Курсовая работа: Стылёвыя асаблівасці лірычнай прозы Ул. Караткевіча
У той час беларуская літаратура развівалася паскорана. За восем-дзесяць год яна прайшла шлях, на які еўрапейскія краіны патрацілі стагоддзі.
У адпаведнасці з агульнымі законамі ў нашай літаратуры бурна развівалася паэзія, пераважна лірычная. Паэтычны эпас з’яўляецца пазней, калі лірыка дасягae пэўнага ўзроўню. Поруч з паэтычным эпасам развіваецца проза і нацыянальная драматургія. Паводле А. Лойкі “да нацыянальнай прозы і драматургіі беларуская літаратура шмат у чым ішла цераз жанр паэмы [5, c. 48].
А. Адамовіч у артыкуле “Паэтычнае вярхоўе беларускай прозы” пісаў, што “беларуская проза рабіла свае крокі, абапіраючыся на вопыт паэзіі, яе формы, шырока выкарыстоўваючы паэтычную стылістыку, паэтычную трансфармацыю фальклору” [2, c. 59].
На першым этапе свайго развiцця ў пошуках лiрычных сродкаў проза звярталася да арсенала народнай паэзii, народнай песеннай творчасцi, дзе лiрызм быў ужо ў гатовых запевах, паралелiзмах, багатым паэтычным сiнтаксiсе, высокай метафарычнасцi, а пераноснае аўтарскае i фiласофскае мысленне мела форму паэтычных вобразаў – алегорый.
“У структуры псiхiкi беларусаў прысутнiчае спецыфiчная лiрычная субстанцыя, што дыктуе свае законы непасрэдна маўленню, якое ў сваю чаргу ўздзейнiчае на саму псiхiку. Мова – адлюстраванне мыслення нацыі, а ў беларусаў мысленне надзвычай лірычнае. У структуры псіхікі беларусаў прысутнічае спецыфічная лірычная субстанцыя, што і дыктуе свае законы непасрэдна маўлення” [2, c. 22].
Пачатковы этап развіцця беларускай прозы характарызаваўся багаццем малых жанравых форм: замалёўка, абразок, імпрэсія, прытча, навела, апавяданне. Сталасць літаратуры – з’яўленне буйных жанравых форм – прыйшло ў беларускую літаратуру ўжо на пачатку 20-х гадоў (раман “Сокі цаліны” Ц. Гартнага, “Золата” Ядвігіна Ш. і інш.). Асаблівасцю развіцця тагачаснай беларускай прозы было тое, што яна адначасова абапіралася на фальклор і кніжна-літаратурныя традыцыі.
На пачатку развіцця беларускай прозы лірызм праяўляўся ў розных формах. Паколькі проза адштурхоўвалася ад фальклору, выкарыстоўвала мастацкі вопыт паэзіі і паэтыку фальклору, то лірычны пачатак быў моцны ва ўсіх празаікаў, але згодна з асаблівасцямі мастацтва і таленту атрымаў розны узровень рэалізацыі.
У другой палове ХХ стагоддзя лірычная проза стала адной з прыкметных з’яў часоў адраджэння надзей, хрушчоўскай адлігі як вынік распрыгоньвання і адкрытасці душы мастакоў, звернутых да чалавека, прыроды, усяго навакольнага свету. Пісьменнікам хацелася нераўнадушна, зацікаўлена расказаць пра падзеі, удзельнікамі якіх яны былі самі, адкрыць чытачам патаемныя мары. Яны захапляліся і захаплялі кожнай драбніцай жыцця, укладваючы ў расповед пра яе часцінку сэрца. Суб’ектыўная ацэнка стала дамінавальнай, аўтарскае “Я” – усюдыісным, вышэйшым за “Мы”. З’явілася “проза паэтаў”. Проза пачала ўпрыгожвацца яскравымі дэталямі, тропамі, рытмізавацца. Сюжэт (падзейны) “размываўся”, паслабляўся. На эпічную апавядальнасць наслойвалася лірычная спавядальнасць, што адчувальнае і ў сучаснай прозе. Падобныя тэндэнцыі адбываліся ў рускай, украінскай, прыбалтыйскіх і іншых літаратурах.
Такім чынам, зыходзячы з вышэйсказанага, да лірычнай прозы Ул. Караткевіча можна аднесці яго эсэ (“Дыяментавы горад”, “І будуць людзі на зямлі”, “Песня з паўночных Афін” і інш.), нарысы (“Вiльнюс–часцiнка майго сэрца”, “Вязынка”, “Казкi Янтарнай краiны”, “Мой се градок!”, “Рша камен...” і інш.), эпісталярныя і дзённікавыя творы, а таксама апавяданне “Подыхі продкаў”, жанр якога сам Ул. Караткевіч вызначыў як “экспрэсія”.
