаце оф-лайну – гэта няважна. Тут і так усё зразумела: STAY FREE – і будзе нам шчасьце!” [27; articles/index.php?t=3id=531&id=294 ]
Вось так і скончылася гісторыя папяровага часопісу “Студэнцкая думка”. Часопіс 1998 года – выданне з даволі традыцыйным стылем, якое прапагандавала, аднак, еўропейскія каштоўнасці. Часопіс 2005 мае экперэментальны для Беларусі дызайн, вельмі альтэрнатыўную моладзевую мову.
3.3. Multimedia СМІ CDMAG .
З 2006 года выданне трансфармуецца ў унікальны для Беларусі фармат мультымедыя і выходзіць на CD (на 1 альбо на 2). Распаўсюджваецца бясплатна, праз пошту, праз пэўныя крамы альбо праз моладзевыя вечарыны. (Мяркую, пры падрымцы еўрапейскіх грантаў для развіцця нацыянальнай культуры) Мультымедыя – гэта флэш-анімацыя, традыцыйны тэкст, відэа-сюжэты, аўдыё-запісы. Журналісты выдання, як сапраўдная моладзь, ідуць наперадзе. Стыль мовы – такі ж моладзевы і альтэрнатыўны, як быў часопісе. Кожны CD мае дызайн, не падобны да папярэдняга, няма нумарацыі, журналісты захоўваюць сваю ананімнасць, каб пазбавіцца лішніх праблемаў.
Безумоўна, з такім фарматам чытач-глядач прывязаны да камп’ютара. Але ж аўдыторыя – гэта моладзь, студэнцтва, сярод якога пераважная большасць – карыстальнікі камп’ютара.
Кожны нумар выдання – гэта пэўная тэматыка.“CDMAG. 34. Musicup” прысвечаны беларускай музыцы, “Eco/ aside” – экалагічнаму ладу жыцця, “Celluloid” – моладзеваму DIY-кіно, ролікам і мульцікам. На вокладцы “Celluloid”а чытаем : “Калі твой тата здымаў аматарскія кіношкі на васьмімілімэтровую стужку, яго, напэўна, лічылі самым прасунутым на раёне. … У эпоху newmedia тое, што ты паўсюль ходзіш з лічбавай камерай і здымаеш кіношку, ма(дэ)люеш у 2D і 3D, можа зьдзівіць хіба што 82-гадовую Сьцяпанаўну зь вёскі Малыя Драчкі. “Маладыя, канцэптуальныя і прыкольныя” кіношнікі і аніматары, калі верыць рэкляме лічбавай тэхнікі, літаральна валяюцца пад нагамі” [22; Celluloid]. З гэтай прадмовы да “Celluloid”а можна зрабіць шэраг высноваў.
CDMAG не толькі прагрэсіўны ў дызайне, але ж і закранае з’явы ў беларускім грамадстве самыя найноўшыя. З гэтага тэксту можна зразумець, на якую аўдыторыю разлічана СМІ. Гэта тая моладзь, якая не баіцца новага, творчая альбо з інтарэсам да найсучаснейшай творчасці. Акрамя гэтага, згодна з прыведзеным вышэй тэкстам, можна вызначыць, што ўяўляе пэўны, магчыма, найбольш прагрэсіўны ў некатоых аспектах моладзевы асяродак Беларусі. Маючы доступ да Інтэрнэта і тэхнікі – камп’ютара, лічбавага фотапарата, камеры – яны пішуць графаманскія опусы, а падчас і сапраўдныя літаратурныя творы ў LiveJournal, шмат фатаграфуюць і робяць калажы ў FotoShop’е.
Такім чынам, CDMAG працягвае традыцыі часопіса “Студэнцкая думка”: закранае тыя ж моладзевыя альтэрнатыўныя тэмы, з тым жа слэнгам і англіцызмамі, але ў новым фармаце мультымедыя.
Заключэнне
“Студэнцкая думка” – адно з самых старэйшых моладзевых выданняў Беларусі. У Заходняй Беларусі, а затым падчас Перабудовы часопіс прытрымліваўся выразных нацыянальных пазіцыяў, што было характэрна для таго часу. У перыяд канца 90-х – 2000-х СМІ адыходзіць ад строгай беларускай нацыянальнай накіраванасці. Ён пазіцыяную Беларусь як частку Еўропы, пачынае эксперыментаваць з мовай, вылучаецца альтэрнатыўнымі і неардынарнымі тэмамі. З 2006 года выходзіць у прагрэсіўным фармаце мультымедыя.
“Студэнцкая думка”, уводзячы ў беларускую мову шмат слэнгу і англіцызмаў, робіць мову больш сучаснай і цікавай для моладзі, на думку адных. На думку іншых, засмечвае лексікон.
На дадзены момант CDMAG - самае незвычайнае, але ж немасавае моладзевае выданне Беларусі.
Дадатак 1.