2. Стылёвыя асаблівасці лірычнай прозы Ул. Караткевіча
Пры аналізе твораў мы будзем карыстацца наступнай схемай:
1. Прысутнасць аўтарскага “я” ў тэксце.
2. Выкарыстанне вобразных сродкаў (стылістычныя фігуры і тропы).
3. Наяўнасць гістарызмаў, дыялектызмаў, аказіяналізмаў і спецыяльнай лексікі.
4. Асаблівасці структуры тэксту.
2.1 Эсэ
Для аналізу мы возьмем эсэ “Абраная”, “Твой зорны шлях”, “Балады камяня”.
Эсэ “Абраная” – аўтарская пераасэнсоўка асабістага жыцця. Эсэ прасякнута любоўю да “цёткі” Украіны, якая на пэўны час замяніла Ул. Караткевічу, маці Беларусь.
Аўтар паўстае перад намі праз займеннік “я” і яго склонавыя формы “мой”, “майго” і г.д., а таксама праз дзеяслоў першай асобы адзіночнага ліку ( Каб мяне занесла туды (а хацеў!) – усё гэта таксама было б наканаванне, лёс, прароцтва аб будучым, памятаю, ведаю і г.д[1] .) ; праз займеннік “ты” і дзеясловы другой асобы цяперашняга часу адзіночнага ліку (Чытаеш цяпер кнігі, бачыш: "укладальнік такі", "прадмова такога", "пераклад з іспанскай і каментарый таго і таго", а сам успамінаеш, як жылі ў адным калідоры, па суседству, як здабывалі на хлеб, як разам спявалі, як вырашалі сусветныя праблемы, як зацята спрачаліся аб паэзіі, праўдзе, любові да радзімы і проста любові, і зноў, і зноў аб паэзіі). У тэксце адчуваецца накіраванасць на удзел чытача, яго як быццам запрашаюць да дыскусіі, гэта выражаецца праз пытальныя сказы (...А можа, і сапраўды лёс?; ...Фаталізм? ). Ужыванне займенніка “наш”, “мы” дазваляе чытачам адчуць сваю прыналежнасць да сомага аўтара (бераг майго і твайго Дняпра) , яго аўдыторыі, а таксама да ўсяго народа. Прычым аўтар стараецца аб’яднаць не толькі беларусаў, а і тры славянскія народы (…былі ля Дняпра. Агульнага – рускага, беларускага і ўкраінскага. Нашага).
Аўтар выражае сваё “я”, сваё стаўленне да таго, што навокал, таксама і праз клічныя сказы, звароткі (А каб вас бог любіў! І тут была Гісторыя. Ды яшчэ якая, Малюся за цябе, Укріїна).
Звяртанне аўтара да фальклору дапамагае стварыць дадатковыя вобразы, цяпер ужо нацыянальнага характару. Выкарыстанне прыказак, народных выслоўяў (Смерць і жона ад бога суджона, суджанай ды каханай і на крывых аглоблях не аб'едзеш, бач ты, меўся ўтапіцца, а трапіў на шыбеніцу, і ўсё ж яго да Мар'і вяло, а тут крутанулася жыццё–і ён з Наталяй. Лёс.) стварае ілюзію далучэння да скарбонкі народнай мудрасці.
Вобразныя сродкі аўтара адрозніваюцца разнастайнасцю. Гэта і эпітэты (яблычна-аранжавы, барвяна-індзейскія галіны, бунтарская чырвань, любоўная, п’яная асалода, сінія прывіды мора, пляміста-чорны, знявечанае, абвугленае, прастрэленае, узарванае сэрца і інш ), і метафары (келіх з разліўнога мора ідэй і тэорыі, мора крыві і роспачы, карыта паміж узгоркамі, добрай цётцы маёй Украіне і інш.) , і метаніміі (горад прачнуўся ад страшнага сну, ён адкрываў сваё, асэнсаванне нашага ўчора, народ прыдумаў, жылі ў адным калідоры, скажы народу, як сказаў тое Шаўчэнка і Талстой). Ул. Караткевіч выкарыстоўвае спецыфічныя ўвасабленні, то ў яго памяць “падсоўвае здарэнняў ”, тыя “бяруць вас за руку і ўладна вядуць ”, ручнік яго дзядулі “перажыў і дзеда і вайну ”, “конная статуя кліча ” і г.д.
Па словах В. І. Іўчанкава, “адным з самых распаўсюджаных тропаў у творчасці Ул. Караткевіча з’яўляецца параўнанне” [3]. Аўтарскія параўнанні адрозніваюцца разнастайнасцю, навізной як канструкцыйна, так і сэнсава-эстэтычна. Суб’ект і аб’ект параўнання прымаюць досыць нечаканыя формы: у адным выпадку гэта просты суб’ект і разгорнутае выказванне-аб’ект (ненармальнае, як нявеста ў глыбокай жалобе ), у другім – складаныя абедзве часткі (звісаючы адным колам над стромай нібы на апошніх ударах сэрца) , у трэцім – разгорнуты суб’ект і просты аб’ект (стары зялёны тэатр падобны ўначы на марсіянскі цырк і інш.) , маюцца таксама параўнанні з аднаслоўным суб’ектам і аб’ектам (адзіны як перст).
Часта аўтар выбірае кантэкстныя параўнанні (Вонкава цэлы, ён [горад] толькі пры набліжэнні да Крашчаціка адкрываў воку сваё знявечанае, абвугленае, узарванае, прастрэленае сэрца. Чалавек з прастрэленым сэрцам памірае…). Параўнанне горада з жывым арганізмам, які таксама напакутаваўся за вайну, стварае спецыфічны лірычны настрой. А таксама параўнанні сябе (мне суджана было пазнаць апошнюю любоў да самай жалю вартай былінкі) , што больш дакладна перадае адценні аўтарскіх пачуццяў.
Пастаяннае параўнанне Украіны з Беларуссю (І, паверце мне, пірамідальная таполя, якая аджывае ад агню, выпусціўшы першы зялёны парастак, такі слабенькі, выклікае ў сэрцы пачуццё такога самага жалю і смутку і палёгкі, як першы парастак, які выгнаў для жыцця абсмалены беларускі дуб. Каб не беленькія хаткі і не перавага лістоўных дрэў, то дужа лёгка і проста было ўявіць сябе недзе на старой дарозе паміж Навагрудкам і Любчай. А каб гэтыя лістоўныя дрэвы нам, то гэта былі б проста нейкія там лясістыя грывы пад Лагойскам ці Оршай) наводзіць чытача на думку аб прыгажосці роднай краіны, сведчыць аб патрыятызме аўтара.
Выкарыстоўвае Ул. Караткевіч і супрацьпастаўленне (Чалавек з прастрэленым сэрцам памірае. Горад і краіна не паміраюць, пакуль б'ецца сэрца хоць аднаго іхняга сына і дачкі), а таксама плеаназмы (Звычайныя выпадкі са звычайнага жыцця і інш.), перыфразы (зрабіцца ўкраінскай зямлёй, а мог бы і беларускай, тайнае тайных, марсіянскі шлем, скачуць зайчыкі рознай формы і інш.) для падкрэслівання сваёй думкі, для надання ёй большай выразнасці.
Што тычыцца стылістычных фігур, то тут Ул. Караткевіч карыстаецца разастайнымі прыёмам, такімі як градацыя (наканаванне, лёс, прароцтва ), эпіфара (штурхалі мяне якраз туды, на Украіну. На Украіну) , анафара (Астатняе – тое, што прыходзіць, той пясок, што наносіць на перакат рака твайго жыцця; Астатняе, у значнай ступені, справа выпадковасці; Другая пасля Маці; Другая пасля Радзімы; І абедзве неабходны; І абедзве прыходзяць праз сустрэчу), недапасаванасць граматычнай форме (гэтыя лапічкі быў дом, свая зямля, трэба – былі домам, сваёй зямлёй) .
Ужыванне аднасастаўных сказаў (Памятаю, напрыклад, у дзедавай хаце доўгі вышываны ручнік, Купляў з прынцыпу, нават калі на працягу многіх старонак у кнізе толькі і рабілася, што плакала нейкая небарака Катруся) , надае дынамічнасць маўленню, набліжае яго да размоўнага стылю.
Асаблівай рысай для Ул. Караткевіча з’яўляецца ўжыванне гістарызмаў (мушкецёрскае войска, порцік, фасад, эскорт, лорд, земская школа, перст), прычым у творах абсалютна не гістарычных, а таксама – словаў гутарковага стылю мовы (адваліла, прападаю ў бібліятэцы, абрыдла, выкладваюць, падкідвае, валіла, валачы, мяне туды занесла).
Фабула эсэ размытая, дзеянне разгортваецца шматпланава і адначасова. Спачатку аўтар разважае пра фаталізм і лёс, далей успаміны пра дзедаўскі ручнік як сімвал сувязі ў часе (па-першае, таму што ён перажыў і дзеда і вайну, па-другое, ён быў створаны падчас армейскай службы нейкага казака). Пасля мы бачым пасляваенную Украіну, карціны з вучобы ва універсітэце, кіеўскія малюнкі. Але гэта не проста аб’ектыўныя апісанні, гэта ўспаміны, што пераапрацавала свядомасць аўтара, перажыла яго душа.